Цяжка на працы? Медыціруй. Айцішнік практыкуе віпасану ўжо 20 гадоў і расказвае, як пачаць

Андрэй Семяненка – распрацоўшчык, які цяпер кіруе праектамі і невялікай камандай, а таксама жыве ў Польшчы. Для Devby.io ён расказаў пра віпасану – старадаўнюю будысцкую практыку медытацыі.

Андрэй Семяненка распрацоўшчык, які цяпер кіруе праектамі і невялікай камандай, а таксама жыве ў Польшчы. Для Devby.io ён расказаў пра віпасану – старадаўнюю будысцкую практыку медытацыі.

– Як гэта часта бывае, я выпадкова даведаўся пра віпасану. У далёкім 2005 годзе мой сябра расказаў, што з’ездзіў на гэту таямнічую практыку, – апавядае Андрэй. – Дзесяць дзён маўчання і поўнай ізаляцыі ад знешняга свету выглядалі дзіўна, але адначасова вельмі прывабна. Хоць я тады не шукаў духоўнага шляху і не цікавіўся самапазнаннем, вырашыў паспрабаваць. І вось ужо 20 гадоў віпасана – важная частка майго жыцця.

Фота Андрэя Семяненка, распрацоўшчыка, які жыве ў Польшчы.

Архіўнае фота героя.

«Ужо пасля першага курса зразумеў: трэба мяняць жыццё»

– Мы з маёй будучай жонкай ехалі на курс аўтаспынам (ён праходзіў у Падмаскоўі) – бедныя студэнты, зусім не было грошай. І перажытае за гэтыя дзесяць дзён мела магутны ўплыў на мяне. Я нібыта адкрыў новае вымярэнне і цалкам абнавіўся: розум стаў вельмі чыстым, эмоцыі – ураўнаважанымі, і свет успрымаўся з асаблівай яснасцю.

Тады я зразумеў: трэба мяняць сваё жыццё. Мы вырашылі ажаніцца, я знайшоў стабільную працу праграмістам. Пазней мы завялі дзяцей. Дзякуючы віпасане я ўсвядоміў, што трэба браць адказнасць за сваё жыццё. Да медытацый я быў вельмі напружаным чалавекам. А цяпер, пасля практыкі, мне лягчэй камунікаваць з людзьмі і знаходзіць баланс у жыцці.

Што такое віпасана?

– Гэта тэхніка медытацыі, якая ў перакладзе са старажытнай мовы палі азначае «бачыць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць». Тэхніка была нанова адкрыта Буддам, а папулярызаваў яе Шры Гоенка. Ён жа адкрыў цэнтры віпасаны па ўсім свеце.

Галоўная мэта практыкі – пазбавіць чалавека ад пакут. Так, вельмі амбітна, трэба шмат часу. Таму я ўжо 20 гадоў займаюся віпасанай і не ўпэўнены, што дасягну канчатковай мэты. Прынамсі ў гэтым жыцці.

За гэты час я сутыкаўся з самымі рознымі стэрэатыпамі. Вось толькі некаторыя з іх:

  • «Віпасана – гэта рэлігія або культ».
  • «Яна падыходзіць толькі манахам або вельмі духоўным людзям».
  • «На курсах людзей гіпнатызуюць або маніпуліруюць імі».
  • «Дзесяцідзённы курс – гэта занадта цяжка, і яго немагчыма прайсці».
  • «Пасля віпасаны людзі змяняюцца і становяцца ненармальнымі».
  • «Калі медыціраваць 10 дзён, можна дасягнуць прасвятлення».

Канешне, аніводны з іх не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю.

Чым займаюцца на віпасане?

– Распарадак дня на курсе выглядае дзіўна для чалавека звонку.

  • 04:00 – Пад’ём.
  • 04:30–06:30 – Першая медытацыя (у пакоі або ў зале).
  • 06:30–07:00 – Сняданак (вегетарыянская ці веганская ежа).
  • 07:00–08:00 – Час на асабістыя справы.
  • 08:00–09:00 – Абавязковая групавая медытацыя.
  • 09:00–11:00 – Медытацыя (з інструкцыямі настаўніка).
  • 11:00–12:00 – Абед.
  • 12:00–13:00 – Перапынак, інтэрв’ю з настаўнікам (па жаданні).
  • 13:00–14:20 – Медытацыя.
  • 14:30–15:30 – Абавязковая групавая медытацыя.
  • 15:30–17:00 – Медытацыя (з інструкцыямі настаўніка).
  • 17:00–18:00 – Перапынак на гарбату або адвар (новыя студэнты могуць паесці).
  • 18:00–19:00 – Абавязковая групавая медытацыя
  • 19:00–20:30 – Лекцыя (на мове краіны – у залі, ці выбранай мове – у плэеры).
  • 20:30–21:00 – Кароткая медытацыя (20–30 хвілін).
  • 21:00 – Магчымасць задаць пытанні настаўніку ці адразу ісці спаць.
  • 21:30 – Сон.

Практыка бывае 3-дзённая, 10-дзённая, 20-дзённая і 30-дзённая, 45-дзённая, 60-дзённая. Падчас курса нельга карыстацца тэлефонам, размаўляць з іншымі ўдзельнікамі, чытаць кнігі і нават пісаць. Ты можаш толькі спаць і медыціраваць. Нават думаць не пажадана, бо сэнс практыкі – максімальна ачысціць розум ад думак. Прынамсі на гэты час.

Я стараюся ездзіць на 10-дзённы курс хаця б раз на год. Таксама двойчы прайшоў 30-дзённы курс (у Англіі і ў Польшчы). Адпрасіцца з працы было няпроста, але дапамагло, што я даўно працую з кліентам і маю добрую рэпутацыю.

Знайсці бліжэйшы да вас цэнтр медытацыі можна на афіцыйным сайце. Курсы заўсёды бясплатныя, але ўдзельнікі могуць пакінуць ахвяраванне. Умовы могуць адрознівацца. У Беларусі, Украіне і Расіі мы арандавалі летні лагер, і ўмовы былі даволі абмежаваныя. У Польшчы ёсць сучасны Цэнтр медытацыі з добрым рамонтам і асобнымі пакоямі, якія нагадваюць трохзоркавы гатэль.

Тэхніка, лекцыі, інструкцыі, распарадак дня аднолькавыя паўсюль.

Лясок каля Цэнтру медытацыі па Віпасане ў Польшчы.

Лясок каля Цэнтра медытацыі ў Польшчы.

Бывае і віпасана для дзяцей. Гэта аднадзённы курс – дзеці прыязджаюць у цэнтр раніцай і ўвечары вяртаюцца дадому. Яны вывучаюць практыку асэнсаванага дыхання – анапану. Падчас гэтага курса можна размаўляць.

Маім дзецям гэта нецікава – яны паехалі на курс па маёй ініцыятыве. Я разумею: гульні або YouTube сапраўды весялей. Аднак ёсць дзеці, якім падабаецца медыціраваць.

Як правільна медыціраваць?

– На курсе мы пачынаем з назірання за дыханнем: сочым, як паветра ўваходзіць у нос і выходзіць з яго, не змяняючы рытму. Потым пераключаем увагу на адчуванні ў целе, паслядоўна назіраючы за імі. Трэба захоўваць раўнавагу незалежна ад таго, прыемныя ці непрыемныя адчуванні. Калі з’яўляюцца думкі, не змагаемся з імі, а вяртаем увагу да адчуванняў або дыхання.

Падчас курса медыціраваць прасцей дзякуючы спрыяльнаму асяроддзю. Дома цяжэй. Таму важна ствараць умовы: знайсці ціхае месца, не выкарыстоўваць музыку ці маску для вачэй. Калі цішыня немагчымая, можна ўжыць бярушы, але лепш абысціся без іх.

Складана медыціраваць па гадзіне? Пачніце з 15 хвілін двойчы на дзень. Гэта зусім няшмат, бо мы лёгка трацім 15 хвілін на гарбату або мемы. Хутка зразумееце: справа не ў недахопе часу. Калі атрымаецца ўмацаваць рэгулярнасць, можна павялічваць час.

Не чакайце чагосьці асаблівага. Віпасана – гэта не пра вынікі, а пра ўважлівае назіранне і захаванне раўнавагі.

Калі здаецца, што няма выніку, проста працягвайце – змяненні адбываюцца паступова. Гэта не гонка, а магчымасць глыбей пазнаць сябе і развіць сваю свядомасць.

А так выглядае ангельскі Цэнтр медытацыі па Віпасане.

А так выглядае англійскі Цэнтр медытацыі.

«Калі ў мяне цяжкасці на працы – еду на віпасану»

– Пасля курса ў мяне значна ўзрастаюць канцэнтрацыя і прадуктыўнасць. Каб утрымаць эфект, трэба медыціраваць штодня. Але, вядома, гэта не заменіць дзесяці дзён цалкам без знешніх раздражняльнікаў.

Пасля медытацый многія працоўныя праблемы вырашаюцца самі па сабе. Я чуў падобнае і ад людзей творчых прафесій: найлепшыя ідэі з’яўляюцца тады, калі думкі супакойваюцца, а ўвага пераключаецца ўнутр.

І гэта адзін з галоўных эфектаў віпасаны. Я інакш успрымаю свет, з’яўляецца ўнутраная свабода і новы погляд на рэчы, якія раней здаваліся нерухомымі і цяжкімі.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: асабісты архіў героя.

Еще по теме:
«Вы замедляетесь, успокаиваетесь, но при этом не становитесь вялым, как овощ». Учитель йоги рассказывает, как правильно заниматься медитацией
«Вы замедляетесь, успокаиваетесь, но при этом не становитесь вялым, как овощ». Учитель йоги рассказывает, как правильно заниматься медитацией
Медитация – это когда в голове совсем нет мыслей? А вот и нет: минчанки рассказывают, как научились медитировать и чем им это помогло
Медитация – это когда в голове совсем нет мыслей? А вот и нет: минчанки рассказывают, как научились медитировать и чем им это помогло
Давно собирались начать медитировать, но всё никак? Держите 14 приложений, подкастов и YouTube-каналов для медитации – точно помогут
Давно собирались начать медитировать, но всё никак? Держите 14 приложений, подкастов и YouTube-каналов для медитации – точно помогут
поделиться