У рубрыцы “Адметныя” мы распавядаем пра беларусаў, якія сталі займацца ўласнай справай – і дасягнулі поспеху. Сёння завіталі да Паўла Доўнара і Карыны Адзесенкі, якія стварылі брэнд адзення Honar.
Мы ўваходзім у шоу-рум Honar адначасова з Паўлам. Пакуль азіраемся ды распранаемся, хлопец паспявае ўключыць дзве вышывальныя машыны, якія стаяць тут жа. Пад няспыннае стракатанне машынак мы і будзем размаўляць. Хутка да нас далучаюцца жонка Паўла Карына і маленькая дачка Ева – сям’я гатова распавесці пра ўлюбёную справу.
ПАЧЫНАЛІ З АТЭЛЬЕ, А ЗАРАЗ МОГУЦЬ ПРАДАВАЦЬ ПА ЎСІМ МЫТНЫМ ЗВЯЗЕ
І Павел, і Карына – журналісты. У Паўла ёсць уласная студыя відэавытворчасці. Што падштурхнула маладых людзей пачаць шыць адзенне – яны і самі, здаецца, да канца не ведаюць.
“Мы хацелі зрабіць нешта, што падкрэслівала б асаблівасць Беларусі, – расказвае Павел. – Хацелася выкарыстаць арнамент, а ён упрыгожваў, у першую чаргу, адзенне, таму было лагічна пачынаць з адзення. Тое, што мы журналісты, толькі дапамагае. Мы ведаем настрой людзей, тусоўку, патрэбы аўдыторыі”.

21 лістапада брэнду спаўняецца два гады. Датай заснавання Павел і Карына лічаць дату рэгістрацыі ў сацыяльных сетках. Тады ўсё пачыналася з вязаных рэчаў: швэдраў і торбаў з арнаментам.
“І гэта было якасна, класна. Але вельмі дорага, таму што было штучнай ручной працай, – кажа Павел. – Калі швэдар каштуе 100 даляраў і невядома, хто яго робіць, то людзі не гатовы купляць. Хаця цяпер, калі б мы рабілі швэдар за сто даляраў, на яго быў бы попыт”.
Павел з Карынай вырашылі змяніць асартымент, набылі абсталяванне для пашыву і вышыўкі і пачалі распрацоўваць кашулі ды сукенкі. Спачатку зрабілі дзве мадэлі – для мужчын і для жанчын. Сёння брэнд прапаноўвае больш за 20 жаночых мадэляў, 16 мужчынскіх, аксэсуары ды сувеніры.

Пачынаўся Honar як атэлье – так было прасцей з юрыдычнага пункту гледжання. Павел з Карынай проста рабілі мадэлі і абшывалі іх. Але ў такім фармаце цяжка было развівацца, таму муж з жонкай атрымалі сертыфікаты. Сёння яны могуць прадаваць адзенне па ўсім Мытным звязе. А брэнд з атэлье ператварыўся ў вытворцу са сваёй інтэрнэт-крамай.



“Самае класнае: ты недзе едзеш і бачыш чалавека ў сваім адзенні, – смяецца Карына. – І калі людзі купляюць адзенне і з усмешкай сыходзяць адсюль – гэта здорава. Альбо ў Instagram знаходзіш фоткі людзей, якіх ты ніколі не бачыў: можа, яны па пошце замаўлялі, а да нас не прыходзілі. І вось стаіць такі чалавек у тваёй кашулі, фарсуецца”.
ПРАЦА – ЯК ДРУГОЕ ДЗІЦЁ, ЯКОЕ НЯСЕ Ў ХАТУ ГРОШЫ
Карына – у дэкрэтным адпачынку, Павел працуе ў сваёй відэастудыі – на Honar застаецца вольны час. Таму сядзець за машынкай могуць і Павел, і Карына. А для маленькай Евы ў шоу-руме адмыслова паставілі канапу, каб малая магла спаць на бацькоўскай працы. Карына смяецца, што праца – як другое дзіцё, якое ўжо нясе ў хату грошы.



– У нас Карына прыдумляе жаночыя дызайны, я мужчынскія, – распавядае Павел. – Мы проста робім тое, што нам падабаецца. Тыя рэчы, якія б мы насілі самі.
– І што, апранаеце 100% рэчаў, якія ёсць у краме?
– Ну, мы з гэтага пачыналі, – смяецца Павел. – Я ўсё сам спрабую апранаць, бо зрабілі мадэль – а можа, яна дрэнная, там нешта паехала-прыехала, трэба самому гэта ведаць.
– І бракаванае ўсё самі носім, – дадае Карына. – Вось, напрыклад, штаны: у нас не атрымалася пояс дацягнуць да канца, даводзіцца так насіць. Але мы дапрацуем, і на продаж пайдуць якасныя мадэлі. Хочацца зрабіць нешта новае, арыгінальнае, складанае, а бывае, што з першай спробы не атрымліваецца.

Цікава, што адзенне з нацыянальным каларытам шыецца з галандскай тканіны. З беларускай тканіны Павел і Карына робяць толькі нешта аўтэнтычнае. Хацелася б выкарыстоўваць цалкам беларускія матэрыялы, але для падтрымкі якасці даводзіцца шукаць сыравіну за мяжой.
“Калі кашуля пасля мыцця “сядзе”, гэта не вельмі страшна, – расказывае Карына. – А вось калі на кашулі даволі цяжкі арнамент, які “сеў”! Таму мы выкарыстоўваем толькі якасныя матэрыялы і абавязкова апрацоўваем усю тканіну на ўсадку”.



АДЗЕННЕ ДЛЯ МУЖА І ПАЛЮБОЎНІКА
Павел і Карына заўважылі, что адзенне часцей за ўсё набываюць сем’ямі: дзяўчына выбірае некалькі сукенак, хлопец – кашуляў. Набываюць адзенне і ў падарунак.
“Бачна, што дзяўчаты час ад часу набываюць кашулі і для мужа, і для палюбоўніка, – прызнаецца Карына. – Адразу не здагадваешся, а потым пачынаецца “не, гэту кашулю мне дашліце, а гэту не трэба, я сама забяру”; ці “вы мне падпішыце, каб я ведала, дзе што, але муж калі прыйдзе – яму можна нічога не казаць”. Прычым часцей менавіта дзяўчаты, не хлопцы”.




Пакуль што ўсё адзенне Honar аздоблена арнаментамі. Павел кажа, што гэта толькі пачатак – у планах ёсць і адзенне без арнаменту. “У Беларусі была сялянская культура, дзе былі арнаменты, а была шляхетная, магнацкая, дзе было іншае адзенне, – тлумачыць Павел. – Упрыгожванні былі іншыя, вышыўка, але арнаменты адрозніваліся, былі свае асаблівасці. І мы над гэтым таксама думаем, таму што сёння якасна гэтага ніхто не робіць, а мы хочам і будзем рабіць”.
Тое, што робіць Honar, – гэта часцей за ўсё не канкрэтныя сімвалы, а перапрацаваная ідэя, адаптацыя. Хоць Павел і Карына шукаюць інфармацыю па літаратуры, па працах этнографаў, па энцыклапедыях. І не хвалюйцеся: на мужчынскую кашулю ніколі не трапіць жаночы ўзор.


“Некаторыя людзі кажуць: кожны арнамент значыць нешта канкрэтнае, – разважае Павел. – Але гэта не так. Ёсць вельмі падобныя сімвалы, ёсць аднолькавыя сімвалы, але яны могуць азначаць розныя рэчы ў залежнасці ад таго, хто іх вышываў. Адзін вышыў кветачку – і сказаў, што гэта зорка, а другі сказаў, што кветачка.
Вось глядзіце: гэта ўжо канкрэтны тэкст, – паказвае Павел узоры на швэдары, які масава будзе выпускацца ўжо праз месяц. – Тут напісана: “Слава – Айчыне, сэрца – жанчыне, гонар – нікому”. Гэта шрыфт, які распрацаваў беларускі філосаф Міхаіл Баярын на аснове беларускага арнаменту. Ён называецца “Берагіня”, яго можна нават паставіць на камп’ютар і пісаць такія рэчы. Канешне, падобныя сімвалы на старых кашулях не будуць значыць таго, што укладваецца ў шрыфт цяпер”.



У планах Паўла і Карыны – пашырэнне кампаніі, найм супрацоўнікаў і распрацоўка калекцыі для дзяцей. З апошнім праблем больш за ўсё: дзеці хутка растуць, а штучная праца каштуе дорага.
“У нас не фабрычная вытворчасць, – кажа Павел. – Кожная кашуля ўручную шыецца, потым праглядаецца, каб усё было добра зроблена. Калі нешта не так – мы ці здымаем дэталь, ці цалкам перарабляем. Таму чалавек аддае грошы за тое, што гэта не масавая вытворчасць. А таксама за якасць і за ўнікальнасць”.






– Павел, відавочна, што вышыванка сёння ў трэндзе. Але ці надоўга? Ці не скончыцца Honar разам з модай?
– Наша ідэя з’явілася задоўга да таго, як пачаўся гэты бум. Думаю, мы моцна паспрыялі гэтаму буму. Людзі, якія зараз робяць нешта нацыянальнае, прыходзілі, набывалі наша адзенне, а потым пачыналі рабіць сваё.
Мы не ставім мэтай, каб у кожнага была кашуля ад Honar. Чалавек прыгожы тым, што адрозніваецца ад іншых. І мы робім адзенне для тых, хто знаходзіцца на адной хвалі з намі. Я ведаю многа людзей, якім ад пачатку гэта было цікава (“О, арнамент, прыкольна!”), а цяпер ужо надакучыла, людзі бачаць арнамент усюды, дарэчы і недарэчы. Мне падаецца, масавасць будзе праходзіць, застануцца нейкія стылёвыя і сувенірныя рэчы. І мы робім стылёвыя рэчы, таму застанемся і будзем мяняцца разам са зменамі ў грамадстве. Мы не хочам займацца адным да канца жыцця. Цікава ствараць нешта новае. А калі гэта ўжо нікому будзе не цікава – закрыемся, збанкруцімся, зробім яшчэ што-небудзь.
Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: CityDog.by.
ТАА«Самсунг Электронікс Рус Компані», ІНП 7703608910
Фото вышиванки на рукаве крупным планом - конечно трендово, но не дает представления о фасоне. А в этом бренде, насколько, я понял, главное, что одежда не просто с орнаментом, а еще и стильная.
Буду гуглить.