19 верасня ў Дзяржынску падчас абласнога свята «Дажынкі» адкрылі чатырохметровую кампазіцыю «Імя ёй – жанчына». Яна прысвечана Году беларускай жанчыны.
Скульптура паказвае жанчыну з калоссем. Новы арт-аб’ект ужо абмяркоўваюць у сацсетках. Некаторым беларусам кампазіцыя спадабалася, але іншыя зноў задаліся пытаннем, чаму вобраз жанчыны ў Беларусі спрабуюць паказаць менавіта праз такія манументы.
У каментарыях крытыкуюць не толькі саму скульптуру, але і падыход да святкавання Года беларускай жанчыны. Некаторыя карыстальнікі лічаць, што замест памятнікаў і арт-аб’ектаў можна было б рэалізаваць ініцыятывы, якія непасрэдна паляпшалі б жыццё жанчын.
Гэта ўжо не першы падобны аб’ект у Беларусі. У красавіку ў Нясвіжы з’явілася алея «Жанчыны ЖКГ разам». Там усталявалі памятны знак, які некаторыя беларусы ў сацсетках параўналі з надмагіллем.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















