Каманда беларускіх дызайнераў і мастакоў прыдумала пашпарт вандроўніка. Кніжка змяшчае 65 беларускіх славутасцяў, якія ўладальнік пашпарта павінен наведаць. CityDog.io даведаўся, ці ёсць такія аналагі ў іншых краінах.
Што за пашпарт вандроўніка?
У кніжцы ёсць 65 лакацый, якія падзелены на катэгорыі: гарады, замкі, сядзібы, ваенныя і прыродныя аб’екты, а таксама праваслаўныя і каталіцкія цэрквы. Распрацоўшчыкі прапануюць беларусам наведаць Германавічы, Полацк, Глыбокае і, канешне ж, Мінск.
Пасля наведвання лакацыі ўладальнік атрымлівае штамп і налепку «быў – бачыў». «Усё як у сапраўдных падарожнікаў», – адзначаюць стваральнікі ў Instagram. Дызайн пашпарта выкананы ў стылі сярэднявечных гравюр – іх малявалі беларускія мастакі.
Заказаць сувенір можна па спасылцы з дастаўкай па ўсёй краіне – ён абыдзецца ў 51 руб. Таксама пашпарт за 47 руб. прадаюць у Мінску ў «Кавярні над Нямігай». Першы тыраж кніжкі склаў 500 экзэмпляраў.
У сацсетках беларусы дзеляцца ўражаннямі ад цікавага сувеніра. Некаторым давялося чакаць больш за 50 дзён, пакуль пашпарт дайшоў да заказчыка.
«Ни слова больше! Возьмите мои деньги», – піша misha_skorohod.
«Нам всем такой нужен!» – выказваецца gorbacheva_svetlana.
«То е сапраўдная гісторыя нашых продкаў», – кажа krumow_kerura.
А як выглядаюць пашпарты ў іншых краінах?
У Польшчы дзейнічае некамерцыйная арганізацыя «Гіды без межаў», якая аб’ядноўвае аматараў падарожжаў з розных краін свету. Арганізацыя прыдумала «Пашпарт падарожніка без межаў». У сувеніры ўсё як у сапраўдным пашпарце: уладальнік павінен пазначыць сваё імя і прозвішча, месца і дату атрымання дакумента, а таксама наклеіць сваё фота.
Прынцып дзеяння пашпарта падобны да беларускага: наведаў лакацыю – атрымаў штамп. Стваральнікі лічаць, што ініцыятыва дапаможа ў папулярызацыі падарожжаў.


Пашпарт падарожніка без межаў
Нямецкі пашпарт падарожніка знешне выглядае як сапраўдны дакумент – на першай старонцы з інфармацыяй трэба нават пазначыць колер вачэй і сваю нацыянальнасць. Але штампікі туды ўсё роўна можна ставіць. Набыць такі сувенір можна ўсяго за 5€ (19 руб.).
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Unsplash.com; Przewodnicybezgranic.pl; Nationaltrust.org.uk.