«Людзі масава адмяняюць падпіскі на Amazon». Беларуска – пра тое, што адбываецца ў ЗША пасля прыходу Трампа

«Людзі масава адмяняюць падпіскі на Amazon». Беларуска – пра тое, што адбываецца ў ЗША пасля прыходу Трампа
CityDog.io паразмаўляў з беларускай, якая жыве ў ЗША, і папрасіў, каб яна падзяліся сваімі назіраннямі за тым, як змяняецца краіна пасля інаўгурацыі Трампа.

CityDog.io паразмаўляў з беларускай, якая жыве ў ЗША, і папрасіў, каб яна падзяліся сваімі назіраннямі за тым, як змяняецца краіна пасля інаўгурацыі Трампа.

Як вы бы апісалі агульны настрой сярод людзей вакол вас? Ці адчуваецца напружанне, ці, наадварот, узнёсласць, звязаная з тым, што Амерыка зноў будзе great?

– З прыходам Трампа палярызацыя ў грамадстве дасягнула піку, – прызнаецца Вольга, беларуская актывістка, якая больш за 5 год жыве ў ЗША. – Яго палітыка пабудавана на пошуку ворага: віна за ўсе праблемы ўскладаецца на эмігрантаў, ЛГБТК-супольнасць, лібералаў. Гэта падзяляе людзей, і нават у сем’ях і сяброўскіх колах з’яўляюцца канфлікты: «Ты галасаваў за Трампа – мы больш не сябры».

Падзел бачны нават у асабістых адносінах. У апошнім сезоне шоу Love Is Blind жанчыны адмаўлялі мужчынам, калі тыя не падтрымлівалі правы ЛГБТК+ або жаночую аўтаномію. Гэта ілюструе шырокі трэнд: многія маладыя мужчыны становяцца ўсё больш кансерватыўнымі, асабліва пад уплывам правых падкастэраў, якія папулярызуюць ідэі «вяртання жанчын на кухню». Жанчыны наадварот больш дэмакратычнымі становяцца.

Калі казаць пра агульны настрой людзей вакол мяне, то, як і ў любой краіне, тут ёсць розныя погляды. Ёсць тыя, хто актыўна падтрымлівае Трампа, ёсць лібералы, якія разумеюць рызыкі яго палітыкі. Большая частка – гэта людзі, што стараюцца трымацца ўбаку ад палітыкі.

Сярод ліберальна настроеных людзей пануе адчуванне нестабільнасці, нібыта яны сядзяць на эмацыйных арэлях. Адзін дзень здаецца, што ўсё коціцца ў бездань і краіна ператвараецца ў фашысцкую дыктатуру, а назаўтра з’яўляецца надзея, што дэмакратыя выстаіць. У беларускіх эмігрантаў гэтае пачуццё мацнейшае, бо яны на ўласныя вочы бачылі, да чаго можа прывесці аўтарытарызм.

Рэспубліканцы жывуць у зусім іншай інфармацыйнай бурбалцы. Яны ўпэўненыя, што ўсё, што робіць Трамп, – правільна, і ўспрымаюць любыя контраргументы як фэйк. Ультраправыя медыя, якія яны глядзяць, часта перадаюць прарасійскую прапаганду, таму для многіх «украінцы – нацысты», а «вайну пачаў Байдэн».

Нягледзячы на сур’ёзныя змены, у ЗША ладзіцца даволі мала масавых пратэстаў. Чаму?

Так, пратэстаў у Амерыцы цяпер няшмат. Гэта можна растлумачыць даверам да сістэмы: амерыканцы, у адрозненне ад беларусаў, з дзяцінства вучацца верыць у дэмакратыю і ў тое, што правасуддзе працуе. Нават нягледзячы на тое, што робіць Трамп, многія перакананыя, што яго можна спыніць законным шляхам.

І сапраўды, судовая сістэма працягвае выконваць сваю ролю. Напрыклад, нядаўна федэральны суд заблакаваў рашэнне Маска аб закрыцці USAID і прызнаў яго незаконным. Гэта паказвае, што інстытуты працуюць. Але Трамп пачаў абражаць суддзяў, пісаць, што яны карумпаваныя і нелегітымныя, і патрабаваць іх адхілення.

Апроч судовых разборак, у Амерыцы пачалі актыўна выкарыстоўваць яшчэ адзін спосаб барацьбы – байкоты. За пяць гадоў жыцця ў ЗША я не бачыла настолькі масавых эканамічных пратэстаў. Людзі масава адмяняюць падпіскі на Amazon, выходзяць з X (Twitter), не купляюць Tesla і адмаўляюцца падтрымліваць іншыя кампаніі, якія спрыяюць ультраправым палітыкам. Трамп, натуральна, злуецца і заяўляе, што байкоты нелегітымныя, але мы бачым, што яны працуюць: нават сам Маск мусіць пайсці на саступкі.

Калі казаць пра вулічныя пратэсты, то ацаніць іх адметнасць складана, бо ў мяне няма асабістага вопыту ўдзелу ў іх у ЗША. Але я пыталася ў мужа, ён амерыканец, і ён адзначыў, што студэнцкія дэманстрацыі тут з’яўляюцца звычайнай з’явай: падчас вайны ў В’етнаме, падчас уварвання ў Ірак – моладзь заўсёды выходзіла на вуліцы, каб выказаць свой пратэст. Так што, у пэўным сэнсе, гэта працяг традыцыі грамадзянскага актывізму.

У сваёй перадвыбарчай кампаніі Трамп паабяцаў «нізкія падаткі, слабае рэгуляванне, танную энергетыку, танныя крэдыты і імклівы рост даходаў усіх грамадзян». Ці сталі рэальна больш даступнымі прадукты, энергарэсурсы, як пра гэта пішуць на сайце Белага дома?

На першы погляд можа здацца, што яго кіраванне хаатычнае, але насамрэч яно выглядае вельмі спланаваным. Калі раней Трамп шмат абяцаў, але не ўсё выконваў, то цяпер ён актыўна ўвасабляе ў жыццё свае найбольш радыкальныя ідэі, што стварае турбулентнасць у эканоміцы. Бізнес і фінансавыя рынкі не чакалі, што ён пойдзе так далёка.

Рэспубліканцы заўсёды сцвярджалі, што іх палітыка робіць краіну багацейшай. Але гістарычная статыстыка паказвае, што з 11 рэцэсій пасля Другой сусветнай вайны 10 прыпалі на іх кіраванне. Калі Байдэн пераняў эканоміку пасля COVID-19, яна была ў цяжкім стане, але да выбараў стабілізавалася. Трамп атрымаў краіну ў момант росту, але ўжо выклікаў фінансавыя ўзрушэнні: фондавы рынак абрынуўся ў чатыры разы мацней, чым у апошнія крызісы.

Цэны на прадукты і рэсурсы пакуль не знізіліся. Замест гэтага расце рызыка рэцэсіі – вынік палітыкі, якая замест падтрымкі эканомікі акцэнтуецца на жорсткіх абмежаваннях і нестабільнасці.

Як у цэлым вы ацэньваеце такія гучныя заявы прэзідэнта? Наколькі, на ваш погляд, яны рэалізуемыя?

Людзі заўсёды любілі папулістаў, бо разумець эканоміку складана. Трамп прапануе простыя рашэнні: «Выганю мігрантаў – і вы станеце багатымі!» Ці так гэта працуе? Не. Але людзі вераць не дадзеным, а тым, хто гучна абяцае.

Рэспубліканцы кажуць, што клапоцяцца пра працоўных, але іх палітыка заўсёды абараняла інтарэсы мільярдэраў. Сітуацыя на рынку працы ўжо пагаршаецца: знайсці працу цяжэй, а пасля масавых звальненняў у дзяржсектары – яшчэ больш. Але многія не хочуць бачыць прычыну праблем, аддаючы перавагу лозунгам.

Нядаўна стала вядома, што «Радыё Свабода» і «Голас Амерыкі» апынуліся на мяжы закрыцця пасля таго, як Трамп даручыў сур’ёзна скараціць штат агенцтва, якое кіруе гэтымі кампаніямі. Што гэта значыць для звычайных амерыканцаў? Дзе вы самі звычайна чытаеце навіны?

Закрыццё «Голасу Амерыкі» і «Радыё Свабода» таксама не выклікала рэзанансу ў ЗША, бо гэтыя медыя арыентаваныя на знешнюю аўдыторыю. Але для мяне, як беларускай актывісткі, гэта трывожны сігнал: закрыццё незалежных СМІ – першы крок да аўтарытарызму, і я гэта ўжо бачыла на прыкладзе Беларусі.

Але нават без закрыцця гэтых каналаў выразна відаць, як адміністрацыя Трампа цісне на медыя, асабліва на тыя, што займаюць левацэнтрысцкія пазіцыі. Вось яркі прыклад: Трамп перайменаваў Мексіканскую затоку ў Амерыканскую, і калі Associated Press адмовіліся выкарыстоўваць гэтую назву, ім забаранілі асвятляць дзейнасць Белага дому. Таксама былі прынятыя законы, паводле якіх некаторыя СМІ страцілі свае офісы ў Белым доме.

Іншы паказальны момант: супраць NPR (National Public Radio) пачалі ўзбуджаць судовыя справы, а Трамп заявіў, што CNN «нелегальныя». Як можа быць незалежнае медыя нелегальным? Відавочна, што ідзе мэтанакіраваная барацьба з нязгоднымі СМІ, а правыя прапагандысты спрабуюць пераканаць грамадства, што ўсе «левацкія» медыя хлусяць.

Пры гэтым CNN, напрыклад, сапраўды больш увагі надае Трампу і крытыкуе яго палітыку, але не публікуе адкрытай хлусні. У адрозненне ад Fox News – флагмана праўкрайняй рэспубліканскай прапаганды. Там ужо былі судовыя працэсы, і кампанія выплаціла мільёны даляраў за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі. Дакументальна даказана, што Fox News хлусіў і маніпуляваў грамадскай думкай, у тым ліку распаўсюджваў расійскую прапаганду.

Што да маёй уласнай інфармацыйнай дыеты – я чытаю вельмі шмат рознага. Асноўныя крыніцы: CNN, The New York Times, The Washington Post. Апошнюю, праўда, я да нядаўняга часу чытала больш актыўна. Там акрамя навінаў, шмат аўтарскіх меркаванняў, і вось тут варта быць уважлівым.

Раней у The Washington Post было больш левых аўтарскіх калонак, але пасля таго, як Безас стаў уладальнікам выдання, палітыка змянілася. Ён заявіў, што цяпер рэдакцыя мусіць прытрымлівацца больш прарэсспубліканскага курсу, фактычна падтрымліваючы Трампа. Новы галоўны рэдактар ЗША таксама працуе ў гэтым кірунку.

Затое я працягваю чытаць The Wall Street Journal, гляджу BBC і слухаю шмат падкастаў. Спрабую разбірацца ва ўсім самастойна, каб ніхто не мог сказаць, што я недаінфармаваная. Напрыклад, нядаўна вырашыла прысвяціць дзве гадзіны свайго жыцця прагляду прамовы Трампа перад Кангрэсам. Не праз навіны, не праз аналітычныя артыкулы, а проста паглядзець самой.

Як змянілася паўсядзённае жыццё за апошні час? Ці адчуваецца розніца, напрыклад, у ўзроўні стрэсу, у адносінах паміж людзьмі?

Здаецца, настрой у грамадстве значна змяніўся. Паводле статыстыкі, рэйтынг Дэмакратычнай партыі істотна знізіўся. Людзі не бачаць выразнай палітычнай барацьбы. Рэспубліканцы дзейнічаюць гучна і агрэсіўна: Трамп кідае абразы, грукае кулаком па стале, паводзіць сябе, як Хрушчоў з ботам, і абяцае паказаць усім «Кузькіну маць». І гэта працуе – людзям важна бачыць дзеянні.

На гэтым фоне дэмакраты выглядаюць млява. Яны сапраўды працуюць: напрыклад, калі я пісала сваёй кангрэсвумен пра падтрымку Украіны і заклікала дзейнічаць супраць Трампа, яна адказала, што падпісвае заявы ў суды, падтрымлівае калектыўныя петыцыі, працуе на заканадаўчым узроўні. Але такія дзеянні застаюцца непрыкметнымі. Людзям патрэбны лідар, які выйдзе і скажа: «Так, у свеце адбываецца хаос, але мы будзем змагацца!» Хочацца ўпэўненага, гучнага і натхняльнага голасу.

Такіх людзей у Дэмакратычнай партыі цяпер вельмі мала. Напрыклад, Берні Сандэрс – адзін з нешматлікіх, хто адкрыта кажа, што адбываецца, але ён нават не член партыі, а незалежны палітык. Ёсць яшчэ некалькі кангрэсменаў і сенатараў, якія час ад часу выходзяць у эфір і тлумачаць сітуацыю. Але для краіны такіх галасоў відавочна недастаткова.

Менавіта таму дэмакраты губляюць падтрымку – людзі не разумеюць, што адбываецца, і не бачаць выразных крокаў. Хочацца рэальнага супрацьстаяння Трампу, гучных заяў і канкрэтных дзеянняў. А пакуль усё выглядае слабым. Напрыклад, калі Трамп выступаў у Кангрэсе, дэмакратычныя кангрэсвумен проста апранулі ружовае. Рэакцыя грамадства была красамоўнай: «Сур’ёзна? Вы змагаецеся з фашызмам ружовым колерам?» Гэта выклікае асацыяцыі з пратэстамі ў Беларусі ў 2020-м, калі многія крытыкавалі тых, хто выходзіў на вуліцы з кветкамі.

Але што рабіць? Ісці з віламі на Белы дом? Не варыянт – Трамп законна абраны прэзідэнт. Таму трэба працягваць супраціў мірнымі спосабамі, хаця відавочна, што людзям не хапае арганізацыі і моцнага лідара, які б аб’яднаў пратэст.

Мне здаецца, што рэспубліканцы ўсё больш ператвараюцца ў фашысцкую партыю. Гэта выразна аўтакратычны рух, многія нават называюць іх «рэлігійнымі фашыстамі». У той жа час дэмакраты далёка не радыкальныя левыя, хоць Трамп і яго прыхільнікі абвінавачваюць іх у «камунізме». Насамрэч гэта цэнтрысты – і, больш за тое, прадстаўнікі самага сумнага віду цэнтрызму, які адзін эканаміст вельмі трапна ахарактарызаваў як boring centrists – «сумныя цэнтрысты».

Сумныя цэнтрысты не прыносяць вялікіх зменаў. Пры іх краіна застаецца стабільнай, але без асаблівага прагрэсу. А рэспубліканцы, наадварот, упэўнена цягнуць яе ў правы бок, да аўтарытарызму.

Магчыма, Трамп стане тым каталізатарам, які прымусіць дэмакратаў змяніцца. Калі яны не хочуць канчаткова страціць пазіцыі, ім давядзецца выйсці са сваёй «зоны камфорту» і перагледзець палітыку.

Цікавы прыклад: нядаўна пасля прамовы Трампа перад Кангрэсам з адказам выступіла Эліза Слоткін – сенатарка ад Мічыгана, штата, дзе я жыву. У яе, дарэчы, беларускія карані: яе прадзед быў эмігрантам з Беларусі, які заснаваў тут вытворчасць. Але выбар Слоткін – таксама паказальны: дэмакраты аддаюць перавагу цэнтрыстам, пазбягаючы рэзкіх заяў і рашучых дзеянняў.

Пакуль сітуацыя застаецца няпэўнай, але відавочна, што ў грамадстве адбываецца працэс абуджэння. Людзі пачынаюць цікавіцца палітыкай, актыўна ўдзельнічаюць у дыскусіях, аналізуюць падзеі. І нават рост фашысцкіх тэндэнцый мае адзін станоўчы бок: ён прымушае людзей прачынацца.

Фота: Unsplash.com.

Еще по этой теме:
«Комната, где тебя ведут на Окрестина и п****т дубинкой?» Минск засветился в нашумевшем американском сериале – и беларусы строят теории, что это может значить
В США могут запретить въезд беларусам
Этот парень из Жабинковского района эмигрировал в США – и теперь там стоят памятники в его честь. Что? Да, сами почитайте!
поделиться