Спявачка аб’ездзіла з музыкай вуліцы Еўропы і асела ў беларускай вёсцы. «Тут у мяне ёсць час атрымліваць асалоду»

Спявачка аб’ездзіла з музыкай вуліцы Еўропы і асела ў беларускай вёсцы. «Тут у мяне ёсць час атрымліваць...
Старым аматарам рэгі мусіць быць знаёмы музычны гурт «Сонечны Сахалін», які затым стаў называцца «Сонца Востраў». Франтвумэн гурта выступалі дзве сястры – Лена і Каця. Яны былі заўсёдніцамі самых розных фестываляў. Сёння шляхі сясцёр разышліся: Каця прасоўвае культуру ў Мінску, а Лена разам з дачкой Машай пасялілася ў вёсцы Лоск на Валожыншчыне – пра яе і піша сайт пра альтэрнатыўнае сельскае жыццё DownShifter.by.

Старым аматарам рэгі мусіць быць знаёмы музычны гурт «Сонечны Сахалін», які затым стаў называцца «Сонца Востраў». Франтвумэн гурта выступалі дзве сястры – Лена і Каця. Яны былі заўсёдніцамі самых розных фестываляў. Сёння шляхі сясцёр разышліся: Каця прасоўвае культуру ў Мінску, а Лена разам з дачкой Машай пасялілася ў вёсцы Лоск на Валожыншчыне – пра яе і піша сайт пра альтэрнатыўнае сельскае жыццё DownShifter.by.

Лена.

Я прыязджаю да Лены адначасова з аўталаўкай, і мы вырашаем прагуляцца і купіць смятаны. За намі выбягаюць і гадаванцы дзяўчыны – тры сабакі-дварнягі. Яны сустракаюць і праводзяць брэхам кожную машыну ці чалавека, якія праходзяць па дарозе. Гадаванцаў у Лены шмат: тры сабакі, кот, дзве казы.

– Увогуле я не планавала сабе нікога заводзіць. Усе жывёлы самі прыходзілі да мяне. Неяк прыбіўся сабака. Я яму кажу: «Можаш пажыць тут, калі хочаш». А ён такі: «О, клас!»

За гэты час Старча (так назвалі сабаку) прынесла 22 шчанюкоў. Двух Лена пакінула сабе, астатніх раздала сябрам, знаёмым, праз інтэрнэт і на кірмашы ў Валожыне. І хоць усе шчанюкі знайшлі свой новы дом, Лена зразумела, што стэрылізаваць жывёл не такая і дрэнная ідэя.

– Нам з гэтым вельмі дапамагла мясцовая суполка – сабрала грошы на стэрылізацыю. Таксама сябры дапамагаюць з кормам для жывёл. І я бясконца ім удзячная. Думаю, што так працуе ўсё на свеце: кожны дапамагае чым можа. Ты робіш дабро, і яно табе вяртаецца. У выніку атрымліваецца колазварот дабра і ўдзячнасці ў прыродзе.

Каза ў Лены з’явілася прыкладна такім жа чынам. У вёску прывезлі двух коз на продаж. Аднак людзі купілі толькі адну, другую – адмовіліся.

– І так выйшла, што ў гэтай казы не аказалася дома, – расказвае Лена. – Яна бадзялася па вёсцы ад дома да дома. І я зразумела, што ў мяне ёсць сарайчык і я магу яе ўзяць сабе. Ну, я ёй і кажу: «Хочаш – жыві ў мяне». Аднойчы я спрабавала дагнаць казу, а яна ўцякала ўсё далей і далей. І калі я ўрэшце кінула дурное, яна пайшла за мной дадому і больш не сыходзіла. Так і стала ў мяне жыць.

Цяпер у Лены і Машы заўсёды ёсць свежае казінае малако, тварог, сыр.

Мы заходзім у маленькую ўтульную хатку, і Лена заварвае чай. Адзіны ў хаце пакой раздзелены на некалькі секцый: тут ёсць і кухня, і душ, і спальня, і кладоўка. На сценах – малюнкі Машы, карціны сяброў, карта свету і паўсюль шмат музычных інструментаў. Больш за ўсё месца займае сапраўднае фартэпіяна. Сэрца пакоя – новенькая прыгожая печка. А яшчэ зусім нядаўна хату цяжка было назваць утульнай і прыдатнай для камфортнага жыцця.

Лена трапіла ў Лоск некалькі гадоў назад і адразу зразумела, што хоча застацца тут жыць. Месца прывабіла дзяўчыну сваёй маляўнічай прыродай. Лена неаднаразова прыязджала сюды выступаць на святы супольнасці «Цудоўныя Пагоркі» і пасябравала з многімі жыхарамі.

Але хаты на продаж не было. Таму першую зіму сяброўка пусціла Лену з Машай пажыць у сваю хату, пакуль сама была ў вандроўцы. Там шмат гадоў ніхто не жыў, і дом не быў прыстасаваны для камфортнага жыцця. Там нават лямпачка была адна на ўсю хату. Было вельмі холадна, і дзяўчаты, кутаючыся ў спальнікі, ратаваліся чытаннем фэнтэзійнага рамана «Хадзячы замак».

– Зіма была няпростая. Але пасля гэтага ўжо нічога не страшна.

І Маша ніколі не скардзілася, не казала, што ёй дрэнна ці холадна.

Свая хата ў Лены і Машы з’явілася, як і гадаванцы, нечакана. Прыйшлі да іх неяк суседзі. І акурат з вандроўкі вярнулася гаспадыня хаты, таму дзяўчаты шукалі, дзе жыць. Тут суседзі і кажуць: «Вам хата патрэбна больш, чым нам». І прадалі ім сваю хату.

Першы час Лена з Машай жылі проста на вуліцы, спалі ў намёце пасярод падворка. У дом нават не заходзілі. Пашанцавала: было лета. Адзінай сувяззю з хатай быў падаўжальнік, які падаваў электрычнасць з разеткі да пліткі, на якой дзяўчаты гатавалі есці. І толькі бліжэй да восені Лена з Машай перабраліся ў дом. Перш за ўсё хуценька прыбралі. Затым зразумелі, што падлога гнілая, – знялі яе.

– У кожнай будоўлі трэба разумець, што ты робіш. І лепш ведаць на некалькі крокаў наперад.

Таму што мы знялі падлогу і такія: «А што далей?» У нас не было ні падлогі, ні печкі. Грошы былі не заўсёды, але дзякуючы дапамозе родных і сяброў за данэйшн у нас з’явілася печка і бетонная сцяжка. Мы павесілі гамак вышэй ля печкі і грэліся там.

Будоўля цягнулася два гады. І цяпер у хаце цалкам утульна і цёпла. Апошнімі рэчамі, якія з’явіліся ў дзяўчат, сталі матрацы і фартэпіяна. Першыя дадалі камфорту, другое – душэўнасці.

– Мы думалі, добра спаць на турыстычных дыванках. І толькі калі з’явіўся нармальны матрац, зразумелі, што розніца ёсць.

Да паходных умоў Лене і Машы не прывыкаць. За сваё жыццё яны аб’ездзілі незлічоную колькасць фестываляў, часта хадзілі ў паходы ў лес, жылі на беразе мора ў пячорах Крыма. Таму прывыклі начаваць у намётах, спальніках, на дыванках. Маша займалася гэтым літаральна ад нараджэння і можа нават сама паставіць намёт.

Яшчэ да нараджэння Машы ў 2012 годзе Лена з сястрой Кацяй зладзілі трохмесячную вандроўку аўтаспынам па Еўропе да берага Атлантычнага акіяна. Пачыналі падарожжа з чатырма еўра ў кішэні, а ў канцы зарабілі столькі грошай, колькі не мелі ніколі ў жыцці. У дарозе яны гралі на гітары і спявалі на вуліцах гарадоў, а таксама фіксавалі вулічнае жыццё творчай Еўропы, якое пасля аформілі ў цэлы фільм.

– Звычайна на фэст едзеш, каб пабыць у іншых умовах. А ў вёсцы гэта не патрэбна. Тут у цябе заўсёды іншыя ўмовы.

Я жыву тут праз прыгажосць, чыстае паветра, якасную ваду, зорнае неба. Тут я маю кантакт з усімі стыхіямі. Прырода мяне натхняе, паляпшае здароўе. Тут амаль няма машын, шмат добрых людзей. І дзецям тут выдатна.

Мне нічога не надакучыла. Не магу тут нажыцца. А як нажыцца, калі тут такое вялізнае неба? Да мяне, бывае, прыходзяць мясцовыя жыхары і пытаюцца: «А дзе твой тэлевізар?» Я паказваю ім на акно і кажу: «Вось мой тэлевізар».

Пакуль мы размаўлялі, надышоў час ісці сустракаць Машу са школы. Яе літаральна да дома падвозіць школьны аўтобус. Дзяўчынка ходзіць у трэці клас дзяржаўнай школы ў суседнім аграгарадку. Да гэтага два гады навучалася дыстанцыйна ў прыватнай школе, а таксама ў так званай «Школе мары», якую арганізавалі мясцовыя даўншыфтары для сваіх дзяцей.

– Досвед «Школы мары» быў вельмі карысным. Там аб’ядналася сямёра дзяцей рознага ўзросту. Кожны з бацькоў выкладаў пэўныя прадметы, і дзеці пераходзілі з адной хаты ў іншую на ўрокі. Класна, што малодшыя маглі браць прыклад са старэйшых.

Аднак чым далей, тым болей для Лены паўставала пытанне часу.

– Я задумвалася: колькі часу я магу выдаткоўваць на навучанне сваёй дачкі? У першым-другім класе гэта лёгка. Але чым старэйшым становіцца дзіця, тым больш часу цягне яго адукацыя. І ў мяне папросту не застаецца часу на свае справы. Таму я вырашыла аддаць Машу ў дзяржаўную школу. Тым больш яна сама сказала: «Я гатова на ўсё».

Маша.

Маша з задавальненнем ходзіць у дзяржаўную школу, ёй там цікава. Пасля ўрокаў ідзе на заняткі ў музычную школу і ездзіць з суседскімі сябрамі ў басейн у Валожын.

– Дзецям патрэбны дзеці, а дарослым – дарослыя. Дачка жыве сваім жыццём, а свае справы я раблю сама. І ў мяне з’явіўся час, час атрымліваць асалоду ад жыцця ў тым ліку.

Цяпер, пакуль Маша ў школе, Лена можа папрацаваць, пазаймацца гаспадаркай, пастрыгчы ахвочых суседзяў, пашыць на продаж гамак ці проста паспаць да абеду, калі ёсць такая патрэба.

Але галоўным заняткам Лены па-ранейшаму застаецца музыка. Праект, у якім сёння ўдзельнічае дзяўчына, называецца «Музыка з сэнсам». Разам з клавішнікам і віяланчэлісткай яны ствараюць музыку і напаўняюць яе сэнсам.

– Працы шмат, і важна дазваляць сабе адпачываць, займацца не толькі побытавымі справамі, але і мастацтвам. Мне вельмі хочацца дзяліцца сваёй творчасцю, для мяне гэта дабрачыннасць.

Галоўны мой скарб – мае песні. Сэнс у тым, каб яны жылі. Да таго ж музыка дапамагае перажываць усю тую жудасную сітуацыю, якая склалася ва Украіне.

Тым больш гэтая сітуацыя непасрэдна тычыцца сям’і Лены: тата Машы цяпер жыве ў Кіеве, і праз ваенныя дзеянні яны не могуць сустрэцца.

– Там, на месцы, ён стараецца быць карысным як можа: разбірае завалы, дапамагае з гуманітарнай дапамогай, вучыцца аказваць медыцынскую дапамогу пры раненнях. Кожны займаецца сваёй справай.

Можа, я шмат чаго і не магу, але магу напісаць песню, і гэта мой уклад у гэта жыццё.

 

Фота: Downshifter.by.

#Беларусь
поделиться