У Беларусі не было сталінскіх рэпрэсій! Такую выснову можна зрабіць, калі вучыцца па свежым (2021 год) падручніку па гісторыі за 11-ы клас. Сапраўды: аўтары не напісалі ні слова пра рэпрэсіі ў БССР – толькі ў панскай Польшчы. Расказваем, як было насамрэч.
У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталей і акцэнтаў.
ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.
Пра што вы прачытаеце ў гэтым артыкуле
- «Цябе яшчэ не забралі?» – так віталіся мінчане ў 1937-м
- Планы па расстрэлах складалі ў Маскве і спускалі ў Мінск
- У 1937 годзе штодня расстрэльвалі 70–80 беларусаў
- Дохнуць свінні? Вінавата антысавецкае падполле
- Даносаў ніхто не чытаў, расстрэльныя спісы складалі па картатэцы
- Пасля 1937 года ў Савецкай Беларусі засталося сем пісьменнікаў
- Як перавыканаць план па прызнаннях
- Сталін не ведаў пра рэпрэсіі?
- Чым, акрамя паранойі Сталіна, можна патлумачыць тэрор 1937 года?
- Колькі людзей рэпрэсіравалі ў Беларусі?
- У СССР саджалі за самавольную змену працы. Што?!
- Што такое савецкае шчасце
Выраз «трыццаць сёмы год» дагэтуль застаецца метафарай «вялікага тэрору», масавых расстрэлаў і пасадак невінаватых людзей у сталінскім СССР. Чаму 1937-ы быў самым жорсткім? І што адбывалася ў Беларусі ў гэты час?
«Цябе яшчэ не забралі?» – так віталіся мінчане ў 1937-м
Прычым нагодай для таго, каб забралі, магло стаць «польскае» прозвішча на -скі/-ская. Напрыклад, адна мінчанка пыталася ў знаёмай з такім прозвішчам: ці не прадасць яна загадзя, да арышту, свой ложак? Гэту гісторыю цытуе паводле засакрэчаных дакументаў гісторык Ірына Раманава ў сваёй кнізе «Клеймение Красного Дракона. 1937–1939 гг. в БССР».
«Я ўжо ўпадаю ў кашмары, такая атмасфера, што не ведаеш, калі цябе схопяць і пацягнуць у турму», – пісала настаўніца мінскай польскай школы.
У рамках аперацыі па пошуку замежнай агентуры за 1937-1938 год у Савецкай Беларусі арыштавалі не менш за 23 429 чалавек (з іх 10 тысяч беларусаў, 9 тысяч палякаў, каля тысячы яўрэяў і столькі ж латышоў) З іх расстралялі больш за 18 530 чалавек, піша гісторык Ірына Раманава.
Даследчыца цытуе дакументы. Начальнік рэчыцкага аддзела НКВД (Народный комиссариат внутренних дел – сталінская спецслужба, якая была выканаўцам масавых рэпрэсій) загадаў падначаленым арыштаваць у раёне 300 палякаў, латышоў і немцаў. У Віцебску НКВД таксама было загадана арыштаваць 300 палякаў. Але план па паляках перавыканалі, і «польскіх шпіёнаў» прыйшлося тэрмінова пераводзіць у «латышскія».
Планы па расстрэлах складалі ў Маскве і спускалі ў Мінск
Знішчэнне людзей у СССР 1930-х планавалася як вырошчванне збожжа або выплаўка металу, кажа гісторык Алег Хляўнюк.
Калі пасля распаду СССР у Расіі адкрыліся засакрэчаныя архівы, гісторыкі зразумелі, што рэпрэсіі не былі хаатычнымі. Гэта была серыя аперацый, якія распрацоўвалі ў Маскве і «спускалі» ў рэгіёны. Напрыклад, на лета 1937 года запланавалі знішчыць «антысавецкіх элементаў»: святароў, кулакоў, царскіх чыноўнікаў, тых, хто кантактаваў з замежнікамі (у БССР кожны другі меў сваякоў у Заходняй Беларусі, якая да 1939 г. належала Польшчы).
200 тысяч чалавек планавалі пасадзіць у лагеры, больш за 75 тысяч – расстраляць. У выніку план перавыканалі ў некалькі разоў.
Кіраўніцтва БССР спачатку прасіла ў Масквы дазволу расстраляць 3000 беларусаў і пасадзіць 9800. Масква скарэкціравала: 2000 і 10 000. У выніку асудзілі 24 209 чалавек (у 2,5 разы больш, чым планавалі), у тым ліку расстралялі 6869 (у 3,5 разы больш за пачатковыя квоты). Тут не ўлічаны беларусы, якія былі расстраляны ў іншых рэспубліках СССР ці загінулі ў ГУЛАГу.
Спланаванае дзяржавай і бюракратычна адрэгуляванае забойства – так называе гэта Ірына Раманава. Многія трапілі пад арышт проста таму, што НКВД трэба было выконваць нормы.
У 1937 годзе штодня расстрэльвалі 70–80 беларусаў
Па «контррэвалюцыйных» артыкулах толькі ў 1937-1938 гадах у Беларусі расстралялі ад 30 да 35 тысяч чалавек.
У 2014 годзе адзін вядомы беларускі гісторык апублікаваў пад псеўданімам Юлій Каралёў грунтоўнае даследаванне, падлічыўшы рэпрэсіраваных у Беларусі. Дык вось, паводле яго звестак, у 1937-1938 гадах у БССР штодня расстрэльвалі па 40–45 «польскіх шпіёнаў» і па 30–35 «іншых варожых элементаў».
У некаторых памежных вёсках за «шпіянаж» арыштавалі ўсіх мужчын. І не толькі ў памежных: наркам унутраных спраў БССР справаздачыўся, што ў вёсцы Церцеж Бялыніцкага раёна на 80 двароў засталося трое мужыкоў.
Дохнуць свінні? Вінавата антысавецкае падполле
Голад і высокая смяротнасць (у адным Нараўлянскім раёне ў 1932-1933 гг. ад голаду памерла каля тысячы чалавек), аварыі на вытворчасці і нават пашырэнне чумы свіней – усё спісвалася на «Аб’яднанае антысавецкае падполле».
У склад выдуманага ААП уключылі кіраўнікоў БССР Галадзеда і Шаранговіча, кіраўнікоў мінстэрстваў, а таксама недабітую інтэлігенцыю і апошніх святароў – усяго 6770 чалавек. З іх 4650 расстралялі.
Даносаў ніхто не чытаў, расстрэльныя спісы складалі па картатэцы
Насуперак пашыранаму меркаванню, даносы амаль не гралі ролі. Міф пра тое, што людзей арыштоўваюць паводле даносаў, запускалі самі спецслужбы. «Органам» не хацелася разбірацца, правяраць інфу – прасцей было пайсці ў пашпартны стол і выпісаць, у каго прозвішча на -і/-скі («паляк»), хто родам з Заходняй Беларусі («агент замежных разведак»).
Або залезці ў свае картатэкі – «органы» доўгія гады збіралі звесткі: хто хоць раз бываў за мяжой («шпіён»), хто служыў у царскім войску, хто дваццаць гадоў таму быў сябрам нейкай не той партыі, хто пісьменнік і піша па-беларуску (гэта ўсё «контррэвалюцыянеры»)…
Так складаліся расстрэльныя спісы. Да расстрэлу зазвычай асуджалі людзей сталага веку – бо ў лагеры ад іх карысці не будзе.
У 1937-м арыштавалі 60-гадовага Уладзіміра Дыдырку, прафесара БДУ, выкладчыка геаметрыі. «У рэвалюцыях не ўдзельнічаў, да следства не прыцягваўся, у войсках не служыў», – падкрэсліваў ён у аўтабіяграфіях. Яго расстралялі як нямецкага шпіёна: знайшлі, што ў 1928 годзе ён стажыраваўся ў Гётынгене, а значыць, як напісалі ў абвінавачанні, «паведамляў пра ход развіцця абароннай прамысловасці і будаўніцтва вайсковага флоту».
Захаваліся ўспаміны сукамерніка: «На ноч узялі для допыту, пад раніцу ледзь жывога ўвалаклі ў камеру… Не вытрымаўшы катаванняў, Дыдырка падпісаў…» Праз год арыштавалі яго жонку: далі 5 гадоў лагераў, там яна і памерла.
Пасля 1937 года ў Савецкай Беларусі засталося сем пісьменнікаў
Часта даводзіцца чуць, што у гады найбольшага тэрору – 1937-1938 гг. – знішчалі выключна эліту. Але даследчыкі падлічылі, што з арыштаваных за той час у СССР 1,6 млн чалавек (больш за 680 тысяч расстраляна) толькі пару працэнтаў складае наменклатура, партыйныя менеджары. Большасць арыштаваных – сяляне, рабочыя, службоўцы 30–50 гадоў. Дзясятая частка – жанчыны.
Але інтэлектуальную эліту Беларусі ў гэтай масе знішчылі пад корань. «У Беларусі засталося сем пісьменнікаў беларускіх. Беларускай інтэлігенцыі бадай што ўжо няма, а тыя, хто носіць яе імя, сцірае з нашага жыцця беларускі характар», – пісаў у дзённіках 1944 года класік беларускай літаратуры Кузьма Чорны.
За адну толькі ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў межах згаданай «справы ААП» былі расстраляны пісьменнікі Міхась Чарот, Алесь Дудар, Анатоль Вольны, Міхась Зарэцкі, Платон Галовач, Тодар Кляшторны, Юрка Лявонны, Валер Маракоў, Майсей Кульбак, Ізі Харык, Янка Нёманскі, Юлій Таўбін...
У 1937 годзе расстралялі трох рэктараў БДУ (услед за трэцім, Аляксеем Кучынскім, расстралялі яго жонку і 17-гадовага сына). Доўгі час даследчыкі не маглі адшукаць нават фота Кучынскага – маёмасць і дакументы сям’і канфіскавалі энкавэдысты. Адзіную маленькую картачку ўдалося здабыць нядаўна ў маскоўскіх архівах.
Тры чвэрці выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта былі расстраляны ці высланы. Рэшта ці своечасова памерла, ці – гэта магло выратаваць – змяніла месца працы. Пра гэта сведчаць зборнікі біяграфій навукоўцаў, якія выдае БДУ, напрыклад «Интеллектуальная элита Беларуси. Основоположники белорусской науки и высшего образования» (2020).
Як перавыканаць план па прызнаннях
«У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 года мяне саджалi на кол, бiлi вялiкiм жалезным ключом па галаве i палiвалi збiтае месца халоднай вадой, паднiмалi i кiдалi на рэйку, бiлi паленам па голым жываце, устаўлялi ў вушы папяровыя трубы i раўлi ў iх на ўсё горла», – успамінаў пісьменнік Кузьма Чорны ў перадсмяротных нататках. Пісаў ён іх ва ўзросце 44 гады – але гэта запіскі разбітага і змучанага чалавека. Катаваннямі з арыштаваных выбівалі прозвішчы «саўдзельнікаў». «З аднаго арыштаванага атрымлівалі дзесяць, з дзесяці – сто, са ста – тысячу», – кажа гісторык Алег Хляўнюк.
Ірына Раманава цытуе дакумент з Нацыянальнага архіва Беларусі: супрацоўнік віцебскага НКВД Сакалоў «папрасіўся ехаць дамоў на выхадны. Начальнік сказаў: “Калі сёння паднаціснеш, заўтра паедзеш”.
Сакалоў за дзень атрымаў прызнанні шасці арыштаваных. Ставіў пытанне наўпрост: “збіраўся ўзарваць мост”, “з’яўляўся ўдзельнікам контррэвалюцыйнай арганізацыі”, – і дамагаўся станоўчага адказу».
Калі ў 1938 годзе рэпрэсіравалі і самога наркама НКВД СССР Мікалая Яжова, паўстала пытанне пра адхіленне ад працы супрацоўнікаў, якія ўдельнічалі ў катаваннях. Кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка заявіў, што гэта немагчыма: прыйдзецца звольніць 80%.
Сталін не ведаў пра рэпрэсіі?
У СССР многія лічылі, што Сталін не ў курсе, – гэткая наіўная халопская вера ў «добрага цара». А Сталін нават адмяняў адпачынак на поўдні, каб у ручным рэжыме кіраваць рэпрэсіямі.
«Не правяраць, а арыштоўваць трэба!», «Прайсціся мятлой!» – пісаў ён Яжову штодня. Звычайныя грамадзяне для Сталіна былі проста лічбай, «планам». Але ёсць 383 расстрэльныя спісы з пайменным пералікам: 44,5 тысячы савецкіх чыноўнікаў і вядомых людзей. Тут ужо бачна, што Сталін адчуваў сябе богам: асабіста пераносіў некаторыя прозвішчы з катэгорыі ў катэгорыю (расстрэл ці лагер).
Як зазначае Алег Хляўнюк, пра псіхічны стан Сталіна няма надзейных звестак. Але цяжка ўявіць, што за такім заняткам можна захаваць здаровы розум. Аўстралійская гісторык-саветолаг Шэйла Фіцпатрык адзначае, што паранаідальная падазронасць Сталіна выйшла на новы ўзровень у 1932 годзе, пасля самагубства жонкі.
Чым, акрамя паранойі Сталіна, можна патлумачыць тэрор 1937 года?
Рэальнае жыццё ў сталінскай дзяржаве выглядала зусім не так, як у фільме «Волга, Волга!». Не было ўсеагульнага энтузіязму, большасць насельніцтва выжывала з цяжкасцю.
У пачатку 1930-х адбылася сапраўдная сялянская вайна, пра якую гісторыкі раней не ведалі. У розных частках СССР у ёй удзельнічалі некалькі мільёнаў чалавек, даведзеных да адчаю голадам. Галодны бунт у красавіку 1932 года адбыўся, напрыклад, у Барысаве.
І пасля неўраджайнага 1936-га Сталін баяўся антысавецкага паўстання.
У 1937-м людзі яшчэ гатовыя былі пратэставаць. Ірына Раманава апісвае гісторыю лепельскіх маўчальнікаў. Сяляне Лепельшчыны масава адмаўляліся ўдзельнічаць у перапісе насельніцтва 1937 года: яны паказальна маўчалі або сыходзілі ў лясы.
А для Сталіна шокам таго перапісу стала колькасць вернікаў: 57%. І гэта пасля ўсёй барацьбы з рэлігіяй! Гэта значыла, што для большай часткі краіны ён па-ранейшаму не быў богам.
У 1937-м свет стаяў на парозе вайны. І парадаксальна гэта давала людзям надзею. «Хай будзе вайна, і мы хутчэй скінем гэту ўладу», – перадавалі словы сялян начальнікі. Сталіна апаноўваў страх.
Да таго ж рыхтаваліся выбары ў Вярхоўны Савет СССР паводле толькі што прынятай канстытуцыі, якая дазваляла неймавернае: выбіраць аднаго з некалькіх кандыдатаў…
«Сталін – чалавек, які працаваў, не абдумваючы свае крокі і іх наступствы. Плаціў заўсёды нехта іншы», – заўважае А. Хляўнюк. Як усе дыктатары, Сталін быў імправізатарам, бо дыктатару лёгка імправізаваць. Давайце паспрабуем. Мільён загіне? Не страшна, паспрабуем. У адной з прамоў ён так і казаў: галоўнае – рэвалюцыйны націск, а там паглядзім.
Пасля года рэпрэсій у многіх сферах не стала каму працаваць. І ў лістападзе 1938-га на загад Сталіна «аперацыі» НКВД прыцішылі, Яжова звінавацілі ў «перагінах» і расстралялі.
А праз год на з’ездзе Камуністычнай партыі віну за тэрор 1937-1938 гадоў звалілі на… «савецкіх грамадзян». Маўляў, каб не пісалі даносы, дык і рэпрэсіі не дасягнулі б такіх маштабаў.
Колькі людзей рэпрэсіравалі ў Беларусі?
Як толькі Сталіна не стала, створаная ім сістэма развалілася за лічаныя месяцы, адзначае А. Хляўнюк. Прычым развалілі яе хаўруснікі Сталіна. Яны і раней бачылі, што сістэма не працуе, а цяпер прыйшлі з гатовымі праграмамі і іх рэалізавалі.
Але, нягледзячы на ўсе развенчванні «культу асобы», колькасць ахвяр савецкіх рэпрэсій дагэтуль невядомая. Бо архіўныя справы засакрэчаны, архіў КДБ закрыты і апублічвае толькі тое, што захоча.
У СССР ад 1930 да 1953 года вынеслі каля 20 мільёнаў прысудаў пра зняволенне, плюс каля 6 мільёнаў сялян-«кулакоў» было адпраўлена ў высылку, плюс каля 800 тысяч чалавек расстралялі. Выходзіць, ад 25 да 27 мільёнаў рэпрэсіраваных, кажа А. Хляўнюк.
Колькі людзей было рэпрэсіравана ў Беларусі? Часта гучыць лічба 250 тысяч – яна грунтуецца на колькасці асуджаных па 14 палітычных артыкулах («контррэвалюцыйныя злачынствы») савецкага крымінальнага кодэкса. Блізкую лічбу ў 2017 годзе агучыў беларускі КДБ: каля 235 тысяч чалавек. Аднак тут не ўлічаны раскулачаныя і высланыя па адміністрацыйных справах. Між тым, у 1930–1952 гады з БССР выслалі ад 120 да 140 тысяч сялян (25–29 тысяч сем’яў).
Паводле даследавання Юлія Каралёва (Юлій Каралёў. «Аб рэальных маштабах сталінскіх рэпрэсій». Arche № 5/2014), ахвярамі савецкіх рэпрэсій да 1950-х гадоў стала ад 465 да 535 тысяч беларусаў. Каралёў падлічыў і агульную колькасць расстраляных: гэта 45–50 тысяч чалавек.
У СССР саджалі за самавольную змену працы. Што?!
Беларускіх сялян «раскулачвалі» і высылялі ў Сібір і сярэднеазіяцкі стэп з сем’ямі. Але старым і малым да 10 гадоў часам «дазвалялі» застацца. Гэта таксама ахвяры палітычных рэпрэсій, іх таксама трэба мець на ўвазе падчас будучых падлікаў.
Акрамя таго, Каралёў згадвае «лішэнцаў» канца 1920-х – гэта каля 150 тысяч беларусаў: шляхта, «нэпманы», банкіры, манахі… Ім не плацілі нармальны заробак, не бралі на добрыя пасады, іх дзяцей не прымалі ў школы. (Жыццё лішэнцаў апісана ў рамане Айн Рэнд «Мы жывыя»).
Таксама ў лічбу ахвяр палітычных рэпрэсій не ўвайшлі тыя, хто быў асуджаны за спазненні, прагулы, самавольны пераход на іншую працу. У СССР да 1956 года за гэта трапілі ў турмы і на папраўчыя работы 18 мільёнаў, а ў Беларусі – дзясяткі тысяч людзей.
Што такое савецкае шчасце
Ірына Раманава падчас інтэрв’ю з дзецьмі рэпрэсіраваных заўважыла: людзі жывуць амаль у зямлянках, але не хочуць нічога мяняць: «Мы столькі гадоў бадзяліся без дому, а гэты дом наш, мы пабудавалі яго, калі мама нарэшце вярнулася».
Яны не ведалі бацькоўскага клопату, сямейнай утульнасці, іх дзяцінства было барацьбой за выжыванне.
«Мама не магла зразумець, як гэта людзям важна лепш апрануцца, лепш паесці, – яна не разумела гэтых людзей. Людзі на Ахтаме гінулі і не бачылі гэтага… І мы жылі булёнчыкам: вада і бульба ў ёй. Мама не разумела, што можна дадаць цыбулю, моркву…»
Савецкая сістэма не здольная была даць сваім грамадзянам паўнавартае якаснае жыццё. Яна была бяздарна арганізавана, і яе пасрэдныя кіраўнікі, каб заставацца пры ўладзе, трымалі грамадзян у стане «вінцікаў» – бяздумных выканаўцаў загадаў. А каб чалавек не патрабаваў павагі да сябе, не хацеў развіцця і самарэалізацыі, яго пазбавілі нават базавых патрэб – сытасці і бяспекі. Ствары пекла на зямлі, а пасля трохі адпусці – і ўсе будуць шчаслівыя.