Рэдакцыя CityDog.io вырашыла запусціць сваё аднайменнае «Радыё». Там толькі беларуская мова, паслухайце самі!
Што яшчэ за «Радыё»?
Калі памятаеце, з ліпеня 2022 года мы робім незвычайны для беларускіх медыя эксперымент: частка нашых беларускамоўных тэкстаў (якіх становіцца ўсё больш) суправаджацца аўдыядарожкамі, у якіх голас актрысы Крысціны Дробыш гэтыя тэксты агучвае.
Навошта мы гэта зрабілі? Дзякуючы такім аўдыятрэкам людзі, якія не вельмі добра размаўляюць па-беларуску, змогуць разумець родную мову лепш і ў выніку хутчэй яе вывучаць. Адкрываеце беларускамоўны тэкст, уключаеце аўдыя – чытаеце і слухаеце.
На сёння ў нас набралося шмат беларускамоўных тэкстаў, якія можна слухаць асобна ад тэкстаў.
Таму мы вырашылі адкрыць на самых папулярных сярод беларусаў стрымінгавых платформах наш канал «Радыё CityDog».
Пра што гэта «Радыё»? Што там будзе за музыка?
Гэта радыё – пра Мінск, Беларусь і беларусаў ва ўсім свеце. У аўдыяартыкулах можна паслухаць гісторыі поспехаў і правалаў, расказы пра здароўе і хваробы, дыялогі пра беларусаў тут і за мяжой. Карацей, гэта гукавая версія нашых самых цікавых артыкулаў і сучасная лексіка на самыя розныя тэмы.
Што тычыцца музыкі і сталага эфіру, то так далёка мы пакуль не планавалі. Але план харошы, працоўны.
Як часта будзе абнаўляцца «Радыё CityDog»?
Мы плануем штотыдзень заліваць трэкі з нашымі артыкуламі. І трэкі гэтыя, як вы разумееце, можна слухаць і дома, і ў дарозе, і на працы, і на вучобе, і ў ложку, і ў прыбіральні – дзе і калі захочаце.
Як падпісацца на «Радыё CityDog»: вось спасылкі
- Apple Podcasts – вось тут
- «Google Падкасты» – вось тут
- Spotify – вось тут
- «Яндекс.Музыка» – вось тут
- Dezeer – вось тут
І заўжды «Радыё CityDog» можна слухаць проста на старонцы Anchor.