Куды пайсці ў выхадныя 9–11 чэрвеня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы

Куды пайсці ў выхадныя 9–11 чэрвеня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы
Ужо ведаеце, чым будзеце займацца на выхадных? Калі не, то глядзіце нашу падборку крутых івентаў і плануйце адпачынак.

Ужо ведаеце, чым будзеце займацца на выхадных? Калі не, то глядзіце нашу падборку крутых івентаў і плануйце адпачынак.

МІНСК

Чацвер і пятніца: пабывайце на медытацыі ў космасе

8 і 9 чэрвеня, 19:30.

Планетарый (вул. Фрунзэ, 2 (парк Горкага)).

Білеты: 40 руб. (тут).

У чацвер і пятніцу гітарны эмбіент-праект Triangle грае ў мінскім планетарыі канцэрт-медытацыю «Летнія зоркі». Вас чакае музыка разважанняў і летуценняў у суправаджэнні паўнакупальных відэапраекцый пра зоркі і Сусвет на купале планетарыя.

Пятніца: паслухайце лекцыю «На што хварэў Скарына»

9 чэрвеня, 17:00.

Музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5).

Кошт: 3 руб.

Музей Якуба Коласа ў рамках праекта «Простыя словы» ладзіць лекцыю Мікалая Сарокі «На што хварэў Скарына. Спроба дыягназу праз 500 гадоў». Ад пільнага погляду лектара не схаваліся характэрныя прыкметы «хваробы геніяў і арыстакратаў», і пад увагу аўтара трапляе знакамітая гравюра – партрэт Францішка Скарыны.

Мікалай Сарока – беларускі ўрач, рэўматолаг, адзін з вядучых навукоўцаў у галіне клінічнай медыцыны.

Субота: паглядзіце рэтраспектыву фільмаў пра Берлін


10 чэрвеня, 19:30.

Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 10 руб. (тут).

Праект Cinemascope запрашае паглядзець фільм 1957 года «На рагу Шонхаўзер | Berlin – Ecke Schönhauser» – на мове арыгінала з рускімі субцітрамі.

Усходні Берлін перад узвядзеннем Берлінскай сцяны. Пад аркай метро на рагу Шонхаўзер-алеe штодня сустракаецца моладзь сацыялістычнай Германіі. Яна шукае свабоды: слухае музыку, танчыць, высвятляе адносіны і фліртуе. Аднойчы ўвечары хтосьці з групы разбівае вулічны ліхтар. Хуліганскія свавольствы прыводзяць да гісторыі са смяротным зыходам.

У 1995 годзе фільм быў прызнаны адным са ста найважнейшых нямецкіх фільмаў усіх часоў.

Субота і нядзеля: схадзіце на экскурсію па экспазіцыі «Арт-Мінска»

10 і 11 чэрвеня.

Палац мастацтваў (вул. Казлова, 3).

Кошт: 15 і 20 руб. (рэгістрацыя тут).

Фестываль «Арт-Мінск» будзе праходзіць яшчэ тыдзень – да 18 чэрвеня. А на гэтых выхадных можна яшчэ запісацца на куратарскія экскурсіі па экспазіцыі.

У суботу, 10 чэрвеня, у 16:00 будзе паглыбленне ў стварэнне праекта з Аляксандрам Зінкевічам. А ў нядзелю, 11 чэрвеня, у 12:00 можна далучыцца да экскурсіі з Камілай Аруцюнян – навуковай супрацоўніцай Нацыянальнага мастацкага музея.

А вось тут паглядзіце наш фотарэпартаж з выставы.

Субота і нядзеля: выгуляйце сваіх хвосцікаў на фестывалі

10–11 чэрвеня.

«Лучшая улица» (пр-т Незалежнасці, 95)

Білеты: 15 руб. (тут).

У суботу і нядзелю на «Лучшей улице» пройдзе фестываль аматараў хатніх жывёл. З 12:00 да 23:00 вас і вашых хвосцікаў будуць чакаць забаўляльная праграма для дзяцей і дарослых, stand up і выступы музыкаў, конкурсы з прызамі, цікавыя лекцыі, майстар-класы, фотазоны, кансультацыі спецыялістаў, дабрачынная ярмарка, вялікі маркет і шмат чаго іншага.

Субота і нядзеля: адпачніце на вялікім сямейным фестывалі

10–11 чэрвеня, з 10:00 да 19:00.

Батанічны сад.

Білеты: поўны – 12 руб., льготны – 6 руб.

У батанічным садзе два дні будзе праходзіць сямейны фестываль ToyDay. У праграме: «Гарошак-маркет» і майстар-класы, дзіцячая ярмарка, паветраны цір, тэрыторыя робатаў, пляцоўкі для гульні ў лазертаг, футбол і бадмінтон, лекцыі, скаладром, вялікі канцэрт і шмат іншага. Усе актыўнасці ўключаны ў кошт білета.

Ноч з суботы на нядзелю: збярыцеся з сябрамі на летні open air


Ноч з 10 на 11 чэрвеня, з 22:00 да 5:00.

Мінскае мора (пляж №5).

Білеты: 25 руб. (тут).

Лета ўжо прыйшло, а гэта значыць, самы час ствараць цёплыя ўспаміны – напрыклад, адкрыць летні сезон імпрэз на Мінскім моры. Збірайце сяброў, купляйце білеты на Bless Open Аir і весяліцеся да самай раніцы. Калі яшчэ, як не цяпер?

Усе выхадныя: завітайце на фотавыставу «Жыць жыццё»

Да канца чэрвеня.

Кавярня ÇAVA (вул. Макаёнка, 3).

Уваход: вольны.

У кавярні ÇAVA працуе фотавыстава Ігара Шалкуненкі «Жыць жыццё», прысвечаная стану «тут і цяпер», стану пражывання жыцця паўнацэнна ў дадзены момант часу. Стану, калі мы не трывожымся пра будучыню і не сумуем па мінулым.

«Слухаем тое, што чуем цяпер. Бачым тое, што бачым цяпер. Адчуваем тое, што адчуваем цяпер і тут. Са сваіх фатаграфій я выбраў тыя, у якіх, як мне здаецца, гэты стан прысутнічае», – кажа аўтар.

ВАРШАВА

Пятніца-субота: паспейце на выставу мастака Рамана Камінскага

Да 10 чэрвеня.

HOS gallery (ul. Dzielna, 5).

Усяго тры дні засталося, каб паспець паглядзець выставу беларускага мастака Рамана Камінскага Past Garden.

Як і многія беларусы, Раман перажыў двайную эміграцыю пасля лютага 2022 года. У той час ён ужо жыў у Кіеве, пазней пераехаў у Грузію, а потым у Францыю. Да гэтага дадалася асабістая трагедыя – страта маці, на пахаванне якой ён не здолеў прыехаць. Ствараючы аўтапартрэты, Раман літаральна паглыбляўся ў пачуццё ўласнай траўмы, прэпараваў яго, а на апошніх этапах малявання ўпрыгожваў кветкамі.

А вось тут глядзіце, як атмасферна праходзіла адкрыццё гэтай выставы

Субота: пабывайце на канферэнцыі Reshape 2023: Framing the Future of Belarus

10 чэрвеня, з 14:00 да 19:00.

Ul. Foksal, 11.

Удзел: бясплатны (патрэбна рэгістрацыя).

У Варшаве адбудзецца канферэнцыя Reshape 2023: Framing the Future of Belarus, якую ладзіць «Цэнтр новых ідэй» разам з «Банкам ідэй». Беларускія эксперты і эксперткі абмяркуюць беларускае грамадства, эканоміку, палітыку і медыя.

Сярод спікераў – Антон Раднянкоў, Павел Данэйка, Павел Лібер, Юрый Дракахруст, Леся Руднік, Надзея Зелянкова, Арцём Шрайбман і іншыя.

Нядзеля: збярыце каманду на музычны квіз

11 чэрвеня, 17:00.

Pub Przejście (plac Na Rozdrożu, 1).

Удзел: 35 злотых з чалавека.

У нядзелю каманда варшаўскай «Мазгабойні» кліча сабрацца аматараў музыкі 80–90-х гадоў. Будзе шмат вядомых (і не вельмі вядомых) песень, хіты таго часу, кліпы – ну і поўнае настальджы, канешне. Збірайце каманду, рэгіструйцеся і памятайце, што галоўнае – не вынікі.

ПОЗНАНЬ

Нядзеля: схадзіце на беларускі стэндап

11 чэрвеня, 18:00.

Прастора MY (ul. Fredry, 5/3).

Білеты: 50 зл (тут).

З новымі жартамі на беларускай мове ў Познань едуць нашы комікі Макс Канавал, Дзіма Саўян і Саша Калінкін. Клічуць вас прыходзіць паслухаць, пасмяяцца і крышачку паплакаць.

ГДАНЬСК

Пятніца: схадзіце на канцэрт гурта Shuma

9 чэрвеня, 19:00.

Czudner Spot (Łąkowa, 35/38).

Білеты: 96 злотых (тут).

Касмічная Shuma грае ў Гданьску канцэрт свайго вялікага тура «Купалінка».

«Мы хочам даць песні новае дыханне і зрабіць яе хітом сярод беларусаў і беларусак, рассеяных цяпер па ўсім свеце! KUPALINKA – гэта знак волі і адраджэння беларускай культуры, менавіта гэта песня гучала напачатку маршаў у 2020 годзе, яе ведае кожны і кожная з нас. Таму мы і зрабілі сучасную аранжыроўку, каб у нас з’явілася свая песня перамен!» – кажуць музыкі.

Звярніце ўвагу: вось тут Shuma прапануе усім жадаючым выйграць 1000 еўра.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: запішыцеся на artist-talk з сучасным мастаком Доктарам Ой

9 чэрвеня, 19:30.

CreateCulture Space (Karmelitų gatvė, 5).

Уваход: free donation (патрэбна рэгістрацыя).

У CreateCulture Space адбудзецца аrtist-talk з сучасным мастаком Доктарам Ой. Вы, напэўна, не раз бачылі яго рознакаляровыя смайлікі з прышчыкамі, паштоўкі з надпісам «Мой дзед быў панк» і, можа, памятаеце мурал з яйкам побач з кінатэатрам «Ракета» ў Мінску.

У камернай гутарцы мастак падзеліцца тым, як прыйшоў да мастацтва і стаў вядомым, раскажа пра любімыя праекты і дурныя факапы (нядаўна ён зрабіў арт-акцыю ў Парыжы і асабіста даведаўся, як выглядае французская турма знутры, пачытайце тут), дасць парады навічкам і нават замахнецца на планы на будучыню.

Пятніца і субота: запішыцеся на арт-кружок

9 і 10 чэрвеня.

Прастора Little White Studio (Arkliu g., 6).

Удзел: данэйшн (патрэбна рэгістрацыя).

У пятніцу з 18:00 да 21:00 і ў суботу з 12:00 да 15:00 пройдуць лінагравюрныя кружкі. Вы зможаце прыдумаць трафарэты для гравюр, зрабіць паштоўкі і крыху пагутарыць. Трафарэт і зробленыя паштоўкі можна будзе забраць дадому.

Нядзеля: паслухайце цікавую лекцыю пра Босха

11 чэрвеня, 17:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Кошт: 25 еўра (віно і закускі ўключаны).

У нядзелю ў Вільнюс прыязджае галоўны гісторык мастацтва TikTok – Артур Чэх – і вязе з сабой адну з лепшых сваіх лекцый: «Босх яго ведае, ці Басхоўнае мастацтва».

На лекцыі Артур раскажа ўсё, што вядома пра Караля Начных Кашмараў, падрабязна разбярэ яго шэдэўры, каб зразумець, якія сэнсы мастак укладваў у кожную дэталь, а заадно пагрузіць гледача ў культуру Сярэднявечча, бо творчасць Босха – гэта энцыклапедыя жыцця сярэдніх вякоў і не можа быць цалкам зразумелай па-за гэтай культурай.

Для рэзервавання білетаў пішыце ў Instagram/Telegram: @cheh_artur.

#Беларусь #Варшава #Вильнюс #Минск
поделиться