Куды пайсці ў выхадныя 24–26 лістапада ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і Таліне (і анлайн)

Куды пайсці ў выхадныя 24–26 лістапада ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і Таліне (і анлайн)
Беларусы ў розных краінах арганізоўваюць шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў. Вось наша падборка клёвых івентаў на апошнія выхадныя лістапада, якія пройдуць у чатырох сталіцах і анлайн.

Беларусы ў розных краінах арганізоўваюць шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў. Вось наша падборка клёвых івентаў на апошнія выхадныя лістапада, якія пройдуць у чатырох сталіцах і анлайн.

МІНСК

Пятніца: паглядзіце фільм-спектакль «Паўлінка» 1952 года

24 лістапада, 17:00

Музей Янкі Купалы (вул. Янкі Купалы, 4)

Уваход: вольны

З 20 па 24 лістапада ў музеі Янкі Купалы праводзяцца азнаямляльныя паказы фільма-спектакля «Паўлінка (1952) вытворчасці кінастудыі «Беларусьфільм з нагоды 110-годдзя публікацыі і першых пастановак знакамітай п’есы Янкі Купалы «Паўлінка».

Рэжысёр – Аляксандр Зархі. У галоўных ролях: Глеб Глебаў, Уладзімір Дзядзюшка, Лілія Драздова, Лідзія Ржэцкая, Вера Пола, Уладзімір Кудрэвіч, Барыс Платонаў і іншыя.

Пятніца: даведайцеся, як напісаць кнігу аб продках

24 лістапада, 18:30

«Фрэскі» (вул. Кісялёва, 38 – 1 паверх)

Кошт: 20 руб. (патрэбна рэгістрацыя)

У лекторыі «Фрэскі» адбудзецца сустрэча «Як напісаць кнігу аб продках». На ёй вы даведаецеся шмат цікавага. Напрыклад, як правесці пошукавую працу, сабраць матэрыял і якім чынам яго апублікаваць. Пра гэта раскажа генеалог, незалежная даследчыца, аўтарка кніг «Ігуменская шляхта ў Сібіры» і «У архіўным пошуку» Алена Кароўчанка.

Генеалог, аўтарка кнігі «Сны Асоль», апавяданняў, дзіцячых кніг выдавецтваў «Лабірынт» і «Азбукварык» Алена Кміт распавядзе, як напісаць раман пра лёсы сваіх продкаў так, каб гэта было цікава не толькі нашчадкам.

А архівіст, генеалог, спецыяліст па пошуку рэпрэсаваных сваякоў, аўтар кніг «Землеўладальнікі Мінскай губерні», «Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча» і «Мінскі турэмны замак» Зміцер Дрозд раскажа, як самастойна адрэдагаваць і звярстаць кнігу, знайсці спонсара.

Пятніца і субота: аддайце непатрэбны калядны дэкор на дабрачыннасць

24–25 лістапада, з 12:00 да 20:00

Альшэўскага, 1/4

Па пятніцах і суботах дабрачынны праект Kali Laska збірае непатрэбныя вам рэчы. Можна прыносіць адзенне, абутак, аксэсуары, упрыгожванні, дэкор (у тым ліку навагодні), кнігі і іншае.

Сабраныя рэчы спачатку прыводзяць у парадак, а потым распрадаюць. Атрыманыя сродкі ідуць на дапамогу іншым.

Субота і нядзеля: уцяпліцеся на зіму на барахолцы «Open Шкаф»

25–26 лістапада

«Лучшая улица» (пр. Незалежнасці, 95/16)

Уваход: вольны

Барахолка «Open Шкаф» запрашае абнавіць гардэроб да новага сезону. Абяцаюць крутыя рэчы, неверагодныя эмоцыі, прыемныя зносіны, музыку, шмат радасці напярэдадні Калядаў і бонусам – парыжскі вінтаж, каб вы не мерзлі.

Працаваць будуць два дні, таму завітаць можна і ў суботу, і ў нядзелю.

Нядзеля: запішыцеся на дабрачынны майстар-клас па танцах

26 лістапада, 18:00

Вул. Б. Хмяльніцкага, 8

Уваход: данат 15 руб. (патрэбна рэгістрацыя)

Інстаграм-праект Paws Up! дапамагае жывёлам па ўсёй Беларусі і часта праводзіць дабрачынныя івенты. У гэтую нядзелю каманда кліча ўсіх на танцавальны майстар-клас, каб падтрымаць мінскі прытулак «Адважнае сэрца».

Варкшоп правядзе прафесійны харэограф. «Запэўніваем, без новых навыкаў і крутых рухаў вы дакладна не застанецеся», – піша каманда праекта. Усе сабраныя сродкі пойдуць на падтрымку мінскага пункта часовага ўтрымання бяздомных жывёл.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па юбілейнай выставе Дзмітрыя Сурыновіча

Да 25 снежня

«Арт Фабрыка» (вул. Свярдлова, 2)

Уваход: 5 руб.

 

У сераду, 22 лістапада, у галерэі «Арт Фабрыка» адкрылася персанальная выстава Дзмітрыя Сурыновіча да 70-годдзя мастака. Яго творчасць глыбока метафарычная, прасякнутая шчырасцю, дабрынёй, цеплынёй і любоўю.

«Гэта бясконца чароўны свет з гульнёй вобразаў, дзе персанажы, падобныя да партрэтаў Мадзільяні, – жанчыны з коткамі, кацянятамі, рыбамі – ярка расквечаны, быццам маляваў іх цудоўны насельнік поўначы, Гаген з краіны эскімосаў».

Усе выхадныя: схадзіце на выставу Алены Хатэнка «Усё з’яўляецца чымсьці іншым»

Да 30 лістапада

Flame Place (пр-т Машэрава, 9, к. 8)

Уваход: вольны

 

У прасторы Flame Place праходзіць выстава Алены Хатэнка «Усё з’яўляецца чымсьці іншым». Мастачка працуе ў змяшанай тэхніцы, яе прыцягвае разнастайнасць тактыльных матэрыялаў, якія яна ўплятае ў адзіную выяву.

Складаныя па фактуры творы мастачкі адлюстроўваюць разнастайнасць навакольнага свету, дзе стракатая разнастайнасць гарманічна суіснуе побач.

ВАРШАВА

Пятніца: схадзіце на канцэрт Лявона Вольскага і Паўла Трыпуця

24 лістапада, 21:00

Kino Iluzjon (Narbutta, 50A)

Уваход: па квітку ў кінатэатр

 

Лявон Вольскі і Павел Трыпуць чакаюць беларусаў Варшавы на акустычным канцэрце у межах адкрыцця фестываля беларускіх фільмаў Bulbamovie. Абяцаюць зайграць лепшае і найлепшае, а таксама прэзентаваць некаторыя песні з новага альбому EMIHRANTY.

Субота: запішыцеся на традыцыйнае ангельскае чаяванне

25 лістапада, 13:00

Гатэль «Брыстоль»

Кошт: 250 зл.

Праект So people запрашае на традыцыйнае ангельскае чаяванне (5 o’clock tea). Рыхтуйцеся акунуцца ў магію гарбаты і яе багатую гісторыю і займальныя традыцыі.

Запрошаны эксперт па этыкеце Таццяна Зрайкоўская раскажа, што значыць play mother, адкуль пайшлі сэндвічы і фарфор, што такое бостанскае чаяванне, як «правільна» піць гарбату, а таксама пра тонкасці сервіроўкі чаявання і колькі цырымоній чаявання бывае ў ангельцаў за адзін дзень.

Усё гэта будзе суправаджацца сапраўдным чаяваннем у лепшых ангельскіх традыцыях са свежымі сканамі, густымі сліўкамі ў спалучэнні з джэмам, сэндвічамі і міні дэсертамі.

Субота: пабывайце на пяшчотным восеньскім канцэрце Светы Бень

25 лістапада, 19:00

Scena Chmielna (Nowy Swiat, 27a)

Білеты: 90 злотых (тут)

У суботу Света Бень грае ў Варшаве пяшчотны восеньскі канцэрт. Будуць, канешне ж, песні, вершы і свядомы паток несвядомага пад укулеле, гармонік ды покет-піяна. Песні, напісаныя зусім нядаўна і дастаткова даўно, змрочныя і сонечныя, ціхія і крыклівыя – карацей, вельмі разнастайныя.

Усе выхадныя: схадзіце на выставу Яраслава Кірвеля Kirvelizm

Да 15 снежня

Варшаўская Акадэмія мастацтваў (ul. Krakowskie Przedmieście, 5)

У сераду, 22 лістапада, у варшаўскай Акадэміі мастацтваў на факультэце жывапісу адкрылася першая персанальная выстава Ярасалава Кірвеля Kirvelizm.

На экспазіцыі сабраныя партрэты знакамітых беларусаў і беларусак, гарадскія пейзажы Горадні і іншых гарадоў, а таксама малюнкі з канцэртаў і івэнтаў – усё, што цікавіла, турбавала і натхняла аўтара апошнімі гадамі.

ВІЛЬНЮС

Пятніца–нядзеля: паспейце на выставу Ксішы Анёлавай «Беларускі мартыралог»

Да 26 лістапада

Дом-музей Марыі і Юргіса Шлапялісаў (Pilies g., 40)

Уваход: вольны

Усяго тыдзень у Вільні працуе выстава партрэтаў беларускіх палітвязняў аўтарства Ксішы Анёлавай «Беларускі мартыралог».

Аўтарка кажа: «Я распачала гэтую серыю як спосаб справіцца з трагічнымі падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі апошнія тры гады. Праект змяшчае больш за 600 работ маркерам на шпалерах і не будзе завершаны, пакуль не будзе намаляваны апошні несправядліва зняволены.

Я пішу партрэты зусім незнаёмых мне людзей. Яны сучасныя нам пакутнікі, бо дакладна вядома, як з імі абыходзяцца ў турмах. Недахоп гэтых людзей адчуваецца ў грамадстве, у паветры кожны дзень. Гэтыя людзі павінны быць на волі, побач з намі».

Субота: прыміце ўдзел у Жывой бібліятэцы

25 лістапада, з 12:00 да 16:00

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5)

Удзел: рэгістрацыя для «кніг», рэгістрацыя для чытачоў

Жывая бібліятэка – гэта інтэрнацыянальны праект пра разнастайнасць у грамадстве. Добразычлівая, бяспечная і камфортная атмасфера для камунікацыі.

У Жывой бібліятэцы кнігі – гэта людзі з асаблівымі гісторыямі, а чытанне – гэта дыялог. У ролі кніг – людзі з унікальным досведам і/ці асобай, якая звычайна ўспрымаецца неадназначна. Праз асабістую размову чытачы могуць даведацца пра гісторыі «кніг», задаць пытанні і сфармаваць сваё меркаванне наконт сацыяльных праблем.

Нядзеля: прыміце ўдзел у фемінісцкім фэсце «Не вінаватая»

26 лістапада, з 11:00

Прастора Kablys (Kauno g., 5)

Удзел: free donation (патрэбна рэгістрацыя)

У Вільні ладзяць фэст «Не вінаватая» – у падтрымку людзей, перажыўшых гендарна-абумоўлены хатні гвалт.

У праграме – адукацыйныя лекцыі, канцэрт з беларускімі артыст_камі, а таксама, фем-стэндап і адкрыты мікрафон, дзе кожн_ая зможа паспрабаваць сябе.

Выступоўцы: Вольга Гарбунова з лекцыяй «Праблема хатняга гвалту ў аўтарытарнай рабоце», Саша Казанцава з гутаркай «Прынцып згоды. Як пабудаваць размову пра секс», Яўгенія Доўгая «Нашыя сёстры ў турме. Чаму важна падтрымліваць палітвязынак», Алёна Пяроўская «Экафемінізм і веганскі абаліцыянізм», Аліна Пазнякова «Прэзентацыя дасладавання пра досвед харасменту беларуса_к» і інш.

ТАЛІН

Пятніца: схадзіце на дабрачынны канцэрт Віктара Шалкевіча

24 лістапада, 19:00

Põhja Öökull (Rüütli, 28)

Білеты: 10 еўра на ўваходзе

У пятніцу бард Віктар Шалкевіч грае ўтульны канцэрт у Таліне. Будзе праграма «Новае і добрае забытае старое», а таксама свежы погляд на фальклор і аўтарскую песню.

Білеты можна будзе набыць на ўваходзе. Сабраныя грошы пойдуць на дабрачыннасць.

ДЛЯ ЎСІХ

Субота: паслухайце лекцыю пра «хуткую моду» і яе ўплыў на правы чалавека

25 лістапада, 14:00 (па Мінску)

Анлайн у Zoom

Удзел: бясплатны (патрэбна рэгістрацыя)

Ніколі раней чалавецтва не спажывала столькі рэсурсаў для стварэння новага адзення і не выкідвала столькі тэкстылю на смецце – гэта вельмі моцна шкодзіць планеце і ўсім, хто яе засяляе.

На лекцыі раскажуць, як парушаюцца правы працаўніц_коў брэндаў хуткай моды, чаму вытворчасць адзення неэкалагічная, як яна эксплуатуе нечалавечыя віды, што робяць міжнародныя арганізацыі, якія існуюць практыкі экалагічнага спажывання адзення і інш.

Лектарка: Марыя Дзербічава – веганка, эка-пісьменніца, інтэрсэкцыянальная феміністка.

Усе выхадныя: паглядзіце невялікія відэа пра сучаснае беларускае мастацтва

Любы дзень

Анлайн

Арт-мэнэджэрка і куратарка Вольга Мжэльская, якая займаецца папулярызацыяй беларускага мастацтва, увесну запусціла ў reels відэапраект «Размовы маленькага геданіста» – а цяпер ён даступны яшчэ і на YouTube.

У «Размовах» Вольга расказвае пра выставы беларускіх артыстаў і артыстак за мяжой, робіць кароткія інтэрв’ю з мастакамі. На дадзены момант выйшла ўжо 10 выпускаў: пра выставы Андрэя Анро, Цёмры, Рамана Камінскага, Андрэя Логінава, Ксеніі Грыцкевіч і праекта VEHA, а таксама інтэрв’ю з Doctor Oy і Юліяй Лейдзік з фотадуэта KANAPLEV+LEYDIK.

Усе выхадныя: прыгатуйце дамашнія цукеркі

Любы дзень

Анлайн

Цукеркі ручной працы каштуюць нямала, але можна добра сэканоміць, калі прыгатаваць іх дома самастойна. Тым больш што сам працэс можна прапанаваць у якасці гульні і зрабіць сумесна з сябрамі, дзецьмі ці ўсёй сямʼёй.

Вось тут шукайце 5 простых рэцэптаў, з якімі кожны зладзіцца, – паспрабуйце!

 

#Варшава #Вильнюс #Минск
поделиться