Куды пайсці ў вялікія выхадныя 21–25 красавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і Вене

Куды пайсці ў вялікія выхадныя 21–25 красавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і Вене
Наперадзе – аж чатыры выхадных. Самы час планаваць, чым займацца.

Наперадзе – аж чатыры выхадных. Самы час планаваць, чым займацца.

Выбірайце сабе справу

МІНСК

Пятніца: схадзіце на «Бібліяноч» у розныя музеі

 

21 красавіка.

7 музеяў Мінска.

Уваход: вольны.

 

У пятніцу ў некалькіх бібліятэках Мінска пройдзе «Бібліяноч» – акцыя, прымеркаваная да заснаванага ЮНЕСКА Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права.

Куды мы раім схадзіць:

Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15):

  • 19:00 – лекцыя Вадзіма Урублеўскага «Бібліяграфія генеалогіі Беларусі: анонс найбольш важных кніжных выданняў»;
  • 19:00 – лекцыя антрапалагінь Валянціны Віннікавай і Алены Серанковай «Чалавек скрозь стагоддзі: людзі мінулага, сучаснасці і будучыні»;
  • 19:00 – творчы майстар-клас па выцінанцы;
  • 20:00 – лекцыя гісторыка Алега Дзярновіча «Фрэскі Крэўскага замка як феномен мастацкай культуры 14-га стагоддзя»;
  • 21:00 – лекцыя Аляксандра Доўнара «Эстэтыка гістарычнай крыніцы»;
  • 22:00 – лекцыя Таццяны Даўгач «Эпідэміі доўгага ХІХ стагоддзя».

Таксама ўвесь вечар будзе працаваць археалагічна-антрапалагічная выстава «Скура ды косткі». А ў чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў можна будзе здзейсніць «Падарожжа па старонках мінулага»: ад «Нюрнбергскай хронікі» Хартмана Шэдэля (1493) да літаратурных прыгод першай чвэрці ХХ стагоддзя. Запрошаныя з універсітэта культуры артысты дадуць трошкі музыкі, каб ажывіць навуковы вечар.

Бібліятэка імя Янкі Купалы (вул. Харужай, 16):

  • 20:00 – майстар-клас Валерыі Уладамірскай па саломапляценні, дзе вы навучыцеся плесці з саломкі прыгажосць ды створыце сабе невялічкі абярэг;
  • 21:15 – прэзентацыя кнігі Алены Мікульчык «Смак беларускай гісторыі» і смачны кулінарны майстар-клас паводле кнігі.

Нацыянальная бібліятэка (пр-т Незалежнасці, 116):

  • квэсты ад кампаніі «Квесторыя»,
  • шахматна-шашачныя турніры,
  • настолкі ад Hobby World,
  • этнавечарына з фолк-гуртом Guda і капэлай традыцыйнай музыкі «Анягож»,
  • чайны рытуал «Тры кубкі тэксту»,
  • лекцыі адваката, астрапсіхолага, астролага, нутрыцыёлага, імідж-стыліста,
  • майстар-класы па фантастычнай ілюстрацыі, сучасных бальных танцах, індыйскім танцы і іншае.

Для дзетак будуць майстар-класы і ўзорны тэатр лялек «Васілёк» ад ЦДАДіМ «АРТ», арт-тэатр Vershina, цыркавая студыя Fantasy, творчыя сустрэчы з дзіцячым пісьменнікам Аленай Масла і пазнавальная IT-праграма ад вучэбнага цэнтра «Айціландыя».

Пачатак – 19:00.

Пятніца: паглядзіце кіно 1951 года ў музеі

21 красавіка, 19:00.

Музей Азгура (вул. Азгура, 8).

Білеты: 10 руб. (толькі тут).

Праект Cinemascope працягвае паказваць кіно ў музеі Азгура. Гэтым разам клічуць на «Туз у рукаве» (Ace in the Hole) 1951 года (на мове арыгінала з рускімі субтытрамі).

Журналіст Чарльз Тэйтум, які працаваў раней на буйную нью-ёркскую газету, змушаны з-за свайго п’янства змяніць месца працы і перабрацца ў глухую правінцыю. Ён спадзяецца даць новы старт сваёй кар’еры, аднак на працягу цэлага года не можа знайсці дастойную тэму. Аднойчы ён даведваецца, што непадалёк нейкі Леа Мінаса затрымаўся ў старой індзейскай шахце і не можа адтуль выбрацца. Чарльз вырашае, што гэта менавіта тое, што ён так доўга шукаў, і пачынае рабіць з гэтай гісторыі вялікую сенсацыю…

Пятніца–нядзеля: паспейце на выставу графікі і скетча Big Сity Life

Да 23 красавіка.

Палац мастацтва (вул. Казлова, 3).

Уваход: 6 руб., ільготны – 3 руб.

 

На выставе Big City Life можна ўбачыць графіку і скетчы актуальных беларускіх аўтараў: Ганны Кохан, Веранікі Талецкай, Лізаветы Емяльянавай, Міхаіла Дайлідава, Марыі Сыракваш і Наталлі Язерскай. Кожны з іх прадстаўляе сваё ўспрыманне Вялікага горада ва ўзаемадзеянні з чалавекам, які адчувае сябе неад’емнай часткай места, але адначасова з тым пакутуе ад урбаністычнай адзіноты і сацыяльнай трывогі.

Пятніца–нядзеля: наведайце калекцыю закрытага аранжарэйнага фонду батанічнага сада


21–23 красавіка.

Батанічны сад.

Уваход: 5 руб. (+10 руб. за ўваход у сад).

Упершыню батанічны сад запрашае наведаць калекцыі закрытага аранжарэйнага фонду «Кветкі красавіка – пеларгонія і гербера». Можна будзе пабачыць каля 150 відаў і сартоў пеларгоніі, герберы і іншых прыгожаквітнеючых раслін, у тым ліку і ўнікальныя гатункі герберы ўласнай селекцыі.

Субота: паглядзіце кіно Новага Галівуду

22 красавіка, 19:30.

Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 10 руб. (толькі тут).

Хітрасплецены «Кітайскі квартал» пачынаецца як гісторыя пра нявернага мужа, затым ператвараецца ў гангстарскі фільм, а заканчваецца як экзістэнцыяльная драма.

Рыхтуючыся да здымкаў, сцэнарыст Роберт Таун і Раман Паланскі азагаловілі кожную сцэну асобнымі прапановамі, напісалі гэтыя прапановы на кавалачках паперы і расклеілі іх на дзвярах кабінета ў доме Паланскі, дзе яны працавалі. Гульня складалася ў тым, каб перасоўваць гэтыя лісточкі датуль, пакуль яны не складуцца ў патрэбным парадку.

Субота–нядзеля: абнавіце гардэроб на барахолцы «Open Шкаф»

22-23 красавіка.

Club 58 (былы Dozari; пр-т Незалежнасці, 58/1).

Уваход: вольны.

Усе мінскія моднікі зноў збяруцца ў адным месцы – на выхадных будзе праходзіць барахолка «Open Шкаф». Як і раней, вас будуць чакаць два паверхі знаходак і прыгажосці, design market, vintage market, garage sale, vinyl market, а таксама бар з ежай і напоямі.

Субота-нядзеля: завітайце на «Вялікі модны маркет»


22-23 красавіка.

ГЦ Palazzo (вул. Ціміразева, 74а).

Уваход: вольны.

Калі любіце рэчы беларускіх дызайнераў, завітайце на «Вялікі модны маркет». Ён будзе праходзіць у суботу і нядзелю ў ГЦ Palazzo. Там знойдзеце і шмат адзення, і нямала аксесуараў – і ўсё made in Belarus.

Акрамя таго, будуць і розныя смакоцікі: напрыклад, букеты з зефірных кветак!

Нядзеля: паслухайце музыку ў «Манахроме»

23 красавіка, 19:00.

Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 20 руб. (тут).

Прастора «Манахром» прадстаўляе другі праект неакласічнай музыкі піяніста і кампазітара Філіпа Шпартава. На гэты раз рамантычная ігра на фартэпіяна дапоўніцца цёплым пачуццёвым голасам віяланчэлі, што надасць асаблівыя фарбы той вобразнай музыцы, якая прагучыць.

Партыю віяланчэлі выканае Паліна Чаркас. У праграме: аўтарскія творы, кампазіцыі Ханца Цымера і Людавіка Эйнаудзі.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе «Мікола Гусоўскі. Песня пра зубра»

Да 27 чэрвеня.

Галерэя «Атрыум» (Нацыянальная бібліятэка, пр-т Незалежнасці, 116).

Уваход: па чытацкім білеце.

У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстава «Мікола Гусоўскі. Песня пра зубра», прымеркаваная да 500-годдзя з часу першага выдання паэмы.

У экспазіцыі можна пабачыць выданні з фонду Нацыянальнай бібліятэкі, аб’яднаныя агульнай тэмай сюжэта паэмы, а таксама творы беларускіх мастакоў і навучэнцаў Акадэміі мастацтваў і гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка.

Усе выхадныя: паспейце на выставу мастака Захара Кудзіна

Да 24 красавіка.

Галерэя «ДК» (вул. Герцэна, 2).

Кошт: 7 руб., ільготны – 5 руб.

Апошнія дні ў галерэі «ДК» працуе выстава жывапісу і графікі беларускага мастака Захара Кудзіна (1986–2019) UNTITLED.

Усе карціны – без назвы, гэта дае магчымасць пагрузіцца ў палатно цалкам, стаць часткай чагосьці невядомага і новага. Гэта праца з падсвядомасцю, калі бачыш не тое, што хочаш убачыць, не шукаеш сэнсу, а знаходзішся тут і цяпер у бясконцым дыялогу з карцінай. Так проста ўчапіцца за нешта звыклае нашаму воку, а вось запусціць працэс мазгавой актыўнасці дазваляе абстракцыя з дапамогай формы, колеру, святла, ліній і аб’ёму. Гэта проста, але нялёгка, і быць там, дзе не быў, рабіць тое, што раней не рабіў.

Захар з’яўляецца самым маладым мастаком, праца якога знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Таксама яго працы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Германіі, ЗША, ААЭ, Польшчы, Бельгіі і Францыі.

ВАРШАВА

Пятніца: даведайцеся пра рамесніцтва ў Польшчы на канферэнцыі Craft Day

21 красавіка, 12:00–17:00.

Музей вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11).

Удзел: данат ад 50 злотых.

Калі вы рамеснік ці думаеце ім стаць, схадзіце на канферэнцыю Craft Day. У праграме: тэорыя і практыка па пачатку дзейнасці, кейсы поспехаў і правалаў ад дзеючых рамеснікаў, ідэі партнёрства і шмат нетворкінгу.

Падрабязнасці і рэгістрацыя на канферэнцыю тут – будзе карысна!

Субота: схадзіце на экскурсію па выставе з Вольгай Мжэльскай

22 красавіка, 12:00.

Музей сучаснага мастацтва над Віслай (ul. Wybrzeże Kościuszkowskie, 22).

Кошт: 15 злотых – звычайн білет, 5 злотых – ільготны і групавы.

У суботу арт-менеджарка і куратарка з Беларусі Вольга Мжэльская правядзе экскурсію на рускай мове па выставе «Ганна Пташкоўска. Выпадкова».

«Часцей за ўсё ў музеях сучаснага мастацтва чакаеш убачыць выставы менавіта мастакоў і мастачак: свежыя працы або рэтраспектывы – але ў дадзеным выпадку мы бачым выставу, якая расказвае гісторыю пра легендарную жанчыну – акумулятар сучаснага мастацтва ў Польшчы і Францыі – Анку Пташкоўскую».

Субота: пабывайце на беларускім дні ў Доме культур на Празе

22 красавіка з 13:00 да 19:00.

Dom Kultur (ul. Brzeska, 18).

Уваход: вольны.

У Доме культур на варшаўскай Празе пройдзе беларускі дзень. Будуць жывая музыка, майстар-класы, танцы і спевы. А з 13:00 да 16:00 пройдзе майстар-клас па выкананні традыцыйнага беларускага строю.

Уваход на мерапрыемства вольны, але на майстар-класы патрэбна рэгістрацыя.

Нядзеля: паслухайце вясновыя казкі на плёнках ад «Дыяфільм live»

23 красавіка, 13:00.

Музей вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11).

Білеты: данат 30 злотых (патрэбна рэгістрацыя).

У нядзелю праект «Дыяфільм live» ладзіць вясновы паказ сваіх «Казак на плёнках». Як заўсёды, будуць дыяфільмы з жывой музыкай і акцёрскай агучкай; вельмі раім пабываць, нават калі вы дарослы і без дзяцей, – гэта цуд.

Пасля паказу будзе майстар-клас па ценявым тэатры, дзе дзеці (ад 3 гадоў) разам з дарослымі створаць сваіх уласных казачных персанажаў і прыдумаюць новую гісторыю ў промні праектара.

Нядзеля: паслухайце літаратурны стэндап «Пазакласнае чытанне»

23 красавіка, 16:00 і 19:00.

Boho Club 22 (ul. Żurawia, 22).

Білеты: 40 злотых (тут).

У нядзелю беларускія комікі з суполкі «Пан Стэндап» ладзяць «Пазакласнае чытанне» і прапануюць разабраць, як павінна быць у школе, але ніколі не было.

У 16:00 Дзіма Нарышкін, Дзіма Саўян, Саша Калінкін і Ягор Анісімаў разбяруць «Запіскі Самсона Самасуя» Андрэя Мрыя.

У 19:00 да дошкі пойдуць Макс Канавал, Паша Залуцкі, Міхась Ільін ды Андрусь Райн. Адказваць будуць «Мову» Віктара Марціновіча.

ВІЛЬНЮС

Субота-нядзеля: запішыцеся на майстар-клас па вышыўцы з Руфінай Базловай

22 і 23 красавіка, 13:00.

Нацыянальная мастацкая галерэя (Konstitucijos av., 22).

Удзел: бясплатны (патрэбна рэгістрацыя).

На выхадных мастачка Руфіна Базлова, славутая сваімі вышыванкамі на злабадзённыя тэмы, запрашае беларусаў Вільнюса на майстар-клас па вышыўцы Framed in Belarus. Мэта акцыі – расказаць пра кожнага несправядліва асуджанага грамадзяніна Беларусі і стварыць яго гісторыі ў традыцыйнай беларускай тэхніцы вышыўкі чырвонай ніткай на белым фоне.

Удзельнікаў навучаць першым крокам у працы са схемай і вышыўкай. Майстэрня разлічана на дарослых і моладзь ад 16 гадоў і будзе на англійскай мове. Пры неабходнасці будуць каментарыі на літоўскай, беларускай ці рускай.

Нядзеля: пабывайце на творчым вечары ў гонар Мойшэ Кульбака разам з Андрэем Хадановічам

23 красавіка, 17:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Удзел: free donation (патрэбна рэгістрацыя).

Create Culture Space запрашае на лекцыю-чытку пра творчасць аднаго з самых прыкметных яўрэйскіх літаратараў міжваеннага часу Мойшэ Кульбака (1896–1937).

Падчас імпрэзы паэт-перакладчык Андрэй Хадановіч будзе расказваць пра геніяльнага яўрэйскага літаратара, чыя творчасць шчыльна звязаная з Менскам і Вільняй. Будуць чытаць беларускія пераклады лірыкі паэта, а таксама яго паэмы «Райсн/Беларусь».

ВЕНА

Субота: збярыцеся на лямпавым сольным кватэрнічку Светы Бень

22 красавіка, 19:30.

Галерэя ALMA (Diefenbachgasse, 54).

Білеты: 25 еўра – загадзя (банкаўскім пераводам), 30 еўра – на ўваходзе.

У суботу Света Бень грае лямпавы сольны кватэрнічак у Вене – пад укулеле, гармонік і кішэннае піяніна. Будуць размовы пра ўсё на свеце, вершы, гучнае і ціхае, смешнае і нямое, прыгожае і якое адштурхоўвае, вельмі важнае і абсалютна бескарыснае – усё сустрэнецца, перамяшаецца і ператворыцца ў нешта непазбежна далікатнае і немагчымае для апісання.

Замовіць месцы можна па нумары +43 690 100 908 52 (Юлія).

#Беларусь #Варшава #Вильнюс #Минск
поделиться