Мастак Сярожа Савіч стварыў серыю малюнкаў, прысвечаную сімвалам Мінска. У падборку трапілі сталічнае метро, кафэ «Хутка Смачна» і мікрараён Шабаны. CityDog.io паглядзеў, якія прыгожыя малюнкі атрымаліся ў Сярожы.
Хто такі Сярожа Савіч?
Сярожа нарадзіўся ў Жодзіне – і ўжо з дзяцінства пачаў маляваць. Пасля заканчэння школы хлопец пераехаў у Мінск і паступіў на юрыста. У адным з інтэрв’ю Сярожа ўзгадвае, што па адукацыі ніколі не працаваў.
Прафесійна на мастака беларус таксама не вучыўся. Але браў падпрацоўкі як дызайнер. Паралельна Сярожа дапамагаў у арганізацыі вечарынак у мінскіх клубах. Ладзіў тусоўкі на вуліцы Кастрычніцкай у клубах, які цяпер ужо закрыты: Hide, ОК16, Squat і Lo-Fi.
Малюнкі Савіча – прыклад наіўнага, прымітыўнага мастацтва, дзе яркія колеры спалучаюцца з простымі формамі і сюжэтамі. Мастак абавязкова дапаўняе свае работы назвамі. Часам іранічныя, сумныя або філасофскія подпісы робяцца часткай мастацкага выказвання.
Малюнкі Сяргея прадаюцца ў розных беларускіх анлайн-галерэях, а ў 2019 годзе мастак упершыню паўдзельнічаў у выставе сучаснага беларускага мастацтва «Восеньскі салон».
Найбольш гучна пра Сярожу пачалі казаць у 2020 годзе – тады мастак атрымаў штраф у 540 руб. за старое графіці каля гатэля «Пекін». Беларусы менш чым за суткі сабралі грошы на аплату штрафу.
Увекавечыў сімвал Мінска
Са жніўня ў сваіх сацсетках Сяргей пачаў публікаваць малюнкі, прысвечаныя Мінску. Так у серыю трапіла работа «Наступны прыпынак “Шабаны”» і «Станцыя “Каменная горка”, канцавая. Цягнік далей не ідзе, калі ласка, пакіньце вагоны».
На днях з’явіліся новыя малюнкі. Іх мастак прысвяціў сімвалу эпохі канца дзевяностых – сетцы стрытфуду «Хутка Смачна». А таксама аднаму з хітоў кафэ – запяканцы «златка».

Кафэ «Хутка Смачна». Малюнак мастака Сярожы Савіча.

«Златка». Малюнак мастака Сярожы Савіча.
«Магчыма, калі-небудзь гэты кіёск увекавечаць у выглядзе інсталяцыі ці як экспанат у музеі горада, але я пакуль вырашыў зрабіць гэта на палатне», – напісаў у Threads Сярожа.
У каментарыях мастак папрасіў беларусаў падзяліцца ўспамінамі, звязанымі з «Хутка Смачна».
«Из “Юлы” ночью шли с моим тогда парнем, теперь давно мужем, и один хот-дог на двоих ели. Так вкусно было, не передать», – узгадвае _annagramka_.
«“Хутка Смачна” я помню только как последнюю лавочку, где можно купить пива, когда все уже закрыто», – піша escargon_travel.
«А я штораз набываў піццу ў плёнцы з колай, каля “Славянкі” ў Віцебску, сядаў на лаўку недалёка ад “Бігбэна” і атрымліваў асалоду. Гадоў наццаць назад з усіх даступных фастфудаў на той момант было даволі някепска», – дзеліцца viktar__k.
«Златка – мая бясконцая любоў алкаюнацтва», – прызнаецца lukina.redesign.
Апошні кіёск вывезлі ў 2021 годзе: як знікала «Хутка Смачна»
Кіёскі «Хутка Смачна» пачалі з’яўляцца ў Мінску ў канцы 90-х і амаль адразу сталі папулярнымі. Сетка была адным з першых айчынных стрытфудаў. Спачатку там прадавалі хот-догі, а пасля з’явілася і знакамітая «златка».
З цягам часу ў Мінску з’яўлялася ўсё больш кафэ – і прыватных, і сеткавых. Мясцоваму стрытфуду было ўсё складаней змагацца з канкурэнцыяй, і пункты паступова закрываліся. Ужо ў 2017-м кіёскі «Хутка Смачна» зніклі з горада. Засталіся толькі два абноўленыя павільёны – на Нямізе і на вуліцы Якуба Коласа. На Якуба Коласа кафэ перафарматавалі ў чарговую шаўрму. А ў 2021-м з Нямігі звезлі апошні кіёск «Хутка Смачна».
У каментарыях пад публікацыяй мастака беларусы спрабуюць адшукаць кропкі стрытфуду, якія ўсё яшчэ засталіся.
«А іх дакладна ўжо няма? Здаецца, быў некалі побач з трамвайным прыпынкам “Багдана Хмяльніцкага”», – пытаецца mih.334.
Па словах Савіча, цяпер там працуе шаўрмічная.
Каментатары дадаюць, што «Хутка Смачна» ёсць у Ваўкавыску. Кафэ там сапраўды працуе – у ім падаюць піцы, бургеры і хот-догі. Але адшукаць тую самую «златку» ў нас не атрымалася.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Сяргей Савіч.