СІЗА №1, Валадарка, Пішчалаўскі замак. Кожны мінчанін ведае гэты будынак у цэнтры горада. Калі з першымі назвамі ўсё зразумела (адна – афіцыйная, другая – па назве вуліцы), то з Пішчалам пытанне адкрытае.
На жаль, не засталося ніводнай фоткі Рудольфа Пішчалы – чалавека, які пабудаваў будынак на Валадарцы амаль 200 гадоў таму. Але пазнаёміцца з ім бліжэй дапаможа кніга Змітра Дразда «Минский тюремный замок. Книга 1. Побеги».
Замак – гэта традыцыйная для Расійскай імперыі назва турэмнага будынка, нароўні з турмой або астрогам. Новая турма была пабудавана, бо стары мінскі астрог стаў стары.
У 1821 годзе губернскія ўлады абвесцілі тэндар на пабудову новай турмы; яна з’явілася ў 1825-м і ад пачатку свайго існавання была толькі месцам утрымання арыштантаў. Так што менш чым праз два гады Валадарка адзначыць сваё 200-годдзе непарыўнай дзейнасці.
Міф пра «свецкі будынак», які пазней стаў турмой, распаўсюдзілі наступныя пакаленні мінчан і пісьменнік-падарожнік Павел Шпілеўскі, які гэта занатаваў. «Гарадзішча – маёнтак пана Пішчалы, таго самага, якому належыць будынак мінскай турмы, або астрога, што быў некалі жылым палацам і нават цяпер яшчэ вядомы пад імем замка Пішчалаўскага».
33-гадовы пан Рудольф у снежні 1821-га выйграў публічныя таргі і выдзеліў свае землі на Раманаўскай слабадзе. Па кантракце ён абавязаўся распачаць будаўніцтва 15 мая 1822 года, а скончыць ніяк не пазней 15 мая 1825 года.
Ужо ў снежні 1824-га Пішчала данёс, што будаўніцтва скончана: падрадчык прасіў выдаць яму пакінутыя грошы і прыняць турму ў казённае ведамства, што і зрабіла аўтарытэтная камісія 30 студзеня 1825 года.
Пішчалаўскі замак быў пабудаваны па мерках таго часу з шэрагам памылак. Яшчэ на пачатку ХІХ стагоддзя, на стадыі праектавання гэтай турэмнай пабудовы, архітэктары ды будаўнікі дапусцілі сур’ёзныя памылкі, і ўжо літаральна праз год мінскай турме спатрэбіліся рамонт і рэканструкцыя.
Пішчалаўскі замак быў пабудаваны па тыпавым праекце, звычайным для тагачаснай Расійскай імперыі. Падобныя турэмныя збудаванні захаваліся ў розных гарадах сучаснай Расіі ды Украіны. Напэўна, таму ніякіх наступстваў для самога Пішчалы не было.
Як вынікае з архіўных дакументаў, і далей у будынак увесь час укладаліся фінансавыя сродкі. Мяркуючы па ўсім, толькі турэмны статус і выратаваў будынак замка ад заняпаду і знішчэння.
Бо ўдзел у публічных таргах на пабудову мінскай турмы быў шараговым эпізодам камерцыйнай дзейнасці пана Пішчалы.
Калі ў 1865 годзе 77-гадовы Пішчала даслаў на імя кіраўніка Мінскай губерні прашэнне прызначыць яму дзяржаўную пенсію, у якім выклаў усе перыпетыі сваёй службы, там быў цэлы спіс таго, за што яму варта было б налічыць яе. І будаўніцтва замка там увогуле не было ўзгадана.
У фармулярным спісе няма ніякіх адзнак пра ролю Пішчалы ў будаўніцтве мінскага турэмнага замка, затое з яго відаць, што многія гады ён узначальваў розныя палаты суда – павятовага, крымінальнага, грамадзянскага, – і, мяркуючы па ўсім, дзякуючы яго намаганням гэта турма папоўнілася не адной тысячай зняволеных.
Рудольф Пішчала нарадзіўся 7 красавіка 1788-м у Гарадзішчы пад Менскам, у шляхецкай сям’і харунжага коннай гвардыі войскаў ВКЛ Станіслава Пішчалы і Кацярыны з роду Прысецкіх.
Ахрысцілі немаўля ў мінскім Марыінскім касцёле і назвалі Рудольфам-Міхалам. Хлопчык працягнуў славуты род і быў прамым нашчадкам князёў Крошынскіх, якія вялі свой радавод ажно ад Гедыміна, які ў свой час заснаваў Вільню і быў дзедам Вітаўта.
Нягледзячы на славутага продка, вялікай маёмасці сям’я не мела. Ёсць нават сведчанні, што адзін з Пішчалаў вучыў грамаце Караля Станіслава Радзівіла па мянушцы Пане Каханку. Сям’я мела ўладанні толькі ў Мінскім і Аршанскім паветах. Сярод іх быў і пляц у Мінску на Раманаўскай слабадзе, дзе ў 1825-м і была пабудавана тая самая турма. Таксама трапляюцца звесткі, што Рудольф прадаваў частку родавых земляў, каб расплаціцца з пазыкамі.
Першай яго жонкай была Юлія Ратынская, з якой Рудольф пражыў каля 15 гадоў. Пэўна, з-за адсутнасці дзяцей шлюб распаўся і сталая магчымым другое вянчанне, у тым жа мінскім Марыінскім касцёле. Увогуле, развод у каталікоў амаль немагчымы – толькі калі вы здолееце даказаць, што першы шлюб быў узяты з парушэннямі.
Адсутнасць дзяцей магла выступаць як нагода, і абвінавачвалася ў гэтым жанчына. І хоць у другой жонкі ад папярэдняга шлюбу было трое дзяцей, сумесных дзяцей ў новых Пішчалаў не было. У 1845-м, пацвярджаючы шляхецтва свайго роду, Рудольф Пішчала напісаў, што «мужчынскага полу застаўся жывы адзін толькі просьбіт». На Рудольфе і згасла мужчынская галіна роду.
Другі раз Пішчала пабраўся з Сафіяй Рэйтан з роду Каменскіх. Ад першага мужа ў яе засталося трое дзяцей і славутае прозвішча, бо той быў пляменнікам таго самага Тадэвуша Рэйтана, які змагаўся супраць падзелу Рэчы Паспалітай. Бацька новай абранніцы таксама меў досвед абароны радзімы: Людвік Каменскі быў ветэранам паўстання Тадэвуша Касцюшкі.
Новая цешча Ізабэла з Тэпераў была дачкой Пятра Тэпера дэ Фергюсана, аднаго з самых вядомых банкіраў свайго часу, крэдытора апошняга караля Рэчы Паспалітай, багацце якога ацэньвалася ў 65 мільёнаў злотых і які быў смяротна ранены падчас паўстання Касцюшкі.
У 1836 годзе менавіта Рудольф Пішчала фактычна вырваў з лап царскіх жандараў (узяў на парукі) будучага беларускага класіка, а тады крыміналіста Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Той апынуўся за кратамі, бо падазраваўся ў падробцы дваранскіх дакументаў. І вызваліў ён яго з вязніцы, якую сам незадоўга да таго пабудаваў. Калі б не гэта дапамога, невядома, як бы склаўся лёс пісьменніка. Гэта падзея таксама дала падставу для падазрэнняў, што Пішчала ў спробе доказу ўласнага шляхецтва мог прыбягаць да дапамогі вядомага на той час падробшчыка.
Рудольф Пішчала доўгі час рабіў у Мінску кар’еру чыноўніка, даслужыўся ажно да стацкага саветніка, што адпавядае вайсковаму чыну генерал-маёра. Але ў 1863 годзе яго і яшчэ 4 чыноўнікаў раптоўна звольнілі па сакрэтным загадзе таго самага «Мураўёва-вешальніка».
У адрозненне ад астатніх, Пішчала пазбегнуў ссылкі толькі па прычыне 75-гадовага ўзросту. Гледзячы па тым, як пазней пан Рудольф спрабаваў у прашэннях да высокага начальства падкрэсліць сваю лаяльнасць імператару і вернападданасць («Служыў аддана і ў апошнія часы не належаў ні да якіх дэманстрацый», «Я звярнуў самую моцную ўвагу на тое, каб у маім маёнтку ніхто з маёй прыслугі не меў ніякіх зносін з мяцежнікамі, і ў гэтым яны не належалі ні найменшаму падазрэнню», «Падчас апошніх выбараў дваранскіх супраціўляўся складанню пратакола і не падпісаў яго»), чыноўніка абвінавацілі ў падтрымцы паўстанцаў Каліноўскага. Доказаў ці абвяржэння гэтаму не знойдзена па сённяшні дзень.
З-за так і не даказанага ўдзелу ў паўстанні Каліноўскага Пішчалу пазбавілі права на досыць вялікую пенсію.
Забягаючы наперад, праз некалькі гадоў ліставанняў пенсію яму ў выніку вярнулі у памеры 560 руб. 40 кап. (для разумення, гарадавы атрымліваў каля 20 рублёў, а жывая курыца каштавала 70 капеек), але ні ён, ні яго жонка так яе і не дачакаліся, бо памерлі раней.
Улады адмовілі сёстрам у атрыманні пенсіі за брата, спаслаўшыся, што пенсія была прызначана асабіста Пішчалу.
76-гадовы сапраўдны стацкі саветнік Рудольф Станіслававіч Пішчала памёр 12 мая 1866 года ў сваім маёнтку Гарадзішча, дзе і быў пахаваны на мясцовых могілках. Праз 4 гады, у 1870 годзе, на тых жа могілках была пахавана памерлая ад сухотаў яго 76-гадовая ўдава Сафія Пішчала. На гэтым звесткі пра гэтых людзей скончваліся. У 2016 годзе мясцовы жыхар, гісторык Эдвард Канановіч, на аснове сведчанняў сталых жыхароў Гарадзішча на месцы маёнтка Пішчалаў (паміж валамі, дзе цяпер стаіць камень з мемарыяльнай таблічкай і футбольнае поле) зрабіў сенсацыйную знаходку – намагільныя пліты Рудольфа і Сафіі Пішчалаў.
Дагэтуль лічылася, што ніякай згадкі пра іх не захавалася. Пліты ляжалі ў кучы смецця на глыбіні каля метра. Тут жа трапляліся і чалавечыя парэшткі.
У ліпені 2018 года на гэтым месцы прайшлі раскопкі. Аказалася, што Рудольф і Сафія Пішчалы пахаваны роўна на месцы, дзе тысячу гадоў таму жылі насельнікі старадаўняга Менска: наўпрост каля шкілетаў былі знойдзены жалезныя нож і дужка замка Х-ХІ стагоддзяў, а таксама кераміка таго часу.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.