Готовы к зимним путешествиям? Тогда вот свежая подборка впечатляющих мест в Беларуси – ими поделился фотограф, проехавший более 25 000 километров по стране за два года.
Уладзіслаў
фатограф і аўтар трэвел-блога
Касцёл Святой Троіцы ў Беніцы: «Гэта дакладна візуальны цуд»
– Значная частка беларускіх касцёлаў сёння знаходзіцца на мяжы страты. Звычайна гэта вельмі пужае, але часам сустракаюцца выпадкі, калі разбуранасць і хаос надаюць аб’екту яшчэ больш аўтэнтычнасці.
Адным з такіх прыкладаў з’яўляецца барочнае свяцілішча ў вёсцы Беніца. Яго манументальныя шэрыя сцены, насычаны колер дахоўкі і матавыя купалы сіняга колеру – гэта дакладна нейкі візуальны цуд.
Уваход у касцёл сімвалічна забіты кратамі, з-за чаго трапіць у свяцілішча зараз цяжэй (але магчыма). Унутранае аблічча таксама заслугоўвае ўвагі, а на ацалелай званіцы знаходзіцца аглядная пляцоўка з выдатнай панарамай на мясцовыя краявіды.
Як дабрацца: вёска Беніца, Маладзечанскі раён, Мінская вобласць.
Палац Горватаў – візітоўка Нароўлі
Трымаем курс на поўдзень, у невялічкае месца, якое ляжыць сярод запаведных палескіх лясоў. На вытанчаным выгібе ракі Прыпяць размешчана візітоўка Нароўлі – палац Горватаў. Панскі дом і пейзажны парк вакол яго калісьці з’яўляліся сапраўдным шэдэўрам мастацтва.
Раскошныя салоны палаца былі дэкарыраваны алейнымі карцінамі, сямейнымі партрэтамі, пудзіламі звяроў, птушак і рыб. Інтэр’еры шчыльна перасякаліся з рачной тэматыкай, многія элементы аздаблення сімвалізавалі сувязь з магутнымі рэкамі рэгіёна – Прыпяццю і Дняпром. На беразе была збудавана белая альтанка-маяк, якая служыла своеасаблівым арыенцірам для лодак і судоў.
Дарэчы, ужо на супрацьлеглым беразе ракі пачынаецца беларуская зона адчужэння, а адлегласць гэтых краявідаў ад чацвёртага энергаблока Чарнобыльскай АЭС складае ўсяго 50 кіламетраў.
Як дабрацца: горад Нароўля, Нараўлянскі раён, Гомельская вобласць.
Тэрыконы гомельскага хімічнага завода з, верагодна, лепшым відам на горад
У некалькіх кіламетрах ад Гомеля ўзвышаецца ланцуг казачных беласнежных гор, якія так і вабяць турыстаў пад’ехаць бліжэй ды забрацца на вяршыню. Гэта тэхнічныя тэрыконы, складзеныя з фосфагіпсу – белага тлустага парашка, які ўяўляе сабой адходы вытворчасці фосфарнай кіслаты.
Гучыць страшна, але насамрэч рэчыва з’яўляецца абсалютна бясшкодным: на яго аснове нават вырабляюцца кармы для хатніх жывёл. Вышыня найбуйнешай гары складае каля 130 метраў, з яе вяршыні адкрываецца, верагодна, лепшы від на Гомель.
Паверхня тэрыконаў пакрыта шчыльнай застылай скарынкай, а на схілах туляцца хмызнякі і нават маленькія дрэвы. Гэта яшчэ раз сведчыць пра бясшкоднасць матэрыялу.
Як дабрацца: прадпрыемства BelFert, Гомельскі раён, Гомельская вобласць.
Царква Успення Прасвятой Багародзіцы ў Сар’і, дзе раней размяшчаўся бар і танцавальны клуб
На першы погляд можа падацца, што найвялікшай скарбніцай гатычнай архітэктуры бясспрэчна з’яўляецца касцёл Святой Тройцы ў Гервятах. Сапраўды, яго запамінальны вобраз і вялікія памеры выклікаюць менавіта такое ўражанне. Але ж, верагодна, самы пышны храм размясціўся ў маленькай вёсцы на самым краі дзяржавы.
Шлях да царквы даволі няпросты – прыблізна 280 кіламетраў па калдобінах і расколінах, з абгонамі і жорсткімі падарункамі мясцовых дарог.
Што тычыцца гісторыі, лёс касцёла і людзей вакол яго неверагодна балючы.
Сар’інскі шляхціч Ігнацій Лапацінскі вырашыў пакінуць памяць пра любімую жонку, пабудаваўшы храм у роднай вёсцы на поўначы краіны. У якасці архітэктурнага стылю гаспадар абраў «палымяную готыку», а знешнім воблікам займаўся вядомы прускі дызайнер.
Храм адкрылі ў 1857 годзе як касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. Крыху пазней расійская ўлада прызнала будоўлю нібыта несанкцыянаванай, «адціснула» будынак у католікаў і пераасвяціла яго ў праваслаўны. У эпоху Савецкага Саюза ў будынку размяшчаўся бар і танцавальны клуб.
Як дабрацца: вёска Сар’я, Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць.
Экасцежка «Альманскія балоты» літаральна на краі цывілізацыі
Пакуем чамаданы і імчым да самай цяжкадаступнай экасцежкі Беларусі – на цэлых 430 кіламетраў ад сталіцы. У нейкі момант дарога ўпэўнена пачынае губляць стабільнасць, а на гарызонце бачна памежную заставу: наведваць славутасць дазволена пэўны прамежак часу і выключна да захаду сонца. Праз некалькі сотняў метраў, за гаем, пачынаецца Ровенская вобласць Украіны.
Вёска Альманы знаходзіцца літаральна на краі цывілізацыі. Далей – дрыгва, бярозкі і бязмежныя балоты. Недарма слоган заказніка гучыць так: «Тут толькі ты і дзікая прырода». Гэта найбуйнейшы ў Еўропе масіў балот, які цалкам захаваўся ў сваім натуральным стане. Перавага флоры і фауны пануе на тэрыторыі больш за 1000 квадратных кіламетраў, што больш за Мальту, Ліхтэнштэйн і Андору, узятыя разам.
Драўляная экасцежка тут відавочна найдаўжэйшая сярод усіх збудаваных у Беларусі. А сюрпрыз за некалькі тысяч пройдзеных метраў – ідэальна круглае возера з антуражнымі крыжамі.
Як дабрацца: вёска Альманы, Столінскі раён, Брэсцкая вобласць.
Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Фото: архив героя.