CityDog.io запускае серыю падкастаў «Мінск без голасу». Мы размаўляем з мінчукамі на розныя тэмы. У Беларусі масавыя рэпрэсіі, маўчаць зараз бяспечней, чым гаварыць, і таму людзі нібыта губляюць свой голас. Але ім важна выгаварыцца, каб распавесці пра сваё жыццё сёння, летам-восенню 2023 года.
Калі вам спадабаецца наш падкаст «Мінск без голасу», не забудзьцеся падпісацца на яго, каб слухаць новыя выпускі. І, натуральна, мы будзем удзячныя вам, калі вы пакінеце свой водгук на платформе, – гэта вельмі дапамагае нам у развіцці праекта.
Марыне 32 гады. Месяц таму яна выйшла на волю, але ў хуткім часе зноў будзе пазбаўлена яе – жанчыну чакае «хатняя хімія». Гэта значыць, яна будзе нібыта на свабодзе, але моцна абмежаванай у простых рэчах (адпачынак на прыродзе, паход у кавярні, дзе ёсць хоць які алкаголь у меню, нават выхад з дому ў выхадныя). Яна будзе пад штодзённым наглядам сілавікоў. Калі што якое – дзяўчына мае ўсе шансы «заехаць» на зону.
Мы сустракаемся на лецішчы Марыніных сяброў. Заходзіць сонца, мы сядзім ля вогнішча, размаўляем, а я спрабую зразумець, чаму мая гераіня прабачыла ўсім: і сілавікам, і суддзям, і таму хлопцу, якому яна адмовіла і які за гэта напісаў на яе данос, – дзяўчына атрымала 3 гады «хатняй хіміі».
ВАЖНА: у мэтах бяспекі голасам галоўнай гераіні гаворыць прафесійная акторка.
Частка першая: пра бацькоў і адзіноту
– Як у цябе з бацькамі?
– З бацькамі? На могілках мае бацькі. Тата памёр даўно, мама памерла ў 2020 годзе, калі толькі пачаўся кавід. Мяне вельмі злавала, калі па тэлевізары казалі, што кавіду няма, «лячыцеся трактарамі», – а ў цябе памірае родны чалавек... Не дзяржава і не хвалёная бясплатная медыцына, а простыя людзі валанцёраць, каб хоць крыху закрыць патрэбу ў тых жа масках.
– Як думаеш, яна падтрымала б твае каштоўнасці?
– Калі б яна застала той час, як мяне затрымлівалі, калі б ведала, што я прабыла за кратамі больш за тры месяцы, то змяніла б свой погляд. Менавіта гэты момант я назірала ў іншых людзей. Адзін з апошніх прыкладаў, што я бачыла, – гэта мае суседзі, у якіх затрымалі сына. У першы дзень па вачах бацькоў было відаць, што яны не разумеюць, чаму так адбываецца, ім было сорамна. Спрабавалі расказваць, што іх сын насамрэч добры хлопец. Даводзілася тлумачыць, што такі час цяпер: ніхто не застрахаваны.
А калі бачыш вочы гэтых бацькоў праз некалькі тыдняў, разумееш, што і да іх дайшло, што адбываецца навокал. Так светапогляд апалітычных людзей трансфармуецца, яны пачынаюць разумець, уключаюцца праз тое, што затрымліваюць іх дзяцей. А так бы і далей глядзелі тэлевізар.
– Слухай, але ж ёсць і тыя, ад якіх родзічы адмаўляюцца. Яны разглядаюць гэта як небяспеку для сябе.
– Ну якая маці адмовіцца ад свайго дзіцяці? Якая маці не паставіць інтарэсы свайго сына ці дачкі на першае месца?
– Ну, я ведаю такія прыклады.
– Большасць беларускіх бацькоў за сваё дзіця да апошняга грудзьмі стаяць будуць. Таму такія выпадкі – рэдкія выключэнні.
Мы ж не як у Расіі, дзе «сынок, пакуль не вяртайся, бо яшчэ машыну не атрымалі за цябе».
– А зараз ты лічыш сябе адзінокім чалавекам? Побач, наколькі я разумею, няма самых блізкіх?
– У мяне ўся краіна родных.
Насамрэч я вельмі баюся гэтага адчування самоты, бо шмат чула ад людзей, якія з’ехалі і да 2020 года, і пасля. Яны вельмі сумуюць, сняць Беларусь. Ім вельмі хочацца прыехаць, але ўсе разумеюць, наколькі гэта цяпер небяспечна.
Але я лічу, што пакуль мая ўсмешка і цёплыя словы патрэбныя тут. У мяне нават атрымліваецца дапамагаць тым, хто з’ехаў. Хаця б проста парадай ці кагосьці з кімсьці пазнаёміць…
Частка другая: пра сталкера, які зрабіў данос з-за помсты
– Яны ж мне не адразу сказалі, што тры гады. Казалі, што пасадзяць надоўга, – і павезлі кудысьці. Паперы я падпісала па фотаздымках з маршу. Калі ўбачыла, што на гэтых фотках дакладна я, дык што ўжо ім казаць. Быў данос.
– Ты ўпэўненая, што гэта твой былы данёс?
– Так, я бачыла ў справе.
– Як вы наогул з ім пазнаёміліся?
Працяг інтэрв’ю з Марынай слухайце ў нашым падкасце ніжэй.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Ілюстрацыі: CityDog.io.