Хлопцы прыносілі на сустрэчы вёдры малака і цалаваліся (дзяўчат сярод іх не было) – як вам такая студэнцкая забава?

Хлопцы прыносілі на сустрэчы вёдры малака і цалаваліся (дзяўчат сярод іх не было) – як вам такая студэнц...
Гісторыя філаматаў – гэта першы выпадак масавых рэпрэсій супраць беларусаў, якія проста думалі не так, як было трэба самадзяржаўнай уладзе.

Гісторыя філаматаў – гэта першы выпадак масавых рэпрэсій супраць беларусаў, якія проста думалі не так, як было трэба самадзяржаўнай уладзе.

Адам Міцкевіч, Ян Дамейка, Тамаш Зан, Ян Чачот – і яшчэ паўтары сотні студэнтаў з беларускіх земляў. Гэта філаматы, прамяністыя, філарэты, удзельнікі 50 таемных таварыстваў і фігуранты найбольшага ў Еўропе студэнцкага працэсу 1820-х. Цэлае пакаленне эліты, якое вырасла між напалеонаўскім паходам і паўстаннем 1830-га. Яны не ўзнялі свайго паўстання, бо проста не паспелі.

Адзін стаў найлепшым польскім паэтам, другі – нацыянальным героем Чылі, трэці адкрываў у Расіі нафтавыя радовішчы. Хтосьці стаў мінеролагам, хтосьці – манголазнаўцам, нехта даехаў аж да Кітая. Але вярнуцца дадому ім дазволілі толькі праз шмат гадоў.

Яны ненавідзелі акупантаў, але і з расійскімі «дзекабрыстамі» ім было не па дарозе. І яшчэ яны былі першымі, хто зацікавіўся беларускай мовай і разглядаў сялян як роўных сабе грамадзян.

У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталей і акцэнтаў.

ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.

Усё пачыналася з прыколаў

У 1817 годзе некалькі студэнтаў Віленскага ўніверсітэта з гімназій Міншчыны, Навагрудчыны і Гродзеншчыны ўтварылі таемнае таварыства.

Двор Віленскага ўніверсітэта і ўніверсітэцкі касцёл святых Янаў.

Гэта не было літаратурнае аб’яднанне: Міцкевіч, Зан, Сузін вучыліся на фізіка-матэматычным, Чачот, Малеўскі і Рукевіч – на юрфаку.

Назваліся філаматамі – «аматарамі навук», – калі іх любімы выкладчык гісторыі Яўхім Лялевель расказаў, што сам гуляў у такое з аднакурснікамі, калі вучыўся ва ўніверы.

Каб тусавацца ў таварыстве, была ўмова: кожны філамат мусіў штомесяц зрабіць даклад або напісаць паэму.

Спачатку філаматаў цікавіла толькі самаўдасканаленне, але праз год яны загаварылі пра грамадскую асвету, вызваленне прыгонных, адукацыю для сялян. Хлопцы займелі палітычную праграму.

Моладзевая субкультура «прамяністых» – яны затыкалі насы, чуючы брыдкаслоўе

А для прыкрыцця і забавы вясёлы Тамаш Зан прыдумаў таварыства прамяністых – не таемнае (у адрозненні ад філаматаў). Яно нагадвала моладзевую субкультуру. Удзельнікі ператварылі сваё жыццё ў маралізатарскі перформанс: напрыклад, чуючы брыдкаслоўе або «немаральныя размовы», затыкалі насы. Гэта стала віленскай модай.

Камень філарэтаў у лесе ля вёскі Карчова (Баранавіцкі раён). Тут збіраліся ўдзельнікі таемных таварыстваў. Побач, у сядзібе Туганавічы, жыла Марыя Верашчака – каханая Адама Міцкевіча. Фота канца 19-га стагоддзя. Камень стаіць і цяпер.

Сустрэчы «прамяністых» праходзілі пад кодавай назвай «Малако і цалаванне». На світанку ў прызначанае месца за Вільняй сцякаліся студэнты – малымі групамі, каб не прыцягваць увагі паліцыі. Там ужо чакалі вёдры з малаком і пірагі (малако было сімвалам дабрачыннасці). Збіралася чалавек сто пяцьдзясят. «Мы бегалі па траве, пілі малако, а хто-небудзь з весялейшых чытаў урывак свайго твора» (гэта цытата па прадмове Кастуся Цвіркі да зборніка «Філаматы і філарэты», Мінск, 1998).

Зан успамінаў: «Я крыкнуў: прыступіце да цалавання! Усе кінуліся да мяне, і я пацалаваў пяцьдзясят галоў… Пасля малака ўсе па чарзе падыходзілі да мяне, я цалаваў ім галовы і сваю для цалавання ўсім падстаўляў. Па-рознаму ўсе разумелі гэта, па-рознаму гаварылі. Толькі адзін з усіх кепска ўсё зразумеў, нядобра гаварыў».

Кампанія была выключна мужчынская – жанчын у тыя часы ва ўніверсітэт яшчэ не прымалі.

Філаматы ладзілі вечарынкі ў княжацкім палацы, калі гаспадара не было дома

Як студэнты філаматы многа весяліліся, кахалі, пілі. Адзін з філаматаў Юзаф Яжоўскі зрабіў характэрны малюнак: ён сядзіць пры стале, побач сядзіць Платон, на стале – Гарацый і бутэлькі піва.

Яны ладзілі вечарынкі не толькі ў лесе ці дома: Ануфрый Петрашкевіч пасябраваў з наглядчыкам палаца Пацаў, і, калі не было гаспадара, філаматаў пускалі ў палац. «Успомніўшы цябе, мы засумавалі – але ўсякія турботы тонуць у добрым пітве!» – пісалі сябры Адаму Міцкевічу, які паехаў па размеркаванні настаўнікам у Коўна і вельмі там нудзіўся.

Валенцій Ваньковіч. Адам Міцкевіч на скале Аюдаг, 1828 год. У лістах філаматы абмяркоўвалі, што на гэтым партрэце іх Адам вельмі падобны да сябе і вайб ад яго такі самы, як у жыцці.

Міцкевіч у Коўне закахаўся ў замужнюю жанчыну: «Я заглядзеўся, як яна раздзьмухвала вуголле пад туркай, каб зварыць каву! Румяны, а хутчэй распалены твар прымусіў мяне ўбачыць у ёй анёла, Венеру… Словам, я вырашыў не быць у Кавальскіх два месяцы».

Ян Чачот да кожнага свята пісаў песенькі і дасылаў сябрам – нават з Мінска, куды наймальнікі Радзівілы адпраўлялі яго як пісара. Праз гэту радзівілаўскую працу ён так і не скончыў універсітэт.

Лідарам «прамяністых» быў мінчанін

У Мінску вучыўся і Тамаш Зан – самы харызматычны з філаматаў.

«Яўрэйка з абаранкамі, немец з грэчневымі піражкамі, званар-езуіт, вар’ят Янка, смарогонскія мядзведзі, гукі царкоўнага звону, сад Карнеева, Залатая Горка і Кальварыя – вакол усяго гэтага круціліся думкі мінскіх дзяцей да 1812 года», – так апісвае ён Мінск.

Бацька Тамаша быў паўстанцам Касцюшкі (жонка з малымі дзецьмі тым часам хаваліся ў лясах пад Маладзечнам). Сам 16-гадовы Зан рваўся ў войска Напалеона – змагацца за аднаўленне Вялікага Княства Літоўскага, – але бацька не пусціў.

Партрэт Тамаша Зана аўтарства Валенція Ваньковіча, іншага выпускніка Віленскага ўніверсітэта. Партрэт гэты створаны ў Пецярбургу: Зан вяртаўся з высылкі, а Ваньковіч рыхтаваўся да эміграцыі.

Мянушкі Зана былі Трохкутны Лоб і – Баба (за румяныя шчокі і пераменлівасць настрояў). «А Тамаш – не баба!» – пачынаў Зан вясёлы ліст Адаму Міцкевічу. Дарэчы, на мянушкі хлопцы былі здатныя: Антона Эдварда Адынца, які надта любіў цалаваць дамам рукі, празвалі Панам Смактальскім.

Як філаматы пачалі моду на беларускую мову

Усе студэнты былі са шляхты з-пад Наваградка, Мінска, Гродна – дробнай і не толькі, але ўсе раслі ў атачэнні сялян і ведалі беларускую мову.

У сваім коле яны пісалі віншавальныя паэмы і прысвячэнні па-беларуску.

«Лісічка, жоўты грыбок, слімакоў не баіцца, не точыць яго чарвячок, ён у лесе блішчыцца, – пісаў Чачот віншаванне сябру, – дык будзь як лісічка здаровы…» – усё ў рыфму і з барочнымі заваротамі. Гэта пачалося на ўзроўні прыкола і перарасло ў моду ў культурных колах.

Ян Чачот у прадмове да сабраных «Вясковых песенек» адзначаў, што па-беларуску ў яго дзяцінстве (то бок у канцы 18-га і пачатку 19-га стагоддзяў) любілі размаўляць паміж сабой старыя паны.

Філаматы не толькі збіралі песні і цікавіліся народнай культурай. Яны пабачылі ў беларускамоўных аўдыторыю, спажыўцоў. Чачот бясконца пісаў антыалкагольныя вершы:

«Маладыя маладзіцы,
ой не піце гарэліцы,
нішто гідчэй колам света,
як піяная кабета»

або

«Каб у карчме не сядзеў,
то бы чысценькі хлеб еў,
а то зрабіла карчма,
што куска хлеба няма».

А Тамаш Зан ужо ў высылцы на Урале, каб не згібець, вывучаў насякомых і планаваў напісаць «песні для беларускіх сялян пад кожную пару года».

У творах філаматаў відаць, як яны спрабавалі асэнсаваць сваю сувязь з беларускай культурай. Чачот фармулюе: мова, «якую мы сёння называем простанароднай, была некалі агульнай для ўсіх нашых продкаў. Нашым сялянам мы абавязаны тым, што яны захавалі».

Студэнт-юрыст Міхал Рукевіч прапанаваў уключыць у статут філаматаў пункт: «Кожны сябра таварыства, які мае прыгонных, абавязваецца за шэсць гадоў навучыць іх чытаць і пісаць і вызваліць іх, пачаўшы з самых паважаных».

Філаматы ўбачылі ў беларусах грамадзян і асобную нацыю. Адным з пастулатаў «прамяністых» было «любіць прыродную мову і вывучаць яе, помніць славу і подзвігі продкаў і ў меру сілы памнажаць іх».

Сын рэктара Віленскага ўніверсітэта Францішак Малеўскі быў адным з пачынальнікаў Таварыства філаматаў.

Філаматы апярэдзілі свой час. Нельга быць госцем на ўласнай зямлі, гаварыў філамат Франц Малеўскі, сын рэктара Віленскага ўніверсітэта. Малеўскі, які дасканала валодаў мовамі і абараняў магістарскую на лаціне, прапанаваў скласці інструкцыю па вывучэнні Беларусі: студэнты бралі яе, з’язджаючы на канікулы.

Такія думкі натуральна прывялі філаматаў да ідэі вызвалення ад акупацыі. Зямлю, дзе жылі беларусы, яны ўжо разглядалі як асобную. Сенатар Навасільцаў, які кіраваў следствам над філаматамі, у рапарце зазначыў: «Под словом приверженности к своему краю разумелось не приверженность к Российской империи, но только к губерниям, составляющим Виленский университетский округ».

Звычайны лёс расійскага ліберала: Навасільцаў пачынаў як рэфарматар і масон, а скончыў як следчы ў справе філаматаў.

Філаматы называлі забавай падрыхтоўку паўстання

Калі «прамяністых» разагнаў рэктар, яны сышлі ў падполле і стварылі таварыства аматараў добрых спраў – філарэтаў. Мэтай філарэтаў ужо было адраджэнне Рэчы Паспалітай. Тут было больш за 300 чалавек, прычым не толькі студэнтаў, але памешчыкаў, настаўнікаў, адвакатаў, піша гісторык Захар Шыбека.

Яны вялі падпольную працу і ў лістах выкарыстоўвалі шыфр. Вось як Рукевіч пісаў пра падрыхтоўку антыімперскага выступлення ў лісце да Зана: «Нічога, апрача забавы, я не раблю. У гэтай забаве занятыя са мною некалькі чалавек. Мы разважаем над сродкамі, якія б памаглі грамадству не сумаваць, асабліва тым, хто, як і мы, зрабіў забаву мэтай жыцця. Паколькі ні ў Гродне, ні ў Беластоку няма ніякіх забаў, мы намерыліся паміж імі забавы распачаць. У ваколіцах жыве некалькі чалавек, што любяць забавы, – яны будуць з намі танцаваць. Мы вас не забываем: кепскія часы, але, можа, што і вытанцуем».

Той Рукевіч быў удзельнікам вайны 1812 года – 15-гадовым пайшоў за Напалеонам на Маскву і пасля быў у расійскім палоне.

А вось як немалады Міцкевіч у 1855-м шыфраваў інфармацыю ў лістах на радзіму: «Сямейныя клопаты мяне паглынулі. Ад канца гэтага працэсу залежыць і доля ўсяго нашага дома. Праз гэтыя клопаты выпадзе мне пусціцца ў новае далёкае падарожжа». Пад сямейнымі клопатамі мелася на ўвазе арганізацыя эмігранцкіх легіёнаў паўстанцаў і падрыхтоўка зброі. Па гэтых справах Міцкевіч паехаў у Стамбул і там памёр – ці то ад халеры, ці то атручаны.

Калі філаматаў пасадзілі, гараджане данацілі на подкуп турэмнай варты

Лічыцца, што філаматаў арыштавалі пасля таго, як вучань віленскай гімназіі Міхал Плятэр напісаў на дошцы: «Няхай жыве канстытуцыя 3 мая» (апошняя канстытуцыя Рэчы Паспалітай). Аднакласнікі дапісалі яшчэ пару каментаў.

Гэта была ўжо «палітыка», расійская таемная паліцыя заварушылася. У спіс падазраваных трапіла 166 чалавек. Следства ішло з восені да вясны. Філаматы адмаўляліся ад паказанняў.

За гэтай барочнай брамай знаходзяцца базылянскія муры – былыя манастырскія будынкі, дзе філаматаў трымалі ў зняволенні падчас следства. Сёння на іх ёсць шыльда. Фота 1930-х гадоў.

Матэматык Будрэвіч, вядомы «добрымі сэрцам і поўнай абыякавасцю да жыццёвых нягод», давёў да шаленства паліцмайстра. Той пачаў са звычайнага пытання «как прозываешься?», а Будрэвіч, глыбока задумаўшыся над нейкай формулай, падняў вочы на сябра Петрашкевіча і перапапытаўся ў яго: «Як я празываюся?»

У Берліне арыштавалі Франца Малеўскага. Не маючы інструкцый ад віленскіх сяброў, на допыце ён расказаў пра філаматаў. Паліцыя раней ведала толькі пра філарэтаў. За справу ўзяліся з новай сілай. 20 чалавек выслалі, а Зана, Чачота і гродзенца Адама Сузіна прыгаварылі да года крэпасці (турмы) і наступнай высылкі, бо яны ўзялі на сябе віну за арганізацыю таварыстваў.

Філаматы ў турме маглі перадаваць адзін аднаму гасцінцы. «Вечарам у камеру ўвайшоў стражнік з клумкам: яблыкі, ігрушы, ананасы, міндаль, марцыпаны, цукеркі розных гатункаў пасыпаліся з яго… – піша Малеўскі. – Пах ананаса павітаў мяне раніцай. Стражнік ізноў прынёс мне ад Міхала брытву і булачкі… Я паслаў Міхалу мой кій з выразанай сённяшняй датай… Міхал прыслаў булачкі, загорнутыя ў газету, – любоў і дружба вучаць быць вынаходлівымі».

Пасля арыштаў Ануфры Петрашкевіч арганізаваў збор, і на данаты віленчукоў падкупілі варту: тыя дазволілі філаматам хадзіць з камеры ў камеру і збірацца разам.

Перад адпраўкай у высылку да хлопцаў пусцілі родных і сяброў. У апошні вечар у камеры Зана сабралася некалькі дзясяткаў чалавек: «Чачот пад акампанемент гітары Тамаша спяваў толькі што складзеную песню на народнай гаворцы», – усе абдымаліся і рыдалі.

Высланыя ў Сібір у пачатку 19-га стагоддзя мусілі дайсці туды пешкі.

Высылкі былі розныя: напрыклад, Петрашкевіча выслалі выкладчыкам у Маскоўскі ўніверсітэт. Не выглядае цяжка – але маці ён пабачыў толькі праз тры гады. Ёй пра высылку не расказвалі, каб не трывожыць, – гаварылі, што сын з’ехаў з Вільні ў Маскву «па рабоце».

«Яго вялікасці пажадана было, каб мы выбралі месца жыхарства і службу ва ўнутраных губернях Расіі», – піша Міцкевіч расійскаму паэту Жукоўскаму.

Пасля разгрому філаматы і філарэты перапісваліся, але разам больш не сабраліся.

Філаматы вярталіся дадому праз 20–30 гадоў: іх прымалі як герояў і вяртанцаў з таго свету

Калі пачалося паўстанне 1830 года, усе філаматы, хто толькі мог, да яго далучыліся. Петрашкевіча і сяброў-афіцэраў, якія спрабавалі уцячы ў Беларусь, здалі і прысудзілі да смерці. Пасля прысуд замянілі на пажыццёвую высылку з пазбаўленнем шляхецтва і навуковай ступені.

Ад Масквы да Табольска іх гналі амаль паўгода, і ў дзённіку ён піша, дзе перасыльныя турмы лепшыя, дзе жахлівыя, а дзе ў варты няма нічога людскага. Петрашкевіч змог вярнуцца ў Беларусь толькі праз 28 гадоў.

Частка эмігравала: Міцкевіч хітрыкамі атрымаў дазвол на выезд, Дамейка ўцёк з-пад паліцэйскага нагляду, далучыўся да паўстання 1830-га, а пасля выехаў на захад, у Дрэздэн. «Твой намер вярнуцца не вельмі разумею, але не магу ні дакараць, ні радзіць. Я ўжо прывык да цыганскага жыцця, але разумею, якое цяжкае яно можа быць. Але вярнуцца, бачыць, што там творыцца!.. Зрэшты рабі, як Бог табе падкажа», – піша Міцкевіч Дамейку ў сярэдзіне 1830-х. І яшчэ праз сем гадоў, калі Дамейка быў ужо ў Чылі: «Раю табе сядзець у Какімба, пакуль не надакучыць. Тым часам, можа, выблісне надзея».

Ігнат Дамейка з жонкай Энрыкетай дэ Сатамаёр. Яны пажаніліся ў Сант’яга, калі яму было 47 гадоў, а ёй – 15. Пражылі разам 20 гадоў. Такія познія шлюбы былі для філаматаў звычайнымі – вялікую розніцу ў веку мелі з жонкамі Міцкевіч і Зан.

Частка філаматаў, якая апынулася ў высылцы і на пасяленні, жыла ў стане пастаяннай напругі.

Можна ўявіць, з якімі пачуццямі недзе ў Башкірыі Чачот чытаў ліст ад Міцкевіча: «За гэты час я аб’ездзіў Італію ад Сіцылі да Альпаў, быў сярод ільдоў, дзе пачынаецца Рэйн… Заўтра еду на зіму ў Рым».

«Са смуткам, прыкрасцю і страхам чытаў я ў газетах данясенні камісіі пра польскія патрыятычныя таварыствы – там згадваецца і маё імя…» – піша Зан у трывозе, што пра яго зноў успомняць. Зан на Урале заняўся геалогіяй, знайшоў пад Самарай золата, на Прыўраллі – нафту, за гэта імператар дазволіў яму пераехаць у Пецярбург – але не ў Беларусь. У Пецярбургу яго сталі выклікаць у трэцяе аддзяленне – тагачасны аналаг КДБ: у Вільні раскрылі змову супраць цара.

Зан вярнуўся дамоў праз 17 гадоў. «Ва ўсіх шляхецкіх сядзібах яго прымалі як героя, як вяртанца з іншага свету», – піша Кастусь Цвірка. У 50 гадоў ён ажаніўся – з маладой Брыгідай Свянтажэцкай: «Я ўбачыў у ёй саму Літву, якая вітае свайго сына, анёла, які нагадвае мне маладосць, і боства, што прадракае шчаслівую будучыню».

Дзекабрыст пісаў, што беларусы столькі ж ведаюць рускіх, колькі і кітайцаў

Школьны падручнік піша, што філаматы «поддерживали тесные контакты с русскими дворянскими революционерами-декабристами». Насамрэч мала хто з філаматаў добра ставіўся да рускіх, а кантакты з «дзекабрыстамі» былі вымушанымі – разам даводзілася адбываць высылкі.

Ануфры Петрашкевіч пасля высылкі і 28 гадоў па-за домам.

Скарбнік і архівіст філаматаў Ануфрый Петрашкевіч «ненавідзеў маскалёў, як пекла», – успамінаў Дамейка. На судзе над Занам следства прыпомніць яму, што «яшчэ з дзяцінства, з маладзечанскай школы, ён зневажаў урад і пісаў нядобранадзейныя вершы». А гімназістам ён арганізоўваў гульні: войска сілы (Расійскай імперыі) супраць войска любові (Рэчы Паспалітай).

Чачота на судзе абвінавачвалі «в чтении на собраниях филаретов дерзких и ругательством против россиян наполненных стихов и в произнесении приветствий и речей, противных верности к российскому престолу».

А што тычыцца дзекабрыстаў, з якімі філаматы нібы мелі «цесныя сувязі», дык іх дэмакратызм спалучаўся з махровым расійскім шавінізмам, піша гісторык Захар Шыбека. Павел Песцель планаваў поўную русіфікацыю нярускага насельніцтва, усе мовы і ўсе саманазвы народаў ён планаваў забараніць.

Дзекабрыст Мікіта Мураўёў пісаў маці, што беларусы столькі ж ведаюць рускіх, колькі і кітайцаў. Сам ён у сваёй канстытуцыі прапанаваў падзяліць беларускія землі на Заходнія з цэнтрам у Вільні і Дняпроўскія з цэнтрам у Смаленску. Гэта быў праект Расійскай федэрацыі на ўзор ЗША.

Дамейказаўр -- дыназаўр, парэшткі якога знайшлі ў Чылі і назвалі ў гонар Ігната Дамейкі. Імем шляхціча, які змушаны быў выехаць з Беларусі, у Чылі названы вуліцы, нацыянальная бібліятэка, порт, горны хрыбет у Андах, мінерал і малая планета, адкрытая чылійскім астраномам.

Філаматы маглі б стаць грамадскімі лідарамі сваёй краіны, калі б краіна ў іх была. Апярэдзіўшы свой час, яны сталі сімвалам, помнікам ідэалу, ценямі перамен. Хто стаў мінеролагам, хто манголазнаўцам, хто рэктарам Казанскага ўніверсітэта – гэта не дало светлым розумам згінуць, але слаба дапамагала рухацца да мэты: «служыць сваёй зямлі».

Амаль усе, хто дажыў да амністыі, вярнуліся ў Беларусь пад старасць. Усе яны да канца жыцця трымалі адно аднаго на воку, захоўвалі архівы сяброў, дасылалі грошы («даведаўся з газеты пра тваё пакаранне, высылаю 50 рублёў» або «сродкаў не маю, але пасылаю сваё блаславенне», – тады яшчэ не прыдумалі формулу «абдымаю»).

І ў найцяжэйшых выпрабаваннях яны захоўвалі маладую жыццярадаснасць. Пра гэта пісаў Зан сябрам у суседнія камеры: «У нашай дружбе выхавалі мы такі характар, які ў нават самых кепскіх умовах паможа нам быць задаволенымі і шчаслівымі. Нават калі б нас расстралялі, пара ад нашай крыві сагравала б тых, хто застаўся жывы».

 

#Беларусь
поделиться