У гэту суботу, 10 верасня, Мінск адзначае 955-годдзе, і калі «народныя гулянні» не зусім ваш фармат, мы склалі альтэрнатыўную праграму на Дзень горада.
Паглядзіце на Мінск вачыма знакамітага мастака
Хочаце ўспомніць, якім быў Мінск у другой палове мінулага стагоддзя? Схадзіце на выставу мастака Леаніда Шчамялёва «Мой Мінск», якая прысвечана 955-годдзю сталіцы.
Леанід Дзмітрыевіч нарадзіўся ў 1923 годзе ў Віцебску, аднак большую частку свайго жыцця (больш за 70 гадоў!) пражыў у Мінску і па праве мог лічыць гэты горад сваім.
Дзе: Рэвалюцыйная, 10.
Калі: 11:00–19:00.
Колькі каштуе: 5 руб. – для дарослых, 3,5 руб. – для студэнтаў i пенсіянераў, 2,5 руб. – для школьнікаў.
З’ездзіце ў музей-сядзібу на месцы, дзе пачынаўся Менск
Музей-сядзіба «Стары Менск» знаходзіцца ў вёсцы Гарадзішча. Гэта дзіўна, але зусім недалёка ад МКАД захаваліся замкавыя валы, дзе пачынаўся гістарычны Менск, а сёння тут круты музей з рэдкай калекцыяй артэфактаў і прыстойнай інфраструктурай.
У музеі прадстаўлены фактычна ўсе сферы жыцця таго часу: гандаль, побыт, вайна, культура, рэлігія. Так што гэта круты шанец на свае вочы ўбачыць, як жылі старажытныя менчукі і якімі рэчамі сябе акружалі.
Дарэчы, калі хочаце загадзя даведацца, якія экспанаты там можна ўбачыць, прачытайце гэты матэрыял – мы рабілі крутую падборку.
Дзе: вёска Гарадзішча, вул. Піянерская, 5а, Мінскі раён.
Калі: 11:00–19:00.
Колькі каштуе: ад 5 руб. з чалавека ў залежнасці ад тыпу экскурсіі.
ВАЖНА: лепш папярэдне запісацца: +375 29 202 59 89, +375 29 188 49 71.
Завітайце на фестываль гістарычнай рэканструкцыі
На зялёнай зоне ўздоўж праспекта Пераможцаў, насупраць гатэля «Планета», будзе праходзіць фестываль гісторыі і культуры «Менск старажытны». Назіраць за рэканструкцыяй побыту нашых продкаў і рыцарскімі турнірамі можна будзе на працягу ўсёй суботы.
Дзе: насупраць гатэля «Планета».
Калі: 11:00–21:00.
Колькі каштуе: бясплатна.
Схадзіце на вялікую выставу пра жыццё Мінска ў савецкія гады
На выставачным праекце «Маё імя – Мінск» у Ракаўскім прадмесці пакажуць, як мяняўся горад на працягу ХХ стагоддзя. Будуць карціны Уладзіміра Тоўсціка, Мая Данцыга, Альгерда Малішэўскага, Леаніда Дударэнкі, Абрама Кроля, Сяргея Раманава і Юрыя Крупянкова, інсталяцыі з прадметаў савецкай эпохі, многія з якіх захавалі і перадалі музею самі мінчане, а таксама рэдкія артэфакты з прадукцыі сталічных прадпрыемстваў.
Дзе: Ракаўская, 17.
Даведайцеся, як аднаўлялі Мінск і адбудоўвалі яго нанова
У Дзень горада можна будзе наведаць выставу «Адноўлены з руін», дзе пад адкрытым небам пакажуць фотаздымкі Мінска 1940–1950-х гг. Адраджэнне горада пачалося адразу пасля яго вызвалення – прычым гэта было не аднаўленне даваеннай сталіцы, а фактычна будаўніцтва новай.
На гістарычных здымках убачыце працэс адраджэння горада, мінчан, якія працуюць на разборцы разбураных будынкаў, і стварэнне найбольш вядомых архітэктурных ансамбляў.
Дзе: Свабоды, 15, мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага.
Калі: увесь дзень.
Колькі каштуе: уваход вольны.
Паглядзіце на Мінск на вінтажных паштоўках
На выставе «Гарадскі праменад. Мінск на старых паштоўках» у гарадской ратушы можна будзе ўбачыць філакартычную калекцыю з прыватнага збору і паштоўкі з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
Вінтажныя паштоўкі векавой даўніны пакажуць, як мяняўся горад, а напісаныя на адваротах віншаванні, навіны і просьбы ад гараджан, падарожнікаў і ўсіх іншых, хто воляй лёсу аказаўся ў Мінску, дапамогуць пагрузіцца ў гісторыю яшчэ глыбей.
Дзе: Свабоды, 2а, Мінская гарадская ратуша.
Калі: 11:00–19:00.
Колькі каштуе: 6 руб. – для дарослых, 4,5 руб. – для студэнтаў і пенсіянераў, 2,5 руб. – для школьнікаў.
А ўвечары заляціце на тур па мінскіх барах
А скончыць свята можна квэстам па самых цікавых, а часам і сакрэтных барах Мінска. За адзін вечар удзельнікі разам з гідамі праходзяць 4 бары, клубы ці пабы, выконваючы вясёлыя заданні з буклета з картай бараў, які ім выдаюць пры сустрэчы.
Заданні прадумалі так, каб удзельнікі хутка пазнаёміліся паміж сабой, даведаліся пра розныя барныя трукі, каб зрабілі шмат смешных фотак, пры гэтым паспяваючы патанчыць і пабалдзець. У фінале самыя актыўныя ўдзельнікі атрымаюць прызы, а вечарынка працягнецца сама сабой.
Дзе: Зыбіцкая.
Калі: 21:00.
Колькі каштуе: 25,5$ з чалавека.
Фота: Starymensk.by; Minskcity.museum.by, Unsplash.