«Я навучылася жыць сваім жыццём». Пачытайце гісторыю стварэння здымка беларускай фатографкі, які выстаўляўся нават у Парыжы

«Я навучылася жыць сваім жыццём». Пачытайце гісторыю стварэння здымка беларускай фатографкі, які выстаўл...
Праект «Беларуская фатаграфічная платформа» запусціў падкаст «Адным кадрам». На пляцоўцы праекта на YouTube выйшаў ужо чацвёрты ролік, у якім вядучая Юлія Ружачка з фатографкай і мастачкай Марыяй Эленай Банэ абмяркоўваюць здымак «Човен з зоркамі» з серыі «Рэчышча» праекта «Мая рака». CityDog.io публікуе скарочанае інтэрвʼю.

Праект «Беларуская фатаграфічная платформа» запусціў падкаст «Адным кадрам». На пляцоўцы праекта на YouTube выйшаў ужо чацвёрты ролік, у якім вядучая Юлія Ружачка з фатографкай і мастачкай Марыяй Эленай Банэ абмяркоўваюць здымак «Човен з зоркамі» з серыі «Рэчышча» праекта «Мая рака». CityDog.io публікуе скарочанае інтэрвʼю.

Што вядома пра госцю падкаста?

Марыя Элена Банэ нарадзілася ў Мінску ў 1986 годзе, вывучала дызайн і фатаграфію ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2007 года яна спецыялізуецца на аналагавай фатаграфіі і альтэрнатыўных фатаграфічных метадах, такіх як біхрамат камедзі, алавяны працэс і цыянатыпія. Працы Марыі Элены спалучаюць аналагавыя фатаграфічныя тэхнікі і сучасныя медыя, а ў цэнтры яе мастацкай зацікаўленасці – асабістыя і ўніверсальныя гісторыі, якія фатографка раскрывае праз паэтычныя візуальныя вобразы.

А што за праект яна стварыла?

Праект «Мая рака» створаны ў 2015–2020 гадах. Вось што кажа пра яго сама аўтарка: «“Мая рака” – перш за ўсё сямейная гісторыя, створаная пад сімвалам сапраўднай ракі. І гэта рака – Нёман. На яго берагах нараджаліся і жылі з пакалення ў пакаленне мае продкі. Я называю іх рачнымі людзьмі».

У склад праекта ўваходзяць два кароткаметражныя фільмы («Мая рака» і «Радуніца»), светлавая інсталяцыя і тры серыі фотаздымкаў («Рэчышча», «Крыніца», «Вусце ракі»). Усе 60 здымкаў праекта выкананы ў тэхніцы ручнога фатаграфічнага альтэрнатыўнага друку – цыянатыпіі. Гэту методыку яшчэ ў 1842 годзе распрацаваў англійскі вучоны і астраном Джон Фрэдэрык Уільям Гершэль.

Які здымак абмяркоўваюць?

Для абмеркавання ў падкасце выбралі здымак з першай серыі праекта «Човен з зоркамі», зроблены ў 2019 годзе.

Здымак гарызантальны. Знізу акурат пасярэдзіне бачны нос чоўна – такім чынам, быццам мы, гледачы, знаходзімся побач з фатографкай. На дне чоўна – маленькія агеньчыкі. Гэта адлюстраванне зорак у кроплях вады ці маленькія светлячкі?

Перад чоўнам – вада, у якой па абодвух баках і наперадзе адлюстроўваюцца дрэвы. Няроўная лінія гарызонту нібыта ўказвае на тое, што лодка акурат цяпер рухаецца і хістаецца з боку ў бок. Падаецца, што здымак зроблены перад світанкам ці на захадзе сонца. І гэта няпэўнасць часу падкрэслівае сімвал трансфармацыі і нелінейнасці, пра якія таксама вядзецца гаворка ў праекце.

Што пра здымак расказвае аўтарка?

– Гэты здымак стаў адным з першых, калі я пачала ствараць гісторыю пра сваю раку. Выява прыйшла інтуітыўна – і ў той жа час відавочна і натуральна, бо яна была часткай майго паўсядзённага жыцця. Я расла на рацэ Нёмане і, хаця нарадзілася ў Мінску, амаль па палове года праводзіла ў доме маіх бабулі і дзядулі.

Вось уявіце, што амаль кожны дзень ты садзішся ў лодку і адчуваеш раку пад сабой і вакол. Гэта настройвае на пэўныя хвалі ўзаемадзеяння са стыхіяй і з самім сабой. Такі момант мяне заўсёды захопліваў.

Гэтым здымкам мне хацелася перадаць спакой, упэўненасць і пяшчоту рук ракі, якая абдымае лодку, вашу самасць, усе дзеянні і памылкі, якія мы рабілі, робім і будзем рабіць. Гэта фатаграфія – пра нелінейнае ўспрыманне часу. Але адначасова пра важнасць знаходзіцца тут і цяпер. Увогуле, рака – гэта цыкл. Ён можа быць адзін ці сотні, але з пэўнай скіраванай энергіяй.

Праект літаральна пабудаваны на кантакце смерці і жыцця: кантакце з маімі памерлымі сваякамі, людзьмі маёй зямлі, а таксама з тымі, хто яшчэ народзіцца. У праекце мы звязаны рачной вадой, нібы крывёй, і лодка – гэта месца сустрэчы па-за часам, каб абмяняцца сілай, надзеяй, любоўю. Гэта лодка нібы факусіруе на пункце, дзе ты цяпер.

Чаму навучыў праект?

– Працуючы над праектам, я навучылася жыць сваім жыццём, рэагаваць на рэальнасць, распазнаваць і адсякаць шум, які становіцца перашкодай, чуць свой голас і прытрымлівацца яго. Шмат падзей адбывалася падчас стварэння праекта на працягу 2-3 гадоў. Я старалася рабіць свой выбар, звяраючыся з барометрам, які выхавала ці, можна сказаць, адкрыла мне рака. Быць сумленнай (перш за ўсё з сабой), спрабаваць прымаць боль, праз які я адкрывала новыя значэнні, і давяраць.

Я яшчэ вучуся ўсяму гэтаму, бо захаваць у сабе адкрытае гэтак жа складана, як і выявіць. Гэта безупынная праца, якая ніколі не скончыцца.

Чым пахне гэты фотаздымак?

– Рачная мята і чабор, пах рачной травы ля берагоў, лазы, вільготнага рачнога пяску. Можна дадаць горкі ясмін і расцёрты паміж пальцаў палын. Гэта мой любімы пах – і я сумую па ім. А калі недзе сустракаю, у мяне адбываецца моцны эмацыянальны ўсплёск.

Якім гукам можна апісаць фота?

– Уначы чуваць плынь ракі. Здаецца, што вада проста змяняе візуальна форму, але заўсёды прысутнічае ў паўтаральным гуку статыкі. Я чую гук вясла ў вадзе і стук аб борт драўлянай лодкі. Гук маўчання ўсіх, хто ў гэтай лодцы.

Паслухаць падкаст можна тут

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Марыя Элена Банэ, Unsplash.com.

#Беларусь
Еще по этой теме:
Посмотрите: на этом уникальном фото двое беларуских мужчин целуются. Что случилось? «За последним столом в пустых хатах они выпивали»
«Гэты здымак такі трывожна ціхі». Пачытайце, як зʼявілася знакамітае фота 2020 года
поделиться