Адметныя. Мы ведаем, куды вам варта паехаць на адпачынак

Адметныя. Мы ведаем, куды вам варта паехаць на адпачынак
У новым сезоне рубрыкі “Адметныя” мы расказваем пра бізнесы, якія размаўляюць са сваімі кліентамі па-беларуску. Сёння нашы героі – гаспадары сядзібы Тры Скрыпкі, бацька і два сыны Скрыпкі, якія аднымі з першых у Беларусі заняліся аграсядзібамі.

У новым сезоне рубрыкі “Адметныя” мы расказваем пра бізнесы, якія размаўляюць са сваімі кліентамі па-беларуску. Сёння нашы героі – гаспадары сядзібы Тры Скрыпкі, бацька і два сыны Скрыпкі, якія аднымі з першых у Беларусі заняліся аграсядзібамі.

Калі мы вялі размову пра інтэрв’ю з братамі Скрыпкамі, яны папярэдзілі: “Пакуль самі не сплавіцеся на байдах ці каноэ – нічога не зразумееце”. Праз тыдзень раніцай мы сустракаемся з Дзянісам і Антонам каля рэчкі Вузлянка ў 110 кіламетрах ад Мінска. Браты гатуюць салодкую гарбату перад сплавам – “Гэта неабходная традыцыя, якая дае сілы падчас падарожжа”. Дзесяць хвілін – і мы ўжо сяздім па лодках, як матросы, і працуем вёсламі.

– Кожны, хто сплаўляецца ўпершыню, баіцца, што перакульнецца ці ячшэ што з ім здарыцца. Праўда, гэта амаль што немагчыма, бо буйныя рэкі ў нас яшчэ пашукаць трэба. Але ж водзяцца тут маленькія вузлянскія кракадзільчыкі: нагу не адкусяць, а палец могуць, – жартуюць Скрыпкі. – Наш асноўны сезон – лета, таму трэба рабіць самыя гарачыя туры: карпаратывы на прыродзе, масавыя сплавы на байдах і каноэ – гэта наш асноўны заробак.



Відэа знята на Samsung Galaxy S7 Edge.

Сплаўляліся мы амаль што дзве гадзіны, вакол аніводнай душы і толькі ціхая рэчка ды спякотнае сонца, але ў вушах яшчэ застаецца шум горада. Мы спыняемся толькі два разы: перавесці дух і перасесці з каноэ на байдарку. Антону і Дзянісу пры гэтым перыядычна тэлефануюць кліенты: пытаюцца пра паходы і арэнду воднага інвентару.

– Тое, што мы закупілі, павінна працаваць на нас нават тады, калі не пайшло з намі ў паход, таму байдаркі і каноэ мы яшчэ здаём у арэнду. Лепш так, чым будуць стаяць на сушы, – тлумачаць браты. – Але ж бываюць і хітрыя людзі, якія тэлефануюць і проста пытаюцца пра лепшы маршрут. Такім мы кажам: “Арандуйце лодкі, і мы пакажам, дзе і якое месца лепшае”. Бо кожны маршрут мы распрацоўвалі самі, а гэта час і сілы.

Пасля cплаву Дзяніс мусіць ехаць у Мінск – рыхтавацца да новага паходу. Антон тым часам вязе нас у аграсядзібу, дзе яго бацькі гатуюць звычайны вясковы абед. Скрыпкі зрабілі аграсядзібу яшчэ ў 2008-м: гэта зараз у Беларусі больш за 2 000 такіх пляцовак, а тады аграсядзіб было толькі некалькі дзясяткаў.

– Здымайце абутак і хадзіце басанож, – шчыра сустракаюць нас бацькі Марыя і Зміцер і запрашаюць у хату. – Праходзьце, сёння вы тут гаспадары.



– Гэта сядзіба засталася нам ад дзеда, які пабудаваў яе ў пачатку 60-х, – пачынае гісторыю Антось. – Галоўны элемент любой вясковай хаты – печ, вакол якой усё будуецца. У звычайнай хаце няма асобных пакойчыкаў, бо зімой не будзе цёпла. З тых гадоў мы нічога не змянілі, нават спецыяльна захавалі ўсё так, як было раней. Асноўны рарытэт хаты – вось гэта шафа, якая засталася ад маёй прабабулі. Яна не памятала, у якім годзе нарадзілася, але, калі выйшла замуж, як раз пачыналася Першая сусветная – і гэта шафа ў яе ўжо была. Пасля пераезду яна прадала ўсё, нават хату, але шафу ўзяла з сабой.

Усе рэчы ў сядзібе ці засталіся Скрыпкам ад продкаў, ці знойдзены імі на старых хутарах. Паступова яны замяняюць савецкія рэчы больш атмасфернымі, каб захаваць старажытны дух вёскі. Напрыклад, усе коўдры тут саматканыя – гэта праца бабулі.

Пасля экскурсіі па вялізнай тэрыторыі нас вядуць да стала, дзе ўжо стаіць халаднік, а ў гліняным посудзе стынуць дранікі, бульба, кілбасы і хлеб. Тут не толькі беларускі посуд і традыцыі, але і мова. За абедам пытаемся ў Антося, як пачаўся сямейны бізнес – і чаму скрыпак усяго тры.

– Чаму тры? Ну як, гэта мы з братам і наш бацька! Але ж маці больш як смычок – без яе таксама нічога не зайграе. Называць аграсядзібу іншай лічбай было непрыгожа, таму і спыніліся на трох. А пачалося ўсё яшчэ напрыканцы 90-х, калі у Камарове ўтварылася грамадскае аб’яднанне “Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю”. Маці працавала – і зараз працуе – выкладчыцай рускай, англійскай і нямецкай мовы і ў гэта аб’яднанне ўваходзіць. У тыя гады яны знаходзілі грошы на адраджэнне культурнай спадчыны, а потым, калі пайшла тэма аграсядзіб, ездзілі на семінары ў Літву, Польшчу і Германію – тады мы былі яшчэ малымі. Потым мы з братам падраслі і паступілі ва ўніверсітэт. Па першай адукацыі мы з ім настаўнікі фізікі, матэматыкі і інфарматыкі, але ў студэнцкія гады хадзілі ў спартыўныя паходы ў прыпалярны Урал, Карпаты, Каўказ і гэтак далей. А я яшчэ падпрацоўваў у турфірме.

Малодшы брат Антось атрымаў і іншую адукацыю: у ЕГУ ён вучыўся па спецыялізацыі “турызм і культурная спадчына”. Як раз у тыя гады ў Беларусі змянілася заканадаўства: на развіццё аграсядзіб пачалі выдаваць ільготныя крэдыты. Калі сям’я Скрыпак паехала за крэдытам, у Мядзелі нават яшчэ не ведалі гэтай праграмы: “Траслі крэдыт з паўгады, а патрацілі ўсё за месяц”.

– Самая класіка – калі ты маеш дом, вядзеш гаспадарку (напрыклад, авечак разводзіш), і да цябе прыязджаюць турысты. Яны сочаць за тым, як ты жывеш, а таксама могуць паўздельнічаць. Мы таксама за класіку, але трошкі інакш: мы хочам, каб чалавек прыехаў і адчуў сябе ў вёсцы гаспадаром. Але я не пра тую вёску, дзе п'яныя трактарысты ходзяць па вуліцы і ты на кожнай лаўке сустракаеш пацаноў з півасам. У Беларусі няма гор і мора, але тут яшчэ захавалася сапраўдная вёска, дзе разводзяць хатніх жывёл, ёсць агарод і лазні. Да нас прыязджаюць палякі і толькі ўспамінаюць, як некалі было ў іх: там зараз на месцы іх вёсак стаяць катэджы.

– А на чым тут можна зарабіць грошы? Арэнда жытла ці нешта яшчэ?

– Агратурызм – гэта дадатковы заробак для людзей у вёсцы, калі яны прымаюць гасцей і робяць тое, што ўмеюць: гатуюць есці – як умеюць, прапануюць прадукты, якія тут жа і вырошчваюць. Калі турыстам трэба толькі пражыванне і для іх важныя асобныя пакойчыкі – гэты не зусім пра нас. Нам няма сэнсу працавать толькі на з’ём, бо асабліва на гэтым не заробіш, а трымаць вясковую хату – падфарбоўваць, касіць, будаваць  і гэтак далей – не тое слова як цяжка. Жывем мы самі ў Мінску, а бацькі непадалёк, у Камарове.

Харчаванне для такога сэрвісу – таксама замануха, бо ніхто на ім асабліва не зарабляе, у іншым выпадку да вас не прыйдуць турысты, бо яны падумаюць: “Хачу адпачыць, і гатаваць у мае планы не ўваходзіла”. Мы не гатэль, і ў нас няма прамых паставак ежы, кожны раз трэба рабіць закупку ў краме і гатаваць – гэта вялікі кавалак працы.



Адчуць сябе гаспадаром на аграсядібе “Тры Скрыпкі” на тры дні для двух чалавек каштуе 60 рублёў, а для групы – 100 рублеў. Час заезду і ад’езду не прынцыповы, як і колькасць чалавек у групе. Тэрыторыя сядзібы вялікая, таму некаторыя групы прыязджаюць з намётамі і жывуць таксама на вуліцы.

– Асноўны заробак ідзе з дадатковых паслуг, якія трэба аплочваць асобна, таму чалавек можа зайсці на сайт і сам саставіць сабе праграму. Магчыма замовіць сплаў на байдарках, каноэ, рафах ці парусніках альбо велападарожжа. Наша маці робіць яшчэ майстар-класы па выпяканні хлеба ў печы і пляценні лапцей з лазы. Бацька праводзіць майстар-клас па пляценні венікаў і топцы лазні, у нас іх дзве: па-чорнаму і больш-менш сучасная.

Адну лазню Скрыпкі спецыяльна шукалі і знайшлі на хутары за трыццаць кіламетраў ад сядзібы: разабралі, перавезлі і склалі зноў. Не будавалі новую, бо хацелі паставіць стары зруб, які б пасаваў сядзібе. Другая лазня засталася ад дзеда – рыхтаваць яе трэба 5 гадзін: спачатку запаліць печ і дачакацца, пакуль не стануць гарачымі камяні. Увесь дым у гэтай лазні выходзіць праз дзіркі ў сценах, таму пасля печ трэба вымыць, а камяні і сцены абдаць гарачай вадой з бочкі – так сыдзе сажа. І толькі пасля гэтага ў лазню можна заходзіць і парыцца.

Але аграсядзіба – не адзіны сямейны бізнес. Пасля наладжвання працэсу тут браты аформілі турфірму і атрымалі яшчэ адзін дыплом Інстытута турызму. Паралельна развілі тэму воднага турызму і зрабілі сайт для ўсіх, хто цікавіцца гэтай тэмай.

– Зараз у нас тры варыянты дзейнасці пад тры асобныя групы людзей. Няма сэнсу абслугоўваць адну сям'ю праз турфірму, бо ім гэта будзе даражэй. Такое лепш зрабіць праз аграсядзібу: тут мы гібкія па коштах і паслугах. Аграсядзіба – гэта таксама законна, але не лічыцца прадпрымальніцкай дзейнасцю: у прынцыпе, любая фізічная асоба, якая валодае сядзібай, можа напісаць замову ў сельсавет і пачаць працаваць. Зараз ад падаткаў мы вызвалены – толькі раз на год трэба плаціць ці адну, ці дзве базавыя велічыні, таму можна лічыць, што падаткаў увогуле няма.

А вось калі замоўца – вялікая арганізацыя, для якой важна, каб была юрыдычная асоба і дамова, – мы працуем ужо як турфірма. А яшчэ ў нас ёсць ІП, бо некаторым замоўцам зручней працаваць так. Таму турфірма – гэта актыўны адпачынак, у тым ліку за мяжой, аграсядзіба – сямейны адпачынак у Нарачанскім рэгіёне, а турфірма – гэта арганізацыя для тых, хто шукае толькі сплавы.

– Як вы сумяшчаеце тры напрамкі дзейнасці?

– Улетку мы з братам робім сплавы і карпаратывы, трохі дапамагаем бацькам на сядзібе, калі-нікалі і тыя турысты замаўляюць актыўны адпачынак. Да сплаваў рыхтуемся амаль што за тыдзень: у аўторак распакоўваем і высушваем рэчы пасля мінулага сплаву, у сераду падпісваем замовы, ездзім у офіс, у чацвер – рамантуем, дакупаем. І так увесь дзень з 6 ранку да 12 ночы. Зараз ідзе тэма тымбілдынгу, і шмат якім фірмам ужо нецікава праводзіць карпаратывы ў рэстаранах, таму яны заказваюць сплаў чалавек на 50. Потым мы запрашаем іх увосень ці ўзімку ісці ў горы і арганізуем паходы ў Турцыю, Грузію. Спачатку самі распрацоўваем маршрут, а потым вязем туды турыстаў. Але групы ўжо невялікія – 6-8 чалавек.

Калі заканчваецца сезон, мы шмат часу працуем у офісе: робім рассылкі, мадэрнізуем сайты – працуем на сезон. Бо, калі не рабіць шуму ў Facebook, летам ніхто да нас не прыйдзе. Узімку таксама падключаем аграсядзібу, робім зімовыя сплавы і маленькія карпаратывы.



Ужо заходзіць сонца, і мы развітваемся з сям’ёй Скрыпак, якія толькі пачынаюць рыхтавацца: ставяць намёты, прасушваюць байды – заўтра ў сядзібу прыедуць новыя гаспадары, каб адчуць сапраўдны смак беларускай вёскі.

ВАЖНА: калі надумалі расшарыць гэты матэрыял, не забывайцеся на хэштэгі: #адметныя #свае #s7mova #SamsungBelarus. Дзякуй!

РУБРЫКУ "АДМЕТНЫЯ" МЫ СТВАРАЕМ РАЗАМ З КАМПАНІЯЙ SAMSUNG ELECTRONICS.


Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

   Фота: CityDog.by.

ТАА «Самсунг Электронікс Рус Кампані», ІНП 7703608910

Еще по этой теме:
Адметныя. Як стварыць “хіпстарскую” футбольную каманду – і трапіць у вышэйшую лігу
Адметныя. Той самы мінчанін, які завёў моду на вышымайкі
Адметныя. Адзенне Honar – як пачаць зарабляць на нацыянальнай ідэі і не баяцца збанкрутаваць
поделиться