Адметныя. Minsker – як рабіць класныя рэчы на любові да роднага Мінска і павазе да працавітай Індыі

Адметныя. Minsker – як рабіць класныя рэчы на любові да роднага Мінска і павазе да працавітай Індыі
Мы працягваем рубрыку “Адметныя” і расказваем пра бізнесы, якія размаўляюць са сваімі кліентамі па-беларуску. Сёння нашы героі – брэнд Minsker, які ганарыцца сваім горадам і робіць прадукцыю made in the world.

Мы працягваем рубрыку “Адметныя” і расказваем пра бізнесы, якія размаўляюць са сваімі кліентамі па-беларуску. Сёння нашы героі – брэнд Minsker, які ганарыцца сваім горадам і робіць прадукцыю made in the world.

“Невялічкі сямейны бізнес” – гэта як раз пра Minsker: у нашых герояў, Таццяны і Паўла Чумаковых, няма офіса, няма ўласнай фабрыкі, але ёсць жаданне зарабляць грошы на любові да сваёй справы і да Мінска. Сімвалам брэнду стаў Караль Чапскі – “лепшы мінскі мэр ever”.

З Таняй мы сустрэліся ў кавярні – пакуль стынуць напоі, яна распавядае нам пра пачатак справы, праблемы і тое, чаму Індыя стала для яе роднай пасля Беларусі краінай.



– Спачатку пра Minsker? – усміхаецца Таццяна і звыкла пачынае тлумачыць. – Ну, тут усё проста. Калі мы з мужам бывалі за мяжой, то пастаянна сутыкаліся з тым, што людзі нічога не ведаюць пра Беларусь: Near to Russia? Near to Ukraine?

Даводзілася тлумачыць і пра Беларусь, і пра Мінск. З такіх размоў і з’явілася ў нашым актыўным слоўніку слова minsker у адносінах да жыхароў нашай сталіцы.

З’яўленне профілю мэра Караля Чапскага каля лагатыпа Таццяна тлумачыць проста: ён на сваім прыкладзе паляпшаў жыццё мінскераў. “Таму менавіта ён з’яўляецца для нас добрым прыкладам мінчука, бізнесмена-патрыёта і годнага чалавека”.

Ідэя стварыць свой бізнес нараджалася ў Чумаковых падчас працы ў розных кампаніях: “Калі добра працуеш на некага, то заўсёды ўзнікаюць думкі: калі б я рабіў сам, то можна было б яшчэ лепш”.

Апошнія тры гады сям’я жыла і працавала ў Індыі, дзе навучылася ладзіць з індыйцамі. А калі скончыўся кантракт, беларусы падумалі, што настаў час для свайго. На той момант Таццяна і Павал ужо скапілі капітал, які можна было б інвесціраваць у бізнес, – прыкладна $ 15 000.

– Паўгады нам спатрэбілася, каб усё асэнсаваць і знайсці вытворцаў. У маі 2015 года адкрылі ІП, а яшчэ праз тры месяцы падрыхтавалі і пашылі ўсю калекцыю. Шмат часу патрацілі, каб усё прывезці ў Мінск, зрабіць мытныя працэдуры, адкрыць сайт. І толькі ў снежні 2015-га стартанулі як інтэрнэт-крама і брэнд скураных рэчаў.

– А чаму вы спынілі свой выбар пашыву на Індыі?

– У той час, калі мы распрацоўвалі рэчы, яшчэ жылі ў Індыі, а добры вопыт і танныя кошты на працу дапамаглі зрабіць канчатковы выбар.

Усе ведаюць пра сусветны падзел працы made in the world: кампанія, напрыклад, заснавана ў Нямеччыне, але вытворчасць размяшчае ў Кітаі ці Індыі – гэта танней, чым наладжваць працэс дома. Пры гэтым рынкам для тавара з’яўляецца ўвесь сусвет.

Тая індыйская фабрыка, з якой супрацоўнічаем мы, працуе па еўрапейскіх стандартах, шые для шэрага міжнародных брэндаў.

Тэхнолагі індыйскай фабрыкі дамаглі падабраць беларускім замоўцам адпаведную кошту скуру і фурнітуру, каб рэчы былі больш практычнымі.

– Першай мы зрабілі вокладку для пашпарта – адмыслова рабілі яе пад памеры нашага, беларускага. Калі адкрыць апошнюю старонку,бачны фотаздымак, а пад ім надпіс Minsker. І адразу ясна, што чалавек трымае дакумент жыхара Мінска. Спераду ёсць некалькі аддзелаў для банкаўскіх картак, для сімкі – гэтая ідэя прыйшла да галавы, калі самі вандравалі, і, купляючы новую сімку, не ведалі, куды пакласці сваю.

– Інтэрнет-крама – найбольш танны варыянт продажу, дзе і падаткі ніжэйшыя, і арэнды няма. Але зараз крызіс. Да таго ж, вы маладая кампанія. Ці ажыццяўляюцца вашы бізнес-планы?

– Ніколі дакладна не ведаеш, ці будзе попыт на твой тавар, наколькі хутка ўсе будзе абарачвацца і якімі колькасцямі ты зможаш прадаваць. Чаму заўжды складана пачаць новы бізнес? Таму што ў цябе шмат рызыкаў, нават калі валодаеш інфармацыяй пра рынак, на якім будзеш працаваць. А калі ўкладаеш свае асабістыя грошы, заўсёды перажываеш і маеш яшчэ шэраг пытанняў.

Нашы чаканні дакладна не спраўдзіліся.

– НЕ спраўдзіліся?

– Так. На беларускім рынку аказалася больш складана працаваць, чым на індыйскім ці расійскім, – попыт на такія вырабы пакуль невялікі. Плюс, зніжэнне пакупніцкай здольнасці.

– І што вы думаеце з гэтым рабіць?

– Развіваемся паступова. У нас зараз маленькі сямейны бізнэс, дзе працую толькі я і Павел, які па асноўнай працы мусіць быць за мяжой.

Паціху робім прома, прадаем рэчы ў дызайнерскіх крамах, удзельнічаем у модных маркетах. На маркетах я сама прадаю – каб дакладна зразумець, што трэба пакупніку, пабачыць яго рэакцыю на тавар і больш расказаць пра нашы вырабы.

Але задача Minsker як кампаніі – у выніку выйсці на замежныя рынкі. Зараз мы шукаем партнёраў у Расіі.

Таццяна ўзгадвае, як спачатку рабілі гаманцы (кашалькі) для мужчын і жанчын, але хутка пабачылі, што некаторым мужчынам таксама патрэбны вялікія “жаночыя” гаманцы. Таму зараз яны ідуць як унісекс – гэта прыклад сувязі пакупніка і прадаўца. Тое ж самае з колерам скуры: некалі распрацавалі флэшніцу светла-жоўтага колеру, але потым зраземелі – нязручна, бо хутка пэцкаецца.

– Зараз мы пачалі рабіць цішоткі з надпісамі пра Мінск, распрацавалі карту горада і некалькі постэраў. А яшчэ мы вырашылі трошкі пажартаваць і ў назвах тавараў выкарыстоўваць назвы мінскіх раёнаў, перакладзеныя на анлійскую мову: кшталту Goldenhill (Залатая Горка), Silverbronx (Серабранка), Mosquitomarket (Камароўка), Littlenews (Навінкі).

Падчас нашай размовы Таня ціхенька падпісвае паштоўкі да розных пакункаў.

– У нас багата кліентаў, якія жывуць зараз за мяжой. Яны заказваюць мінскераўскія гаманцы, вокладкі на пашпарт ці постэры па адной прычыне – гэта грэе ім сэрца. Я разумею іх, бо родны горад для мяне – нешта асабістае, і я веру, што праз час наш брэнд дарасце да такіх памераў, каб мой муж таксама змог пераехаць у Мінск, і мы ужо ўдваіх распрацоўвалі Minsker.

Таццяна падпісвае паштоўку з цёплымі зычэннямі пакупнікам з Калінінграда, клеіць апошні кавалак скотча і адпраўляецца на пошту. На развітанне нам дастаюцца цішоткі, на якіх з гонарам напісана “I’m with Minsker” і ”Lost in Minsk”.



ВАЖНА: калі надумалі расшарыць гэты матэрыял, не забывайцеся на хэштэгі: #адметныя #свае #s7mova #SamsungBelarus. Дзякуй!

РУБРЫКУ "АДМЕТНЫЯ" МЫ СТВАРАЕМ РАЗАМ З КАМПАНІЯЙ SAMSUNG ELECTRONICS.


Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

   Фота: CityDog.by.

ООО «Самсунг Электроникс Рус Компани», ИНН 7703608910

Еще по этой теме:
Адметныя. Чалавек, які вучыць беларускай мове сотні людзей у Беларусі і па ўсім свеце бясплатна
Адметныя. Той самы мінчанін, які завёў моду на вышымайкі
Адметныя. Як стварыць “хіпстарскую” футбольную каманду – і трапіць у вышэйшую лігу
поделиться