Сустрэча са шведскай мастачкай і пісьменніцай Сарай Лундберг пройдзе 18 кастрычніка ў 17:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, дзе экспануецца серыя яе ілюстрацый да кнігі “Птушка ўва мне ляціць, куды захоча”. Запланавана аўтограф-сесія.
Што трэба ведаць пра Сару Лундберг?
Сара Лундберг – шведская пісьменніца і мастачка. Яна не толькі піша кнігі, але і малюе да іх ілюстрацыі. У яе багатая адукацыя: скончыла Мастацкі каледж Вэстмінстэра ў ЗША і Акадэмію мастацтваў у Стакгольме.
Першая кніга Сары Лундберг “Віта Белая Крэска” выйшла ў 2009 годзе. А ўжо ў 2017-м пісьменніца атрымала прэстыжную шведскую прэмію Аўгуста за кнігу “Птушка ўва мне ляціць, куды захоча”. Гэты твор прызналі найлепшай кнігай года ў Швецыі для дзяцей і падлеткаў.
Праз год “Птушка ўва мне ляціць, куды захоча” дайшла і да нас: кніга выйшла ў беларускім перакладзе Надзеі Кандрусевіч у выдавецтве Koska.
Пра што кніга “Птушка ўва мне ляціць, куды захоча”?
На стварэнне гісторыі пісьменніцу натхніла жыццё шведскай мастачкі Бэрты Хансан, яе асабістыя дзённікі і лісты. Але кніга не пераказ вядомай біяграфіі, а яе творчае асэнсаванне. У цэнтры твора – дзяўчынка, якая нарадзілася ў простай сялянскай сям’і, але марыла стаць мастачкай. Яе мары і расчараванні блізкія як дзецям, так і дарослым па ўсім свеце.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.