Лічба дня: 70% беларусаў не ведае, што такое падкаст. Праверце, ці вы самі ведаеце

Лічба дня: 70% беларусаў не ведае, што такое падкаст. Праверце, ці вы самі ведаеце
Беларуская аналітычная майстэрня і Belarus Podcast Hub абнародавалі цікавую інфармацыю пра аўдыторыю беларускіх падкастаў. Часам лічбы ўражваюць.

Беларуская аналітычная майстэрня і Belarus Podcast Hub абнародавалі цікавую інфармацыю пра аўдыторыю беларускіх падкастаў. Часам лічбы ўражваюць.

Як пішуць аўтары сацыялагічнага даследавання, галоўная мэта яго была даведацца, што за людзі слухаюць беларускія падкасты (дарэчы, пад падкастам маецца на ўвазе аўтарская аўдыяпраграма, аўдыяблог, які выходзіць на рэгулярнай аснове і які можна спампоўваць або слухаць анлайн).

У выніку ў анлайн-апытанні з 3 па 9 жніўня 2023 года ўзялі ўдзел 1595 чалавек. Сярод іх вылучылі мэтавую групу «Слухач_кі падкастаў» у 710 рэспандэнтаў, якія слухалі падкасты хаця б адзін раз на працягу апошняга месяца.

Толькі 30% беларусаў ведае, што такое падкаст

Многія беларусы і беларускі блытаюць падкасты з іншымі сродкамі масавай інфармацыі, у першую чаргу з сацыяльнымі сеткамі (25%).

47% беларусаў і беларусак слухалі хаця б адзін падкаст менш за месяц назад

Пры гэтым 22% беларусаў і беларусак ніколі не слухалі падкастаў. Аднак варта заўважыць, што лічбы слухачоў падкастаў могуць быць завышанымі з-за невыразнасці тэрміналогіі ва ўспрыняцці людзей, дадаюць аўтары.

Слова «падкаст» можа мець шырэйшае ці меней вызначанае значэнне ў беларускай інфармацыйнай прасторы.

Найбольш папулярныя падкасты – камедыйныя, незалежна ад фармату (42%)

Сярод любімых фарматаў падкастаў – інтэрв’ю (34%), ток-шоу (31%), сольны (26%), аўдыядакументалкі (23%).

Самая папулярная платформа для слухання падкастаў – «Яндекс Музыка»

На беларускім рынку сэрвісаў доступу да падкастаў расійская стрымінг-платформа «Яндекс Музыка» займае дамінуючае становішча – 75%. Spotify выбіраюць 22% рэспандэнтаў, Google Podcasts – 13%, а Apple Podcasts – толькі 3% слухачоў і слухачак падкастаў.

Большасць не любіць занадта доўгіх падкастаў

Аптымальная працягласць падкаста, па меркаванні беларускіх слухачоў і слухачак, павінна складаць каля паўгадзіны.

Многія слухачы і слухачкі падкастаў не праводзяць мяжы паміж беларускім і небеларускім кантэнтам

Адказваючы на пытанне пра любімыя беларускія падкасты, некаторыя рэспандэнты пазначаюць падкасты, якія на самай справе не з’яўляюцца беларускімі. Важна падкрэсліць, што большасць апытаных заяўляе, што не слухае беларускіх падкастаў (гэта не заўсёды так, многія на самой справе слухаюць, але проста не звяртаюць на гэта ўвагі, не ідэнтыфікуюць іх як беларускія, фактар «беларускасці» можа для іх не граць ніякай ролі).

Дарэчы, а вы ведаеце пра падкасты «Радыё CityDog»? Паслухайце, колькі там усяго цікавага!

 

#Беларусь
поделиться