У музейным комплексе «Дукорскі маёнтак» пад Мінскам адмянілі тэматычны выхадны «Купалле», які быў запланаваны на 28 чэрвеня. Пра гэта адміністрацыя паведаміла ў сваіх сацсетках. Прычыны адмены мерапрыемства ў паведамленні не называюцца.
Адміністрацыя паведаміла, што грошы за білеты, набытыя анлайн праз BezKassira, можна вярнуць у асабістым кабінеце. Запісы на трансфер абяцаюць адмяніць аўтаматычна.
«28.06.2026 “Дукорскі маёнтак” па-ранейшаму чакае ўсіх у госці на аглядныя экскурсіі, прагулкі па 200-гадовым парку і вясёлае баўленне часу на 25 га комплексу з 10:00 да 19:00», – напісала каманда комплексу.
Нагадаем, напрыканцы траўня «Дукорскі маёнтак» аказаўся ў цэнтры гучнага скандалу. 25 мая беларуска з нікам mamaegoraiani апублікавала ў Instagram відэа з мясцовага заасада. На кадрах яна паказала жывёл, якія, на яе думку, утрымліваюцца ў неналежных умовах.
У відэа аўтарка сцвярджала, што алені выглядаюць худымі і хворымі, а таксама звярнула ўвагу на яка з сур’ёзнай ранай на целе.
Відэа хутка стала вірусным. Менш чым за суткі яно сабрала больш за 553 000 праглядаў. Пасля публікацыі ў сацсетках з’явілася шмат крытыкі на адрас комплексу, а ў «Дукорскі маёнтак» прыехала праверка.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















