Беларускі ў Варшаве запрашаюць на бясплатны курс SheLeads, дзе яны змогуць пазнаёміцца з аднадумкамі, навучыцца працаваць над супольнымі праектамі і разам арганізаваць мерапрыемства. Заяўкі прымаюць да 27 кастрычніка.
Курс арганізуюць Арганізацыя еўрапейскай экспертызы і камунікацый (OEEK) і ініцыятыва ISKRA. Ён разлічаны на жанчын любога ўзросту і з розным досведам, якія хочуць знаёміцца, дзяліцца ведамі і ўвасабляць свае ідэі ў жыццё.
Удзельніц чакаюць:
- Тры практычныя варкшопы на тэмы: «Што ў мяне ўжо ёсць і што я хачу зрабіць», «Людзі, сувязі, рэсурсы» і «Плануем праект разам». Кожная ўдзельніца пачне з уласнай ідэі, знойдзе саюзніц і падтрымку, а ў выніку разам з групай падрыхтуе і правядзе агульнае мерапрыемства. Гэта магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі лідаркі ў бяспечнай атмасферы, поруч з тымі, хто падтрымае.
- Некалькі нефармальных сустрэч, каб пазнаёміцца з лідаркамі розных суполак, наведаць класныя прасторы ў Варшаве і завесці карысныя знаёмствы.
- Фінальны супольны івент, які будзе арганізаваны ўдзельніцамі курса.
Для ўдзелу не абавязкова мець гатовую ідэю, досвед арганізацыі мерапрыемстваў ці лічыць сябе лідаркай. Арганізатаркі абяцаюць падтрымліваць удзельніц і дапамагаць ім на кожным этапе.
Варкшопы пройдуць 31 кастрычніка, 14 і 28 лістапада, па суботах, з 11:00 да 17:00. Працоўныя мовы – беларуская і руская.
Удзел бясплатны. Курс пройдзе афлайн у Варшаве. У першую чаргу запрашаюць тых, хто жыве ў горадзе. Кампенсаваць выдаткі на праезд з іншых гарадоў арганізатаркі не змогуць.
Падаць заяўку можна да 27 кастрычніка праз форму.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

















