Падчас рэстаўрацыі палацава-паркавага комплексу «Свяцк» каля Гродна спецыялісты выявілі насценныя карціны, якім больш за 200 гадоў. Сярод знаходак – жаночы партрэт, які рэстаўратары назвалі творам сусветнага ўзроўню. Пра гэта 30 кастрычніка паведаміў тэлеграм-канал «Пул 4 рэгіёна».
Карціны знайшлі падчас рэстаўрацыйных прац у інтэр’ерах палаца. Цяпер спецыялісты аднаўляюць тры асноўныя залы: пейзажную, залу імператарскіх партрэтаў і залу №6, а таксама парадную лесвіцу.

Рэстаўрацыя палацава-паркавага комплексу «Свяцк». Фота: @pul4region, Telegram.com.
Паводле намесніка кіраўніка Гродзенскай вобласці, у кожным памяшканні былі знойдзены элементы гістарычнага жывапісу XVIII стагоддзя – выявы, зробленыя тэмперай па тынку.
Асаблівую каштоўнасць, як адзначыў дырэктар дызайн-студыі «Пальметта», мае жаночы партрэт, адкрыты ў зале імператарскіх партрэтаў. «Ён – найвышэйшага сусветнага ўзроўню, варты і Эрмітажа, і Лувра, і любога музея свету», – сказаў спецыяліст.
Паводле рэстаўратараў, жывапіс захаваўся ў добрым стане. Аўтарамі прац маглі быць майстры, якія стаялі ля вытокаў літоўскай, польскай і беларускай школ жывапісу.

Партрэт. Фота: @pul4region, Telegram.com.
Палацава-паркавы комплекс «Свяцк» знаходзіцца недалёка ад Гродна. Ён быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі па ініцыятыве прадстаўніка роду Валовічаў. Праект распрацаваў італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака.

Жаночы партрэт. Фота: @pul4region, Telegram.com.
Да 2005 года ў будынку дзейнічаў санаторый, але пасля гэтага палац заставаўся пустым. У 2009 годзе комплекс перадалі санаторыю «Азёрны», які належыць Нацбанку. З 2017 года тут ідуць рэстаўрацыйныя і даследчыя работы.
Паводле звестак выдання Hr***a.l**e (беларускія сілавікі называюць яго «экстрэмісцкім»), на аднаўленне комплексу, у тым ліку рэстаўрацыю мура, сувенірнай крамы і склепа для захоўвання він і безалкагольных напояў, плануюць выдаткаваць больш за 25 мільёнаў рублёў.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.















