

Сёння, 16 верасня, мінскі гадзіннікавы завод «Луч» выпусціў лімітаваную калекцыю гадзіннікаў да 105-годдзя Купалаўскага тэатра. У яе ўвайшлі 2 мадэлі, прысвечаныя спектаклю «Паўлінка».
Новая калекцыя атрымала назву «Паўлінка» ў гонар спектакля, які з’яўляецца «сімвалам беларускай культуры і нематэрыяльнай спадчыны».


Новая лімітаваная калекцыя «Паўлінка». Фота: тэлеграм-канал @luchofficial.
Усяго выпушчана два варыянты гадзіннікаў: у барвовым і карычневым колерах. Кожны варыянт абмежаваны 105 экзэмплярамі. Корпус зроблены ў колеры «ружовае золата», шкло сферычнае, раменьчык са скуры. На гадзінніках ёсць гравіроўка, якая падкрэслівае іх калекцыйны характар.
«Калекцыя ўвасабляе тэатральную атмасферу, дзе час замірае, а мастацтва становіцца вечным. Створана для тых, хто цэніць культуру, спадчыну і прыгажосць імгненняў», – растлумачыла каманда завода.
Кошт аднаго гадзінніка – 529 руб. Набыць іх можна ў фірмовых крамах «Луч» і на сайце.
Што такое «Паўлінка» і чаму гэты спектакль важны для Купалаўскага?
«Паўлінка» – гэта спектакль па аднайменнай п’есе Янкі Купалы, які лічыцца адным з галоўных у рэпертуары Купалаўскага тэатра. Яго ўпершыню паказалі ў 1944 годзе, калі трупа была ў эвакуацыі ў Томску. З таго часу пастаноўка стала традыцыйнай – ёю штогод адкрываюць новы тэатральны сезон.
«Звычайную гісторыю пра тое, як дзяўчына абрала сабе жаніха насуперак бацькоўскай волі, народны паэт Беларусі Янка Купала шчодра аздобіў нацыянальным каларытам і сакавітым народным гумарам», – пішуць на сайце тэатра.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.