19 жніўня ў выдавецтве Routledge выходзіць новая англамоўная кніга Віктара Марціновіча Belarus in Autoethnographic Narratives: The Art of Mercy Against Oblivion. У ёй аўтар спалучае асабістыя гісторыі сваёй сям’і і калектыўную памяць беларусаў, закранаючы тэмы вайны, суперажывання і сілы мастацтва.
Беларускі пісьменнік Віктар Марціновіч рыхтуе да выдання новую нон-фікшн-кнігу на англійскай мове. Яна называецца Belarus in Autoethnographic Narratives: The Art of Mercy Against Oblivion – «Беларусь у аўтаэтнаграфічных наратывах: мастацтва міласэрнасці супраць забыцця», паведамляе тэлеграм-канал De facto.

Кніга Віктара Марціновіча. Фота: Routledge.com.
Кніга выйдзе 19 жніўня ў выдавецтве Routledge – адным з найстарэйшых акадэмічных выдавецтваў у свеце. Перадзаказ ужо адкрыты ў буйных інтэрнэт-крамах.
Што гэта за кніга?
У аснове кнігі – перапляценне асабістых успамінаў аўтара і калектыўнага досведу беларусаў. Марціновіч расказвае гісторыі людзей, якія перажылі дзве сусветныя вайны, і тых, хто сёння шукае шлях праз палітычны і культурны крызіс у рэгіёне.
Адна з цэнтральных гісторый – пра прадзеда аўтара Амяльяна, пакаранага смерцю нацыстамі пасля выратавання яўрэя. Таксама Марціновіч разважае пра такіх беларускіх мастакоў, як Хаім Суцін і Марк Шагал: іх творчы шлях падаецца як доказ устойлівасці рэгіёна.
Сярод назваў раздзелаў – «Акупацыя», «Крыжовы паход жанчын», «Пошукі мовы». У кнізе шмат увагі надаецца тэмам суперажывання, даравання і таму, як мастацтва дапамагае чалавеку і грамадству захаваць памяць і чалавечнасць нават у цяжкія часы.
Хто такі Віктар Марціновіч?
Віктар Марціновіч – вядомы беларускі пісьменнік, журналіст і мастацтвазнаўца. Ён напісаў «Мову», «Параною», «Возера радасці» і іншыя кнігі, якія неаднаразова станавіліся бестселерамі і перакладаліся на розныя мовы.

Віктар Марціновіч. Фота: CityDog.io.
Дарэчы, у 2024 годзе сілавікі затрымалі 3D-візуалізатара за нібыта ўдзел у пратэстах 2020 года. Адзін з «доказаў» яго пратэснай дзейнасці, на думку сілавікоў, – раман Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя», які, дарэчы, не прызнаны «экстрэмісцкім».
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.