5 месцаў Зялёнага Лугу: “Тут ёсць помнік, якому 15 тысяч гадоў”

5 месцаў Зялёнага Лугу: “Тут ёсць помнік, якому 15 тысяч гадоў”
Штотыдзень CityDog.by просіць цікавых людзей паказаць 5 месцаў любімага раёна. Сёння гістарычны цэнтр Зялёнага Лугу (ён знаходзіцца на захадзе мікрараёна) паказвае школьны настаўнік і бард Аляксей Галіч. 

Штотыдзень CityDog.by просіць цікавых людзей паказаць 5 месцаў любімага раёна. Сёння гістарычны цэнтр Зялёнага Лугу (ён знаходзіцца на захадзе мікрараёна) паказвае школьны настаўнік і бард Аляксей Галіч. 

– Мікрараён жыве сучасным жыццём, гістарычнага тут мала, – перажывае Аляксей, калі дамаўляемся пра сустрэчу. – Ну, я магу расказаць хіба пра ледавіковую марэну, пра іконы на камянях...

Тут мы і зразумелі, якія дзівы нас чакаюць. Пра ледавіковую марэну пад бокам чуеш не кожны дзень.

Месца №1, цэнтральнае: мікрараён “Зялёны Луг-7”

Сустракаемся ля прыпынку тралейбуса “Зялёны луг-3”, на скрыжаванні вуліц Мірашнічэнкі і Гамарніка.

– Нам прывычна звязваць назву мікрараёна Зялёны Луг не з гэтай часткай, а з вуліцай Каліноўскага. Гэты мікрараён быў гонарам савецкага Мінска. Архітэктары там вельмі ўдала выкарысталі рэльеф, зусім яго не разбурыўшы. Але там, дзе Каліноўскага, былі іншыя вёскі, а вёска Зялёны Луг – у лагчыне пры кальцавой дарозе.

– Ёсць некалькі старых варыянтаў назвы, якія згадваюцца ў 16-м стагоддзі: Зялёны Луг і Зялёны Лог. Дакладныя звесткі па дварах, па колькасці жыхароў прыходзяцца на 19-е стагоддзе: вядома, што тут была карчма і чатыры двары. Гэта была невялічкая вёска, больш значным паселішчам была суседняя Цна, якой валодалі Радзівілы, потым Талочкі і Ёдкі. А ў савецкі час тут былі калгасныя палі, пасля рэвалюцыі калгас Варашылава. І раён называўся Варашылаўскі.

А хіба Цна не за кальцавой?

 – Ёсць дзве Цны: Цна Хмарынская бліжэй да Навінак, за кальцавой, а гэта Цна Ёдкаўская. Там цяпер цэнтральная вуліца завецца Ёдкаўскай, а раней яна была Рабочай.

Тутэйшыя жыхары акрамя таго, што выконвалі сялянскую працу, яшчэ працавалі на торфараспрацоўках. Балоты цягнуліся ажно да Лагойскага тракта. А з Лагойскага тракта вяла вузкакалейка да электрастанцыі каля цырка, куды вазілі гэты торф. Калі з’явілася другая электрастанцыя – на Багдана Хмяльніцкага, у двары Дома друку, – вузкакалейка па Якуба Коласа прайшла туды. Нездарма па Якуба Коласа пасля трамвай пусцілі!

Зялёны Луг увайшоў у мяжу горада ў 1976-м. Ён быў першым раёнам Мінска, дзе пачалі весці комплекснае будаўніцтва: побач з дамамі рабілі крамы, дзіцячыя садкі... Фактычна горад у горадзе.

 

Месца №2, скандынаўскае: ледавіковы кам

Зялёны Луг – месца, дзе мінскі настаўнік можа правесці захапляльны ўрок геаграфіі. З вуліцы Мірашнічэнкі спускаемся ў зялёную зону і ідзём да зарослага лесам пагорка.

– У гэтым раёне ёсць помнік, якому 15 тысяч гадоў. Гэта кам – ледавіковая геалагічная структура. Яна засталася з апошняга ледавіка ў амаль некранутым стане. Таму гэта і помнік. Калі вы зможаце туды трапіць увосень ці ўвесну, калі лістоты няма, то празрыстасць лесу дазволіць акінуць вышыню, даўжыню на вялікія сотні метраў, адчуць атмасферу ледавіковага рэльефу!..

– А можаце папулярна патлумачыць, што такое гэты кам і адкуль ён?

– Ледавік – гэта і агульнае пахаладанне клімату, і рух лядовай масы са скандынаўскіх гор. Гэта маса лёду пастаянна павялічвалася: снег падаў, збіралася вільгаць, усё гэта ўтрамбоўвалася. Па Еўропе ішоў ледавік вышынёй 2 кіламетры, уявіце!

“У Мінску ўсяго некалькі месцаў, дзе захаваўся спрадвечны, дзікі лес: парк 50-годдзя Кастрычніка, парк Чалюскінцаў – і вось гэта”.

Маса лёду рухалася з поўначы на поўдзень і ўвесь час прырастала. Ледавік пхаў перад сабой усё больш камянёў, гліны, пяску... І якраз тое, што ледавік прыцягнуў і, адступіўшы, пакінуў, – гэта і ёсць камы і озы. Камы – пагоркі акруглай формы, озы – выцягнутай. Яркі прыклад озаў у Беларусі – Блакітныя азёры: і самі катлавіны азёр, і падоўжаныя пагоркі паміж імі.

А мінскія пагоркі, Мінскае ўзвышша – гэта ўсё парода, якую апошні ледавік – Паазёрскі, або Валдайскі – сцягнуў са Скандынаўскіх гор і якую назбіраў па дарозе.

Ледавік прыйшоў у Мінск з поўначы і нерашуча спыніўся недзе ў цэнтры сучаснага горада. Таму ў Мінску хапае пагоркаў, але паўднёвая частка ўся раўнінная: ледавік не дайшоў.

Клас! То бок зеленалугскі кам – скандынаўскі куток у Мінску?

– Ну, тут не толькі скандынаўская парода. Напрыклад, нашы валуны маюць паходжанне з Карэліі і Ленінградскай вобласці. А пясок і гліна – усё сабранае па дарозе.

 

Месца №3, утульнае: Цнянскае вадасховішча і заказнік

І ўсё ж дух Скандынавіі ў Зялёным Лузе яўна прысутны: ёсць і цёмны лес нібы са шведскіх трылераў, і акуратныя някідкія месцы адпачынку ды пракладзеныя пліткай сцежкі, як пры шведскім сацыялізме. Побач з камам – вялікае Цнянскае вадасховішча.

– Актуальная тут праблема – будаўніцтва кортаў, – Аляксей паказвае будаўнічую пляцоўку проста на беразе. – Пакуль будаўніцтва прыпынілі, бо падняліся людзі, мясцовыя жыхары. Гэта ж водна-зялёная зона для ўсіх мінчан, якія прыязджаюць з усяго горада!

Цнянскае вадасховішча – наліўное возера. Раней тут былі пашы, ворывы, сенакосы вяскоўцаў, потым калгасныя землі. Глебы былі вельмі ўрадлівыя. Але ў 60-х пачалі ствараць Вілейска-Мінскую водную сістэму, якая гораду мусіла даць ваду, бо горад прырастаў. Сістэма злучыла басейны Нёмана, Свіслачы і Дняпра (праз Беразіну).

– Сістэма пачыналася з Вілейскага вадасховішча, але, паколькі да Радашковічаў рэльеф павышаўся (Вілейскае вадасховішча знаходзіцца на 75 метраў ніжэй за Мінск), стварылі 5 насосных станцый і 4 участкі, па якіх пераганялі ваду. А з Радашковічаў вада спускалася ўжо натуральным чынам. З’явіліся водныя рэзервуары: Заслаўскае вадасховішча, Крыніца, Дразды. На Цнянскае вадасховішча вада паступае з Драздоў. А далей злучаецца са Сляпянскай водна-зялёнай сістэмай. Адсюль да Трактарнага – 22 кіламетры, на шляху зроблена 11 каскадаў – штучных бетонных парогаў. Будаўніцтва сістэмы скончана ў 1985-м.

Востраў пасярэдзіне вадасховішча – заказнік “Цнянскі” – не заўсёды быў востравам. Там знаходзілася сядзіба шляхецкага роду Ёдкаў, пасля рэвалюцыі ў ёй была школа. Дарэчы, аднаго з настаўнікаў гэтай школы па прозвішчы Груша ў 30-я расстралялі, відаць, тут побач, у Курапатах. На востраў Ёдкаў вядзе адзін мосцік. А яшчэ захавалася ліпавая алея, якую саджалі пры Ёдках, – гэта цяпер самыя высокія дрэвы на востраве.

На беразе вадасховішча на рацэ Цна стаіць і аднайменная вёска, і катэджны пасёлак. Некалькі гадоў таму шэраг катэджаў пабудавалі ў пойме Цны. Уявіце, як жыць на заліўным лузе! Увесь час падтаплівае, і падступаюць грунтовыя воды. Ёсць праблемы, і людзі то купляюць дамы ў Цне, то прадаюць. Бо там немагчыма пражыць. Многія катэджы ўвогуле будаваліся ў зоне, забароненай для пабудовы, у водаахоўнай зоне. Потым проста змянялі мяжу зоны – і ўсё, нібы і не было праблемы.

 

Месца №4, духоўнае: царква Уваскрасення і маляваныя камяні

Уваскрасенская царква знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Гамарніка і Мірашнічэнкі. Хоць яна і новая ды не вылучаецца адметнай архітэктурай, сюды можна смела везці замежных турыстаў – месца ўнікальнае.

– Гэта царква нібы пераняла эстафету ў старажытнай Святаўваскрасенскай царквы, якая была на Нямізе з 17-га стагоддзя, – расказвае Аляксей. – У 19-м стагоддзі яе разабралі, і яе матэрыялы пайшлі на будаўніцтва царквы ў Крупцах (на праспекце Пераможцаў ля паварота на Дразды. – Рэд.). А ў 1994 годзе, калі ў кожным раёне Мінска сталі будаваць па храме, такі храм з’явіўся і ў Савецкім раёне. Адкрылі царкву ў 2006 годзе, хоць прыход з’явіўся яшчэ ў 1994-м: тут доўга стаяла вайсковая палатка, у 1997-м у ёй прайшла першая служба. Унікальна, што царква цалкам распісана выявамі беларускіх святых: тут і Кірыла Тураўскі, і Ефрасіння Полацкая…

У царкве дзве залы: верхняя – Уваскрасення Хрыстова, ніжняя – імя беларускага святога Іаана Кармянскага, ёсць і частка яго мошчаў. Іаан Кармянскі – Іван Гашкевіч – святар з Магілёўшчыны, які стаў заснавальнікам царквы ў Карме Гомельскай вобласці: ён параіў настаяцелю маліцца тры дні, каб Бог паказаў месца будучага храму, і, паводле падання, Бог паказаў: вечарам у цэнтры вёскі самі сабой загарэліся свечкі. Царкву ў Карме скончылі ў 1907 годзе, а Іван Гашкевіч памёр восенню 1917-га. Мошчы адшукалі ў 1991-м, а ў 1998 годзе Іаана кананізавалі.

– Святаўваскрасенскі прыход далучаны да ўшанавання памяці пра Курапаты. Сярод прыхаджан ёсць мастак-іканапісец Анатоль Кузняцоў і іерэй Уладзімір Стукач. Яны ўдзельнічалі ў перапахаванні ахвяр у Курапатах. У Курапатах Кузняцоў знайшоў першы камень для сваёй экспазіцыі іконы на камяні – і пачаў маляваць на валунах. Але гэта не проста малюнкі, першы крытэрый для яго – нешта ўбачыць на валуне: рысы твару, лік, элементы адзення. У выніку да сярэдзіны 2000-х Кузняцоў распісаў на тэрыторыі Курапатаў 400 валуноў, а цяпер іх ужо амаль 500. Ён стварыў з валуноў імправізаваную каплічку: расставіў іх па абрысе плана царквы.

А каля 50 валуноў ёсць тут, за царквой у Зялёным Лузе. Царкве не вельмі гэта падабалася, можа, як некананічнае мастацтва, але гэта традыцыя прыжылася. І, калі цяжка каму даехаць да Курапатаў, можна прыйсці сюды, пабачыць гэту яго канцэпцыю.

Была праблема захавання гэтых выяў, бо пад дажджом, пад ветрам яны разбураюцца. Мастак спрабаваў фарбу пакрываць лакам або адразу мяшаць фарбу з клеем, але апошнім часам ён кажа, што не трэба на камянях моцна маляваць, а трэба проста даць агульныя рысы, каб сама тэкстура каменя і ўтварала выяву. Тады і не трэба клапаціцца, што фарбу змые.

 

Месца №5, нябачнае: дарога на Курапаты

Самая высокая кропка Зялёнага Лугу – Курапаты. І ўсе навакольныя вёскі – Цна-Ёдкава, Зялёны Луг, Дроздава – знаходзяцца ніжэй. Менавіта з-за такога рэльефу расстрэлы ў Курапатах было чуваць.

– Зялёны Луг сумна вядомы Дарогай смерці, якая ішла ад турмы КДБ у Курапаты. Дарога збочвала сюды з Лагойскага тракта і ішла праз сучасны мікрараён. Апошні кавалак яе праходзіць па полі побач з Курапатамі. Так проста яе не відаць, але з космасу, на спадарожнікавых здымках, яна бачная.

Праз мікрараён Зялёны Луг ездзілі, бадай, усе, хто бываў у Курапатах. Праз яго штогод на Дзяды праходзіць шэсце – сімвалічна, што людзі ідуць фактычна той жа Дарогай смерці, па якой везлі ў 30-я на расстрэл.

– Таксама адсюль у 1990-я мастак Кузняцоў з жонкай і іншыя прыхаджане Уваскрасенскай царквы хадзілі парадкаваць Курапаты. Па парадзе іерэя Стукача мастак прынёс з сабой 20 дрэўцаў і высадзіў. На наступны дзень яшчэ 80 дрэўцаў – і так засадзіў горку, тую, якая з самага пачатку і называлася Курапатамі (асноўны масіў, дзе расстрэльвалі людзей, у 1930-я называўся Брод. – Рэд.). Была ідэя на маладых і старых дрэвах зрабіць шпакоўні. Каб у іх прыляцелі птушкі, як душы памерлых... Хаця на могілках звычайна так не рабілі, але такой была ідэя мастака. Але ў 2000-я яго аб’ект трапіў пад уздзеянне вандалаў: малявалі свастыкі на валунах, ламалі дрэўцы, шпакоўні...

– У нас часта бывае, што вуліцы называюцца імёнамі катаў. Бывае, што на гэтых вуліцах жылі і іх ахвяры. Гэта такія культурныя з’явы, што не растлумачыш… Калі будавалі мікрараён, адну з вуліц назвалі імём Яна Гамарніка. Насамрэч ён быў Якавам – яўрэй родам з Жытоміра. У маладосці захапіўся бальшавізмам, быў верным камуністам, падаўляў антыбальшавіцкія мецяжы...

Ён быў першым сакратаром ЦК кампартыі Беларусі ў 1928-1929-м. Тады якраз пачалася калектывізацыя, і ў краіне ішлі палітычныя спрэчкі. Сталін у выніку загубіў сяло, адабраў у людзей маёмасць, загнаў у калгасы. А Томскі, Бухарын, Рыкаў прапаноўвалі дыктатуру захоўваць, але сялян не чапаць. Гамарнік падтрымаў Сталіна і ў знішчэнні вёскі, і ў разгроме апанентаў.

Ян Гамарнік кіраваў партыяй не толькі ў Беларусі, але і на Далёкім Усходзе. Удзячныя камуністы перайменавалі горад Сучан у Гамарнік (сучасны Партызанск).

Сталін і Гамарнік вітаюць дэлегатку ад дзяцей на Усесаюзным з’ездзе жонак камандзіраў Чырвонай арміі.

Але парадокс у тым, што ў 1937 годзе, калі Сталін “раскрыў” ваенна-фашысцкую змову сярод сваіх паплечнікаў, то і Гамарніка арыштавалі. Але той разумеў, што будзе, і вырашыў не чакаць расстрэлу. 1 чэрвеня газеты апублікавалі кароткае паведамленне: “Былы член ЦК ВКП(б) Я. Б. Гамарнік, заблытаўшыся ў сваіх сувязях з антысавецкімі элементамі і, мабыць, баючыся выкрыцця, 31 мая скончыў жыццё самагубствам”. Такі лёс – і ахвяра, і кат.

 

І яшчэ крыху

Колер раёна: шэры. У сэнсе, калі ўлічыць, якая прырода прыгожая і як яна забудавана гэтымі панэльнымі дамамі і блочнай сістэмай.

Пах раёна: хвоі, сасны. І з Курапатамі асацыіруецца, там таксама сосны, і гэты пах там асабліва ёсць.

Гук раёна: плёскат вады, адчуванне мора. За гэтай шэрасцю ёсць нешта такое… Прырода. Прырода натуральная і прырода, створаная чалавекам. Гук гэты дае такое рэха, што ты адчуваеш нейкую вялікую, далёкую прастору. Такое ж адчуванне нечага далёкага ёсць і на моры, там здаецца, што гукі даходзяць за кіламетры.

Смак раёна: Давайце напішам пра рэстаран “Вільня”? Раней тут была забягалаўка, а рэстаран з’явіўся гады два таму, не больш. Але якое добрае месца: якраз паміж Віленскай і Лагойскай дарогамі. Карчма, як у даўнія часы! Хоць назву і не разабраць, і шкада, што па-руску. Але надзея ёсць!

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

   Фото:  CityDog.by

Еще по этой теме:
Лібкнехта і Волаха: 5 месцаў раёна паказвае неверагодная супрацоўніца Купалаўскага
Шабаны: 5 месцаў раёна, пра якія мусіць ведаць кожны мінчук
Камароўка: 5 месцаў былога самага крымінальнага раёна Мінска
поделиться