Вялікая экскурсія па Трактарным: 5 месцаў самага прыгожага раёна Мінска

Вялікая экскурсія па Трактарным: 5 месцаў самага прыгожага раёна Мінска
CityDog.by працягвае знаёміць вас з раёнамі Мінска. Пачуўшы пра хуткі знос часткі раёна Трактарнага завода, мы паспяшаліся прайсціся па яшчэ некранутым пасёлку. Родныя месцы паказаў нам паэт Віктар Жыбуль, які нарадзіўся тут і жыве да цяперашняга часу.

CityDog.by працягвае знаёміць вас з раёнамі Мінска. Пачуўшы пра хуткі знос часткі раёна Трактарнага завода, мы паспяшаліся прайсціся па яшчэ некранутым пасёлку. Родныя месцы паказаў нам паэт Віктар Жыбуль, які нарадзіўся тут і жыве да цяперашняга часу.

Трактарны завод сапраўды адзін з самых харошых і дакладна – самы цэльны раён горада. Сіметрыя тут – усё, атмасфера месцамі нібы ў старажытнагрэчаскім полісе. Але 100 гадоў таму на гэтым месцы не было і следу цывілізацыі – тут быў дзікі лес.

– Парк 50-годдзя Кастрычніка – гэта тое, што засталося ад таго лесу, – расказвае Віктар. – У пісьменніка Сяргея Пясецкага ёсць раман “Багам ночы роўныя”. Там галоўныя героі Раман і Ліза вырашылі пашпацыраваць за горад, і падрабязна апісаны іх маршрут: праз Архірэйскую слабодку (вуліцу Пуліхава), уздоўж чыгункі, цераз рачулку Сляпянку і далей у лес, па якім яны дайшлі да вельмі прыгожага возера. Я ўсё думаю, дзе ж магло быць гэтае возера. Атрымліваецца, недзе тут, на тэрыторыі пасёлка! Але ніхто пра яго не памятае. Хоць у нарысах пра будаўніцтва пасёлка я чытаў, што ён пачаў будавацца на беразе сажалкі...

Звычайна наш раён называюць Трактарны пасёлак, але вы можаце сустрэць і назву Трактарагорад. Гэта такая паэтычная назва, яна ўзнікла, калі раён толькі будаваўся і паэты яго апявалі ў вершах, называлі яго Трактарагорад або Трактараград.

Ад Трактарнага завода ідзе бульвар Трактарабудаўнікоў. Ён выглядае пачаткам параднай восі Трактарнага пасёлка і закліканы прадставіць такі бок жыцця рабочых, як спорт. Тут дагэтуль захаваўся стадыён, узімку яго заліваюць – і атрымліваецца каток.

А трохі вышэй за стадыён – пляцоўка для гульні ў гарадкі. Гэта ўнікальная пляцоўка, бо раней у Мінску было 8 або 10 такіх, а цяпер толькі дзве: тут і на завулку Казлова. Тут калісьці даўно былі стэнды, дзе ўсе фігуры былі намаляваны і падпісаны.

“Фантанчык, які захаваўся з пачатку 50-х гадоў: улетку для піцця, а насамрэч для заліўкі катка. Калі нехта кажа, што ў Трактарным пасёлку не захавалася старых фантанаў, то я паказваю – вось, адзін захаваўся”.

З бульвара Трактарабудаўнікоў адкрываецца перспектыва на пасёлак і на вуліцу Алега Кашавога – самую парадную вуліцу Трактарагорада.

“У пасёлка былі два асноўныя архітэктары: Сямён Разэнфельд і Веніямін Кастэнка – яны самі з Харкава, але працавалі доўгі час тут”.

У перспектыве вуліцы Кашавога – інтэрнат Трактарнага завода. Яго спраектаваў Леанід Левін, адзін з аўтараў мемарыяла “Хатынь” і плошчы Якуба Коласа.

У вуліцу Кашавога, відаць, архітэктары імкнуліся ўкласці найбольш усяго, яна самая функцыянальная: там і крамы, і бібліятэка, аптэка, хімчыстка, атэлье, дзіцячы садок, зберкаса – усе неабходныя ўстановы для шчаслівага жыцця працоўных. Гэта цэнтральная вуліца пасёлка, а другая цэнтральная – Стаханаўская, яна, наадварот, ціхая, спакойная.


Месца № 1, на выпадак вайны:
стары дом культуры Трактарнага завода
(рог Кашавога і Клумава)

Калі з бульвара Трактарабудаўнікоў звярнуць направа і прайсці ў пачатак вуліцы Алега Кашавога, можна ўбачыць самы стары будынак пасёлка, які вы дакладна пазнаеце, нават калі ніколі тут не гулялі.

– Будынак з рэстаранам “Колас” (не ведаю, што замест яго будзе цяпер) – візітоўка нашага раёна. Дом мае вось такую арыгінальную вежу. Калі мясціны яшчэ былі ўскраінай, тыя, хто ехалі з горада, бачылі вежу і разумелі, што вось пачынаецца Трактарны пасёлак. Некаторыя думаюць, што некалі тут была пажарная частка, але гэта няпраўда. Вежа мае найперш дэкаратыўную функцыю, але ў савецкія часы не ўсё так проста было: такія вежы выкарыстоўваліся і як патэнцыйны назіральны пункт на выпадак вайны ці чаго-небудзь такога надзвычайнага.

Гэта, дарэчы, самы стары будынак Трактарнага пасёлка, пабудаваны яшчэ да вайны, у канцы 30-х. Тады тут будаваўся не Трактарны завод, а авіяцыйны, на якім перад самай вайной пачалі збіраць самалёты Як-9. У пісьменніцы Веры Лютавай ёсць аповесць “Зарево над лесом” пра будаўніцтва трактарнага завода, і вось адзін з герояў жыў у развалінах заводаўпраўлення авіяцыйнага завода, толькі ў аповесці нельга было назваць завод авіяцыйным (тут збіраліся канструяваць ваенныя знішчальнікі, таму месца было засакрэчана), і ён пераўтварыўся ў станкарамонтны.

Пасля вайны гэты дом адрэстаўравалі і зрабілі тут заводскі клуб: была кіназала, канцэртная зала, бібліятэка, дошка гонару – карацей, усё адразу. Такую ролю ён выконваў, пакуль не збудавалі новы будынак ДК МТЗ. Пасля таго тут месціўся дом фізкультуры і рэдакцыя заводскaй газеты, у якой, дарэчы, нейкі час працаваў пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. У яго кнізе “Натуральная афарбоўка” вобраз прадпрыемства спісаны якраз з Трактарнага завода, бо сам Альгерд паводле свайго абавязку часта там бываў.

“Раней гэты будынак выглядаў больш каларытна, асабліва са двара: было бачна, што ён пабудаваны са старой чырвонай цэглы, а цяпер гэта ўсё абклалі футрам. Раней ён быў з вуліцы тынкаваны, а з двара цагляны”.

Месца №2, дзіцячае:
сквер і квартал Клумава-Стаханаўская

– Клуб, які мы толькі што пабачылі, даў імя вуліцы Клубнай. Але па сугуччы ў 1967 годзе яна была пераназвана імем Клумава.

Гэта сквер Клумава, а раней жыхары яго называлі проста Чыгуначны – па краі яго праходзіць чыгунка на Маскву. У дзяцінстве мы з бабуляй хадзілі сюды збіраць грыбы – зялёнкі і радоўкі. Тут калісьці быў фантан – круглы такі басейнік з рыбкамі. Таксама некалі, кажуць старажылы, была летняя эстрада. А ў мой час тут месцілася футбольнае поле. З ім у мяне звязаны траўматычны ўспамін: я бег па ім, бег, а там ляжалі паваленыя вароты, я зачапіўся і так моцна пабіў калена, што пару гадзін не мог хадзіць.

Мы ў дзяцінстве лазілі праз чыгунку на Завод аўтаматычных ліній, там былі раскіданы шарыкі, бракаваныя падшыпнікі, мы іх збіралі для сваіх гульняў. Незадоўга пасля таго, як мяне моцна пакусаў сабака, мы з сябрамі чарговы раз туды ішлі, і яны кажуць: “Вось прыйдзем, а там на нас ужо ўсё падрыхтавана: дэсантнікі з аўтаматамі, танкі, аўчаркі...” Я кажу: “Ой, толькі не аўчаркі!” Яны кажуць: “Не палохайце вы яго гэтымі танкістамі, дэсантнікамі, з яго хопіць і аўчарак!”

Дарэчы, у фільме “Гамункулус” 1988 года ёсць эпізод, калі міліцыянеры ў канаве ля гэтай чыгункі, недзе ў кустах, знаходзяць дзіцячы труп. І са словамі “Ну ўсё, паехалі ў морг” яны едуць па Стаханаўскай, Чабатарова... А на Чабатарова кадры ўжо пераключаюцца ў сам морг. Але цікава, што ў дзяцінстве мы адзін аднаго любілі палохаць: там стаялі ў двары дзве нежылыя пабудовы, і мы прыдумалі, быццам у адной з іх быў крэматорый морга, а ў другой крэматорый раддома. Мне так сябры сказалі, я пытаюся: “Як гэта – крэматорый раддома?”, а яны кажуць: “Ну, дзяцей шмат памірала, вось і зрабілі крэматорый раддома!”

Хоць, вядома, ніякіх крэматорыяў там не было: адзін з будынкаў быў заўжды закалочаны, а ў другім некалі месцілася нейкія медыцынская ўстанова. Калі яна выехала, мы туды залезлі і пазнаходзілі такія рэльефныя плакаты з выявамі сардэчна-сасудзістай сістэмы, нерваў, костак – і развесілі ў сябе падвале!

А ў двары клінікі “Новое зрение” з нядаўніх часоў знаходзіцца скульптурная кампазіцыя “Кот і мышы”. Кажуць, гэта нехта з супрацоўнікаў клінікі мае яшчэ і талент скульптара – вось і зрабіў кампазіцыю. Некаторым гэта кампазіцыя падаецца, скажам так, саркастычнай, бо доктар выяўлены ў абліччы ката, а пацыенты – у абліччы мышэй.

Са сквера мы павярнулі на вуліцу Стаханаўскую – другую вось Трактарнага пасёлка. На ёй знакаміты дом з Пасейдонам: дзівоснае яднанне сацыялізму і мадэрну, адзінае ў Мінску.

– Што цікава, калі дом быў пабудаваны, то гэтых русалачак і Пасейдона не было, яны з’явіліся ў пачатку 2000-х, калі прадпрымальнік перарабіў былую краму гародніны ў краму “Водный мир”, дзе прадавалі акварыумы і рыбак. Уласнік, напэўна, меў мастацкі густ – гэты барэльеф вельмі добра сюды ўпісаўся.

Спачатку дом з Пасейдонам будавалі для інжынерна-тэхнічных работнікаў Трактарнага завода. А на іншым канцы квартала сялілі ўдарнікаў-стаханаўцаў, перадавікоў вытворчасці. Таму і вуліцу назвалі Стаханаўскай.

Квартал мае сіметрычны выгляд. І паміж аднолькавымі дамамі інжынераў і стаханаўцаў стаіць дом, які, мяркуючы па ўсім, застаўся з даваеннай пабудовы, хоць на пашпарце і напісана “1949 год”. Гэта тыповы ДАС – дом афіцэрскага саставу: там вялікія кватэры, усяго дзве на пляцоўцы. Думаю, гэты дом будавалі для афіцэраў авіяцыі.


Месца №3, якое хутка знікне:
квартал вуліц Клумава, Шчарбакова, Чабатарова

Заходзім у двор дома з Пасейдонам, і Віктар паказвае нам квартал – партал у 50-я, час спадзяванняў, надзей і маладога запалу. Гэта квартал, які ў бліжэйшыя тыдні будзе знесены. Праўда, кажа ён, зруйнуюць толькі двухпавярховыя дамы.

– Кожны з гэтых дамоў паасобку, магчыма, і не ўяўляе каштоўнасці, але ўся горадабудаўнічая кампазіцыя, гэтае размяшчэнне па восі сіметрыі – гэта ж было ў свой час вельмі прадумана! Гэта вельмі хочацца захаваць.

Тут ніхто не жыве. Усе гэтыя двухпавярховікі ўжо адселеныя.

– А што будзе на месцы гэтых дамоў?

– Быў распрацаваны праект сяміпавярховых жылых дамоў. Але, як мне стала вядома, пакуль час ішоў, гэты праект быццам бы паспеў састарэць і ў чымсьці ўжо не адпавядае заканадаўству. Але зносіць квартал усё адно збіраюцца! Атрымліваецца такі знос дзеля зносу, а можна было б гэта і захаваць, каб аблічча пасёлка засталося больш-менш цэласнае.

Некаторыя спецыялісты па культуры прапанавалі падаць заяўку ў ЮНЕСКА, каб уключыць у фонд міжнароднай спадчыны забудову 50-х гадоў адразу некалькіх гарадоў: Берліна, Варшавы і Мінска. Палякі падумалі і вырашылі ўключыць туды рабочы пасёлак пад Кракавам – Новая Гута, – які шмат у чым нагадвае наш Трактарагорад. У Новую Гуту возяць турыстаў нават з замежжа! Вось так цікава: тое, што ў Польшчы хочуць захаваць, у нас прапануюць знесці.

Квартал можна было б аддаць пад дэкарацыі “Беларусьфільму” – ён карыстаецца шалёнай папулярнасцю ў рэжысёраў, расказвае Віктар:

– У гэтым квартале штогод здымаюць самыя розныя фільмы – і дэтэктывы, і фантастыку, – людзі ўжо да гэтага прывычныя. Тут быў зняты фільм, які пазіцыянуюць як першы прафесійны расійскі зомбі-фільм “Зима мертвецов. Метелица”. І якраз на Стаханаўскай адбылася самая кульмінацыйная бітва з зомбі: там цэлы натоўп гэтых зомбі ідзе на людзей – а людзі гэты натоўп мочаць.

Мясцовыя жыхары бачылі не толькі зомбі: тут здымаўся фільм “Слон” з Сяргеем Шнуравым (слана ў ім насамрэч гралі двое сланоў). Слон у фільме ішоў па вуліцы Чабатарова, ёсць там такія кадры.

Яшчэ тут здымаліся фільмы “Живая мишень”, “Трюкач”, “Родная кровиночка”... І цяпер вось, што гэта там здымаюць?..

Ідзём глядзець. Здымкі адбываюцца каля каларытнай закінутай сядзібы нібы з кніг Стывена Кінга. Сядзіба аказваецца першымі яслямі Трактарнага завода.

– Яслі пабудавалі ў 1947-м. У пісьменніка Міколы Гарулёва ёсць нарыс пад назвай “Жыллёвы гарадок”, напісаны ў канцы 40-х, у ім пісьменнік апісвае сваё падарожжа па вуліцы 11-га квартала, цяпер гэта Чабатарова. Ён піша, як заходзіў у Дом стаханаўцаў у госці да аднаго з ударнікаў, потым ішоў у яслі, размаўляў з загадчыцай. Яна расказвала, як там добра дзецям, якія ў іх планы – напрыклад, высадзіць розныя расліны па тэрыторыі сада... Раней перад садком раслі кедры, а цяпер мы можам тут бачыць веймутаву сасну, гэта дрэва Паўночнай Амерыкі, рэдкае для Беларусі.

Вядома, раней гэты двор выглядаў абсалютна іначай: тут былі агароды, гаспадарчыя будкі (там захоўвалі мяцёлкі, граблі, рыдлёўкі). Былі тут і драўляныя сараі, у якіх некаторыя людзі трымалі курэй, а можа, і яшчэ якую жывёлу...

Моўчкі чакаем, калі фатограф здыме мясцовую жыхарку на прагулцы з сабачкам. 

– Вось пра сабак, дарэчы. Калі жыхары выязджалі з гэтага квартала, то адна сям’я пакінула сабак. Яны былі такія невялічкія, мяшаныя, адзін чымсьці нагадваў шпіца, другі пекінэса. Гэтыя сабакі нейкі час жылі ў двары, і мы з жонкай хацелі іх адлавіць ды перадаць зааабаронцам. Але, як толькі мы надумалі, прыехала іх гаспадыня, забрала і выкінула недзе на Каменнай горцы. Адзін сабака так і не знайшоўся, а другога знайшлі ў дварах на Грушаўцы. Сабачка быў на некалькіх ператрымках і нарэшце апынуўся ў Шабанах. Мы яго назвалі Марсікам. Бо Марс – бог вайны, а ён быў такі ваяўнічы, абараняў свайго сябра, з якім тут застаўся, брахаў на ўсіх.


Месца №4, вусцішнае:
вуліца Шчарбакова і ваколіцы

Па Стаханаўскай і Стаханаўскім завулку ідзём на таямнічую вуліцу Шчарбакова – пра яе Віктар ведае многа страшных гісторый. Але спярша...

– Мы ідзём па завулку, які цяпер завецца Стаханаўскім, але раней быў Банным, бо тут знаходзілася ды і цяпер ёсць раённая лазня. Дарэчы, калі завулак назвалі Банны, сярод будаўнікоў, напэўна, было шмат жартаў, бо ў аднаго стаханаўца-будаўніка было прозвішча Банны, і ён якраз будаваў гэтыя кварталы – Лявон Канстанцінавіч Банны.

На гэтым завулку знаходзіцца ўстанова “Адраджэнне рамёстваў”, хоць і не завод, але мы, малыя, лічылі яе заводам. Тут вечна на рэстаўрацыі стаялі скульптуры Леніна – вось і цяпер стаіць!

– На вуліцы Шчарбакова, у доме №21 знаходзіцца мільённы метр.

– ???

– У 1968 годзе будаўнічая арганізацыя МАПІД пабудавала мільённы квадратны метр жылля (адлік вялі з 1961 года). Гэты мільённы квадратны метр аказаўся на вуліцы Шчарбакова. Калісьці на доме была памятная дошка і пано, але дошку знялі, а пано зарабілі шубай. За домам была крутая горка, там дзеці любілі катацца на санках. Гэту горку называлі Мільёнка.

На суседніх дамах, Шчарбакова, 25 і 27, захавалася прывітанне з 1950-х: шыльды з тэлефонамі нейкіх камунальных службаў, не актуальнымі ўжо паўстагоддзя. Так і вісяць.

У доме па Шчарбакова, 17 быў інтэрнат, яго зачынілі ў другой палове 80-х, і ён доўга стаяў пусты. Гадоў дзесяць яго перараблялі на жылы дом. Калі рамонт падыходзіў да фінальнай стадыі, у падвале знайшлі муміфікаваны труп. Пачалося следства, выявілі, што забіты быў жыхаром інтэрната, і нават знайшлі забойцу, але не змаглі пакараць, бо той чалавек ужо памёр.

Той самы інтэрнат.

Віктар вядзе нас да пачатку вуліцы Шчарбакова, часам збочваем у двары, потым зноў вяртаемся. Павярнуўшы налева, на Вучнёўскі завулак, упіраемся ў царкву.

– На месцы царквы раней быў Піянерскі сквер. Была тут летняя эстрада, дзе па святах адбываліся канцэрты. А яшчэ тут стаяў карабель: аснова ў выглядзе цаглянай сценкі, у ёй круглыя дзіркі, мачты, дзеці любілі тут лазіць, гулялі ў квача, у вайнушку.

Цяпер гэту тэрыторыю аддалі царкве. Жыхары ставяцца да гэтага па-рознаму. Адны кажуць, маўляў, добра, што ў нас тут царква будзе, народ, можа, стане меней п’янстваваць, задумаецца пра высокія матэрыі. А іншыя кажуць: вось, адабралі ў дзяцей сквер...

Гістарычная агароджа сквера яшчэ дзе-нідзе засталася.

Выбіраемся з двароў назад на Шчарбакова. Віктар кажа:

– Ну, пракляты дом я, напэўна, не буду паказваць...

– Вы што, абавязкова пакажыце пракляты дом!

– Ну добра. Сам я ні з кім адтуль не знаёмы, але чытаў матэрыял журналісткі Веранікі Чаркасавай, дзе яна піша, што ў гэтым доме – Шчарбакова, 5а – часта здараюцца няшчасныя выпадкі, людзі паміраюць хуткімі тэмпамі... Гэты дом пабудавалі на нямецкіх пахаваннях. Пад ім, за ім і на тэрыторыі аўтарамонтнага завода знаходзяцца нямецкія могілкі.

Большую частку Трактарнага пасёлка будавалі ваеннапалонныя, і тут, на месцы гэтага дома, іх хавалі, калі хто паміраў. Пра палонных немцаў мясцовыя старажылы расказвалі такую гісторыю: адзін палонны вырашыў уцячы і ў адной з новабудоўляў пракапаў падземны ход. Ён схаваўся ў гэтым ходзе, а яго таварышы таго не заўважылі і ход замуравалі.

– І чым скончылася? – мы затаілі дыханне.

– А што было потым, мне ўжо не расказвалі.


Месца №5, рэліктавае:
вуліца Будзённага і ваколіцы

– Назву для вуліцы, як і ў выпадку з вуліцай Клумава, падабралі па сугучнасці: раней тут пачыналася вёска Будзілава, яна ішла ў бок плошчы Ванеева і далей за Партызанскі праспект. Гэта Будзілава і дало назву вуліцы Будзённага.

Тут цяпер хрушчоўкі, а пасля вайны быў так званы сацгарадок, з баракаў.

Цяпер на гэтай вуліцы стаіць універсам “Трактаразаводскі”, а раней на яго месцы быў рынак. У мяне пра рынак захаваліся ўспаміны з зусім ранняга дзяцінства: каменная крама “Рыба” – зусім маленькая, але архітэктурай нагадвала тое, што вакол. Калі пабудавалі ўніверсам, гандлёвыя шэрагі паставілі побач, вось і цяпер трохі ад іх засталося.

У доме па Будзённага, 19 на першым паверсе некалі была дзіцячая паліклініка. Праз паліклініку ішоў даволі доўгі калідор, які заканчваўся цемнаватым тупіком. І там, памятаю, быў стэнд, дзе было нешта напісана пра тэорыю Дарвіна. Была намалявана страшнаватая малпа, з вышчаранымі зубамі, і побач стаяў барадаты Дарвін. Было трохі страшна зазіраць у гэты закуток, а ў той жа час цікава разглядаць, што гэта за карцінкі такія!

Паліклінікі даўно ўжо няма, але ў двары, на доме, дзе быў яе філіял (Стаханаўская, 41), засталася старая-старая шыльда “Молочно-раздаточный пункт”: тут раздавалі малако жанчынам, у якіх свайго не хапала. Гэтымі чырвонымі дзвярыма даўно не карыстаюцца, а шыльда вось вісіць.

А яшчэ ў гэтым жа двары знаходзіцца адзіны ў квартале будынак (Будзённага, 15а), на якім стаіць дата пабудовы – 1947. Астатнія дамы пазнейшыя, а гэты захаваўся яшчэ ад паваеннага барачнага пасёлка. Але будынак ніколі не быў жылым: спярша тут была крама тканін, пасля друкарня.

Побач знаходзіцца і візітоўка раёна – унікальная скульптура “Дзяўчынка на самакаце”. Такіх у горадзе больш няма! Многія называюць дзяўчынку хлопчыкам, але, калі прыгледзецца, на галаве можна ўбачыць маленькія арматурынкі – гэта касічкі.

Мядзведзікі з бочачкай ёсць і ў іншых раёнах, а вось дзяўчынка на самакаце ў горадзе толькі адна.

Тут жа школа №22, самая старая ў пасёлку. На школе засталіся характэрныя барэльефы 50-х гадоў: глобусы, цыркулі.

А ў доме за школай захаваўся фрагмент старой агароджы. Звярніце ўвагу: з трактарчыкам! Такой агароджай былі абнесены многія дамы ў квартале, а цяпер застаўся толькі адзін.


І яшчэ крыху...

Колер раёна: крэмавы. Не такі, як цяпер, а такі, які прасочваўся трошкі раней у забудове пасёлка.

Пах раёна: ліцейкі Трактарнага завода! Але гэты цэх працуе не заўсёды, таму пры жаданні тут можна ўлавіць і больш прыемныя пахі. Улетку ў дварах расце шмат кветак – вось яны пахнуць прыемна.

Гук раёна: гэта раён заводскі, таму гукі адпаведныя, але часцей тут чуеш якраз не заводы, а чыгунку (цягнікі на маскоўскі кірунак) і трамвай.

Смак раёна: чамусьці мне прыгадваецца, як у дзяцінстве на вуліцы Кашавога, у доме, дзе цяпер сэканд-хэнд, была кавярня “Красная Шапочка”. Дзеці любілі туды хадзіць, бо там былі розныя смачныя малочныя стравы: крэм “Сняжок”, крэм “Пінгвін”... Гэта кавярня была ў падвальчыку, дзе цяпер сэканд-хэнд. Там унутры стаялі скульптуры Чырвонай Шапачкі і ваўка.

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

   Фото: CityDog.by, з архіва Віктара Жыбуля.

Еще по этой теме:
Шабаны: 5 месцаў раёна, пра якія мусіць ведаць кожны мінчук
Экскурсія па раёне аэрапорта “Мінск-1”: 5 месцаў “мінскай Вільні”
Камароўка: 5 месцаў былога самага крымінальнага раёна Мінска
поделиться