CityDog.by прапануе новы фармат знаёмства з Мінскам: цікавыя людзі паказваюць пяць знакавых месцаў свайго любімага раёна. Сёння свае Шабаны паказвае Сяргей Місюкевіч – сціплы хлопец з экзатычным, авантурным захапленнем.
Па адукацыі Сяргей інжынер-электроншчык, але даўно ўжо прафесійна займаецца вандроўкамі: суправаджае групы, якія ідуць у горы. Прафесіі можна пазайздросціць: штогод падарожжы, і не абы якія – Ісландыя, Марока, Алтай…
Усё жыццё Сяргей жыве ў Шабанах на вуліцы паэта Алеся Бачылы.
– Назва раёна паходзіць ад назвы вёскі, што была на месцы прамзоны. А назва вёскі… Для мяне яна сугучная са словам “чабаны”, што значыць “пастухі”. Магчыма, ад гэтага слова яна і пайшла.
Месца №1, дзіцячае: сквер з помнікам
– Ёсць два ўнікальныя месцы ў Шабанах: Трасцянец і прамзона, – кажа Сяргей.
Помнік Трасцянецкаму канцлагеру пастаўлены далёка ад рэальнага страшнага месца. Але пакуль атрымліваецца так, што адзіныя спакойныя, зацішныя месцы раёна – або каля помніка ахвярам, або само месца канцлагера.
Сквер з помнікам знаходзіцца пры самым Партызанскім праспекце, у вёсцы Вялікі Трасцянец. Паабапал скверыка – зусім не вясковыя, заможныя дамы. На маё захапленне забудовай Сяргей заўважае:
– Вось там, далей пры Магілёўскай шашы, знаходзіцца вялікая шабаноўская звалка, ужо закрытая. Доўгі час гэта была гарадская звалка. Зроблена яна, відаць, з парушэннем тэхналогій. Бо калі людзі з тутэйшых дамоў рыюць свідравіны, то замест вады ў іх можа ісці жоўтая жыжа. Звалка атручвае падземныя воды.
– У Шабанах няма ніякага ні парка, ні зялёнай зоны, дзе можна пагуляць з дзіцёнкам. Таму менавіта тут, ля помніка, часта можна сустрэць мам з каляскамі. А калі мы былі школьнікамі, то, хоць і далекавата, прыходзілі сюды і на паляне за помнікам гулялі ў розныя гульні.
Пытаюся, у якія. Сяргей задумваецца.
– Ну, у кіча гулялі і ў іншыя. Цяжка адразу згадаць.
Чытачы CityDog.by, вы ж памятаеце, у якія гульні гулялі ў школе?
Месца №2, з 90-х: шабаноўская плошча Рынак
– Усе гэтыя гісторыі, што вы прыязджаеце з горада, стаіце на прыпынку, і да вас падыходзяць незнаёмцы, – гэта праўда? – цікавіцца фатограф.
– Я думаю, што гэта надумана, у мяне ніколі не было такіх праблем. У Шабаноў такая дурная слава з 90-х засталася. Перасяленцы з Чарнобыля, рабацягі – і вось стваралася такое становішча.
І Сяргей вядзе нас да рэліктаў той эпохі.
– Гэта шабаноўскі цэнтр. Тут аддзяленне міліцыі. А побач знакавае месца. У 90-я тут была дыскатэка, яна называлася “Пралеска”. Збіралася мясцовая моладзь, абавязкова былі бойкі, кагосьці забівалі, рэзалі насмерць.
Потым “Пралеску” закрылі і адкрылі краму “Мяса”. Гэта такая пераемнасць. Але ўжо і “Мяса” закрываецца, бо канкурэнцыя сетак занадта вялікая: у нас ужо “Прастор” пабудавалі, “Суседзі”, “Еўраопт”. Мне падаецца, ужо і зашмат крам. Але няма ніякіх ні кавярняў, нічога падобнага. Мы з сябрамі ці ў горадзе сустракаемся, ці дома.
– Самая гістарычная крама, якая была ў Шабанах заўсёды, – “Пятроўскі”. Я хадзіў сюды маленькім. Гэта, можна сказаць, шабаноўская плошча Рынак.
На месцы паркоўкі ў 90-я былі кіёскі. Потым замест кіёскаў паставілі латкі з садавіной, гароднінай. Цяпер засталіся толькі два.
Каля магазіна бабулі прадаюць свае закруткі і гародніну. На ганку развесіў тавар прадавец джынсаў. Памераць іх тут няма дзе і як – страшны мароз. Разважаем, што купляюць, мусіць, на вока, мераюць дома і, калі не падышло, нясуць назад.
Месца №3, рамантычнае: прамзона
Сэрца шабаноўскай прамзоны рамантычна называецца могілкамі пад’ёмных кранаў: сюды з усяго горада звозяць краны, якія ўжо адпрацавалі сваё.
– Я пра гэта месца даведаўся праз інтэрнэт. Хлопцы з Мінска прыязджалі сюды пафоткацца. Цяпер большасць кранаў паклалі на бок, а некалі многія з іх стаялі.
Я памятаю, як апынуўся тут першы раз. Мне было гады 22. Мы з дзяўчынай вырашылі схадзіць разам. Плоту не было, і людзей не было, мы нікога не сустрэлі. Мы так пахадзілі, пахадзілі, а потым забраліся на самы верх, у кабінку. Пасядзелі там, паглядзелі ўніз... Цікава.
– Але, можа, і правільна, што агарадзілі? Якое дзіця ўлезла б і ўбілася... – разважаем услых. Але шабаноўцы, здаецца, усё ж перажываюць, што такое адметнае, рамантычнае месца цяпер недаступнае.
Акрамя “могілак” пад’ёмных кранаў, у прамзоне склады і вытворчасці. А таксама мінскае прадпрыемства па смеццеперапрацоўцы. Мінскія вуліцы абавязаныя сваёй легендарнай чысцінёй Шабанам.
– Заводскія пахі зімой асабліва адчуваюцца, а летам бывае спрыяльнае надвор’е – і тут стаіць суцэльны смог. Але Заводскі раён хацелася б перайменаваць у нейкі іншы. Прапануюць, напрыклад, Магілёўскі – ад Магілёўскай шашы, магілёўскага накірунку. Хацелася б і метро: Шабаны – буйны вузел. Але яго трэба выводзіць на паверхню, бо ў зямлі камунікацыі.
А яшчэ ў Шабанах офіс Wargaming. Ад метро да яго ходзяць спецыяльныя маршруткі.
– Людзі, напэўна, зайздросцяць: мала таго, што зарабляюць не па-божаску, дык яшчэ і маршрутка іх забірае, а ты сабе далей стаіш на прыпынку мерзнеш.
– Або ідзеш на курсы праграмістаў, – заўважае фатограф.
Месца №4, страшнае: лагер смерці “Малы Трасцянец”
– Шматпакутны гэты мемарыял. Яго ўсё збіраліся-збіраліся будаваць і вось нарэшце ў мінулым годзе збудавалі, – мы прыходзім на месца лагера смерці “Трасцянец”.
Спачатку хацелі зрабіць такую грандыёзную мемарыяльную лінію паміж комплексам Трасцянца і аўтобусным кальцом, праз увесь раён. Побач з кальцом і гіпермаркетам “Прастор” у вайну была чыгуначная станцыя, куды прывозілі людзей, асуджаных на канцлагер. Але цяпер такой лініі ўжо не атрымаецца: двары забудавалі дамамі – ушчыльненне.
“Гэты помнік сапраўды перадае атмасферу жаху, пакутаў людзей”, – кажа Сяргей.
– Калі зрабілі мемарыял, нехта з мясцовых прыходзіў на экскурсіі, але ажыятажу не было. Калі экскурсію падчас Фэсту экскурсаводаў рабіў гісторык Сяргей Новікаў, прыйшло чалавек 20. Гэта вельмі цяжкая тэма.
Сёлета я быў у Асвенцыме. У нас было мала часу, і мы паспелі толькі на адну частку экскурсіі. Увогуле, там па лагеры возяць на аўтобусе. Канечне, цяжкавата было. Там ёсць залы, цалкам складзеныя з людскіх рэчаў... Ну, напрыклад, заводзяць у залу і паказваюць: вось гэта акуляры ахвяр. Або валасы... Здаравеннае памяшканне, і яно ўсё запоўнена.
Напэўна ж, некалі музей і маршрут будзе і тут. Гэта вельмі цяжка ведаць, але ў нас няма выбару.
Вагончыкі – помнік тым, каго ў нялюдскіх умовах везлі з усёй Еўропы ў Мінск на смерць.
– Ці не цісне на вас такое суседства?
– Калі мы былі дзецьмі, то не надавалі гэтаму ніякай увагі. Мы сюды хадзілі гуляць: праз вясковыя могілкі – на рэчку.
Але асабліва дзіўнае становішча ў людзей, што жывуць на гэтым месцы, у вясковых дамах на тэрыторыі комплекса. Паўз падмуркі камендатур і катавальняў едзе да адной з хат дастаўка ежы з “Еўраопта”.
Кожны шукае сваю мяжу. У шабаноўскіх дварах ёсць дом, пабудаваны на вясковых могілках.
– Могілкі не пераносілі, проста зраўнялі і паставілі дом. У нас тут, у гэтым доме, жыў знаёмы, і яго гэта гісторыя ўвесь час турбавала. І ў выніку ён не вытрымаў і з’ехаў: купіў сабе іншую кватэру ў іншым месцы.
Месца №5, мілае: рыбіна будка
Ходзячы па Шабанах, мы вымушаныя ўвесь час парушаць ПДР і перабягаць у недазволеных месцах: пераходы тут вельмі рэдкія. Паглядзеўшы зводкі, упэўніліся: ці не штогод у Шабанах адбываецца ДТЗ з ахвярамі.
Дарогай Сяргей расказвае сёе-тое пра свой раён.
– Дзеячы культуры Шабаны папулярызавалі. Бахарэвіч кніжку напісаў, спектакль па ёй паставілі. Яшчэ Памідораў напісаў песню пра Шабаны, прычым у ёй адбываюцца жорсткія рэчы: забіваюць дзяўчыну. Можа, гэта і на аснове рэальнай гісторыі – было такое, што ў нас знайшлі расчлянёнае цела.
Карацей, аптымізму Шабаны падкідваюць то тут, то там.
Але сярод каменных джунгляў сустракаем нечакана радасны сюжэт.
– Тут вельмі добры ўзор стрыт-арту. Там такая прыгожая добрая рыбіна, яна мне вельмі падабаецца. Гэта нейкі будынак, дзе падыходзяць камунікацыі, – і вось яго ўпрыгожылі.
Будынак стаіць па адрасе Ротмістрава, 58. Павел Ротмістраў – герой Савецкага Саюза, танкавы военачальнік.
І яшчэ крыху
Пах раёна: У Шабанах знаходзіцца станцыя аэрацыі. Гэта там перапрацоўваюць адходы чалавечай жыццядзейнасці мінчан. Калі з яе дзьме вецер, то гэта і пах Шабаноў!
Гук раёна: Тут, дзе я жыву, даволі зацішна. Але паколькі побач школа, то я часта чую дзіцячыя галасы.
Колер раёна: Я жыву ў такім шэра-блакітным доме. Для мяне горад, Шабаны больш шэрыя, хаця ёсць і такія колеры.
Смак раёна: Каля “Пятроўскага” бабулі прадаюць свае саленні. Я бывае, набываю кансерваванае шчаўе. Не, не баюся набываць. А чаго баяцца? Гэта вельмі смачна.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Фото: CityDog.by.
Помню, в Шабанах было очень атмосферное кладбище подъемных кранов. Правда, его вроде как разобрали уже. Давно там не был...