

Натхненнем для гэтага тэксту стаў пост беларускай псіхалагіні Алены Крамнёвай у Threads. Яна падзялілася, што зусім нядаўна ўпершыню правяла кансультацыю цалкам на беларускай мове. Гэты пост выклікаў шырокуія абмеркаванні: беларусы падтрымлівалі Алену і пісалі, што гэта сапраўды важны крок.
CityDog.io зацікавіўся: што ўплывае на выбар мовы псіхалагічных кансультацый? Як да такіх сесій ставяцца самі псіхолагі і іх кліенты? Вырашылі разабрацца.
– Да таго каб пачаць весці псіхалагічныя кансультацыі на беларускай мове, мяне падштурхнулі заняткі па беларускім народным строі. На іх я пачала хадзіць прыкладна праз год пасля пераезду ў Гданьск. Там мы вывучалі не толькі выкрайкі і вышыванне, але і шырокую тэорыю беларускага строю. Уся камунікацыя адбывалася выключна на беларускай мове.
У нашых размовах я заўважыла, што нешта пачало змяняцца ва мне самой. Гэта было так глыбока і кранальна, што нават цяпер накатваюць слёзы. Дзякуючы заняткам я пачала пераходзіць на беларускую мову ў сваіх сацсетках. Камунікацыі на ёй стала так шмат, што я ў нейкі момант зразумела: я ўжо думаю па-беларуску.
Менавіта тады ў мяне ўзнікла ідэя зрабіць даследаванне на тэму мовы і тэрапіі. Мяне зацікавіла, якія асаблівасці ўзнікаюць, калі кансультацыя адбываецца па-руску або па-беларуску. Гэта быў мой першы свядомы крок да таго, каб пачаць весці кансультацыі на беларускай мове. Але на той момант кліентаў, якія хацелі б працаваць на беларускай, не з’явілася.
– Толькі ў гэтым годзе ў мяне адбылася першая беларускамоўная кансультацыя. Я нават не ведала, што яна будзе беларускамоўнай. Кліентка прыйшла з сэрвісу-агрэгатара, які мае беларускія карані. Паводле слоў кліенткі, яна свядома выбірала менавіта беларускамоўнага псіхолага. Але з усяго спіса спецыялістаў толькі ў мяне была пазначана такая магчымасць.
Гэта мяне вельмі здзівіла, бо сэрвіс беларускі, ім валодаюць беларусы і большасць кансультантаў там – псіхолагі з Беларусі. Я нават правярала. У пэўны перыяд туды траплялі анкеты расійскіх спецыялістаў, але яны хутка знікалі – не ведаю, з якой прычыны. Аднак самае дзіўнае – чамусьці ніхто з псіхолагаў не пазначае, што гатовы кансультаваць па-беларуску.
І вось пачынаецца кансультацыя. Я па звычцы вітаюся па-руску і ў адказ чую: «Добры дзень» або «Вітаю» – дакладна ўжо не памятаю. І тут я разумею: кансультацыя будзе па-беларуску. Першыя секунды я крыху разгубілася – трэба было пераключыцца, настроіцца. Але мы пачалі размаўляць, працаваць. І ўсё прайшло добра.
– Гэта таксама было маім галоўным пытаннем, але пакуль я не магу адказаць на яго дакладна.
Я дзялілася сваімі назіраннямі з калегай-псіхалагіняй, з якой мы сустракаемся ў Гданьску. Мы заўважылі: глыбіня працы на беларускай мове можа быць зусім іншай. Канешне, у мяне яшчэ не так шмат такіх сесій, каб рабіць канчатковыя высновы. Але мне здаецца, што беларуская мова сапраўды ўзмацняе тэрапеўтычны эфект. Магчыма, гэта звязана з тым, што яна – частка нас, наша гісторыя, нашы карані.
Але ёсць і складанасці. Напрыклад, пераклад тэрмінаў. Калі кансультацыя ідзе па-беларуску, часам узнікаюць моманты, калі не ведаеш, як дакладна перакласці той ці іншы псіхалагічны тэрмін. Даводзіцца тут жа шукаць адпаведнік, што можа крыху запавольваць працэс.
Напрыклад, у рускай мове ёсць тэрмін «синдром дефицита внимания и гиперактивности» (СДВГ). І вось у працэсе кансультацыі я разумею: трэба яго сказаць, а як па-беларуску? І даводзіцца літаральна імправізаваць – «сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці».
Гэта насамрэч сістэмная праблема. На беларускай мове няма развітой псіхалагічнай і навуковай літаратуры. Фактычна тое, што мы цяпер выкарыстоўваем, – гэта тое, што прыдумваем самі. І мне не хацелася б, каб тэрміны ствараліся хаатычна, кожным спецыялістам па-рознаму.
– Калі я напісала свой пост у Threads, думала, што зараз набяжыць хваля негатыву: «А што, складана на рускай размаўляць?» Такія каментарыі былі, але падтрымкі прыйшло значна больш. Настолькі шмат, што ў мяне нават мурашкі па скуры пабеглі і слёзы падступілі. Я не чакала.
Я думала, што гэта тэма не адгукнецца людзям, што не будзе патрэбы. Але, як аказалася, яна ёсць. Не ўсе нават могуць размаўляць па-беларуску – ёсць пэўны бар’ер. Як з англійскай: калі чалавек не ідэальна валодае мовай, ён баіцца спрабаваць.
Але, шчыра кажучы, не важна, як вы размаўляеце. Мне як псіхалагіні больш цікава, якія пачуцці гэта ў вас выклікае. Што з вамі адбываецца, калі вы не можаце знайсці слова? Чаму выбіраеце тую ці іншую мову? Ці важная яна вам увогуле?
– Першую псіхалагічную сесію я правяла ў 2020 годзе. Да мяне звярнулася пара бацькоў на кансультацыю наконт праблем іх дзіцяці. Перапіску са мной вёў бацька, і ён пісаў па-беларуску. Натуральна, я таксама пачала адказваць яму па-беларуску.
У пэўны момант да размовы далучылася маці, якая пераважна размаўляла па-руску, але часам ужывала беларускія словы. Яна адзначыла, што я магу весці сесію на той мове, на якой мне будзе зручней. Але для мяне гэта стала асабістай задачай – правесці ўсю кансультацыю па-беларуску. Гэта было і павагай да беларускамоўнага бацькі, і магчымасцю для мяне самой паспрабаваць весці прафесійную размову на роднай мове.
Я вельмі добра памятаю тую першую сесію. З аднаго боку, я хвалявалася, з іншага – адчувала ўзрушанасць, бо гэта было нешта новае. Да таго ж сесія павінна была доўжыцца паўтары гадзіны – значна даўжэй, чым звычайныя 50-хвілінныя сустрэчы.
Пасля завяршэння я адчувала задавальненне, але і фізічную стомленасць. Я адразу папярэдзіла кліентаў, што гэта мой першы досвед працы на беларускай мове і што я магу часам пераходзіць на рускую, калі мне не будзе хапаць спецыфічных тэрмінаў. Бацькі паставіліся да гэтага з разуменнем.
– Правядзенне сесій на беларускай мове патрабуе крыху іншага падыходу. Калі я працую з кліентам, мне неабходна не толькі аналізаваць яго словы і выбіраць адпаведныя інтэрвенцыі, але і перакладаць свае думкі ў працэсе, што робіць гэты працэс больш складаным, чым проста пераклад мастацкіх тэкстаў, як мы рабілі ў школе.
Заўважыла, што да мяне часта звяртаюцца кліенты, якія размаўляюць па-беларуску, і я заўсёды імкнуся падтрымліваць гэту моўную прастору. Для мяне гэта пра павагу да чалавека, яго выбару і ідэнтычнасці.
Што тычыцца спецыялізаваных матэрыялаў па псіхалогіі на беларускай мове, я не адчувала вострай неабходнасці іх шукаць. Я магу лёгка перакладаць матэрыялы з рускай мовы падчас чытання, што значна палягчае працу.
Нядаўна ў мяне быў першы досвед правядзення адукацыйнага мерапрыемства цягам двух дзён, дзе я навучала псіхолагаў методыцы казкатэрапіі на беларускай мове. Пры гэтым мае канспекты і падрыхтоўчыя матэрыялы былі на рускай, але я адразу ж сінхронна перакладала іх у працэсе выкладання.
– Для мяне мова – гэта натуральны выбар, і я не вылучаю беларускую як нешта асаблівае. Проста нехта размаўляе па-руску, нехта па-беларуску – і гэта нармальна. Таму мова сесіі павінна быць такой, якая будзе найбольш зручнай для кліента і тэрапеўта.
Калі ж пераход на беларускую патрабуе дадатковых высілкаў і можа стамляць тэрапеўта, то я б рэкамендавала практыкавацца: глядзець фільмы, слухаць падкасты, чытаць кнігі і размаўляць па-беларуску ў паўсядзённым жыцці. Асабіста мне было лягчэй перайсці на беларускую, бо я расла ў сям’і, дзе бацька быў беларускамоўным, таму гэта мова заўсёды была часткай майго жыцця.
У маёй прафесійнай дзейнасці звычайна бывае адна-дзве кансультацыі на тыдзень на беларускай мове. Калі кліенты хочуць атрымаць кансультацыю менавіта на беларускай, я з задавальненнем адгукаюся на такі запыт.
Мой прафесійны інстаграм я таксама часам вяду па-беларуску. Для мяне гэта другая мова, якой я вольна карыстаюся ў розных сферах жыцця: у сям’і, у зносінах з сябрамі, у сацыяльных сетках і, безумоўна, падчас працы з беларускамоўнымі кліентамі.
– У пачатку 2021 года я ўжо доўгі час была ў тэрапіі, але менавіта тады адчула жаданне пашырыць ужыванне беларускай мовы ў сваім жыцці. Таму я пачала шукаць беларускамоўнага псіхолага.
Хоць я білінгва і не адчуваю негатыву да рускай мовы, беларуская для мяне – гэта мова дзяцінства, звязаная з утульнасцю і пачуццём бяспекі. Асабліва пасля падзей жніўня 2020 года я пачала ўспрымаць яе як спосаб хуткай псіхалагічнай самадапамогі. Мне было важна, каб і тэрапія адбывалася на беларускай мове, бо гэта давала адчуванне спакою і гармоніі.
Акрамя таго, у тэрапіі шмат увагі надаецца эмоцыям і пачуццям, а дакладнасць у фармулёўках мае вялікае значэнне. Я лепш разумею адценні беларускіх назваў розных эмоцый, таму менавіта на гэтай мове мне прасцей і дакладней выказваць свае перажыванні.
– У выніку мне так і не ўдалося гэтага зрабіць. Мой тагачасны тэрапеўт таксама не змог дапамагчы і нават не быў упэўнены, ці сустракаў ён калі-небудзь спецыялістаў, якія працуюць па-беларуску. Я не аматарка анлайн-тэрапіі, але ў той момант, напэўна, гатовая была б паспрабаваць. Аднак і такіх варыянтаў не знайшлося.
Я разумела, што мой запыт досыць спецыфічны і што знайсці выключна беларускамоўнага тэрапеўта будзе складана. У Беларусі нават няма навучання на беларускай мове, не перакладзены неабходныя матэрыялы, таму зразумела, што большасць спецыялістаў працуе на рускай. Але ўсё ж я крыху расчаравалася, што не знайшлося нават тэрапеўта-білінгва.
Цяпер сітуацыя выглядае крыху лепш. Я ведаю як мінімум двух тэрапеўтаў, якія дэкларуюць магчымасць працы на беларускай. Гэта ўжо на два больш, чым было тады! Але ўсё адно сумна, што іх так мала.
– Я гляджу на гэта крыху праз прызму асабістага досведу і сваіх траўмаў. Але мяркую, што асабліва для людзей, па якіх балюча прайшліся падзеі 2020–2022 гадоў, важна мець магчымасць прапрацоўваць гэта менавіта на беларускай. Бо тут закранаюцца пытанні ідэнтычнасці – не толькі асабістай, але і грамадзянскай, нацыянальнай. І ў такім кантэксце мова можа быць не проста сродкам зносін.
Калі ж гаворка ідзе пра больш асабістыя тэмы – каханне, упэўненасць у сабе, перажыванне болю, – таксама важна мець магчымасць размаўляць пра гэта па-беларуску. Як я ўжо казала, для мяне гэта мова ўтульнасці, даверу і спакою. Але я разумею, што так не для ўсіх.
Для многіх беларуская – гэта мова змагання, а не казак на дабранач з дзяцінства. Шмат хто не валодае ёй дастаткова добра, каб дакладна выказваць свае пачуцці і перажыванні. Гэта засмучае, але ў выніку гэта пытанне не толькі пра псіхалогію, а пра сітуацыю з мовай у краіне ўвогуле.
– Рост колькасці беларускамоўных спецыялістаў у псіхалогіі ў першую чаргу залежыць ад асабістага жадання саміх тэрапеўтаў. Будзем шчырымі: большасць беларусаў можа без праблем праходзіць тэрапію на рускай мове, бо, калі чалавек звяртаецца па псіхалагічную дапамогу, для яго галоўнае – эфектыўнасць, а не магчымасць папрактыкавацца ў беларускай. Таму я не думаю, што менавіта попыт з боку кліентаў стане вызначальным фактарам.
А вось ініцыятыва саміх спецыялістаў можа значна паўплываць на сітуацыю. Прынамсі тыя два тэрапеўты, пра якіх я ведаю, пачалі прапаноўваць кансультацыі на беларускай не таму, што іх прасілі кліенты (наколькі мне вядома), а таму, што самі хочуць выкарыстоўваць беларускую і ў прафесійнай сферы.
Зразумела, я хацела б, каб псіхалагічная дапамога на беларускай мове стала больш даступнай. Перш за ўсё мне б хацелася, каб яна ўвогуле была даступнай для ўсіх незалежна ад мовы, але калі ёсць магчымасць атрымаць яе па-беларуску – гэта яшчэ лепш.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу. Падрабязнасці тут.
Фота: Unsplash.com.