Мінская мастачка Маргарыта Чудук стварае кішэнныя паштоўкі з выявамі вясковых хатак. Пры стварэнні аб’ёмных малюнкаў беларуска натхняецца рэальнымі домікамі. Напрыклад, у адной з паштовак Маргарыта ўвасобіла мемарыяльны музей Максіма Багдановіча. Мастачка расказала CityDog.io, як у яе нарадзілася ідэя хатак-паштовак.
Маргарыту заўсёды прываблівалі pop-up-кніжкі – калі аб’ёмныя кампазіцыі «выскокваюць» на чытача.
– Я намагалася авалодаць гэтай магіяй. Акрамя таго, мне заўсёды падабалася ідэя «ўсё сваё нашу з сабой», – расказвае мастачка. – Так тры гады таму з’явілася першая кішэнная хатка.
У гэтым нестабільным сусвеце я – мяркую, як і шмат іншых, – шукаю спакой і раўнавагу. Знайсці гэта можна ў тым ліку і ў родным доме. Таму ідэя кішэннай хаткі была на паверхні. Адносна простая форма паралелепіпеда, упрыгожаная цудоўнай графікай драўляных фасадаў – такіх знаёмых беларусам, – і ўсё мініяцюрных памераў. Гэта і стварае эфект ручнога, уласнага і роднага сусвету.
Яшчэ я люблю прыроду і прастату. Таму зрабіла так, каб паштоўка складалася з адной дэталі і каб было менш папяровых адкідаў. Гэта не зусім неабходная асаблівасць, але я ёй ганаруся.
«Раблю паштоўкі па фотаздымках і нагадваю, што дом заўсёды побач»
Маргарыта прызнае, што схемы, па якіх робяцца хаткі, можна знайсці і ў іншых аўтараў. Але мастачка дадае сваім работам уласны стыль. Напрыклад, упрыгожвае мадэлі дэталямі: дадае веранды, скошаныя дахі, казыркі або цагляную фактуру фасадаў.
Таксама беларуска пільна працуе з колерамі – падбірае такія адценні, каб хатка як мага больш паходзіла на сапраўдны дом.
Пасля Маргарыта раздрукоўвае на вялікай паперы ўсе сцены доміка, дадае малюнку дэталі, выразае мадэль і склейвае паміж сабой часткі.
Некаторыя з домікаў маюць рэальныя прататыпы. Адну з паштовак беларуска стварыла, натхніўшыся будынкам музея Максіма Багдановіча. Іншы малюнак зрабіла на падставе доміка ў вёсцы Альсевічы.
– Ёсць і хатка з прыгожым ганкам. Я яе называю Лермантаў-Міцкевіч, таму што яна была натхнёна будынкамі на вуліцы Лермантава ў Гродна і некаторымі дамамі ў Навагрудку (наколькі я памятаю, дамамі каля вакзала і музеем Адама Міцкевіча). Дакладных адпаведнікаў няма, ды і выгляд у яе адносна сучасны, але ў цэлым для мяне яна мае загадкавы і рамантычны вайб, быццам у гэтай хаце жыве нейкая таямніца, – узгадвае мастачка.
– Часам людзі дасылаюць мне фотаздымкі, і я раблю маленечкія няхай і не зусім копіі, але мініяюцюркі дамоў. Людзі бачаць у маіх паштоўках сувязь з родным домам, нават калі ў іх няма магчымасці быць побач. Спадзяюся, праз мае паштоўкі атрымліваецца нагадаць, што твой дом заўсёды з табой.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота і відэа: instagram.com/marchuduk/.