«Гэта толькі дадатак да мужчыны». Чаму беларускія ўлады зняважліва кажуць пра жанчын – тлумачыць экспертка

«Гэта толькі дадатак да мужчыны». Чаму беларускія ўлады зняважліва кажуць пра жанчын – тлумачыць экспертка
Апошнім часам рыторыка беларускіх уладаў усё больш накіравана на ўкараненне патрыярхальных каштоўнасцей, пры якіх місія жанчыны – быць ЗА мужам і нараджаць як мага больш дзяцей (пажадана як мага раней).

Апошнім часам рыторыка беларускіх уладаў усё больш накіравана на ўкараненне патрыярхальных каштоўнасцей, пры якіх місія жанчыны – быць ЗА мужам і нараджаць як мага больш дзяцей (пажадана як мага раней).

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

У матэрыяле пра чайлдфры мы ўжо казалі пра тое, што ў вялікай ступені гэта звязана з падзеннем нараджальнасці ў Беларусі. У такой сітуацыі дзяржаве нявыгадна, каб жанчына займалася самарэалізацыяй і сама вырашала, калі заводзіць дзяцей – і ці заводзіць у прынцыпе. Таму адзіна магчымае выйсце з сітуацыі, на думку ўлады, – прымусіць нараджаць.

CityDog.io пагаварыў з гендарнай спецыялісткай Юліяй Міцкевіч пра тое, што ўвогуле адбываецца ў краіне і чым гэта можа адгукнуцца.

Спачатку давайце паглядзім, як беларускія ўлады кажуць пра жанчын

Нягледзячы на тое, што афіцыйна Беларусь прытрымліваецца гендарнай роўнасці і недыскрымінацыі, палітыкі і чыноўнікі часта транслююць грамадству стэрэатыпныя, а часам і дыскрымінацыйныя погляды.

• Пачнём з Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ ў 2011 годзе ён казаў, што прэзідэнцтва не для жанчын, а ў 2020-м выдаў знакамітае «канстытуцыя не пад жанчыну».

– Гэта цяжкая справа, па-першае. Па-другое, у мяне і ў расійскага прэзідэнта паўнамоцтвы галоўнакамандуючага. Ну як жанчына ў спадніцы прыйдзе перад строем на вучэннях. Хоць нават жанчыны цяпер і штаны носяць, але гэта не тое. Гэта не жанчыны справа.

Лукашэнкаўская заява «любимую не отдают» (гэтак ён казаў пра сваё нежаданне сыходзіць з паста кіраўніка Беларусі напярэдадні выбараў 2020 года) даўно стала мемам пра неадэкватнае разуменне свабод наогул і свабоды выбару ў пары ў прыватнасці.

• У 2016 годзе лідар Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч падчас перадвыбарнай кампаніі ў парламент казаў, што жанчына, у першую чаргу, павінна выхоўваць дзяцей, а «гендарная роўнасць разбэшчвае грамадства».

• У свой час выказаўся і дэпутат Алег Гайдукевіч, які заявіў, што «жанчына – гэта толькі дадатак да мужчыны».

• Патрыярхальныя ўстаноўкі неаднаразова трансліравала і кіраўніца Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына: «Жанчынам палітыка нецікавая, жанчына па сваёй натуры апалітычная»; «Гэтым “жанчынам” рабіць няма чаго! Сядзелі б дома, боршч варылі. А не па плошчах шнырылі» (пра ўдзел жанчын у палітычных акцыях у 2010 годзе. – Рэд.).

• Нельга забываць пра старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву, якая не толькі заклапочана нараджальнасцю, але і разам з Беларускай праваслаўнай царквой плануе праводзіць мерапрыемствы «дзеля захавання сямейных каштоўнасцей».

У сваіх выступах чыноўніца ўвесь час адводзіць жанчынам стэрэатыпную ролю – быць маці і захавальніцай хатняга ачага, тым самым падкрэсліваючы, што асноўная функцыя беларусак – рэпрадуктыўная. Напрыклад, напярэдадні 8 Сакавіка яна казала:

– У Беларусі жанчыны могуць рэалізоўваць сябе абсалютна ў любой сферы, якая ім даспадобы. Але пры гэтым мы можам заставацца жанчынамі, увасабляць сваю сапраўдную сутнасць – быць велікадушнай, міласэрнай, далікатнай, клапатлівай, прыстойнай, сумленнай, цярплівай. Той, дзякуючы якой нараджаецца жыццё, вера, любоў і якая на сваіх далікатных плячах нясе мір, стварэнне і развіццё.

Яна ж нядаўна заявіла: «У нас ёсць традыцыйныя каштоўнасці: гэта шлюб паміж мужчынам і жанчынай, нараджэнне дзяцей у традыцыйнай сям’і. Мы хочам, каб у нас нараджалася больш дзяцей. І цяпер мы вырашылі больш настойліва расказваць пра традыцыйныя каштоўнасці пачынаючы з дзіцячага дашкольнага ўзросту. Бо і ў адносінах да сям’і можна дайсці да абсурду – мы гэта бачым у іншых краінах».

Але ж у парламенце Беларусі 40% жанчын гэта хіба не гендарная роўнасць?

Так, сапраўды, фармальна ў розных дзяржаўных інстытутах прадстаўлены дастаткова вялікі працэнт жанчын: у парламенце краіны – 40%, у мясцовых саветах – 45,5%, у органах дзяржкіравання – 33%. Па лічбах колькасць жанчын у беларускай палітыцы амаль наблізілася да краін Скандынавіі.

Аднак праблема ў тым, што ў Беларусі большасць жанчын «ва ўладзе» выконваюць чыста намінальную функцыю. Па-першае, іх не выбіраюць, а прызначаюць «зверху», а па-другое, жанчыны займаюць выключна нізкія пазіцыі – на больш высокія пасады іх ніхто не бярэ.

Вось і атрымліваецца, што гендарная роўнасць у нашай краіне – не больш чым лічбы ў справаздачах, якія не маюць нічога агульнага з рэальным становішчам.

А вось што кажа гендарная спецыялістка: «Не здзіўлюся, калі наступны закон будзе пра прызнанне фемінізму экстрэмісцкім рухам»

Юлія міцкевіч
гендарная спецыялістка, сузаснавальніца фемгрупы КС

– Фемінізм дэканструюе і разбурае сістэму патрыярхату. Для палітычнага рэжыму Лукашэнкі фемінізм нявыгадны і нават небяспечны – гэта пагроза страты ўлады. Менавіта таму гэта сістэма мужчынскага панавання і таксічнай маскуліннасці ўсяляк супраціўляецца і спрабуе працягваць выкарыстоўваць міфы і негатыўныя стэрэатыпы пра фемінізм і феміністак.

І чым больш недэмакратычнае грамадства, тым больш падобных выказванняў мы чуем. Не здзіўлюся, калі наступны закон будзе пра прызнанне фемінізму экстрэмісцкім рухам, а феміністак і прафеміністаў – экстрэмісткамі і экстрэмістамі.

Літаральна нядаўна Наталля Качанава заявіла, што займаць пасаду прэзідэнта ў краіне можа толькі мужчына, таму што быць прэзідэнтам вельмі складана. І гэта сексісцкае выказванне (адно з многіх, якія гучалі ад яе ў апошні час) толькі пацвярджае маю думку. Для Лукашэнкі, як і для любога дыктатара, жанчыны – гэта інструмент для дасягнення мэт, але ніяк не самастойныя і незалежныя суб’екты. У рэдкіх выпадках яны могуць быць прызначаны на высокія пазіцыі, але пры гэтым павінны быць суперадданымі і несці ў масы зададзеныя ідэалагічныя наратывы з пазіцыі жанчын. Так было з Ярмошынай, так адбываецца і з Качанавай.

 

Пры такім становішчы ні пра якое прасоўванне фемінісцкага парадку ці дасягненне гендарнай роўнасці (у рэальнасці, а не па справаздачах дзяржавы) і гаворкі быць не можа. Тым больш што практычна ўсе грамадскія арганізацыі ці палітычныя партыі, якія па-сапраўднаму займаліся гэтымі пытаннямі, у Беларусі ліквідаваны.

Патрыярхат найбольш моцны ў аўтарытарных і таталітарных рэжымах, у гэтым ёсць непасрэдная сувязь і залежнасць. Чым больш умацоўваюцца ў сваёй уладзе ўмоўныя правадыры, тым менш правоў і свабод застаецца ў грамадстве ў канкрэтных людзей ці асобных сацыяльных і прафесійных груп. Вакол становіцца ўсё больш гвалту – і ён пераходзіць на ўзровень сацыяльна ўхваленага ў дзеяннях і словах тых, хто валодае ўладай (якраз тое, што мы бачым у Беларусі сёння).

Фемінізм як інструмент для крытычнай рэфлексіі і сацыяльнага аналізу вельмі важныя і патрэбныя, як і фемінісцкая оптыка для пераасэнсавання таго, што адбываецца. Я перакананая, што яны павінны абавязкова ўжывацца ва ўнутранай і знешняй палітыцы новай дэмакратычнай Беларусі. Вось толькі адзін канкрэтны прыклад таго, як гэта працуе.

Прапаганда ўсё часцей і гучней галасамі розных дзяржслужачых гаворыць пра неабходнасць умацавання «традыцыйных каштоўнасцей» у беларускім грамадстве. Гучыць гэта вельмі агульна і абцякальна і выклікае шэраг пытанняў. Пра якія традыцыі гаворка і чаму менавіта яны выбраны за аснову? Каштоўнасці чаго: Сярэднявечча, Дамастроя або «рускага свету»? Калі разглядзець словы Качанавай, то «традыцыйныя каштоўнасці», якімі яна збіраецца шпігаваць дзяцей проста з дзіцячага садка, – гэта пра саюз мужчыны і жанчыны з дзецьмі. Успамінаецца вядомае яшчэ з савецкіх часоў «мама, тата, я – дружная сям’я».

Але ў Беларусі вялікая колькасць сем’яў па сутнасці «аднаполыя». У іх ёсць бабуля, маці і дзіця. Таксама вельмі шмат сем’яў, дзе дзеці выхоўваюцца толькі жанчынамі. Сям’я – сапраўды значная каштоўнасць для многіх людзей. Аднак у сучасным свеце (і Беларусь у гэтым сэнсе не выключэнне) сям’я – паняцце шматграннае. Яно даўно не замыкаецца на «ён, яна і дзеці».

Сям’ёй таксама называюць сябе пары без дзяцей ці людзі, якія жывуць адны. Сям’ёй можа быць і мужчына ці жанчына з коткай. Аднак у рыторыцы з боку дзяржавы гэтых людзей няма. Гэта значыць, большай частцы беларусаў і беларусак няма. Нас усіх няма, як бы не існуе. А значыць, з нашымі запытамі, інтарэсамі і запатрабаваннямі лічыцца ніхто не будзе.

Фемінізм якраз пра адваротнае. Ён пра разнастайнасць досведаў і ідэнтычнасцяў, інклюзіўнасць і сацыяльную справядлівасць, роўнасць і раўнапраўе, пра клапатлівую салідарнасць, якую ўвесь свет назіраў падчас падзей 2020 года ў нашай краіне. Гэта ўсё тое, што насамрэч вельмі блізка беларусам і беларускам, што б ні спрабавалі нам навязаць.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: архіў гераіні.

#Беларусь
поделиться