Незвычайны гістарычны артэфакт знайшлі беларускія архівісты. Мінула больш за 500 гадоў, а ён дагэтуль актуальны.
«А мне насрат!» Беларускія архівісты знайшлі цікавы допіс
Як расказвае гісторык Дзяніс Лісейчыкаў, гэты допіс адшукалі супрацоўніцы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі В. Бабкова, Н. Барсукова і І. Бобер у пачатку 2000-х гг. Яны распрацоўвалі актавыя кнігі Гарадзенскага земскага суда другой паловы 16-га ст. На аркушы кнігі за 1571 год на пустым месцы пісар занатаваў: «Не потреба тут нічого пісат».

«Каб ніхто з ягоных наступнікаў не ўпісаў на гэтым месцы што-небудзь ад сябе, – тлумачыць Дзяніс Лісейчыкаў. – А нейкі пазнейшы чытач кнігі ў канцы 16-га ст. (ці нават пазней) вырашыў патроліць пісара і дапісаў ад сябе, імітуючы лексіку і манеру пісьма пісара 1571 г.: “Але мне што пісал – насрат”».
Оў, дык нават нашы продкі таксама не саромеліся ўжываць моцнае слоўца?
Анягож! Вось што, напрыклад, у тым жа гістарычным архіве знайшлі спецыялісты. Гэта фрагмент дакумента з Магілёўскай духоўнай кансісторыі: «Люся дура!»

А гэта – метрычная кніга царквы ў вёсцы Бортнікі Бабруйскага павета: «Лёля, я тебя люблю», – напісаў нейкі ананім.

Заўважым, і адзін, і другі надпісы з’явіліся на дакументах духоўных устаноў, што надае ім (надпісам, вядома) своеасаблівую пікантнасць. І вельмі верагодна, што аўтары надпісаў цалкам маглі разумець, што гэтыя дакументы будуць важныя ў вывучэнні гісторыі краіны і ў складанні генеалагічных дрэў.
Хто гэта напісаў і навошта, запыталіся мы ў Дзяніса Лісейчыкава.
– Паводле почыркаў можна меркаваць, што гэта надпісы пачатку ХХ ст. Дзе канкрэтна і хто канкрэтна зрабіў іх, невядома. На метрычнай кнізе запіс маглі зрабіць і ў архіве Мінскай духоўнай кансісторыі, куды кнігі здаваліся.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: прыватны архіў; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.