Млын, праз які можна трапіць у іншасвет, пушча з міфічнымі істотамі і небяспечныя русалкі – гэтыя вобразы сталі асновай новай музыкі, якую запісаў камерны аркестр Arsis Nova. Рэліз выйшаў 1 кастрычніка, і яго ўжо можна паслухаць анлайн.
Уявіце момант, калі ранейшае жыццё ўжо змянілася, а як будзе выглядаць новае, пакуль незразумела. Менавіта гэтаму адчуванню прысвечаны Not Here Yet, Not There Anymore – новы рэліз з творамі беларускіх кампазітараў Кацярыны Ланеўскай і Васіля Веляцінскага.
Музыку выканаў Arsis Nova – камерны аркестр. Для запісу ў Варшаве сабраліся больш за дваццаць прафесійных музыкаў, пераважна беларусаў.

Фото: архіў герояў.
Млын, пушча і русалкі
Твор Кацярыны Ланеўскай «Прошча, або Пазамежжа» натхнёны беларускай міфалогіяй. У рэліз увайшлі тры яго часткі, кожная са сваёй гісторыяй.
«Млын» – пра месца, якое становіцца ўваходам у іншасвет. З ім жа легенда звязвае ўзнікненне Менска. «Пушча-дрымушча» пераносіць у лес, населены міфічнымі істотамі – Пушчавікамі і Лоймамі. А «Русалчыны забавы» – у свет, дзе за прыгажосцю і гульнёй хаваецца небяспека.
У будучыні гэты твор можа стаць музыкай да балета.
Лабірынт, з якога трэба знайсці выхад
Другі твор – «Зіхценні карставага лабірынта» Васіля Веляцінскага. Тут галоўны вобраз – лабірынт: старое ўжо засталося ззаду, а шлях да новага яшчэ трэба знайсці.
У музыцы пераплятаюцца народныя найгрышы, фрагменты джаза і водгукі харала – рэлігійнага спеву. Яны з’яўляюцца і знікаюць, ніводная тэма не становіцца галоўнай. Так кампазітар перадае адчуванне хаосу, з якога паступова нараджаецца новы пачатак.
Хто ўсё гэта прыдумаў?
Arsis Nova заснавалі ў Варшаве дырыжор Іван Касцяхін і культурная менеджарка Вольга Цяшкевіч. Ініцыятыва запісвае і выконвае творы сучасных беларускіх кампазітараў, збіраючы для гэтага прафесійных музыкаў.
Гэта другі вялікі аркестравы рэліз праекта. Першы, Hidden Place | Secret Life, выйшаў у 2024 годзе і быў прысвечаны тэме дома – як месца і як унутранага адчування.
Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
















