Склалі спіс сучасных пісьменнікаў і паэтаў, якіх пакуль не праходзяць у школе – але якімі ўжо можна пачынаць ганарыцца.
АЛЕНА БРАВА, “КАМЕНДАНЦКІ ЧАС ДЛЯ ЛАСТАВАК”
Першая кніга барысаўскай пісьменніцы выйшла ў 2004 годзе, але нядаўна, пасля смерці Фідэля Кастра, перажыла новую хвалю папулярнасці. Раман заснаваны на рэальных падзеях: у канцы 80-х аўтарка выйшла замуж за кубінца і пераехала жыць на Кубу. Гісторыя жанчыны напісана так захапляльна, што прымушае праязджаць прыпынкі. Гэта сапраўды феміністычная проза, у самай якаснай яе праяве. У свеце такую літаратуру выдаюць і перавыдаюць у серыях TRUE STORY вялікімі накладамі, а ў нас кнігі даўно не знайсці (але можна спампаваць у бібліятэцы Kamunikat).
ВІКТАР МАРЦІНОВІЧ, “РОДИНА. МАРК ШАГАЛ В ВИТЕБСКЕ”
Кнігі Віктара Марціновіча становяцца лепшымі ад разу да разу – а чытачы растуць разам з аўтарам. І хоць досыць у аўтара і крытыкаў (адны адзначаюць залішні пафас, іншыя – нерэалістычнасць сітуацый), але прызнаём: маўчаць толькі пра таго, хто нічога не робіць. Не паспрачаешся, Марціновіч – самы пладавіты і працавіты сучасны беларускі пісьменнік. І, калі ваша знаёмства з ім яшчэ наперадзе, магчыма, варта пачаць не з мастацкай прозы, а з пранізлівага і вельмі душэўнага нон-фікшна “Родина. Марк Шагал в Витебске”. У ім і персанажы скрозь праўдзівыя, і аўтар зразумелы ды блізкі, а наша з Маркам Захаравічам агульная радзіма паўстае ну вельмі нязвыклай і нечаканай. Пра іншыя кнігі Марціновіча чытайце тут.
АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ, “БЕЛАЯ МУХА, ЗАБОЙЦА МУЖЧЫН”
Альгерд Бахарэвіч – дарэчы, аўтар рамана пра мінскія Шабаны – па плённасці працы можа скласці канкурэнцыю Віктару Марціновічу. Але падыход да чытача ў аўтараў кардынальна розніцца: калі Марціновіч карыстаецца любой магчымасцю для кантакту (піша калонку, праводзіць шматлюдныя сустрэчы), то Альгерд Бахарэвіч нібы спецыяльна адмоўчваецца, выдаецца да смешнага малымі накладамі, на публіцы бывае рэдка. Магчыма, накіроўвае ўсе сілы ў творчасць. Асноўная прыкмета яго кніг – мова: пакручастая і нервовая, яе ні з чыёй іншай мовай не зблытаеш. Альгерд Бахарэвіч выдае ў год па кнізе, але літпрэміі ўпарта прысуджаюць яму другое месца. Апошнюю кнігу Бахарэвіча, “Белая муха, забойца мужчын”, называюць самым феміністычным раманам беларускай літаратуры. Няхай так, але да таго ж гэта яшчэ і проста захапляльнае чытво.
МАКС ШЧУР, “ЗАВЯРШЫЦЬ ГЕШТАЛЬТ”
Макс Шчур – леташні лаўрэат прэміі Ежы Гедройца (найбуйнейшай літаратурнай прэміі Беларусі) – яшчэ і самы загадкавы лаўрэат. Аўтар даўно жыве ў Чэхіі, але піша вершы і прозу, перакладае на беларускую. Яго апошняя кніга, якая і прынесла Шчуру перамогу і прызавыя 5000 еўра, – пра няспешнае падарожжа праз Еўропу ў горад мары Амстэрдам. Калі вы былі ў Амстэрдаме, параўнайце свае прыгоды з прыгодамі персанажа. А калі не, усё адно пачытайце, каб зразумець, якая яна – найлепшая кніга мінулага года.
ЕВА ВЕЖНАВЕЦ, “ШЛЯХ ДРОБНАЙ СВОЛАЧЫ”
Святлана Курс, якая да апошняга часу пісала пад псеўданімам, – беларуская пісьменніца, што нарадзілася на Любаншчыне, а жыве ў Польшчы. На наш погляд, яна – аўтар самай сакавітай беларускай прозы з часоў Караткевіча. Такая смачная мова – рэдкасць не толькі ў маўленні, але і ў літаратуры. Свет Святланы Курс не чорна-белы, а мае многа адценняў. Нягледзячы на тое, што часта яна піша пра самыя цёмныя бакі жыцця, але ў гэтай цемры пісьменніца знаходзіцца поплеч са сваімі персанажамі, спрабуючы асвятліць ім шлях. Хаця б ліхтарыкам ад мабільнага тэлефона.
ПАВАЛ КАСЦЮКЕВІЧ, “ПЛАН БАБАРОЗЫ”
Касцюкевіч, арт-менеджар кнігарні “Логвінаў”, у сваёй прозе жыва аб’ядноўвае беларускую аснову і яўрэйскі гумар. “План Бабарозы” – гісторыя пяці пакаленняў мінчукоў пачынаючы з 1920-х гадоў, гісторыя Беларусі ХХ стагоддзя на прыкладзе адной сям’і. Павел – лаўрэат самай першай прэміі імя Ежы Гедройца за кнігу “Зборная РБ па негалоўных відах спорту”. А яшчэ ён перакладчык, і дзякуючы яму мы можам прачытаць Курта Вонегута, Эліс Манро і “Аўтаспынам па галактыцы” на беларускай мове.
ІГАР БАБКОЎ, “ХВІЛІНКА”, “ЭВА ДАМІНІКА: ЛІНІЯ ФРОНТУ”
Проза філосафа Бабкова мае своеасаблівы стыль. Творы не вылучаюцца закручанымі сюжэтамі, яго проза – стрыманая і спакойная, у ёй няма вялікіх абзацаў і доўгіх сказаў. Відавочна, на задуменную манеру пісьма ўздзейнічае аўтарскае захапленне Усходам. Кнігі Бабкова – для спакойнага і ўдумлівага чытання, для людзей, якія любяць метафарычны стыль.
НАТАЛКА БАБІНА, “РЫБІН ГОРАД”
Раман трэба чытаць хаця б для таго, каб зразумець, што Брэст – не толькі Брэсцкая крэпасць. Але насамрэч кніга – пра самотнасць кожнага з нас і пра тое, што нас у гэтым самотным жыцці трымае. “Рыбін горад” – магічны рэалізм пад дэтэктыўнай фабулай, што вымушае і заплакаць, і засмяяцца, і перажываць за герояў, каб урэшце зразумець: няма смачнейшай вадзіцы, чым з роднай крыніцы, а яшчэ – не бывае магутнага дуба з малымі каранямі.
УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ, “ПАЭМЫ”
Уладзімір Някляеў атрымаў прэмію Гедройца за найлепшую кнігу прозы-2013 “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”. Гэта кніга пра Мінск 1960-х, цікавая ў тым ліку з краязнаўчых меркаванняў. Але Някляеў найперш – феерычны паэт: рэдкасны талент і рэдкасны прафесіянал. Незвычайны, умелы і пладавіты. Ягоную паэму “Ложак для пчалы” многія лічаць геніяльнай. Пазнаёміцца з творчасцю Някляева – значыць атрымаць сапраўдную літаратурную асалоду.
АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ, “ЛІСТЫ З-ПАД КОЎДРЫ” І ІНШЫЯ ЗБОРНІКІ
Актыўны, пладавіты паэт і цудоўны перакладчык, які пастаянна працуе над сабой. У 2000-я Хадановіч збіраў вялізныя залы, сотні аматараў прыходзілі паслухаць, як ён чытае свае вершы. Пакуль ні адзін малады паэт такога не паўтарыў. А яшчэ летась Андрэй Хадановіч стаў аўтарам дзіцячай кнігі-бестселера “Нататкі таткі”. Калі ў вас ёсць дзеткі і хочаце чытаць ім па-беларуску – гэта тое, што вам трэба.
ТАНЯ СКАРЫНКІНА, “ШМАТ ЧЭСЛАВА МІЛАША, КРЫХУ ЭЛВІСА ПРЭСЛІ”,
“КНИГА ДЛЯ ЧТЕНИЯ ВНЕ ПОМЕЩЕНИЙ И В ПОМЕЩЕНИЯХ”
Таня – паэтка і аўтарка прозы на мяжы мастацкай і нон-фікшну. Цяпер жыве ў Смаргоні, а нейкі час жыла і працавала ў Партугаліі. Аўтарка мае вельмі самабытны, незвычайны стыль пісьма і адметны погляд. У яе творчасці няма ні пераймання, ні збітых слоў і метафар – гэта вытанчаныя, але без мудрагелістасці, творы.
ВАЛЕРЫ ГАПЕЕЎ, “НОЧ ЦМОКА”
Гапееў піша вострасюжэтныя, з элементам містыкі раманы, дзеянні якіх адбываюцца ў правінцыі – вядомым для аўтара асяроддзі: сам ён жыве ў Івацэвічах. Мова Гапеева простая і ясная, без постмадэрнісцкіх выкрутасаў. Павароты сюжэта ў яго заўсёды нечаканыя, аўтар умее заінтрыгаваць і трымаць увагу да самага канца.
АНТОН РУДАК, “ВЕРХНІ ГОРАД”
Гэты прадстаўнік пакалення 20-гадовых апынуўся ў падборцы не таму, што нядаўна правёў CityDog.by па сваім родным раёне аэрапорта “Мінск-1”. Проста ў Рудака абсалютна ўнікальнае адчуванне горада. Яго вершы можна чытаць каханаму чалавеку падчас прагулак пад ліхтарамі, а можна – самому сабе. Лепш, канечне, дзе-небудзь у Верхнім горадзе. Там яны працінаюць проста наскрозь.
ЛЮДМІЛА РУБЛЕЎСКАЯ, “АВАНТУРЫ ПРАНЦІША ВЫРВІЧА, ШКАЛЯРА І ШПЕГА”
Паэтка і празаік, здаецца, знайшла і трывала заняла сваю нішу – аўтара гістарычных дэтэктываў. Цяпер Рублеўская – наш беларускі Барыс Акунін. Аўтарка спраўна піша авантурныя раманы і выпускае ў год па кнізе. У яе раманах і аповесцях многа Мінска: Свіслач, Верхні горад, Кальварыя... А галоўны герой трылогіі Пранцішак Вырвіч увогуле студэнт мінскага езуіцкага калегіума. Наступны раз, седзячы ў “17/5 coffee & binge”, азірніцеся: мо ён п’е каву за суседнім столікам.
АНДРУСЬ ГОРВАТ, “РАДЗІВА ПРУДОК”
Кніга Горвата – феномен сучаснай літаратуры. 30-гадовы хлопец з’ехаў з Мінска ў вёску Прудок, у дзедаву хату, завёў казу і стаў апісваць у фэйсбуку сваё жыццё – з вялікай любоўю да маленькага прудкоўскага свету. Уласны жыццёвы выбар аўтар змог ператварыць у тэкст, які літаральна ўзарваў беларускі сегмент інтэрнэту. І хаця “Радыё Прудок” можна прачытаць не выходзячы з-за кампа – кніга складаецца якраз з тых самых агульналюбімых фэйсбук-допісаў, – наклады кнігі разлятаюцца імгненна.
УЛАДЗІМІР САДОЎСКІ, “1813”
Маладзечанскі краязнавец, аўтар мноства артыкулаў пра міжваенную архітэктуру Беларусі, сёлета прагрымеў на ўсю краіну, напісаўшы кнігу, першую ў сваім жанры ў Беларусі, – зомбі-хорар “1813”. Галоўны герой рамана – кампазітар Міхаіл Клеафас Агінскі, у ролі зомбі – французскія салдаты Напалеона. Вусцішны баявік у маладзечанска-смаргонскіх дэкарацыях.
ЮРЫ СТАНКЕВІЧ, “МІЛЬЯРД УДАРАЎ”, “ШАЛ”
Гэты барысаўскі пісьменнік, магчыма, падабаецца не ўсім, але нікога не пакідае абыякавым. Станкевіч далёкі ад талерантнасці і паліткарэктнасці, у яго сваё бачанне будучыні. Але яго нонканфармізм – якраз тое, што ўласціва сапраўднай літаратуры. Аўтар многа піша пра перспектывы чалавецтва: кліматычныя, сацыяльныя і палітычныя катастрофы. Яго будучыня – страшная, у ёй войны і варожасць паміж народамі. Каб такога не выйшла, якраз і трэба чытаць падобную літаратуру. А яшчэ ў Станкевіча цудоўныя апавяданні пра каханне.
ВІКТАР ЖЫБУЛЬ, ВЕРА БУРЛАК,
“ЗАБІ Ў САБЕ САКРАТА”;
ВЕРА БУРЛАК, “ЗА ЗДАРОВЫ ЛАД ЖЫЦЦЯ”;
ВІКТАР ЖЫБУЛЬ, “СТАПЕЛІІ”
Сямейная пара Віктар Жыбуль і Вера Бурлак – самыя артыстычныя, самыя незвычайныя ўдзельнікі паэтычных слэмаў апошняга дзесяцігоддзя. Ён – спецыяліст па міжваеннай беларускай паэзіі, яна – па расійскай дзіцячай паэзіі Срэбнага веку. Але абое пішуць вельмі нязвыклую для беларускага чытача паэзію: іранічную, абсурдную, дасціпную.
ТАЦЦЯНА САПАЧ, “ВОСЕНЬ”
Адзіны зборнік Таццяны Сапач, якая без пары, у выніку аўтакатастрофы, пайшла з жыцця, – танюсенькая кніжачка. Але вершы ў ёй настолькі незвычайныя, што “Восень” без перабольшвання можна аднесці да вяршынь паэзіі. У паэзіі ёсць магія, і гэта магія – у кожным вершы Таццяны Сапач. Кожны верш прымушае душу замерці, скурчыцца – а потым расправіцца.
АРТУР КЛІНАЎ, “ШКЛАТАРА”
Мастак стаў пісьменнікам і напісаў культавую кнігу “Горад Сонца”, якая падарыла Мінску ўнікальнае аблічча горада мары, нездабытага камуністычнага раю. Але Клінаў аказаўся і вельмі таленавітым аўтарам мастацкай літаратуры. Яго “Шклатара” паяднала плёткі і скандалы ўнутры сучаснай мінскай багемы і драматычную гісторыю Беларусі ХІХ стагоддзя. Кніга будзе цікавая найперш наведнікам кнігарні “Логвінаў” і бара пры ім.
ВІКТАР ШУКЕЛОВІЧ,
“ЯК ДЗЯЎЧЫНА З БРСМ РАСКАЗВАЛА МНЕ ПРА ПУЗАТАГА БУДУ”,
“ТОЕ, ЧАГО Я НЕ ЧАКАЎ”,
“МАЛАДАФРОНТАЎКА”
Гэты малады аўтар пакуль не мае кнігі, але затое яго апавяданні можна чытаць у інтэрнэце. Кажучы пра сучасную беларускую прозу, абысці ўвагай Шукеловіча немагчыма. Ён аўтар апавяданняў, у якіх гарманічна ўсё: прыгажэзная і натуральная мова, сімпатычныя, не пластмасавыя героі ды такі сюжэт, што ўжо з першага сказа чакаеш развязкі. Жыццё як яно ёсць.
ФРАНЦ СІЎКО, “ДЗЕНЬ БУБНА”
Проза гэтага віцебскага пісьменніка – сумесь фантастыкі і магічнага рэалізму. Сіўко піша пра гістарычныя шляхі беларусаў – заблытаныя, няпростыя і трагічныя. У лёсе свайго народа пісьменнік бачыць барацьбу сіл дабра і зла. Гэтыя сілы выражаны ў форме, блізкай да стылістыкі Стывена Кінга. І гэта, канечне, вельмі цікава.
САША ФІЛІПЕНКА, “БЫВШИЙ СЫН”
У сваім першым рамане аўтар выпісаў Беларусь 1999–2011 гадоў: тое, што ўсе мы бачылі на ўласныя вочы, але смеласці і парыву напісаць пра гэта ў форме рамана хапіла толькі ў Сашы. Гэта кніга адкрыла Беларусь расійскаму чытачу і нездарма атрымала прэстыжную “Рускую прэмію” – адзіную расійскую літпрэмію для рускамоўных аўтараў свету. Гэта не толькі захапляльная кніга, але і надзвычай надрыўная.
АЛЕСЬ РАЗАНАЎ, “ВОПЛЕСКІ ДАЛАНЁЮ АДНОЮ” І ІНШЫЯ КНІГІ
Вершы Алеся Разанава – гэта філасофская паэзія сусветнага ўзроўню. Каб успрыняць яе, трэба сур’ёзна настроіцца. Шлях паэта ў літаратуру не быў простым: у 1969-м пасля паездкі ў Зэльву да апальнай Ларысы Геніюш яго выключылі з універсітэта. Але хто цяпер успомніць імёны тагачаснага БДУ-шнага начальства – а Разанава цэніць увесь свет. Апошнія гады паэт стаў пісаць не толькі па-беларуску, але і па-нямецку.
АНТОН КУЛОН, “СІНЯЯ КНІГА БЕЛАРУСКАГА АЛКАГОЛІКА”
Анатоль Астапенка, які хаваецца за псеўданімам Антон Кулон, на сваім прыкладзе расказвае пра велізарную праблему Беларусі. У гэтай нон-фікшн-кнізе аўтар расказвае не толькі пра сябе, але пра трагічныя лёсы беларускіх пісьменнікаў. Кніга напісана надзвычай таленавіта і пакідае страшнае ўражанне. Яна паказвае, як алкаголь ламае чалавека і робіць з творцы нішто. Антон Кулон расказаў пра тое, чаго б мы не хацелі ведаць – але мусім. Гэта праўдзівы і цвярозы погляд на гісторыю беларускай літаратуры.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
ЧУП “Лабс Паблисити Груп”, УНП 191760213
Нешта забыліся Вы, пане аўтар, пра новую кнігу В. Жыбуля - "Дзяцел і дупло" (2016). Назвалі толькі "Стапеліі", а яна 5 год таму выйшла.
Или мова на взгляд редакции даёт +100 баллов к качеству текста?