“Рана на правой стороне вышэй цыцки”. Чаму варта любіць мінскую міліцыю

“Рана на правой стороне вышэй цыцки”. Чаму варта любіць мінскую міліцыю
CityDog.by успамінае часы, калі замест джазавых вечароў у Верхнім горадзе праходзілі масавыя бойкі, а побач з рэзідэнцыяй адбіралі кашалькі. Хіба тут не ўзгадаеш з удзячнасцю мінскую міліцыю?

CityDog.by успамінае часы, калі замест джазавых вечароў у Верхнім горадзе праходзілі масавыя бойкі, а побач з рэзідэнцыяй адбіралі кашалькі. Хіба тут не ўзгадаеш з удзячнасцю мінскую міліцыю?

У нядзелю, 15 красавіка, сям’я Міклашэвічаў – бацька, маці, сын і дачка – вярталася дамоў са святочных гулянняў. Прыкрае здарэнне адбылося на моднай вуліцы Кастрычніцкай. Дарогу перагарадзіла група хлопцаў. Сям’ю выцягнулі з транспарту, а калі мужчыны супраціўляліся, іх збівалі. Злачынцы забралі кашалёк, а таксама пакет, у якім сярод іншых рэчаў былі дзве курткі (вельмі дарагія, падшытыя чорным аксамітам), сшыты на замову чырвоны плашч з цёмна-зялёнай нямецкай падкладкай, шапка з футрам куніцы ў колер плашча...

Забралі ўсё, што было, не пагрэбавалі нават пакрывалам і дыванкамі для ног. Двух хуліганаў сям’я пазнала: Лукаш Багушовіч і Захарыя Паповіч. Сям’я Міклашэвічаў – муж Ян, жонка Дарафея, сын Шчасны, дачка Галена, – адышоўшы ад шоку, працягнулі шлях: далей па Леніна і ўздоўж Партызанскага праспекта – паўз фабрыку “Камунарка” ў свой Новы двор. За імі ехалі збянтэжаныя слугі. Заўтра Ян Міклашэвіч паедзе падаваць заяву, а зараз дабрацца б дамоў.

Сядала сонца, Менск засынаў, прачыналася мафія. Заканчвалася велікодная нядзеля 1582 года.

 

Банда з цэнтральнай вуліцы

Назаўтра галава сям’і вярнуўся ў горад напісаць заяву. Пайшоў адразу ў суд на Замчышча, адстаяў чаргу на прыём і нарэшце зайшоў у кабінет падстарасты Яна Войны Эпімаха. Выслухаўшы скаргу, той параіў выклікаць вознага (так называлася пасада следчага і ўчастковага міліцыянера адначасова) – засведчыць раны ад пабояў. Той жа дарогай, уздрыгваючы ад непрыемных успамінаў, Ян Міклашэвіч павёз следчага на месца здарэння – у Ляхавую Луку (ці папросту Ляхаўку), а потым да сябе.

Пасля неабходных працэдур злачынцы былі абвешчаны ў вышук. Але дзе шукаць, невядома. Магчыма, менская банда засела на Ракаўскай дарозе, дзесьці за “Каронай”, а можа, у густым лесе на плошчы Незалежнасці – і рабавала купцоў, нагружаных мёдам і селядцом, паясамі і лыжкамі, імбірам і гваздзікай. А можа, згінула ў бойцы з канкурэнтамі – такой жа бандай.

У той жа Вялікдзень, калі здарылася бяда з сям’ёй Міклашэвічаў, гадзіны ў дзве ночы з гасцей вяртаўся Тамаш Радзімскі, і дарогу яму заступілі сусед з памочнікамі ды слугамі. Калі пачалі біць і страляць, Радзімскі стаў страляць у адказ і выпадкова забіў суседа. Адно забойства ўключыла ланцуговую рэакцыю, і клан (са шматлікімі знаёмымі і слугамі) паўстаў на клан...

 

Страшней, чым у Шабанах

Рызыку, з якой сутыкаўся старажытны мінчук у самым цэнтры горада, не параўнаць з сучаснымі начнымі Шабанамі. Па адным лепш было не хадзіць нават удзень – ды кашальком на поясе не свяціць.

Еська Юрэвіч, слуга князя Вішнявецкага, заціснуў яўрэя Лазара Юзафовіча, слугу жонкі віленскага ваяводы, проста пасярод вуліцы, прычым перад домам менскага бурмістра Сілы Пашкевіча. А заціснуўшы, яго безвінне шарпал и бил, а калі пацярпелы ачомаўся, то заўважыў, што з пояса ў яго прапаў кашалёк.

Ніякай міліцыі па трое з дубінкамі, ніякай аховы парадку: абараніцца можаш толькі сам. Адзін ашмянскі шляхціц, прыехаўшы ў Менск па справах, наняў тут таксі – вазніцу. Той, чакаючы кліента, вырашыў уцячы з багажом, грашыма і шабляй. На шчасце, кліент аказаўся хутчэйшым: дагнаў злачынца і даставіў у замак.

Пабіць, а то і забіць у старым Менску маглі за кафтан, і за шафран, і за любую пажыву. Адной ліпеньскай ноччу мінчук Васіль Канстанцінавіч мірна спаў у ложку побач з жонкай у сваёй хаце на Траецкай гары (дзесьці побач са Свіслаччу і вуліцай Куйбышава). Раптам удар – нехта выбіў дзверы ў святліцу. Нападнік Аляксандр Мацковіч, таксама мінчук, да таго ж высокага паходжання, уварваўся ў пакой, здзёр коўдру і пачаў біць гаспадара. Слугі яго ў той час забіралі каштоўнае: жупан, калпак чырвоны кунамі падшыты, “слуцкі” пояс з аксамітным кашальком і шкатулку, у якой сям’я зберагала грошы ды коренье перцу, шафрану, гвоздиков и имберу.

Від з Траецкай гары, дзе зараз стаіць оперны тэатр.

Наехаў на суседа, забраў бабра

Наезды – так называліся ўварванні да суседзяў, каб нашкодзіць ім як след. Падчас наезду ўдавалася і скрасці тое-сёе, што і змаглі зрабіць жыхары мінскіх Татарскіх Агародаў Араз Алеевіч і Гурын Штыхавіч. Не маючы жадное прычыны, расказвае пацярпелы Івашка Кулеш, яны выламалі вароты, прабілі дзверы і напалі на дом. Збілі гаспадара і разагналі гасцей, якія сабраліся на застолле. У шынкаркі, нанятай наліваць мёд, сарвалі кашалёк з пояса. Пакуль адзін сцярог гаспадара, другі збіраў здабычу: футра з куніцы і труса, шэсць кажухоў, тры камплекты даспехаў, меч.

Адчайныя хуліганы ішлі на дзёрзкія наезды: выкасіць чужую сенажаць, высекчы лес, адлавіць і забраць чужых баброў (бабры ў той час былі больш мірныя, пра іх напады на людзей ніхто не згадвае). Адзін менскі пан скардзіўся, што суседскі слуга застрэліў двух ягоных ручных журавоў: адну птушку падарыў свайму пану, а другая, параненая, хутка здохла. З усёй сур’ёзнасцю суд паставіўся да скаргі, следчы засведчыў у птушкі раны, не сумяшчальныя з жыццём, і сусед заплаціў штраф.

На губе рана аж зубы видеть

Даставалася ў той час усім, незалежна ад полу. У суд паскардзіўся войт (мэр) Заслаўя. Вярталіся яны з жонкай з менскага рынку (ці то з плошчы Свабоды, ці то з плошчы Восьмага сакавіка). Ехалі паціху, жонка драмала, муж сачыў за дарогай. Мінулі Prime Hall і Плошчу дзяржаўнага сцяга і ўжо пад’язджалі да ростаней дорог Тарасовское і Ржавецкое, як нейкі Яська Кавалік сарваў з беднай жанчыны новую шапку ды ўцёк. Падлічыўшы, колькі каштавала парадаваць жонку абноўкай – аксамітнай, падшытай футрам куніцы і аздобленай чорным бабром, – раззлаваны жыхар Заслаўя звярнуўся ў менскі суд.

Хуліганы не шкадавалі і людзей божых. Аднойчы чацвёра манаскіх слуг паехалі па дровы. Калі з поўным возам вярталіся назад па Лагойскай дарозе, побач з “Эль Памідора” на Краснай іх спыніў прыезджы з Оршы Васіль Шчучыч. Пагражаючы сякерай, забраў коней рудога, гнядога, бурага і белага. Людзей самых порубал, сякеры, кажухі і сярмягі забраў. Адбывалася гэта ў часы, калі вядомы нам Штаб ваеннай акругі на Камуністычнай быў мінскім манастыром Узнясення, куды і кіраваліся няшчаснікі.

Засведчыць пабоі і запісаць акалічнасці здарэння выехаў возны: окрутне зранил, ледве жывого покинул, рана на перстах на правой стороне вышэй цыцки, рана крывавая чеканом удареная шкодливая вельми (с которей не ведаю, будет ли жыв), на чоле рана шкодливая цятая, на губе рана аж зубы видеть, рука правая збитая вся синева.

З гэтага ракурсу Менск бачылі манастырскія работнікі, вяртаючыся з дровамі.

 

Хто любіць менскую міліцыю

…Уручыць позву ў суд возны мусіў пры сведках, як у ЗША. Людзі ж хаваліся і замыкаліся ад правасуддзя, напускалі на яго слуг са зброяй. Але і правасуддзе мела свае метады: калі возны бачыў ворота зачыненые, мог воткнути позву у ворота того двора або укінуць окном з улицы в светлицу.

Ворагі чакалі служыцеляў правапарадку паўсюль. Аднойчы следчы Павел Сенніцкі, зайшоўшы ў госці да пісара Сяргея, сутыкнуўся з менчуком Апанасам Сіхвіцкім. Той без прычыны пачаў лаяцца словамі неучцівымі, а калі возны вырашыў па-ціхаму сысці, дагнаў і накінуўся ззаду. Параніў следчаму руку так, што палцами владати не буду, скардзіўся той у судзе. Але нападніку было што адказаць: тот возный сам з многими помочниками мене безвинне збил, змордовал и зранил.

Справу замялі: цяжка было разабрацца, хто каго закрануў першым, ды і псаваць рэпутацыю следчага не хацелася.

…Рэдкі дзень, калі менскага суддзю не турбавалі.

– Астап Шалом і Іван Піліповіч абрабавалі хату шляхціца на Траецкай гары...

– Слуга ўцёк, прыхапіўшы каня сівага, сукно і футра лісінае...

– Бойка на пятнічным торгу...

– Шляхта ў Зацані не можа падзяліць зямлю...

Нарэшце вечар. Адпусціўшы каманду (вознага, падсудка і пісара), суддзя яшчэ натрохі затрымаўся палюбавацца захадам. Заўтра дзень з сям’ёй: спярша ў царкву, потым на кірмаш... Можа, нават, ён там з кім-небудзь паб’ецца, не ўсё ж з чужымі праблемамі разбірацца. Калі сонца зусім знікла за Тарасавам і Патрэбай (цяперашнімі Ждановічамі), суддзя закрыў таўшчэзную судовую кнігу і схаваў у скрыню – надзейную, дубовую. Такую і сякерай не праб’еш, і ружжом не прастрэліш (ад яго кантынгенту можна і такога чакаць). Ключ за пояс, каб ніхто не бачыў, – і хутчэй дамоў, да сытнай вячэры і цёплай жонкі.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Ілюстрацыі: CityDog.by.

Еще по этой теме:
Минчанка нашла в швейной машинке старинную анонимку про любовницу
Узнаете, где это? Фотографии Минска, которые вы точно не видели
«Почему они умерли, а я нет?» Истории минчан, которые стали свидетелями взрыва в метро 11 апреля 2011 года
поделиться