Мінскі музей забраў сабе тую самую легендарную «луску» з крамы «Акіян». Паглядзіце, як класна!

Мінскі музей забраў сабе тую самую легендарную «луску» з крамы «Акіян». Паглядзіце, як класна!
Добрыя навіны падвезлі: Музей гісторыі горада Мінска стаў новым уладальнікам той самай легендарнай «лускі» з крамы «Акіян»! У чацвер, 16 чэрвеня, супрацоўнікі музея забралі панэлі ў ранейшага ўладальніка. Цяпер іх будуць чысціць і рэстаўраваць, а потым «луска» стане адным з экспанатаў музея.

Добрыя навіны падвезлі: Музей гісторыі горада Мінска стаў новым уладальнікам той самай легендарнай «лускі» з крамы «Акіян»! У чацвер, 16 чэрвеня, супрацоўнікі музея забралі панэлі ў ранейшага ўладальніка. Цяпер іх будуць чысціць і рэстаўраваць, а потым «луска» стане адным з экспанатаў музея.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Яўгенія Стальмахава

старэйшая навуковая супрацоўніца аддзела экспазіцыйна-выставачнай работы музея

«Адпачываю ля акіяна, толькі без зайздрасці, калі ласка. Цяпер у Музеі гісторыі горада Мінска», – такі іранічны пост размясціла на сваёй старонцы ў Facebook Яўгенія Стальмахава, старэйшая навуковая супрацоўніца аддзела экспазіцыйна-выставачнай работы музея.

На фота – сама Яўгенія з вялікай колькасцю той самай «лускі» з крамы «Акіян». CityDog.io не мог прайсці міма такой знамянальнай падзеі і даведаўся ўсю гісторыю легендарных панэлей.

Што за «луска» наогул?

Тая самая «луска» – гэта легендарныя дэкаратыўныя панэлі, якія на працягу многіх гадоў упрыгожвалі сцены вядомай крамы «Акіян» (яна працуе з 1975 года на вуліцы Казлова, 2). Гэта першая крама ў Мінску, якая спецыялізавалася на продажы вырабаў з рыбы. Па ўспамінах мінчан, магазін заўсёды быў знакаміты сваім нязменным амбрэ і серабрыстымі сценамі, якія адсылалі да рыбнай лускі.

Панэлі ў выглядзе рыбнай лускі заказвалі ў ФРГ. Для манціравання ў краму нават прыязджалі нямецкія спецыялісты.

У канцы студзеня 2021 года на дзвярах «Акіяна» з’явілася аб’ява: праца крамы прыпыняецца з 1 лютага па 31 сакавіка «ў сувязі з мадэрнізацыяй гандлёвага аб’екта». Тады ж пачалі хадзіць чуткі, што на месцы «Акіяна» можа з’явіцца крама гандлёвай сеткі «Віталюр».

Праўда, першы час у Галоўным упраўленні гандлю і паслуг Мінгарвыканкама змену ўласніка адмаўлялі. Начальніца ўпраўлення Ніна Емяльянава казала, што пасля рамонту крама «Акіян» не збіраецца мяняць ні фармат, ні ўласніка.

Многія мінчане не былі гатовы да такіх перамен: на сайце Petitions.by нават стваралася петыцыя, дзе людзі прасілі захаваць назву «Акіян» і «луску» – дэкаратыўныя панэлі з нержавеючай сталі на сценах.

У красавіку 2021 года з’явіліся фатаграфіі крамы ў працэсе рамонту. Было відаць, што са сцен знялі ўсё аздабленне – у тым ліку і «луску».

І ўжо ў ліпені 2021 года культавы магазін «Акіян» стаў чарговым «Віталюрам». Але сёе-тое са старога інтэр’еру атрымалася захаваць – часткова пакінулі і «луску». Як пісаў на сваёй старонцы ў Facebook архітэктар Раман Забела, у пачатку рамонту дэкаратыўныя панэлі не мелі ніякага афіцыйнага статусу – і іх хацелі выкінуць.

«Доўга з калегамі з упраўлення па ахове спадчыны шукалі варыянты, каб гэтага не адбылося. Нарэшце 60 м2 лускі, якая захавалася найлепш, былі ўзяты пад ахову і цяпер з’яўляюцца часткай помніка. Палова з яе ад сёння экспануецца ў інтэр’еры крамы (больш проста няма куды павесіць, бо на дзіва панэлі даволі лёгка пашкодзіць). Рэшта, якая не пад аховай, будзе перададзена ў Музей гісторыі Мінска».

І што было далей?

А далей рэшткі «лускі» і праўда трапілі ў рукі супрацоўнікаў Музея гісторыі горада Мінска – праўда, на гэта сышоў амаль год.

– За гісторыяй з рамонтам памяшкання крамы «Акіян» мы сачылі з пачатку 2021 года, – расказвае Яўгенія Стальмахава. – У нас як у музея горада ёсць асаблівыя абавязацельствы перад гарадской супольнасцю: быць цэнтрам акумуляцыі гарадской гісторыі, у тым ліку захавання візуальных кампанентаў гарадскога асяроддзя, якія запомніліся некалькім пакаленням мінчан.

Практычна год таму, 24 чэрвеня 2021-га, на месцы легендарнага «Акіяна» на Казлова адкрыўся «Віталюр». Захаваць першапачатковы інтэр’ер не ўдалося, але ў той жа вечар мы напісалі ліст новаму кіраўніцтву. Праз пару дзён нам адказалі, што металічныя панэлі, якія нагадваюць рыбную луску, жывыя і знаходзяцца на складзе.

З гэтага і пачаліся доўгія працэдуры па перадачы панэлей. У працэсе мы некалькі разоў гублялі і зноў здабывалі надзею – па большай частцы з-за лагістычных пытанняў. На шчасце, абодва бакі былі зацікаўлены, каб захаваць максімум «лускі», і супрацоўнікі «Віталюра» дапамаглі нам з лагістыкай: дабрацца да склада Каралёў Стан, адабраць для фондаў музея неабходную колькасць панэлей, якія захаваліся найлепш (каля 50 «квадратаў»), і транспартаваць гэта усё ў музей.

Па словах Яўгеніі, без рэстаўратараў у працы з панэлямі не абысціся – большая частка з іх дэфармавана і забруджана. У музеі ўжо паспелі ачысціць некалькі плітак – паглядзіце, якія яны прыгожыя!

Хутчэй за ўсё, «луска» стане часткай паўнавартаснай інсталяцыі ў экспазіцыі музея «Вобразы савецкага Мінска» (як, напрыклад, вітражная кампазіцыя з комплексу ВДНГ, які ўжо не існуе, на Янкі Купалы, 27). Супрацоўнікі ўстановы спадзяюцца, што на экспазіцыі панэлі з’явяцца ўжо ў наступным годзе.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: предоставлены Музеем истории города Минска, «Минск-Новости», Павал Хадзінскі для CityDog.io..

#Минск
поделиться