Наперадзе – і першыя дні ліпеня, і вялікія выхадныя (у панядзелак, 3 ліпеня, у Беларусі свята). Таму выбірайце, чым будзеце займацца, і добрага адпачынку.
МІНСК
Пятніца: паразважайце пра мастацтва на artist talk
Пятнічным вечарам Галерэя DK запрашае на artist talk, дзе ў спакойнай абстаноўцы можна будзе паразважаць на тэму сучаснага мастацтва, а мастачкі Дар’я Сумарава-Копач і Вольга Стаброўская раскажуць пра свае праекты, якія зараз экспануюцца ў галерэі.
Пятніца: паслухайце лекцыю «Мастацтва правакацыі»
30 чэрвеня, 19:00
Flame Place (пр. Машэрава, 9/8)
Кошт: 35 руб.
Па шматлікіх просьбах арганізатары паўтараюць лекцыю «Мастацтва правакацыі. Пра самыя эпатажныя экспанаты і іх стваральнікаў». У пятніцу вас чакаюць у прасторы Flame Place: у 19:00 пачнецца лекцыя, пасля якой вы зможаце перамясціцца на адкрытую тэрасу для вячэрняга chill out. У бары Flame Place можна купіць напоі і закускі, а на тэрасе будзе гучаць прыемны lounge.
Пятніца: паслухайце танга ў музычнай гасцёўні
Музычная гасцёўня Adagio запрашае на незвычайную сустрэчу – паслухаць танга ў Парыжы, горадзе кахання і мастацтва. Выконваць праграму будуць Наталля Шах (акардэон) і Марыя Махвіц (віяланчэль).
Субота: схадзіце на фестываль японскай культуры і электроннай музыкі
1 ліпеня, з 14:00 да 6:00 ранку
ЦЭХ (пр. Машэрава, 11/2)
Кошт: дзённая праграма (да 20:00) – бясплатна, начная (з 22:00) – ад 20 руб.
У суботу пройдзе першы летні фестываль FUJI NEW DAWN. Днём вы зможаце бясплатна наведаць лекцыі і майстар-класы, прысвечаныя музыцы і японскай культуры. Ноччу вас чакаюць яркія прадстаўнікі электроннай сцэны, магутнае светлавое шоў і дэкарацыі. А яшчэ кругласуткавы маркет, перформансы і іншыя актыўнасці.
Субота: адарвіцеся на вечарыне, куды можна прыходзіць без трусікаў
1 ліпеня, 23:50
М11 (пр. Машэрава, 11)
Кошт: ад 20 руб.
Яшчэ адна вечарына суботы – BEVERLY PILLS. Арганізатары сцвярджаюць, што гэта адзіная тусоўка, на якую можна прыходзіць без добрага настрою і трусікаў (што б гэта не значыла).
Субота–панядзелак: зʼездзіце на гістарычны фэст у Сулу
1–3 ліпеня
Парк гісторыі «Сула»
Уваход: дарослыя – 30 руб., дзеці школьнага ўзросту – 15 руб.
Аж тры дні ў парку гісторыі «Сула» будзе праходзіць гістарычны фэст «Годнасць і незалежнасць», дзе вы зможаце даведацца пра самыя цікавыя старонкі беларускай вайсковай гісторыі і пра тое, як шляхта бараніла Беларусь. А яшчэ станеце сведкам гарачага шляхецкага двубою і нават самі зможаце ўзяць у руку сапраўдную зброю.
Імпрэза ўваходзіць у кошт уваходнага квітка, папярэдні запіс не трэба.
Нядзеля–панядзелак: схадзіце на экскурсію ці практыкум, прысвечаныя ружам
2–3 ліпеня
Батанічны сад
Кошт: экскусрія і практыкум – па 5 руб., уваход у сад – 10 руб.
У нядзелю і панядзелак у батанічным садзе пройдуць экскурсіі і практыкум «Каралева Ружа».
На экскурсіі вы даведаецеся, колькі гатункаў руж вырошчваецца ў батанічным садзе сёння, якія з іх паспяхова культывуюцца ўжо больш за 50 гадоў і якія з’яўляюцца самымі папулярнымі. А ахвотным даведацца пра ўсе нюансы вырошчвання руж запрашаюць на практыкум. Навуковыя супрацоўнікі падзеляцца сакрэтамі пасадкі і раскажуць пра агратэхнічныя прыёмы, якія дапамогуць выгадаваць практычна любую ружу.
Экскурсіі па калекцыі ружаў пройдуць 2 і 3 ліпеня ў 13:00 і 14:00; практыкум – у тыя ж дні ў 15:00. Групы будуць фармаваць каля цэнтральнага ўваходу ў батанічны сад (без папярэдняга запісу).
Усе выхадныя: заплануйце падарожжа па Беларусі
Любы дзень
Уся Беларусь
У вялікія выхадныя можна ў горадзе і не сядзець – заплануйце падарожжа па краіне: у рубрыцы «Куды паехаць па Беларусі» мы расказваем пра цікавыя мясціны, дзе вам дакладна спадабаецца.
У апошнім выпуску, напрыклад, герой распавёў нам пра класныя мясціны Палесся: вёску Ленін, клубнічную і агурковую сталіцы нашай краіны, мясціны, дзе людзі дагэтуль працуюць на канях, Белае возера і месцы, дзе рака Горынь упадае ў Прыпяць.
ВАРШАВА
Пятніца: пабывайце на адкрыцці выставы Паўліны Афонінай Bruised Nation
30 чэрвеня, 19:00
Музей вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11)
Уваход: вольны
Паўліна – маладая беларуская мастачка, якая пацярпела ад рэжыму, прадстаўляе сваё глыбокае крытычнае асэнсаванне вобраза «моцнага» і «слабога» у сучасным грамадстве.
Кожнае палатно стала канвой для падзей 2020-21 года, і гэта не проста гісторыі пратэстаў і барацьбы, а разважанні пра гісторыю мінулага і будучыні. Гэта гісторыя пра людзей і іх боль, пра рабства і імкненне да свабоды.
Адмысловым госцем адкрыцця выставы будзе гурт ŠUMA.
Субота: завітайце на музычны фестываль «Купалле»
1 ліпеня, 14:00–8:00
Rejs Club (Piotra Bardowskiego, 2A)
Уваход: ахвяраванні ад 20 злотых на ўваходзе
Адмысловым фэстам «Купалле – ад батлейкі да рэйву» адкрываюцца Глабальныя дні беларускай культуры. І ў суботу вас чакае музычны фестываль на гарадскім возеры для ўсёй сям’і.
У праграме: 18 гадзін выдатнай музыкі без перапынку, дзіцячая зона, прэзентацыя беларускіх ініцыятыў і грамадскіх арганізацый у Польшчы, маркет і фудкорт, спакойная прастора для ёгі, займальныя спевы і танцы вакол вогнішча.
Нядзеля: напішыце ліст палітвязню
2 ліпеня, 16:00
Музей вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11)
Уваход: вольны
Акцыя «Напішы палітвязню» – гэта магчымасць выказаць сваю падтрымку і салідарнасць з людзьмі, пазбаўленым волі за свае палітычныя перакананні.
Дашліце ліст, напоўнены словамі падтрымкі, надзеі і салідарнасці, каб прыўнесці святло ў іх цёмныя дні і дапамагчы ім захаваць надзею. Ваш ліст можа стаць маленькім, але важным крокам да пераменаў і нагадаць свету аб неабходнасці абараняць правы чалавека і свабоду выказвання.
Нядзеля: даведайцеся пра таямніцы Старога гораду пасля заходу сонца
2 ліпеня, 19:00
Калона Сігізмунда
Кошт: 75 злотых
Ноч – цёмная і поўная жахаў. Час, калі нават самыя турыстычныя месцы пакрываюцца загадкавай заслонай, і стары горад – не выключэнне. Шпацыруючы з Матыльдай, вы даведаецеся пра каралёў і шляхту, пра прастытутак і п;янчужак. Даведацца, дзе заканчваецца тое, што варшаўская русалка хоча вам паказаць, а пачынаецца тое, што яна хоча ад вас сарамліва схаваць.
ВРОЦЛАЎ
Субота: пабывайце на «Кватэрніку» Дзяніса Дудзінскага
1 ліпеня, 19:00
Wedrowki Pub (Podwale, 37/38)
Білеты: з рэгістрацыяй – 50 злотых, без рэгістрацыі ў дзень мерапрыемства – 60 злотых
«Гамлет и прочие радости...» – з літаратурным стэндапам на «кватэрніку» выступіць Дзяніс Дудзінскі. Білеты яшчэ ёсць, але калі зарэгістравацца папярэдне, будзе танней.
БЕЛАСТОК
Субота: паглядзіце мультфільм «У пошуках Нэма» па-беларуску
1 ліпеня, 18:00
Хаб «Новая Зямля» (ul. Kard. Stefana Wyszyńskiego, 6A)
Уваход: вольны
У хабе «Новая Зямля» адбудзецца прагляд і абмеркаваньне мультфільма «У пошуках Нэма» па-беларуску.
Рыба Марлін пасля смерці сваёй жонкі сам гадуе свайго адзінага сына Нэма. Аднойчы Нэма выплывае занадта далёка ў адкрытае мора, дзе яго ловіць вадалаз, і Марлін выпраўляецца шукаць сына.
ВІЛЬНЮС
Пятніца: паразмаўляйце пра таямнічасць беларускай душы
Калі спытаць сярэднестатыстычнага беларуса пра асноўныя народныя святы, у шэрагу першых звычайна згадваецца Купалле. Што ж такога міфічнага і прыцягальнага ў гэтым дні? Чаму беларусы кожны год чакаюць лета, каб пашукаць шчасце пад полагам ночы? І адкуль узялася традыцыя скокаў праз вогнішча, шукаць папараць-кветку, вадзіць карагоды?
Студэнцкае таварыства «Неафіларэты» запрашае да размовы пра адно з найсакральнейшых святаў нашай культуры і пра таямнічасць беларускай душы.
Субота і нядзеля: схадзіце на адкрыццё інтэрактыўнага тэатру жывых скульптур
У Вільнюсе адкрываецца інтэрактыўны тэатр жывых скульптур. Вы зможаце ўбачыць жывыя скульптуры Залатога Рэжысёра, а таксама іншых артыстаў, якія працуюць у гэтым жанры. На адкрыцці абяцаюць лазернае шоў і выступ госця з Латвіі.
ТАЛІН
Субота: адсвяткуйце Купалле на беразе Талінскага заліва
1 ліпеня, 19:00
Vabaõhumuuseumi tee, 12
Уваход: вольны (кодавае слова «Купалле»)
На беразе Талінскага заліва ў Эстонскім музеі пад адкрытым небам будуць святкаваць Купалле: плесці вянкі (зладзяць майстэрню), гатаваць на ўсіх беларускія стравы, гуляць з дзецьмі, слухаюць канцэрт і раскладаць вялікае вогнішча.
Госць – Лявон Вольскі, запрашаюць прыходзіць і з сябрамі, і семʼямі.