Першыя выхадныя 2024 года – і адразу святочныя. Глядзім і выбіраем, як будзем адзначаць Каляды альбо проста адпачываць ад усяго.
МІНСК
Пятніца: зрабіце калядную кампазіцыю сваімі рукамі
5 студзеня, 18:00.
Аранжарэя батанічнага саду.
Уваход: дзецям да 3 гадоў – бясплатна, старэйшым дзецям – 6 рублёў, дарослым – 12 рублёў.
У пятніцу ў батанічным садзе запланаваны бясплатны майстар-клас «Навагодняя кампазіцыя» пры наведванні Саду ліхтароў «Макра Мікра Свет». На майстар-класе вы зможаце стварыць навагоднюю кампазіцыю з жывых галінак піхты, сабраных у кашпо, а таксама са штучнага і прыроднага дэкору – ёлачных цацак, шышак, снежнага спрэю і іншага. Тое, што ў вас атрымаецца, вы зможаце забраць з сабой.
Пятніца: паглядзіце кіно на свежым паветры
5 студзеня, 19:00.
Вул. Азгура, 8.
Уваход: 15 руб.
Светлая меланхолія і рознакаляровыя агеньчыкі надзеі – праект Cinemascope запрашае разам паглядзець фільм «Каляды, зноў» у дворыку Музея-майстэрні З. І. Азгура. Прагляд будзе арганізаваны на свежым паветры (таму апранайцеся цёпла і бярыце з сабой пледы) і са святочнымі пачастункамі.
Стужку будуць паказваць на мове арыгінала (англійская) з рускімі субцітрамі. Білеты можна набыць у касе музея альбо тут.
Пятніца: прысвяціце вечар святочнаму рэлаксу
5 студзеня, 19:00.
Белдзяржфілармонія (пр-т Незалежнасці, 50).
Уваход: ад 20 да 75 руб.
Ва ўтульнай атмасферы прыглушанага святла і свечак вы зможаце расслабіцца і адпачыць пад музыку, напоўненую чысцінёй і прасвятленнем, пад відэашэраг з відамі прыроды, святочных гарадоў, урачыстых упрыгажэнняў, карцін вялікіх мастакоў, глыбокага космасу.
Галоўная асаблівасць канцэрта – гучанне вялікага канцэртнага аргана, аднаго з самых вялікіх у краінах СНД, які складаецца з больш чым 6000 труб. Яго гукі гарманізуюць псіхаэмацыйную сферу, прыводзяць у парадак розум. Таксама вы пачуеце вельмі рэдкае гучанне аркестравага гонга: гэтай незвычайнай музычнай прыладзе прыпісваюць лячэбны эфект для цела на клеткавым узроўні.
Субота: завітайце на імпрэзу, прысвечаную Калядам
6 студзеня, 14:00.
«Беларуская хатка» (вул. Рабкораўская, 19).
Уваход: для дарослых – 4 руб., для дзяцей ад 7 гадоў – 2,50 руб., дашкольнікам – бясплатна.
У суботу «Беларуская хатка» на Рабкораўскай запрашае на імпрэзу «Прыйшла Каляда!». Фальклорны ансамбль «Млынок» рыхтуе для вас віншаванні калядоўшчыкаў, абрад «Ваджэнне казы» і калядныя гульні. Білеты можна набыць у касе музея перад імпрэзай.
Субота: зрабіце сваю зорку жаданняў
На майстар-класе ўдзельнікі створаць з пражы і кардонных нарыхтовак арыгінальную зорку, якую можна дапоўніць фатаграфіяй, карцінкай або маленькай паштоўкай і ўпрыгожыць свой дом або выкарыстоўваць у якасці падарунка. А дапаможа ў стварэнні зорачкі вопытны мастак Руслан Сяргееў.
Субота: паглядзіце аскараносны фільм на вялікім экране кінатэатра
6 студзеня, 19:30.
Кінатэатр «Цэнтральны» (пр-т Незалежнасці, 13).
Уваход: 10 руб. і 20 руб.
Цяпер у кінатэатры «Цэнтральны» праходзіць кінамарафон «Иноекино. HIGHLIGHTS 2023». У рамках яго пакажуць фільм, які атрымаў прэмію «Оскар» у 2015 годзе, – «Апантанасць». Гэта дынамічная гісторыя пра пагоню за дасканаласцю і цану велічы, якую рэжысёр Дэм’ен Шазэл расказвае нам праз прызму ўзаемаадносін джазавага барабаншчыка і яго настаўніка. Пад шалёны барабанны рытм разгортваецца сапраўдная бітва двух асоб, выпрабаванне межаў іх вынослівасці, самаахвяравання і маралі.
Нядзеля: завітайце на выставу, дзе ўсе працы стварыў штучны інтэлект
7 студзеня.
Плошча Свабоды, 8.
Білеты: 10–14 руб.
29 снежня ў галерэі FARBA пачаў працаваць новы выставачны праект «НейроБеларусь» – адна з самых інавацыйных мастацкіх выстаў. Публіцы будзе прадэманстравана рэвалюцыйная калекцыя больш чым з 90 прац, створаных штучным інтэлектам, якія паказваюць беларускую прыроду, архітэктуру, кухню, міфалогію, гісторыю і шмат іншага.
Выстава будзе працаваць да 3 сакавіка кожны дзень з 12:00 да 21:00.
Субота-нядзеля: правядзіце час з сям’ёй на зімовым кірмашы
6 і 7 студзеня, з 11:00 да 16:00.
Батанічны сад.
Білеты: дзецям да 3 гадоў – бясплатна, старэйшым дзецям – 7 рублёў, дарослым – 14 рублёў.
У батанічным садзе ў гэтыя выхадныя пройдзе вялікі сямейны кірмаш «Зімовы сад». Будзе анімацыйная праграма з любімымі і новымі героямі – эльфы, Грынч, «Фіксікі», Гары Потэр, Мікі і Міні Маус і іншыя, фуд-зона, майстэрня Дзеда Мароза з майстар-класамі і займальныя конкурсы. А яшчэ вас чакае кірмаш забаў і незабыўнае шоу.
Субота-нядзеля: схадзіце патанчыць альбо паслухаць каляднае танга
6 і 7 студзеня.
Accidental Point (вул. Кальварыйская, 21).
Творчая прастора ў цэнтры Мінска Accidental Point толькі-толькі адышла ад Новага года і ўжо запрашае на новыя вечарыны. У суботу тут будуць танцы пад Lavrov і Forgotika (пачатак – 22:00), а ў нядзелю з 19:00 прыходзьце паслухаць каляднае танга ад творчага аб’яднання Avant-gardo.
Усе выхадныя: паспейце на выставу пра традыцыйны беларускі касцюм
Да 10 студзеня.
Мастацкі музей (вул. Леніна, 20).
Білеты: дарослыя – 8 руб., навучэнцы і студэнты – 4 руб.
3 студзеня спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння Міхася Раманюка, выдатнага беларускага мастацтвазнаўца, этнографа, мастака і фотамастака. Менавіта ён сфарміраваў навукова абгрунтаваную і па-мастацку асэнсаваную канцэпцыю гісторыі беларускага народнага касцюма. Сённяшняя падборка знаёміць з малюнкамі-рэканструкцыямі беларускіх народных строяў, выкананымі Міхасём.
Да 10 студзеня вы яшчэ можаце паспець паглядзець графіку і фотаздымкі мастака на выставе «Анталогія прыгажосці. Традыцыйны беларускі касцюм».
ВАРШАВА
Пятніца: схадзіце на выставу турэмных малюнкаў
Да 6 студзеня, 16:00.
Прастора «Робім разам» (pl. Konstytucji, 6).
Уваход: вольны.
У прасторы «Робім разам» адкрылася выстава турэмных малюнкаў палітзняволенага (яго сілавікі ўключылі ў спіс людзей, «якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці») «Беларусь у сэрцы». На выставе ўпершыню сабраныя разам усе 24 малюнкі, дасланыя з-за кратаў, якія мужчына намаляваў на папяровых аркушыках звычайнымі алоўкамі.
ЛОДЗЬ
Субота: завітайце на імпрэзу, прысвечаную калядным і навагоднім святам
6 студзеня, 16:00.
Прастора Jesteśmy (Stefana Jaracza, 13).
Уваход: 20 зл. з чалавека (дзеткам да 3 гадоў бясплатна). Рэгістрацыя на імпрэзу тут. Вітаюцца данаты на каву артыстам і арганізатарам.
Пачніце год з вясёлага мерапрыемства ў коле аднадумцаў. А 16-й пачнецца праграма для дзетак са святым Мікалаем і іншымі казачнымі героямі, а ў 18:00 для дарослых зайграе навагодні канцэрт Алесь Лютыч, лідар гурта B:N:. Будзе ўтульны салодкі стол, таму прыносьце штосьці смачнае пад гарбатку і каву.
ВРОЦЛАЎ
Пятніца: паслухаць калядны канцэрт барда Змітра Вайцюшкевіча
5 студзеня, 18:45.
Pub Salonik (ul. Braniborska, 2/10).
Білеты: 50 зл. на ўваходзе.
У пятніцу ва Вроцлаў вяртаецца з калядным канцэртам па-ранейшаму непараўнальны бард Зміцер Вайцюшкевіч. Гучыць як добры план на вечар перад выхаднымі.
БЕРЛІН
Нядзеля: адзначце Каляды ў кампаніі са Святланай Бень
У нядзелю беларусаў Берліна запрашаюць разам адзначыць Каляды па-сямейнаму ў кампаніі Святланы Бень. Спадарыня Святлана прапануе павандраваць у часе і трапіць у чароўную калядную гісторыю «Дзверцы ў сэрца». Будзеце майстраваць ляльку-казу і саламянага павука, размалёўваць святочныя пернікі і, канешне ж, калядаваць, спяваць і вадзіць карагоды. На месцы можна будзе набыць глінтвейн, дзіцячы пунш і розныя прысмакі.