Сабралі для вас найлепшыя мерапрыемствы гэтых выхадных, якія ладзяць беларусы ў розных гарадах і краінах. Выбірайце, што больш падабаецца, і далучайцеся!
МІНСК
Пятніца: запішыцеся на майстар-клас па гатаванні глінтвейну
6 студзеня, з 16:00 да 18:00.
Фудмол «Канкорс» (ГЦ Galileo, 4-ы паверх).
Уваход: вольны.
На фудмоле «Канкорс» пройдзе бясплатны майстар-клас па гатаванні глінтвейну. Барыста корнера DOLCE раскрые ўдзельнікам усе сакрэты прыгатавання гэтага напою ў хатніх умовах, раскажа яго гісторыю і пазнаёміць з незвычайным рэцэптам кававага варыянта. Будзе і дэгустацыя!
Для запісу на майстар-клас стаўце «+» у каментарыях.
Пятніца: атрымайце фота з залатымі трусікамі
6 студзеня, з 16:00 да 18:00.
ГЦ Galileo (2-і паверх).
Уваход: вольны.
Хочаце атрымаць прафесійнае фота з сімвалам 2023 года? У пятніцу ў ГЦ Galileo пройдзе бясплатны фотасэт у спецыяльнай фотазоне з залатымі трусікамі. Прыходзіць можна ўсёй сям’ёй!
Пятніца: паглядзіце кіно ў «Вершах»
6 студзеня, 19:00.
Прастора «Вершы» (Кастрычніцкая, 19).
Уваход: donation.
У пятніцу ў «Вершах» будуць глядзець фільм Жоана Сфара «Генсбур. Каханне хулігана». Далучыцца можна любы ахвотны. Пасля прагляду просяць пакідаць данэйшн на развіццё прасторы.
Нядзеля: звадзіце дзяцей на паказы ў планетарый
7 студзеня.
Планетарый (парк Горкага).
Квіткі: 6 руб.
Мінскі планетарый амаль кожны дзень ладзіць паказы розных сферычных фільмаў – варта паглядзець! Расклад паказаў шукайце тут. Білеты можна набыць на ўваходзе.
Усе выхадныя: схадзіце на экскурсію па батанічным садзе
Да 8 студзеня.
Батанічны сад.
Кошт: ад 10 руб.
Батанічны сад запрашае на калядныя шпацыры «Падарожжа ў Новы год». Вы даведаецеся, якімі раслінамі ўпрыгожваюць святы ў Бразіліі, Егіпце і Новай Зеландыі; якія упрыгажэнні выкарыстоўваюць на Гаваях і ў В’етнаме; якія незвычайныя традыцыі захаваліся ў Грэцыі, Італіі і Японіі, і шмат чаго іншага.
Працягласць экскурсіі – каля 40 хвілін. Запісацца можна па тэлефонах: +375 17 379 69 15, +375 29 320 17 17.
Усе выхадныя: завітайце на калядную выставу гродзенскай мастачкі
Да 23 студзеня.
Нацыянальны мастацкі музей (вул. Леніна, 20).
Пакуль калядны дух не выветрыўся, завітайце на выставу цудоўнай гродзенскай мастачкі Валянціны Шобы «Калядныя карункі» ў мастацкі музей. Кожны твор мастачкі напоўнены таямнічай прыгажосцю і магіяй Каляд. Казкі, чараўніцтва, містычная прырода, беларускія арнаменты, антураж – усё тут.
Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе з коцікамі
Да 26 лютага.
Музей гісторыі горада Мінска (пл. Свабоды, 15).
Музей гісторыі горада Мінска ладзіць сумесную выставу з арт-галерэяй «Катавасія». У экспазіцыі – больш за 300 коцікаў: ад вінтажных цацак з выявай Ката ў ботах да прадметаў побыту ў выглядзе котак. Завітвайце! Беларусы ж коцікі, так?
Усе выхадныя: паспейце на крутую выставу мастака-ілюстратара Паўла Татарнікава
Да 10 студзеня.
Дом Ваньковічаў (вул. Інтэрнацыянальная, 33а).
Літаральна апошнія дні працуе найкруцейшая выстава мастака-ілюстратара Паўла Татарнікава ў Доме Ваньковічаў. Паспейце наведаць, паглядзець на фантастычныя гарадскія пейзажы, на маляўнічыя планы сярэднявечных беларускіх гарадоў, адноўленыя з неверагоднай скрупулёзнасцю, на вытанчаныя графічныя працы з процьмай дэталяў.
АЗЯРЦО
Чацвер–субота: адзначце святы калядным цудам
5–7 студзеня, з 14:00 да 15:00.
Музей народнай архітэктуры і побыту (Азярцо, Мінскі раён).
Білеты: для дарослых – 8,5 руб.; для студэнтаў і школьнікаў – 4,5 руб.; для дашкольнікаў – бясплатна.
У музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы працягваюцца навагоднія імпрэзы: з 5 па 7 студзеня будзе «Цуд на Каляды». Абяцаюць, што вы даведаецеся процьму цікавага пра помнікі драўлянага дойлідства, а яшчэ – пра народныя і хрысціянскія традыцыі святкавання Каляд.
ГРОДНА
Нядзеля: завітайце на сямейную імпрэзу
8 студзеня, 16:00.
Музей гісторыі рэлігіі (вул. Замкавая, 16).
Кошт: 12 руб.
У нядзелю Музей гісторыі рэлігіі паўтарае сямейную калядную імпрэзу «Казка аб страчаных Калядах», на якой трэба будзе дапамагчы Яўстафію Мураўёву знайсці настрой і зноў адчуць радасць. Для гэтага неабходна будзе пазнаёміцца з традыцыямі Каляд, зрабіць цацку на ялінку ўласнаруч, аздобіць ялінку, сабраць вертэп, прайсці квэст і адшукаць падарункі.
Запісацца на імпрэзу можна праз дырэкт інстаграма музея альбо па нумары 71 87 07.
МІРСКІ ЗАМАК
Субота: адвязіце дзяцей на дзіцячы калядны баль
7 студзеня, 12:00 і 15:00.
Мірскі замак (вул. Чырвонаармейская, 2; Мір, Карэліцкі раён, Гродзенская вобл.)
Білеты: 40 руб.
У суботу ў Мірскім замку адбудзецца дзіцячы калядны баль. Запрашаюць кавалераў і дам ад 6 да 12 гадоў. Удзельнікі балю атрымаюць урокі прыдворнага этыкету, пакажуць сваё майстэрства ў старадаўніх танцах, атрымаюць асалоду ад гульняў і загадаюць жаданні. А напрыканцы кожнага чакае падарунак.
Білеты можна набыць у касе замка (яны прадугледжваюць наведванне балю дзіцём у суправаджэнні аднаго дарослага). Даведкі па тэлефоне +375 1596 362 90.
ПРАГА
Пятніца: паслухайце выступ Лявона Вольскага
6 студзеня, 20:00.
Klub 007 Strahov (Chaloupeckého, 1903 / Blok 7).
Білеты: 500 крон на ўваходзе.
Год трэба пачынаць добранька, падумаў спадар Лявон Вольскі і запланаваў навагодні канцэрт у Празе. Падтрымаюць яго музыкі Аляксандр Ясінскі і Алесь Плотка. І вы завітвайце!
ВІЛЬНЮС
Субота: запішыцеся на майстар-клас па імправізацыі
Што такое імправізацыя? Гэта выказванне сваіх думак і фантазій з дапамогай гульняў; рамкі, якія прымушаюць хутка і гнутка думаць; гумар, які нараджаецца з паветра; заданні, якія абуджаюць кемлівасць і крэатыў; магчымасць свабоды слова і публічных выступаў; пазітыўны настрой і адсутнасць ацэнкі!
Што будуць рабіць? Гуляць, гуляць і яшчэ раз гуляць! У камандах,тройках і двойках разыгрываць ролевыя эцюды і сцэнкі. Досвед не мае значэння!
Усе выхадныя: прагуляйцеся па персанальнай выставе Настассі Навіцкай
Да 15 студзеня.
CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).
Уваход: вольны.
У арт-прасторы CreateCulture Space адкрылася персанальная выстава Настассі Навіцкай «Чырвоная серыя». «На другі дзень пасля пераезду я пачала пісаць гэту серыю. Мяне мучылі кашмары ў 2020 годзе, увогуле цяжка давалася разуменне новага кантэксту, свабоднай краіны, новых людзей. Усё, што я тады перажывала, перажываю дагэтуль – у гэтай серыі. Да карцін ёсць трэкі: гэта тое, як гучыць карціна. Я хацела б, каб іх убачыла і пачула як мага больш людзей».
ВАРШАВА
Пятніца: навучыцеся маляваць коцікаў свабоды
Да 13 студзеня ў Музеі вольнай Беларусі праходзіць выстава Вольгі Якубоўскай «Малюю нашае жыццё». А ў пятніцу пройдзе яшчэ і майстар-класс па маляванні гэтых коцікаў, які правядзе дачка і першая памочніца аўтаркі Лізавета Дзенісюк. Абяцаюць экспрэс-навучанне базавым прыёмам працы з акварэллю, таму мерапрыемства будзе цікава як дзецям ад 4 гадоў, так і дарослым.
Субота: паслухайце анлайн-лекцыю пра катоў у мастацтве
7 студзеня, 19:30.
Анлайн у ZOOM.
Кошт: 50 злотых.
Як быццам ёсць у свеце істоты больш містычныя і незразумелыя, але такія мілыя і блізкія нам, чым каты! Пра іх і пойдзе гаворка на анлайн-лекцыі Матыльды, якая раскажа пра мноства карцін, мазаік і фрэсак, упрыгожаных выявамі гэтых жывёл.
Каб далучыцца да лекцыі, пішыце ў дырэкт.
ВРОЦЛАЎ
Субота: паслухайце жарты па-беларуску
У суботу ва Вроцлаў едуць з беларускамоўным стэндапам комікі з суполкі «Пан Стэндап». Жартаваць на роднай мове будуць Ягор Анісімаў, Павел Радзевіч і Аляксандр Калінкін. Білеты па спасылцы!
СОПАТ
Пятніца: адсвяткуйце Каляды на «Мара фэсце»
У пятніцу беларусаў Сопата чакае калядны фэст MaraChristmas. Цэнтральная падзея мерапрыемства – выступ NaviBand у суправаджэнні польскага аркестра Formacja 22. Таксама будуць зона малявання для дзетак у кампаніі мастачкі Яны Каспяровіч, гарачыя глінтвейн і гарбатка, міні-маркет беларускіх рамеснікаў – з кніжкамі на роднай мове, дабрачынны аўкцыён, падчас якога разыграюць падарунак ад фларысткі Ганны Сапон, а таксама білеты на #MaraFest2023 і іншыя сюрпрызы.
Сродкі з аўкцыёну пойдуць на падтрымку беларускага хостэла Local97 у Сопаце, які дапамагае людзям у складанай жыццёвай сітуацыі.