«На стале абавязкова павінен быць грыбны квас». Расказваем, як святкаваць Каляды

«На стале абавязкова павінен быць грыбны квас». Расказваем, як святкаваць Каляды
Блізіцца час Каляд – старажытнага свята, якое нашыя продкі вельмі любілі і шанавалі. CityDog.io паразмаўляў з фалькларысткай і даведаўся, як можна адсвяткаваць Каляды па-сучаснаму, якіх правіл варта прытрымлівацца і чаму падчас свята можна застацца без варот.

Блізіцца час Каляд – старажытнага свята, якое нашыя продкі вельмі любілі і шанавалі. CityDog.io паразмаўляў з фалькларысткай і даведаўся, як можна адсвяткаваць Каляды па-сучаснаму, якіх правіл варта прытрымлівацца і чаму падчас свята можна застацца без варот.

Каляды маюць глыбокія карані і дзякуючы сваёй шматвяковай гісторыі маюць адразу некалькі значэнняў. Яны святкаваліся, каб ушанаваць продкаў, а яшчэ адзначыць гонар стварэння сусвету і аднаўленне прасторы і часу. І, канешне, свята ў гонар нараджэння Хрыста – гэта традыцыя з’явілася праз хрысціянізацыю.

Дык як жа святкаваць Каляды?

– На ўсю Беларусь не будзе аднолькавых правіл. Нават вёска ад вёскі часам адрозніваюцца па сваіх традыцыях, – расказвае фалькларыстка (суразмоўца пажадала захаваць ананімнасць). – Пры гэтым ёсць Каляды праваслаўныя, якія пачынаюцца 6 студзеня, а ёсць каталіцкія, яны адзначаюцца з 24 снежня.

Але ж галоўная традыцыя – тое, што калядны стол трэба заслаць белым абрусам і пад яго пакласці сена. Гэта робяць, таму што Ісус нарадзіўся ў яслях на сене. У гонар яго мы гэта робім.

Як можна ўпрыгожыць інтэр’ер?

Падчас Каляд у кватэры можна павесіць саламянага павука – гэта адзін з галоўных старажытных калядных атрыбутаў. Ён сімвалізуе вобраз ідэальнага свету і ўвасабляе лад. Калядны павук – абярэг, які прыцягвае шчасце і дабрабыт.

А што есці падчас Каляд?

– Мы выносім 12 посных, то бок вегетырянскіх страў, – расказвае фалькларыстка. – Пачынаецца ўсё абавязкова з куцці – ячменнай кашы з раслінным алеем. Пасля таго як паелі яе, трэба выйсці на вуліцу і паклікаць: «Мароз, мароз, ідзі куццю есці», – гэта заўсёды было пры паганскіх часах. Астатнія стравы: агуркі, печаная бульба, аўсяны кісель, капуста, грыбы і абавязкова ўзвар.

Але, зноў жа, у розных рэгіёнах стравы будуць адрознівацца ў залежнасці ад характэрнай для мясцовасці ежы. Напрыклад, мая знаёмая з Драгічынскага раёна кажа, што ў іх на стале абавязкова павінен быць грыбны квас. Грыбы варацца, і ў гэты чарнаваты адвар дадаецца бульба і капуста – атрымліваецца пэўнае бацвінне.

Як калядоўшчыкі забаўляюцца?

– Гэта святы вечар – тут не да гарцаванняў. Збіраецца сям’я за сталом. Пасля, каб праславіць Бога, спяваюцца калядкі. Калі вы іх не ведаеце, то можна пашукаць у інтэрнеце.

На наступны дзень вернікі ідуць у царкву. А ўжо ўвечары пачынаюцца калядаванні. Мой бацька мне казаў, што раней хадзілі калядаваць толькі хлопцы. Але я ўжо памятаю, што ходзяць і дзяўчаты. Цяпер калядоўшчыкі ў што толькі не апранаюцца. А раней былі анёл, смерць, абавязкова каза, бусел і мядзведзь.

Ці адзначаюць Каляды ў іншых краінах?

– Канешне. Гэта традыцыя ёсць ва Украіне, Літве, Польшчы. Аднойчы я была на Калядах у палякаў, і ў іх збіралася толькі сям’я. У першы дзень яны дзяліліся аплаткамі, але куцці не было.

Ужо на наступны дзень я заўважыла, што да іх прыехалі сваякі, і яны пачалі спяваць. Мне так спадабалася, што ім раздалі тэксты, каб кожны мог паўдзельнічаць, таму што не ўсе людзі ведаюць песні.

У якім настроі сустракаць каляды?

– Калі мы пачынаем адзначаць Каляды і гуляем традыцыйную батлейку з царом Ірадам, то я, калі бяру ляльку анёла, – адчуваю вялікую радасць.

Я лічу, што Каляды трэба сустракаць з радасцю і надзеяй, што будзе лепей, бо Хрыстос нарадзіўся менавіта дзеля таго, каб зрабіць свет лепшым. Таму я ўпэўнена, што Каляды – вельмі светлае свята.

А што такое Шчодрык?

– Шчодрык пачынаецца 13 студзеня – у Стары Новы год. Тут ужо падаюць куццю шчодрую і стол багаты. Напрыклад, у Давыд-Гарадку ёсць вельмі цікавая традыцыя, якая называецца «конікі». Там збіраюцца калядныя групы, ходзяць па дварах і шчадруюць, але ў іх галоўны персанаж не каза, а конь.

Дарэчы, у Давыд-Гарадку традыцыя шчадравання перажыла ўсё. У савецкія часы свята забаранялі, але дзеці ўсё роўна збіраліся. А цяпер на наступны дзень пасля Шчодрыка бацькі нават дазваляюць дзецям не ісці ў школу.

Узгадваючы сваё дзяцінства, я памятаю, што на Шчодрык здымаліся вароты. Ідуць да цябе, здымуць вароты – і куды-небудзь занясуць, так людзі жартавалі адзін над адным.

Таксама, калі мы прачыналіся ўжо 14 студзеня, маці адпраўляла нас да бабулі і суседзяў шчадраваць. Мы прыходзілі, бралі жменю проса і крычалі:

Сею-сею, пасяваю,
З Новым годам паздраўляю,
Давай, баба, каўбасу,
А то хату растрасу.

У Берасці ў мяне ёсць знаёмая кампанія моладзі, якая кожны год на Шчодрык ездзіць па хатах і віншуе людзей. Яны шыюць сабе касцюмы, штогод робяць маскі. У моладзі ёсць азарт дакрануцца да гэтай традыцыі – гэта цешыць.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Unsplash.com.

Еще по этой теме:
«Раскладывали таро на успех». Беларусы сделали крутой журнал про мифологию и сейчас собирают предзаказы на его печать
«Асаблівы фурор вызвала Цыцоха са сваімі цыцкамі». Этот художник рисует самых необычных существ белорусского фольклора – вы точно про таких не знали!
«В плане сексуальных свобод мы всегда были на передовой». Интервью с авторкой книги о сексе в белорусской истории
поделиться