Ну, як з’ездзіў у Ізраіль – нататкі пра арабаў, габрэйскіх дзяўчын і пэйсы

Ну, як з’ездзіў у Ізраіль – нататкі пра арабаў, габрэйскіх дзяўчын і пэйсы
Краязнаўца і паэт Раман Абрамчук увосень ездзіў у Ізраіль і прывёз адтуль неверагодна рамантычныя нататкі. 

Краязнаўца і паэт Раман Абрамчук увосень ездзіў у Ізраіль і прывёз адтуль неверагодна рамантычныя нататкі. 

Адпраўляючыся ў Ізраіль, забудзьце, калі ласка, што першыя прэзідэнты ды прэм'еры гэтай краіны – вашы землякі. Гэта не тыя ключы. Ключоў у вас няма, калі вы не гэбраіст, не мясцовы прафесар юдаікі. Вучыць іўрыцкі алфавіт перад вандроўкай, каб хоць што-небудзь цяміць? Паважна, але мала рэальна. І хоць вабіць, што і ў іх, і ў нас ёсць фрыкатыўны “г”, усё адно пачынайце не з гэтага. Апроч прыветнай усмешкі – гэтай міжнароднай мовы людскасці – няхай гэты лексікон будзе вам у падтрымку падчас арыентавання на мясцовасці. 

Пастух у Ерусаліме.

 

АРАБЫ

Мара мая была пабываць у арабскім квартале. Дамарыўся: жылі ў арабскім квартале, елі пераважна ў арабскіх шапіках. Што ўжо казаць пра сувеніры – габрэі такім проста не займаюцца. Крамы – без коштаў. У арабаў проста не прынята. Нават у фудкорце сучаснага гандлёвага цэнтра арабскі сектар гандлюе як Алах на душу паклаў. Вучышся таргавацца. Зразумела, бяздарна. Гэтак жа бяздарна каштуеш тое, што шчодра прапануюць арабы: асцярожна, недаверліва. 

І ў той жа час іншая палова арабскага мозга ўжо падлічвае, колькі з вас можна садраць як з замежнага турыста. Але, узгадаўшы нашу айчынную турыстычную набрыдзь з яе метадамі працы з замежнікамі, адмаўляюся ад выстаўлення якіхсьці рахункаў арабам, хоць не раз бачылі прыклады несумленнага абыходжання. 

Я згадваю прыклады невытлумачальнай шчодрасці ды шчырасці сустрэтых арабаў – і зноў паважна ўслухваюся ў чароўны спеў муэдзіна з мінарэта. Арабы – хітрыя? Я б сказаў, што яны здзяйсняюць сваё зло там і так, дзе і як яго не здзяйсняюць габрэі і, быць можа, беларусы. Але істотнай розніцы паміж намі... яна танчэй, чым мы думаем. 

На арабскіх вуліцах Ерусаліма.

 

Пастух у арабскім квартале Ерусаліма, пасля прасіў 5 шэкеляў за фотку.

 

У арабскім квартале Ерусаліма.

 

АРМЯНЕ

Доўга намагаліся трапіць у армянскі квартал і дужа цікавіліся гісторыяй такога асобнага паважнага статусу армян у Ерусаліме. Ды ўсё ніяк. Але дзесь між магілай Давіда і Сцяной плачу армяне самі прыходзяць да нас: добразычлівая Жасмін на слабой рускай дапамагае нам не памыліцца з выбарам прадуктаў у краме, бо надпісы на іх – выключна на тамтэйшых алфавітах. 

Далей нечакана апынаемся на армянскіх вечаровых вуліцах: замест хаосу арабскіх сувенірных шапікаў – арт-майстэрні, замест шавермаў – армянская таверна. Чысціня і інтэлігентнасць. Мастак Вікен прадае нам свае распісаныя керамічныя вырабы – і язык не паварочваецца запытаць яго “адкуль вы родам?”, бо па рухах і няспешнай гаворцы можна нават без “Вікіпедыі” здагадацца, што армяне тут – мясцовыя з наймясцовых.  

Армянская арт-майстэрня, здымаць творы ўнутры забаронена. 

 

ПЭЙСЫ

Розныя. У спалучэнні з дзівоснымі шапачкамі ці каробачкамі на галаве. Як потым высветлілася – увесь Ізраіль такі, а не толькі духоўныя асобы. Ізраіль габрэйскі. 

Строгі чорны касцюм з белай кашуляй, чорны капялюш (можа быць розных відаў) і белыя матузкі на поясе (адзін з матузкоў – блакітны, каб на світанні, распазнаўшы яго колер, пачаць малітву) – гэта надзвычай распаўсюджаны штодзённы від вопраткі габрэяў, у тым ліку дзяцей. 

На Шабат жа габрэі апранаюцца шыкоўна. Выпешчаныя дзеці, якіх цяжка ўявіць з працягнутай да турыста рукой. Яны любяць сябе. І з боку гэта выглядае як здаровая самапавага і жаданне быць далучаным да сваіх, богаабраных. І ў мяне няма сумневу,  што гэта так і было. І арабы, што ў пятніцу цягнуцца ў мячэці працоўнай масай, выглядаюць на іх фоне рабочым класам са сваёй гнеўнай пралетарскай праўдай. 

Можа, і ў гэтым корань іх канфлікту? І прычына нашай большай блізкасці да арабскага свету, а не да яўрэяў? 

Перад Шабатам ля Сцяны плачу. 

Сцяна плачу на Шабат. 

 

СМЕЦЦЕ

Паўсюль на арабскіх вуліцах. Нідзе на габрэйскіх. У той жа час мясцовыя запэўніваюць, што ўнутры арабскіх дамоў чысціня. Кажуць яшчэ, што так арабы выражаюць сваё стаўленне да ўладаў Ізраіля.

А яшчэ адзін з габрэяў, пачуўшы, адкуль я, усклікнуў: “О, адна з самых чыстых краін у свеце!” Пасля гэтага адчуў сябе экспертам па чысціні з правам пісаць вось такія зацемкі. 

У арабскім квартале перад амерыканскай царквой.

 

СМАКІ

Вострыя, казачна салодкія, размаітыя – арабы любяць паказытаць рэцэптары ў роце. Але можна і апячыся.

І толькі хумус, ацэнены намі ад першых дзён – культуралагічна блізкі нашай бульбе, пакліканы ўсярэдніваць амплітуды смакаў і несці ў арганізм здаровыя калорыі. 

Сваяк мінскага «Сытага таты”.

 

МАЛІТВА

Арабскай вяззю-дымкай разліваецца вакол вежаў мячэцяў. Або індывідуальна шапочацца богаабранымі там, дзе Яхвэ захацеў (хоць у залі чакання самалёта, хоць на закутку вуліцы). Або супольна і пранікнёна спяваецца на ўсіх мовах гуртамі паломнікаў з усяго свету – ціхім спевам ці ў мегафоны пад гітару, ідучы шляхамі Прапаведніка з Галілеі. 

Ізраіль з Палесцінай моляцца. Па-рознаму. Але Адзінаму. І цяжка знайсці больш малітоўнае месца на планеце. Надта вялікая плынь сігналаў наверх. І немагчыма не адчуць зваротнай рэакцыі. 

Сцяна плачу на фоне мячэці.

 

Шабат, Сцяна плачу.

 

Пятніца ў Ерусаліме, арабы ідуць у мячэць. 

 

ЕРУСАЛІМ

Горад гарадоў. І ўсходне-сарацынскі. І рамантычна-сярэднявечны, так што чутно пошчак крокаў Радзівіла Сіроткі. І сучасны габрэйскі. І занадта турыстычны. Сакральны стокроць. 

Паветра – спрэсаваная газа, што можа выбухнуць ад любога габрэйскага слова, неасцярожна чыркнутага аб шурпатую серу арабскай годнасці. Гурты паліцэйскіх ад чатырох да дзесяці чалавек на кожным рагу вуліцы. Увечары – яшчэ больш. Смялей. Ідзі праз іх кардоны і загарадкі. Спрабуй прабрацца тупіковымі вуліцамі. Залазь на дахі і дабірайся да купалоў. І, быць можа, сцены ўпадуць. 

Распаласаваны на армянскі, габрэйскі, хрысціянскі, арабскі кварталы, стары Ерусалім належыць і табе, звычайнаму турысту. Па што прыйшоў – тое і атрымаеш. Дотык або шаверму. І не заліпні на сувенірах, крамы з якімі цягнуцца бадай да самага неба. 

Паліцыя ў Ерусаліме.

 

Дахі Ерусаліма, вежы храмаў розных рэлігій. 

 

МОРЫ

Удалося паплаваць у пляжна-рэлаксовым Чырвоным, павыбрыквацца ў Мёртвым, паскакаць разам з хвалямі сівога Міжземнага. А яшчэ пасядзець на беражку Галілейскага, як колісь Хрыстос з сябрамі. 

Чырвонае апраўдвае назву безліччу яркіх фарбаў, што выпраменьваюць з крыштальна-празрыстай вады дзівосныя каралы. А таксама безлічнай разнастайнасцю рыбін, у якіх пасля ерусалімскіх рэалій пазнаю рыб-хрысціян (стрымана і паважна здабываюць хлеб надзённы), рыб-арабаў (спрытна шныкаюць вузкімі міжкаралавымі вулкамі па дробных справах), рыб-юдэяў (экстатычна завісаюць у малітве перад камянём-Сцяной плачу). 

Жонка штуршком выводзіць мяне з падводна-культуралагічных летуценняў з нагадкай, што падводная абсерваторыя зачыняецца а 18-й. Мёртвае – анічым не ўразіла, акрамя як здаровым самаадчуваннем пасля купання і магчымасцю танчыць балет на вадзе без кармічнага сыходу на дно. 

Міжземнае – пахне старажытнагрэцкімі міфамі, і, як ні дзіўна, толькі яно пахне морам. Раніцай стала дужа хвалістым, бераг акупавалі сёрфінгісты. Блазнуем, скочам на хрыбет хваляў, каб пракаціла пару метраў, і шчаслівыя без усялякіх адмысловых дошак. Магія Міжземнага так засмоктвае, што ў аэрапорце нас чакае мардабойная фраза: “Вы спазніліся на самалёт”. 

У акіянарыуме (Эйлат). 

 

ГАЛІЛЕЯ

Няцяжка ўявіць “язычнікаў” з евангельскіх аповедаў. Вось, іх нашчадкі дагэтуль гандлююць шавермай ці разводзяць авечак. Ці не тыя гэта самыя, што не маглі па вызначэнні быць юдэямі, але ў свой час сталі хрысціянамі або мусульманамі? 

Няцяжка зразумець і скептычнае стаўленне ерусалімскіх да Галілеяніна, што раптам выдаў: “Я – Спрадвечны”. Гэта як хтось бы з Хоцімску прыпёрся ў Мінск, цэлячы ў духоўныя лідэры нацыі. “З Хоцімска – ці можа быць што добрае?” – пыталіся б мы адзін у аднаго, як колісь юдэі пра нейкага Ешуа Га-Ноцры (Ісуса з Назарэта). 

Галілея – паўночная правінцыя Ізраіля, дзе юдэі змяшаліся з нявернымі, не карысталася павагай у тыя часы. Але менавіта ваколіцамі Галілейскага возера збольшага і абмяжоўваліся вандроўныя маршруты Хрыста. Што гэта – любоў да малой радзімы? 

Мазаіка V ст. у царкве на беразе Галілейскага мора на месцы памнажэння Хрыстом рыбы і хлябоў.

 

ЮДЭІ

Амаль усе ведаюць англійскую (нават кіроўцы). Адкрытыя і гатовыя дапамагчы. Патыхаюць дабрабытам і інтэлігентнасцю. Стары патрыярхальны Ізраіль – як утульна і цёпла ў гэтым космасе! Так і хочацца быць адным з іх, ведаць і іх дзіўнаватае пісьмо і таямніцы Талмуда. 

Ды Хаім, наш вулічны знаёмы, адной фразай перабівае хрыбет майму нованароджанаму юдалюбству: “Так, быў такі з Галілеі, рабіў цуды праз забароненыя замовы, ды нашы прыбралі Яго рукамі рымлян, бо перашкаджаў усім са сваёй сектай”. 

Хм, калі твая богаабранасць, дабрабыт і нацыянальная ідэя становяцца насуперак праўдзе, як ты сябе павядзеш? Што б сказалі нашыя свядомыя змагары, калі б нейкі правінцыял-прапаведнік у час, калі гібее айчына, раптам стаў іх грузіць казанямі пра людскасць ды сумленне?.. 

Габрэйскі квартал у Ерусаліме.

 

Гефсіманскі сад, старажытнае аліўкавае дрэва. 

 

ЭМІГРАНТЫ

Часта сустракалі ўкраінцаў і беларусаў, якія, відаць, знайшлі-такі габрэйскія карані ў сваім славянскім дрэве. Мне падказваюць, што Абрамчук таксама мае ўсе шанцы. 

Рэпатрыянты не любяць размаўляць пра мінулае. Але ў цеплыні ім не адмовіш: нашы частыя праваднікі і памочнікі ў вандроўцы – рускамоўныя мігранты. Габрэі і не. Хаім з Навасібірска, Жэня з Гомеля, Ігар «ды няважна адкуль». Дапамагаюць і ставяцца прыязна. Проста так. Таму што нейкая сувязь. Ну і Бог з імі. 

Не адмовіш ім і ў любові да новай радзімы: усе аповеды пра поспехі дзяржавы Ізраіль вядуцца ад першай асобы множнага ліку. Ганарацца, не хаваючы, чаго не сустракаў у Заходняй Еўропе (з якой Ізраіль параўнальны па ўзроўню жыцця), дзе здаровыя дзяржаўныя механізмы ўспрымаюцца як належнае. 

Помнік ізраільскім салдатам у Эйлаце. 

 

ПАЛЕСЦІНА

Нікуды і не знікала. Мясцовыя, неяўрэі, па-ранейшаму называюць сябе палесцінцамі. На арабскіх вуліцах – шапікі з паўстанцкай сімволікай, антыізраільскімі майкамі ў адкрытым продажы. І тут жа побач адзінаверныя партызаны прадаюць кіпы з зоркай Давіда, увесь набор хрысціянскіх сувеніраў. 

І толькі здагадвацца можна, пра што гамоняць мужыкі ды маладзёны ў сваіх кальянных пад партрэтам Арафата ў поўнай адсутнасці паненак ды што там накрэмзана па-арабску на сценах задворкаў побач з графіці нейкіх экстрэмістаў... 

Антыізраільскія майкі ў арабскім шапіку.

 

Указальнік у габрэйскім квартале, надпісы па-арабску закрэслены. 

 

ДЗЯЎЧАТЫ

Здзіўляліся бліскучай красе і макіяжу жыдовачак на Шабаце, цягнуліся ўслед за дужымі ізраільскімі школьніцамі на гару Саламона – школьніцы выйшлі ў апошні паход перад сыходам у войска. 

А вось арабчанак проста не бачылі – ні ў крамах, ні яшчэ дзе на працоўным месцы. Толькі дзесь прамільгнулі чародкі паненак у чадрах – ці то са школы, ці то ў мячэць. Як жа тут арабу ўпусціць магчымасць пазаляцацца да светласкурых – адзін такі прама на маіх вачах выпрошвае тэлефон у маёй жонкі, міла мне пасміхаючыся з бяспечнай адлегласці. 

Ільвіная брама (Ерусалім), чародка арабскіх жанчын ідзе ў мячэць, у якую не пускаюць турыстаў.

На подступах да гары Саламона, злева група ізраільскіх школьніц у апошнім паходзе перад сыходам у войска.

 

БЕЛАРУСЬ

Землякі і блізкія суседзі пазнавалі па вышымайцы. Хоць вочы нікому не мазолілі. Усяму былі рады. 

Адзін раз толькі паскандалілі ў хостэле, які раптам вырашыў узяць за пражыванне па завышаным курсе. Яшчэ адна паненка на вакзальчыку ў Тэль-Авіве, калі двое здарожаных беларусаў вырашылі даесці на лавачцы маміны катлеты, падсела да нас і цішком стала рабіць сэлфі. 

Ды турыстычную групу ў Назарэце трохі прытармазілі, пакуль не дазналіся, дзе дакладна вісіць абраз Маці Божай Будслаўскай. 

Будслаўскі абраз Божай Маці на падворку царквы Дабравесця ў Назарэце. 

 

НЕ

У апошні дзень падарожжа з-за спазнення на чэк-ін мы пачулі гэтае слова ці не з дзесятак разоў: ад розных супрацоўнікаў тэль-авіўскага і затым кіеўскага аэрапортаў і напаследак – ад кіроўцы беларускай маршруткі... 

Напэўна, гэта хваля Міжземнага мора надала нам паскарэнне, якім прабілі ўсе кардоны. А быць можа, і наш экстравагантны выгляд – сумесь пляжных гарнітураў з вышымайкамі, асеннімі ботамі і паліто – абяззброіў адну з наймацнейшых сістэм бяспекі ў свеце. 

А мо і сапраўды, адчуванне Велікоднай ночы ў пачатку лістапада ў Храме Труны Гасподняй было не проста вынікам удыхання духмянага каджэння... 

Урэшце мы трапілі на самалёт. Толькі ўжо з нашай памежніцай у родным аэрапорце я зразумеў: ніякіх “не” і быць не можа. І не страшна спазніцца – на пачатак зімы на радзіме на 10 дзён. Пасля хвіліны строгага агляду і безвыніковага допыту, чаму мой пашпарт мокры, прыгожыя вусны беларускі расплываюцца ва ўсмешцы, прызнаюць за свайго.

 

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

   Фото: Роман Абрамчук, Лизавета Строцева-Абрамчук.

Еще по этой теме:
Ну, как съездил: в Италию – свадебное путешествие по большим и не очень городам
Ну, как съездил на Тенерифе: гигантский вулкан, украденные паспорта и незабываемые приключения на грани
Ну, как съездил в Мексику: древние города майя, музей Фриды Кало и кузнечики на обед
поделиться