17 кастрычніка ў Варшаве адбудзецца псіхалагічны фестываль «Карані і Крылы» для беларусаў. У праграме – лекцыі пра псіхічнае здароўе ў эміграцыі, сямейныя крызісы і сэксуальнасць, а таксама практычныя заняткі, прысвечаныя барацьбе са стрэсам. CityDog.io расказвае падрабязнасці.
Што гэта за фэст?
Фестываль «Карані і Крылы» пройдзе ў Музеі Вольнай Беларусі па адрасе Foksal, 11. Ён будзе цікавы тым, хто хоча лепш разабрацца ў сваім псіхалагічным стане, знайсці ўнутраныя апоры пасля пераезду і пазнаёміцца з іншымі беларусамі.
На працягу дня выступяць псіхатэрапеўты, псіхіятр, сэксолаг, філосафка і спецыялістка па вакальнай тэрапіі. Яны раскажуць, як эміграцыя ўплывае на псіхічнае здароўе і адносіны, калі варта звярнуцца да псіхіятра і як спраўляцца са стрэсам.

Фестываль «Карані і Крылы». Фота: арганізатары.
Таксама ўдзельнікі абмяркуюць сэксуальнасць беларусаў, уплыў страху на наша жыццё і тое, дзе шукаць надзею ў цяперашняй сітуацыі. Акрамя лекцый, можна будзе паспрабаваць практыкі самадапамогі і даведацца, як выкарыстоўваць голас для працы са стрэсам.
«Сёння здаецца, што з дома можна не выходзіць: любую інфармацыю выдасць ChatGPT, а псіхатэрапію заменіць выпадковы ролік у TikTok. Але сілы не зʼяўляюцца ў ізаляцыі. На фэсце можна будзе атрымаць новыя веды і знаёмствы або проста выдыхнуць і адчуць прысутнасць іншых», – пішуць арганізатары.
Праграма фестывалю
- 11:00–12:30 – дыскусія «Хто дапамагае табе, пакуль ты дапамагаеш іншым». Размова пра тое, як спецыялістам, якія падтрымліваюць іншых людзей, клапаціцца пра ўласны стан. Далучыцца да дыскусіі змогуць усе ахвочыя.
- 12:40–13:30 – траўматэрапеўтка Анастасія Старанцова. Тэма выступу – «Слухаючы цела: як нервовая сістэма дапамагае вяртаць сабе апоры ў новым свеце». Удзельнікі пазнаёмяцца з практычнымі інструментамі самадапамогі і паспрабуюць аднавіць адчуванне бяспекі праз кантакт з целам.
- 13:30–14:30 – псіхатэрапеўтка Ганна Матуляк. Лекцыя «Сямейны крызіс у эміграцыі: чаму пераезд змяняе стасункі мацней, чым падаецца» будзе прысвечана таму, як эміграцыя ўплывае на пары, змяняе сямейныя ролі і абвастрае канфлікты. Таксама абмяркуюць, ці можна выкарыстаць крызіс для развіцця адносін.
- 14:30–15:30 – псіхіятр Уладзімір Пікірэня. Выступ «Псіхічнае здароўе ў эміграцыі» прысвецяць уплыву пераезду на мозг і нервовую сістэму, трывожнасці, ПТСР і дэпрэсіі. Спецыяліст таксама раскажа пра медыкаментозную падтрымку і пра тое, калі варта звярнуцца да псіхіятра.
- 15:30–16:30 – сэксалагіня Зоя Прышывалка. Лекцыя «Сэксуальнасць беларусаў: што можна пабачыць, калі спытаць» будзе прысвечана вынікам даследавання пра сэксуальныя жаданні, задаволенасць, сорам і размовы з партнёрам.
- 16:30–17:30 – філосафка Таццяна Шчытцова. Падчас выступу «Страх і надзея ў сучаснай беларускай сітуацыі» абмяркуюць, як страх уплывае на жыццё беларусаў па абодва бакі мяжы і якое месца застаецца для надзеі.
- 17:30–18:30 – спецыялістка па вакальнай тэрапіі Марына Руся Шукюрава. На занятку «Вакальная і музычная тэрапія: як уласны голас вяртае глебу» раскажуць пра працу са стрэсам і нервовай сістэмай з дапамогай голасу і традыцыйных спеваў.
Колькі каштуюць білеты
На сайце фестывалю пазначаны тры варыянты білетаў:
- 90 зл. – са скідкай 25%. Яна дзейнічае да 15 кастрычніка.
- 120 зл. – звычайны білет.
- 150 зл. – білет «Крылы для фэсту». Дадатковыя 30 зл. дапамогуць арганізатарам пакрыць выдаткі на правядзенне мерапрыемства.
Набыць білеты можна на сайце фестывалю ў раздзеле «Квіткі».
- Калі: 17 кастрычніка 2026 года.
- Дзе: Музей Вольнай Беларусі, Foksal, 11, Варшава.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.












