Фота: Erol Ahmed, Unsplash.com.

Сёстры Груздзевы кажуць, што эмігрантам складана знайсці добрае мяса. Беларусы за мяжой расказваюць, ці так гэта

Фота: Erol Ahmed, Unsplash.com.

Нядаўна беларускія спявачкі і тэлевядучыя Аляксандра і Валянціна Груздзевы пашкадавалі суайчыннікаў, якія з’ехалі з краіны, – нібыта цяпер ім складана знайсці добрае мяса. CityDog.io вырашыў разабрацца: чым харчуюцца беларусы за мяжой?

мы здесь

Што здарылася?

У адным з незалежных беларускіх YouTube-шоу вядучыя вырашылі патэлефанаваць Аляксандры і Валянціне Груздзевым – сёстры атрымалі папулярнасць у інфаполі дзякуючы эксцэнтрычным заявам і праўладнай пазіцыі.

Падчас размовы Аляксандра і Валянціна адзначылі, што беларусам, якія жывуць у Польшчы, нібыта цяжка знайсці добрае мяса. Маўляў, цяпер эмігрантам прыйшлося адмовіцца ад звыклых прадуктаў. Рэпліка сясцёр выклікала бурную рэакцыю ў залі.

«Магчыма, сёстры Груздзевы і правыя»

Міхаіл, Літва
(27)

– Магчыма, сёстры Груздзевы і правыя, калі кажуць пра людзей, якія выжываюць у эміграцыі, – то бок пра мяне. У Літву я прыехаў тры гады таму, і тады кошты на мяса здаваліся вар’яцкімі: каля 6€ за кілаграм курынага філе. Цяпер, мне здаецца, кошт на гэты прадукт ужо зраўняўся з беларускім (таму што ў Літве інфляцыі не было, а ў Беларусі была).

Цяпер я дазваляю сабе курынае філе вельмі рэдка. Напрыклад, калі на мяса ёсць вялікія скідкі. У Беларусі ж купіць мяса для мяне не было праблемай. Сярэдні кошт грудкі ў гэтым годзе – 7€, на гэтыя грошы я магу ўзяць некалькі ўпаковак сасісак, пельменяў або вяндліны.

У Літве, як і ў Беларусі, ёсць сезоннасць – у залежнасці ад пары года некаторыя прадукты рэзка таннеюць. Таму цяпер я ўжываю шмат гародніны: часта бяру балгарскія перцы, фасаваную радыску, агуркі і памідоры – імкнуся харчавацца правільна.

Вугляводы папаўняю часцей за ўсё макаронамі, але купляю вырабы з цвёрдых гатункаў пшаніцы – на скідках можна знайсці і за 1€. Да пасты дадаю песта – вельмі падабаецца, што ў Еўрасаюзе гэта даволі танны прадукт. У Беларусі кошт на песта быў непад’ёмным.

На сняданкі часта ем аўсянку, да яе магу дадаць кавалачак сметанковага масла. А вось малако, на якім я якраз і вару кашу, у Літве каштуе менш за 1€ – тады як у Беларусі яго кошт ужо часам перавышае 4 рублі. Таксама з малочных прадуктаў часта бяру ёгурты – у Літве яны недарагія. Каб зэканоміць, купляю адразу вялікую літровую ўпакоўку і ем з сухімі сняданкамі.

Яшчэ я вельмі люблю вараныя яйкі – магу іх есці проста так. Гэта страва падабаецца настолькі моцна, што нават цана, якая ў два разы перавышае беларускую (каля €2), не адпужвае.

Магу сказаць, што пасля ад’езду з Беларусі мой рацыён моцна змяніўся. У Літве я часцей магу дазволіць сабе морапрадукты – напрыклад, слабасалёнага ласося на скідцы, мідыі ці крэветкі.

Таксама ў Беларусі было дарагім альтэрнатыўнае малако – купляў яго выключна ў FixPrice. У Літве ж практычна ў любой краме можна знайсці альтэрнатыўнае малако за 1,5€ у розных варыяцыях: аўсянае, міндальнае, арахісавае, ванільнае, шакаладнае – мільён відаў.

Крама Lidl.

Сетка крам Lidl. Фота: K. Mitch Hodge, Unsplash.com.

«Прыходзіш у краму і не ведаеш, што ўзяць»

Мікіта, Польшча
(36)

– У Беларусі я зарабляў каля 500–600$, і адчувальная частка гэтых грошай сыходзіла на ежу – даводзілася ўціскацца. Рацыён быў класічным: мяса, гародніна, паўфабрыкаты, салодкае.

Пасля пераезду ў Польшчу мой заробак значна вырас – я атрымліваю пад 2000$, і гэтых грошай, вядома ж, хапае на любыя прадукты, якіх мне хочацца. Часам бывае так, што прыходзіш у краму і ўжо не ведаеш, што ўзяць, – здаецца, усё перакаштаваў, і даводзіцца выдумляць новыя рэцэпты.

Мне здаецца, якасць прадукцыі ў Польшчы лепшая: нашмат больш замарожаных прадуктаў накшталт піцы, снэкаў, пірагоў і агароднінных сумесяў – гэта ўсё лёгка і хутка гатуецца. Гародніна выглядае свежай, а садавіна накшталт манга – даступней.

У Беларусі я еў пераважна курыцу, тут магу дазволіць сабе індычку (40 зл. за кілаграм – 30,7 руб.) або ялавічыну (36 зл. за ўпакоўку 300 г – 27,7 руб.).

Многія эмігранты сумуюць па беларускай малочцы – я яе амаль не ем, таму розніцы для сябе не адчуў. А вось выбар «альтэрнатыўнай» прадукцыі накшталт ёгуртаў, тварожных намазак або малака без лактозы ў Польшчы нашмат шырэйшы – заўсёды гэта купляю.

У цэлым мае смакавыя перавагі пасля пераезду не змяніліся – проста пачаў дазваляць сабе крыху больш, чым у Беларусі. У месяц на харчаванне ў мяне сыходзіць менш за 1000 злотых (769 руб.).

Сетка польскіх крамаў Biedronka.

Сетка польскіх крам Biedronka. Фота: Prime Press Photo, Unsplash.com.

Па статыстыцы, беларусы трацяць 32,1% свайго заробку на ежу. У Літве гэты паказчык ніжэйшы – 21%, а ў Польшчы і ўвогуле складае 17,2%.

Пры гэтым памер сярэдніх заробкаў у трох краінах таксама адрозніваецца. У Беларусі – 2952 руб., у Польшчы – каля 2200€, а ў Літве – 2100€. Важна адзначыць, што гэтыя сумы пазначаны да выліку падаткаў, а таксама асераднёныя – звычайны літовец, паляк ці беларус як правіла атрымае на рукі меншую суму.

«Думаю, усюды харчавацца дорага»

У сацсетках беларусы таксама часта параўноўваюць кошт прадуктаў дома і за мяжой. CityDog.io паглядзеў, да якіх высноў яны прыйшлі.

«Па асабістых назіраннях месячныя выдаткі на прадукты аднолькавыя на дваіх маладых людзей. Толькі ў Польшчы мы купляем шмат зеляніны, у Мінску яна кратна даражэйшая. Свініна і курыца каштуюць аднолькава, філе і ялавічына даражэй, затое ў Польшчы мы яшчэ і качку ямо, што ў Мінску рабіць даражэй. А так можна лёгка знайсці пазіцыі, якія таннейшыя ў РБ і даражэйшыя ў Польшчы, але ў адваротны бок таксама лёгка робіцца. Якасць садавіны, гародніны, мяса ў Польшчы лепшая», – лічыць nadyaivan.

«Згодна, што ў Польшчы кошты даражэйшыя. Я хаджу ў Auchan: таго, што на акцыях, вечна няма (ужо скончылася). <…> Купляла ў Мінску чырвоную рыбу – нават танней за кг, чым у Польшчы. Мяса – таксама. Нядаўна параўноўвалі з сястрой кошты на садавіну і ягады – амаль адзін у адзін.

Я думаю, што ўсюды харчавацца стала дорага. Канкрэтна пра Польшчу: адзін і той жа кошык прадуктаў падаражэў у два разы за два гады. Раз на тыдзень канкрэтна закупляемся на тры чалавекі. Два гады таму гэта было 220 злотых (169 руб.), а цяпер - 420 злотых (323 руб.). Гэта і рыба, і мяса (курыца), і тварог, і яйкі», – дзеліцца dasha.chizhik.

«Хтосьці сумуе па беларускіх сырках і квасе, хтосьці кляне «бядронку» (польская сетка гіпермаркетаў – Рэд.), але хлопцы, я манга ў такой колькасці ў белке дакладна не еў. І ласося таксама, а літоўскія сыркі і квас сапраўды не горшыя», – выказваецца belarusoturisto.

«Хвароба яго ведае ў якой Польшчы вы жывеце. Так, стала даражэй за апошнія гады, але ўсё роўна вельмі танна», – лічыць satan666panonski.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

#Польша #Литва #Беларусь
Еще по теме:
Где дешевле? Сравнили, сколько родители тратят на выпускные в Польше и в Беларуси
«В приложении вообще моей записи нет. Лохотрон». Как сейчас обстоят дела с польскими визами?
поделиться