Разам з кампаніяй «A1» мы працягваем рубрыку «Дзейныя» пра пасіянарных і крэатыўных беларусаў, якія штодзень паспяхова ствараюць сучасную беларускамоўную культуру.
Чарговая «Дзейная» – пісьменніца і перакладчыца Марыя Мартысевіч. Дзякуючы ёй вы прачыталі «Байцоўскі клуб» і безліч іншых сусветна вядомых твораў на роднай мове.
Кароткі змест артыкула:
- Не сядзіць у офісе, а столькі робіць: «Прыемна, калі бачыш, як “Амерыканку” чытаюць у метро»
- Навошта яна гэта робіць: «У дзяцінстве я перакладала вершы з падручнікаў»
- Чым яна займаецца зараз: «У мяне быў цяжкі перыяд – я глядзела азіяцкія мыльныя оперы»
- Што трэба рабіць, каб па-беларуску чыталі больш

Не сядзіць у офісе, а столькі робіць: «Прыемна, калі бачыш, як “Амерыканку” чытаюць у метро»
– Я ніколі не хадзіла на работу ў офіс. Я сама так збудавала сваё жыццё, хоць зараз яно падобна на вар’яцтва. Я спрабую спалучаць у сабе некалькі роляў: займаюся выдавецкімі праектамі, творчасцю і сям’ёй. Наш дом нагадвае вялікі дзіцячы пакой, таму я працую па кавярнях ці ў бібліятэках, - гаворыць пра сваю паўсядзённасць Марыя.
Вось так па вечарах, перамяшчаючыся з «нацыяналкі» ў кнігарню «Букашкин дом», наша гераіня працавала над адным з самых заўважных праектаў беларускай літаратуры апошніх гадоў – «Амерыканкай».
«Амерыканка» – серыя кніг складаецца з твораў культавых амерыканскіх пісьменнікаў. «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі пераклаў Аляксей Знаткевіч, «Чытво» Чарлза Букоўскі – Ігар Кулікоў, брутальны «Байцоўскі клуб» Чака Паланюка – Серж Мядзведзеў, «Бойню нумар пяць» Курта Вонэгута – Павел Касцюкевіч. Марыя Мартысевіч разам з Вольгай Калацкай пераклалі «Пенелапіяду» Маргарэт Этвуд.

Перакладчыкі незалежна адзін ад аднаго даўно пераклалі ўлюбёныя творы на родную мову – было невядома, што рабіць з тэкстамі. Ролю менеджаркі ўзяла на сябе Марыя. Яна дамовілася з выдавецтвамі «Логвінаў» і «Янушкевіч», звязалася з праваўладальнікамі, а потым старанна прасоўвала «Амерыканку» ўсімі магчымымі спосабамі.
– Аўтарскія правы знаходзяцца ў агенцтвах. Трэба ведаць агентаў і як з імі размаўляць. Калі аўтар наогул жывы, ты не выпіваў з ім, ён не дазволіў табе выдаваць бясплатна, атрымліваецца, што за кнігу ў 500 асобнікаў трэба заплаціць 500 долараў. Пасля адзін долар ідзе ў кошт асобніка, таму я хачу павялічваць наклады, каб асобнік каштаваў танней, – расказвае пра тонкасці майстэрства Марыя.

Лагатып серыі намаляваў вядомы дызайнер Анатоль Лазар са студыі «Адліга»», ён жа аформіў некаторыя вокладкі. Частку афармляў мастак Захар Кудзін. Сродкі на выданне шукалі праз краўдфандынг, прычым з першага разу кампанія была няўдалай.
На «Пенелапіяду» сабралі грошы жанчыны з «Задзіночання беларусаў Амерыкі», а яшчэ дапамаглі мецэнаты Ігар Жабароўскі і Міхась Баўдзей.
– Дзякуючы «Амерыканцы» я пазнаёмілася з новым колам людзей. Лічылася, што ў беларускай літаратуры няма чытачоў, а я іх пабачыла. Шмат цікавай інтэлектуальнай моладзі, людзі 30–40 гадоў, многія з іх маюць дзяцей альбо толькі думаюць пра іх.
Частка жыве за мяжой, цікавіцца навінамі і падтрымлівае культуру: з іх заробкамі нашы кошты не падаюцца высокімі, да таго ж у іх ёсць разуменне таго, што за кнігі трэба плаціць. Хоць такое стаўленне пакрыху фарміруецца і ў нас. А яшчэ прыемна, калі бачыш, як «Амерыканку» чытаюць у метро (і гэта не твае знаёмыя), – рэзюміруе Марыя.
Сёлета серыя павінна папоўніцца перакладам рамана «Жах і брыдота ў Лас-Вегасе» Хантара Томпсана ў выкананні Андрэя Бурца.
– Перакладчык уклаў у вусны амерыканскіх герояў-наркаманаў аўтэнтычную вясковую беларускую лаянку. Мне вельмі спадабаўся такі прыём. Часам гэта вельмі смешна. Мне здаецца, што пераклад трэба набліжаць да чытача, – кажа Марыя.
Яна тлумачыць, што ў перакладзе існуюць два падыходы: перакладаць добра вядомымі мясцоваму чытачу рэаліямі альбо цалкам захоўваць арыгінал. Напрыклад, ці трэба пераводзіць мілі ў кіламетры?
– Калі герой кажа, што ехаў 100 міляў у гадзіну, можа быць няясна, што ён ляцеў як шалёны. Таму гэта варта перакладаць «ляцеў больш за 150 кіламетраў у гадзіну», – расказвае Марыя.
Навошта яна гэта робіць: «У дзяцінстве я перакладала вершы з падручнікаў»

Марыйка адносіцца да тых рэдкіх людзей, якія з дзяцінства ведалі, чым будуць займацца ў жыцці. Калі яна пачала вывучаць першую замежную мову, зразумела, што пераклад – гэта яе.
– Я чытаю верш па-англійску, бачу магію тэксту і хачу паўтарыць яго на сваёй мове. Мяне так прыцягваў механізм трансфармацыі, што я перакладала дзіцячыя вершы з падручнікаў, седзячы са слоўнікамі і падбіраючы кожнае слова, – узгадвае Марыя.
Яе сям’я жыла ў раёне Добрыя Мыслі на Магілёўскай, пасля бацькі атрымалі кватэру каля Юбілейнай плошчы. Там Марыя пайшла ў школу, з часам паступіўшы ў спецыялізаваны лінгвістычны клас.
Летам з братам, як многія мінчане ў першым пакаленні, з’язджалі да бабуль у вёскі: частку канікул яны праводзілі на Віцебшчыне, астатак – на Заходнім Палессі.
– Аднойчы летам бабуля ўпрыгожыла елачнымі цацкамі бэз і сказала: «Бо вы не прыязджаце на Каляды».
Бабуля з дзедам прынцыпова не працавалі ў калгасе, жылі са сваёй натуральнай гаспадаркі. Бабуля аб’ездзіла шмат манастыроў у Расіі і Украіне, а дзед 4 гадзіны роварам па лясных сцежках ездзіў у Жыровіцкі манастыр.

Бацькі выхоўвалі Марыю ў поўнай свабодзе і не навязвалі свайго выбару. Дзяўчынка старанна пісала сачыненні, перапісваючы іх па некалькі разоў, вучылася на «выдатна» і скончыла школу з залатым медалём.
– У школе я гуляла ў «Што? Дзе? Калі?». У мяне былі сябры па ўсім горадзе, і нам здавалася, што «Што? Дзе? Калі?» – гэта крута. У канцы 90-х у Мінску беларуская Ліга інтэлектуальных каманд вельмі хутка набыла папулярнасць на хвалі вядомасці тэлеперадачы, – гаворыць Марыя.
На рускую філалогію БДУ яна як алімпіядніца паступіла без іспытаў. У студэнцкую маладосць Марыя трапіла ў грамадскую арганізацыю, якая займалася аздараўленнем і сацыялізацыяй дзяцей з Чарнобыльскай зоны.
– Мы вазілі іх па Заходняй Беларусі, паказвалі помнікі, прыроду, расказвалі пра Караткевіча, Міцкевіча, Агінскага. Тады «Чарнобыль» быў як кляймо, з іншага боку дзеці былі распешчаны дармовай плынню дапамогі. Шмат хто адпачываў у Германіі, Італіі, у іх былі «другія мамы-таты». Мы ж ставілі сабе за мэту зрабіць іх грамадзянамі сваёй краіны, – тлумачыць гераіня.
Вакол арганізацыі сабралося многа беларускамоўных інтэлектуальных людзей, дзякуючы якім Марыя трапіць у яшчэ некалькі важных у сваім жыцці асяроддзяў: супольнасць «Беларускі калегіюм», рэдакцыю часопіса «Студэнцкая думка» і на семінары для перакладчыкаў у Польшчы.

Чым яна займаецца зараз: «У мяне быў цяжкі перыяд – я глядзела азіяцкія мыльныя оперы»
Мы сустракаемся з Марыяй Мартысевіч напярэдадні выхаду яе моладзевага рамана паводле сюжэта культавай японскай мангі «Ітадзура на кіс» («Гарэзлівы пацалунак»). Комікс намалявала манга-мастачка Тада Каору ў канцы 90-х. Лавсторы экранізавалі ў Японіі, Паўднёвай Карэі, Тайвані, Тайландзе, зрабілі анімэ-серыял, а зараз дзякуючы нашай гераіні яшчэ і перастварылі ў беларускім варыянце.
– У мяне быў цяжкі перыяд у жыцці з-за асабістых прычын і прафесійнага выгарання – сумны і чароўны час пракрастынацыі. Я глядзела серыялы, з якіх мне найбольш падабаюцца дэтектывы і рамантычныя камедыі. Так я знайшла азіяцкія мыльныя оперы і паглядзела ўсе экранізацыі «Гарэзлівага пацалунка». Мяне ўразіў сюжэт. Дзеянне адбываецца ў 90-я: фактычна гэта маё дзяцінства! У нашай школе таксама быў падзел на «дурныя» і «разумныя» класы. Мне захацелася гэта адаптаваць да нашых рэалій, – расказвае перакладчыца.
У японскім арыгінале школьніца Катока Аіхару прызнаецца ў каханні самаму прыгожаму і разумнаму хлопцу ў паралелі Ірые Наокі. Праўда, ёсць нюанс: хлопец вучыцца ў прэстыжным спецкласе, а дзяўчынка – у звычайным, куды сабралі вучняў з нізкім рэйтынгам. Гэта «сацыяльная няроўнасць» не пакідае надзеі на шчаслівыя адносіны падлеткаў, але кладзе пачатак захапляльнай прыгодніцкай лавсторы. Марыя пераклала візуальную мову мангі на беларускія словы і напісала раман у двух кнігах па 500 старонак кожная. Дзеянне адбываецца ў Мінску 2010-х, а галоўных герояў завуць Соня Сінічка і Максім Статкевіч.

Каб праверыць дэталі і праўдападобнасць слэнгу, які ўжываюць дзеючыя асобы, Марыя папрасіла прачытаць тэкст знаёмых мінскіх падлеткаў.
– Я вельмі ўдзячна сваім моладзевым рэдактарам. Я пісала як я сама размаўляла ў школе. Маладыя людзі, якія чыталі раман, сказалі, што модныя раней словы (напрыклад, «чувак») гавораць толькі гопнікі. Я іх, канечне, паслухалася і паправіла на сінонімы, але ў асноўным на… «хлопец». Бо актуальнае сёння «чэл» таксама аднойчы састарэе.
Яны забракавалі раздзел, дзе ад галоўнай гераіні адварочваюцца сябры і нават бацька: той самы момант адчаю, калі жыццё рушыцца і ты не ведаеш, што рабіць. Моладзевыя рэдактары ў адзін голас сказалі, што так нельга. Я ўпэўнена, што сучасныя падлеткі паступаюць са сваімі сябрамі яшчэ горш, але аказалася, што нельга біць па ідэале сяброўства аж так брутальна.
Марыя працавала над раманам для аўдыторыі young adult (моладзь і падлеткі) больш за 5 гадоў. Першая частка ўжо гатова і чакае свайго выхаду ў выдавецтве «Янушкевіч». Праўда, пакуль што памер накладу – камерцыйная таямніца.

Што трэба рабіць, каб па-беларуску чыталі больш
– Як ні дзіўна, каб прадаваць большыя наклады беларускамоўных кніг, у тым ліку перакладаў, нам трэба выдаваць больш кніг для дзяцей і падлеткаў. Бо праз 10 гадоў яны вырастуць, а звычка чытаць па-беларуску застанецца. Пра гэта кажа досвед украінскіх выдавецтваў, – дзеліцца стратэгіяй Марыя і дадае: – Канешне, мусіць быць яшчэ і дзяржаўная палітыка падтрымкі, бо ў нас падаткі на кнігі такія ж, як на цыгарэты ці алкаголь.
Яны з мужам падзялілі свой час на тры часткі: праца, творчасць і сям’я. Наша гераіня кажа, што схема недасканалая і часта дае збоі, так што жыццё працякае ў канфлікце паміж рознымі ролямі.
І разам з тым кожны дзень яна чакае вечара, каб засесці ў кавярні і скончыць другую частку «Гарэзлівага пацалунка».
Слоўнік
Брыдота – гадость
Бэз – сирень
Вокладка – обложка
Наклад – тираж
Вар’яцтва – безумие
Лаянка – ругательство
Танней – дешевле
«Беларускі калегіюм» – нефармальная навучальная ўстанова ў Мінску, дзе ў канцы 90-х – пачатку 2000-х моладзь вывучала гісторыю, філасофію і журналістыку. Сярод выкладчыкаў і заснавальнікаў былі вядомыя беларускія інтэлектуалы, навукоўцы, музычныя крытыкі і журналісты.
«Студэнцкая думка» – культавы часопіс мінскай моладзі 1990–2000-х на беларускай мове.
Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Віка Мехавіч для CityDog.by.
ООО «Вундербай», УНП 192153894
Прывітанне Антосю, ой Марціну ;)
однако в силу обстоятельств, истории и малой мотивации даже среди любителей языка,а это в силу низкой плотности географической культуры нашей местности, общая мотивация даже у тех кто любит - невысокая, добавить к этому отсутствие моды на национализм (как в 20 веке) ,все это приводит к низикоэффективным результатам,потому что возникает самый главный вопрос "зачем?",и это вопрос не по-поводу поиска смыслов, а по-поводу поиска контента, если даже возраждать белорусский язык, а смысл всегда в чем то да естЬ, то хотя бы КОНТЕНТОМ. это я пишу абстрагировано от статьи, не хочу скзаать, что переводы это плохо. Это я подытоживаю белорусскую культуру с 90х годов: кабельное это ретрансляция каналов, свое телевидение - это ретрансляция каналов. В той же Украине в 90е делали контент,развивали собственное содержание, и при ретрансляции переводили на украинский. Белорусы не то что бы отстают, просто пользуются/открывают методы, которые может и эффективны, но не особо "заряженные".
Обратившись к истории появления иврита, просто брали из священных писаний слова ,из них делали неологизмы, т.е. новое слово(современное и не отраженное в писании) создавали путем смешения ,даже может иногда вавилонского столпотворения))), старых слов. т.е. хорошо бы заняться контентом, может быть даже создавать неологизмы из английский слов, может даже сделать что-то вроде Urban-Dictionary,но понимать,Что это белорусское, и нужно еще чем-то заманивать. Ориентир на узкие круги очень прост в реализации, но неэффективен для развития языка.
в первую очередь нужен контент культурный.
все это сугубо ИМХО