«Толькі так я магу кантраляваць свае спантанныя “хацелкі”». Вось як беларусы размяркоўваюць бюджэт у парах

«Толькі так я магу кантраляваць свае спантанныя “хацелкі”». Вось як беларусы размяркоўваюць бюджэт у парах
Фінансавыя пытанні ў Беларусі абмяркоўваць не прынята, але заўсёды цікава даведацца, як жывуць іншыя. CityDog.io запытаўся ў пар рознага веку, як яны размяркоўваюць паміж сабой бюджэт. Пачытайце пра досвед гэтых беларусаў і падзяліцеся сваім у каментарыях.

Фінансавыя пытанні ў Беларусі абмяркоўваць не прынята, але заўсёды цікава даведацца, як жывуць іншыя. CityDog.io запытаўся ў пар рознага веку, як яны размяркоўваюць паміж сабой бюджэт. Пачытайце пра досвед гэтых беларусаў і падзяліцеся сваім у каментарыях.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.
 

«Толькі так я магу кантраляваць свае спантанныя “хацелкі”»

Арына (24) і Эміль (24) – распрацоўшчыкі, разам пара каля 8 гадоў, два з іх жанаты, пакуль без дзяцей. Зараз гэтыя беларусы жывуць у Варшаве на здымнай кватэры. Бюджэт у іх таксама агульны, але з размеркаваннем па патрэбах.

– Кватэру і камуналку аплачвае муж са свайго заробку, – кажа Арына. – Тое ж самае датычыцца і нейкіх буйных пакупак (напрыклад, бытавой тэхнікі) ці аплаты адпачынку. На працягу месяца Эміль можа рабіць яшчэ нейкія дробныя пакупкі – тыпу хутка забегчы ў краму, – але, як правіла, астатнюю частку яго зарплаты мы адкладаем.

Мой заробак трацім на закупы прадуктаў на тыдзень, забавы, адзенне і іншае. Для нас такое размеркаванне працуе на 100%, таму што муж больш стрыманы ў куплях, у яго добра атрымліваецца адкладаць. Я ж, наадварот, люблю траціць, таму мне прасцей, калі ў маіх руках засяроджаны канкрэтны бюджэт. Тады я магу кантраляваць у тым ліку і свае спантанныя «хацелкі», бо ведаю, колькі грошай засталося і колькі на іх яшчэ жыць.

Калі казаць пра назапашванні, то яны робяцца ў першую чаргу для таго, каб была пэўная «падушка бяспекі» – на выпадак, калі давядзецца рабіць вялікую колькасць купляў або адбудуцца якія-небудзь форс-мажорныя сітуацыі. Нядаўна, напрыклад, мы пераязджалі на іншую кватэру, і давялося аддаць вялікі заклад і плату за першы і апошні месяцы. А з улікам таго, што заклад за старую кватэру яшчэ не вярнулі, якраз і выратавалі назапашванні.

«Мы паўгода спрабавалі весці нешта кшталту дамашняй бухгалтэрыі»

Дзмітрыю 33 гады, ён працуе аналітыкам. Паўлу – 30, ён спецыяліст па фактурыраванні з веданнем балгарскай мовы, выкладчык геаграфіі Балгарыі ў школе пры амбасадзе Балгарыі ў Польшчы. Сустракаюцца хлопцы ўжо 5 гадоў і 10 месяцаў, з іх 2 гады і 4 месяцы жывуць разам. Цяпер здымаюць кватэру ў Варшаве.

 

– У нас няма ніякага ўліку: хто, калі і колькі выдаткаваў, – кажа Павел. – У нейкі час мы спрабавалі весці нешта кшталту дамашняй бухгалтэрыі, але нас хапіла недзе на паўгода. І ніякіх высноў для сябе на падставе атрыманай статыстыкі мы не зрабілі.

Таму ніякай асаблівай сістэмы ў нас няма – як і падзеленага бюджэту. Усе нашы даходы мы разглядаем як агульныя.

Напрыклад, на мінулай кватэры за арэнду і камунальныя плаціў я, цяпер плаціць Дзіма. Калі плануем нейкі адпачынак, то купляе білеты і аплачвае жыллё звычайна таксама Дзіма. Тэлефон і праязны кожны аплачвае сабе сам. За Netflix плачу я, а за Spotify і Player – Дзіма.

У краму па прадукты імкнёмся хадзіць разам, але калі па адным, то часцей заходзіць Дзіма па дарозе з працы, бо я працую з дома. Розныя дастаўкі таксама часцей аплачвае Дзіма – але толькі таму, што ў яго больш розных аплікацый на тэлефоне. Я, у сваю чаргу, перыядычна скідаю Дзіму на карту грошы.

Па адзенне ці абутак па крамах ходзім разам, а плаціць той, у каго атрымаецца. Справа ў тым, што ў нас розны час выплаты заробку, таму тут можна казаць, што плаціць той, у каго цяпер ёсць сродкі.

Адкладаем грошы ў агульную скарбонку. З гэтым лепш атрымліваецца ў мяне (Дзіма ў гэтым сэнсе марнатраўца), таму я звычайна адкладаю больш.

«Мне ўсё ж такі хацелася б, каб муж вёў падлік сваіх заробкаў і выдаткаў»

Кацярына (35) і Васіль (35) жывуць у Мінску. Разам яны ужо 12 гадоў, амаль 8 з іх жанатыя. Цяпер у пары двое дзяцей. Васіль – індывідуальны прадпрымальнік, Кацярына працуе фатографкай-фрылансеркай. Кожны з іх зарабляе па-рознаму, але ўсе грошы ў пары лічацца агульнымі.

– Раней мы жылі і на здымных кватэрах, але цяпер ужо ў сваёй, – расказвае Кацярына. – Тым не менш аплата арэнды і камунальных заўсёды была на мужы. На мне – выдаткі на дзяцей: дзіцячыя садкі, кружкі, усе неабходныя рэчы. Мне так і самой прасцей, калі я адна ўсё кантралюю і бачу, што, напрыклад, скончыліся шкарпэткі ці калготкі, – іду і набываю.

Падарункі ўсім родным таксама на мне. Прадукты набываем каму давядзецца – то бок каму зручна зайсці ў краму, той і ідзе, купляе за свае грошы. У нас няма дзялення 50/50 ці неяк яшчэ. У агульны кошык таксама не скідваемся. Пры гэтым, калі мае грошы ў мяне скончваюцца, я магу спакойна ўзяць у мужа.

Апошні адпачынак аплачвалі, так бы мовіць, з абедзвюх кішэнь. Справа ў тым, што ў мяне ёсць картка, на якую мне часам прыходзяць ганарары, і я звычайна ёй не карыстаюся пры звыклых закупах. Але плачу ёй за мяжой ці пры заказах праз інтэрнэт.

На манікюр ці стрыжку я хаджу за свае грошы – у прынцыпе, іншых такіх жаночых выдаткаў у мяне і няма. Абслогоўваннем машыны займаецца муж. Хаця быў перыяд, калі я адкладала грошы сабе на аб’ектыў, а потым давялося аддаць іх на рамонт, бо быў такі выпадак, які страхоўка не пакрывала.

Таксама ў нас ёсць і накапленні – кожны стараецца адкладаць сам сабе. Але калі патрэбна будзе набыць штосьці вялікае для сям’і – новую машыну, напрыклад, – то будзем складвацца ўдваіх.

Увогуле магу сказаць, што мы з мужам – партнёры, ў адной лодцы плывём у адным напрамку. За 12 гадоў былі розныя перыяды. Калісьці муж больш зарабляў, мне было цяжэй. Потым я зарабляла больш за яго. Усё мяняецца, але нейкіх прэтэнзій ці грашовых пытанняў у нас ніколі не было. Хіба што мне ўсё ж такі хацелася б, каб муж вёў падлік сваіх заробкаў і выдаткаў (усміхаецца), бо як у іпэшніка ў яго таксама месяц на месяц не прыходзіцца. Але ён усё гэта не любіць, а я і не настойваю.

«Ідэальнай лічу прапорцыю 50 на 50»

Вользе зараз 41 год, Паўлу – 51. Разам пара ўжо амаль 22 гады, 21 з іх жанатыя. Ёсць і дарослая дачка. Павел і Вольга працуюць журналістамі, не так даўно пераехалі жыць у Варшаву. У Мінску сям’я доўгі час жыла ў сваёй кватэры, але пасля пераезду вымушана здымаць.

 

– Бюджэт у нас цалкам агульны, і плацім мы дастаткова хаатычна, – кажа Вольга. – Гэта значыць, што ў розных выпадках плаціць той, у каго на рахунку ці ў гаманцы на дадзены момант дастаткова сродкаў. Альбо той, каму зручна цяпер аплаціць ці хто заточаны на гэту аплату. Я, напрыклад, разабралася не ва ўсіх польскіх спосабах аплаты, таму часам магу прасіць дапамогі. А калі заплаціць трэба вялікую суму, а на адным рахунку не хапае, то складваем.

Агульны бюджэт у нас быў агульным заўсёды, колькі жывём разам, і спрэчак з гэтай нагоды не было. Чаму? Хіба што, думаю, так прасцей, не трэба ствараць сабе дадатковых праблем і патрэб разлікаў. Унёскі ў «агульны кошык» былі за гэтыя 20 з хвосцікам гадоў розныя – мяняліся загружанасць, працы, заробкі, – але ідэальнай лічу прапорцыю 50 на 50.

Адкладаць грошы таксама стараемся разам. Раней гэта выглядяла прыкладна так: скідвалі ўсе фінансы ў адзін кошык, спажывалі іх месяц, а тое, што заставалася, лічылася адкладзеным. З вымушаным ад’ездам і здымнай кватэрай, з якой мы фактычна кожны месяц жывём у крэдыт, тэма накапленняў, канешне, стала больш сур’ёзнай. Цяпер стараемся, каб нейкая больш сталая «падушка бяспекі» ўсё ж такі была.

Пры гэтым не выключаю, што на нейкі «свой праект» ці мару – абнаўленне камп’ютара, напрыклад, – я магу пачаць збіраць самастойна. Ну і, вядома, падарункі адзін аднаму набываем кожны са сваіх. Было б дзіўна на такія рэчы скідвацца.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: з асабістага архіва герояў; Unsplash.com.

#Беларусь #Польша
поделиться