«Жыццё ў Дубліне на аднаго каштуе мінімум 4167 еўра на месяц». Гэта беларуска працуе ў Google і 6 гадоў жыве ў Ірландыі – вось яе гісторыя

«Жыццё ў Дубліне на аднаго каштуе мінімум 4167 еўра на месяц». Гэта беларуска працуе ў Google і 6 гадоў ...
Кацярына Лысёнак упершыню з’ехала з Беларусі, калі ёй было яшчэ 16 гадоў. Тады яна паехала па праграме абмену ў ЗША на год. Цяпер жанчыне 37, яна працуе ў Google і апошнія 6 гадоў жыве ў ірландскім Дубліне. А яшчэ яна сябра журы крутога конкурсу для маладых беларусаў, на якім можна атрымаць 1300 еўра за сваю крэатыўную ідэю.

Кацярына Лысёнак упершыню з’ехала з Беларусі, калі ёй было яшчэ 16 гадоў. Тады яна паехала па праграме абмену ў ЗША на год. Цяпер жанчыне 37, яна працуе ў Google і апошнія 6 гадоў жыве ў ірландскім Дубліне. А яшчэ яна сябра журы крутога конкурсу для маладых беларусаў, на якім можна атрымаць 1300 еўра за сваю крэатыўную ідэю.

CityDog.io вырашыў бліжэй пазнаёміцца з Кацярынай і пагутарыў пра жыццё ў Ірландыі, пра пераезды і працу ў адной з самых вядомых кампаній свету. А яшчэ – пра глабальных беларусаў і тое, як яны могуць палепшыць будучыню краіны.

Пра жыццё ў Ірландыі і пераезды: «Жыллёвы крызіс сапраўды сур’ёзная праблема ў краіне»

Перад тым як застацца ў Ірландыі, Кацярына змяніла не адно месца жыхарства. Напрыклад, пасля вяртання з ЗША ў Беларусь дзяўчына правяла год у Мінску, а потым паступіла ў Міжнародны універсітэт LCC ў Літве. Там яна жыла наступныя 6 гадоў, скончыла бакалаўрыят і пачала працаваць у брытанскай даследчай кампаніі Euromonitor International.

– Потым я вярнулася ў Мінск прыкладна на год, каб працаваць у Promwad у сферы развіцця бізнесу. А затым зноў пераехала ў Вільнюс, дзе пачала вучыцца ў магістратуры, і вярнулася ў Euromonitor.

Праз пару гадоў мой муж падаўся на пасаду ў Google Ireland. Ён пераехаў туды. Я скончыла вучобу, падала заяўку на пасаду менеджаркі па развіцці партнёрстваў у Google і далучылася да кампаніі ў Дубліне. Таму асноўнай прычынай пераезду сталі працоўныя магчымасці для нас абодвух.

Мы прапрацавалі ў Google пару гадоў, а потым звольніліся і пераехалі ў Новую Зеландыю. Спачатку я развівала запал да фатаграфіі, але мяне знайшлі рэкрутары Yahoo NZ – і я пачала працаваць там. Мы даследавалі рэгіён, у пэўны момант вырашылі, што не хочам заставацца там доўгатэрмінова, – і я падала заяўкі на пасады ў Еўропе.

Мне пашанцавала атрымаць пасаду ў Google, далучыўшыся да іх каманды продажаў у Вялікабрытаніі і Ірландыі. Вось так мы вярнуліся ў Дублін 6 гадоў таму і пакуль застаёмся тут.

– Вы так часта пераязджалі. Мабыць, з кожным разам адаптацыя давалася ўсё лягчэй? Ці я памыляюся?

– Калі браць агулам, я жыла ў ЗША каля двух гадоў, у Літве – амаль восем гадоў, у Новай Зеландыі – два гады, а ў Ірландыі – каля васьмі гадоў у агульнай колькасці. Дарослай я пражыла ў Беларусі толькі два гады.

Эміграцыя заўсёды складаная, незалежна ад таго, колькі разоў вы пераязджаеце. Мы ўдасканалілі працэсы і ведаем, чаго чакаць, але ўсё роўна кожны раз гэта цяжкі досвед.

Я заўсёды рэкамендую людзям прачытаць больш пра цыкл адаптацыі экспатаў, каб падрыхтавацца да таго, што будзе. Тыповыя фазы цыклу адаптацыі: падрыхтоўка, «мядовы месяц», культурны шок і адаптацыя. У сярэднім патрабуецца два гады, каб прывыкнуць да новай краіны, і самыя складаныя месяцы – ад 9-га да 18-га.

Але важна памятаць, што з правільным падыходам і часам усё наладзіцца. І гэта нармальна – адчуваць сябе ненармальным і змагацца з цяжкасцямі. Эміграцыя – складаны праект.

– Раскажыце крыху пра Ірландыю: як вы самі яе адчуваеце? Ці былі якія-небудзь складанасці, з якімі сутыкнуліся?

– Ірландыя – мой трэці дом: першы – Беларусь, другі – Літва. Аднак мой досвед моцна абумоўлены працай у глабальнай тэхналагічнай кампаніі.

У нашым офісе працуе больш за 7000 чалавек – і там створаны ўсе магчымыя ўмовы: ад медыцынскага цэнтра да банка і спартзалы. Таму мне было прасцей адразу знайсці сваю суполку сяброў, з якімі мы сябруем ужо дзесяць гадоў. Да таго ж англійская мова аказалася лягчэйшай для адаптацыі, чым літоўская, таму і з адміністрацыйнымі і бюракратычнымі пытаннямі было прасцей справіцца.

Я не вельмі добра знаёмая з паўсядзённым жыццём у Ірландыі, але магу дакладна сказаць, наколькі прыязнай краіна аказалася да экспатаў. Цяпер у СМІ шмат навін, якія паказваюць розныя меркаванні, але амаль за 10 гадоў у Ірландыі я ніколі не чула ніводнага ксенафобскага або антыімігранцкага выказвання ў свой адрас. Часткова я тлумачу гэта гісторыяй Ірландыі, дзе амаль у кожнай сям’і ёсць свая гісторыя іміграцыі з-за цяжкасцей у мінулым.

– Ці дорага жыць у Ірландыі? Колькі прыкладна трэба выдаткоўваць на прадукты, побыт, забавы, каб адчуваць сябе больш-менш камфортна?

– Дублін лічыцца адным з самых дарагіх гарадоў Еўропы, галоўным чынам з-за недаступнасці арэнднага жылля.

Сярэдняя арэндная плата ў Дубліне перавышае 2300 еўра. Кошт на жыллё на 88% вышэйшы за сярэдні па ЕС. Пры гэтым поўнапрацоўныя работнікі ў Ірландыі ў сярэднім зарабляюць 3683 еўра ў месяц да выплаты падаткаў. Жыллёвы крызіс з’яўляецца сапраўды сур’ёзнай праблемай у краіне.

Разліковыя штомесячныя выдаткі сям’і з чатырох чалавек складаюць 3781 еўра, адзінокага чалавека – 1093 еўра. І гэта ўсё без уліку арэнднай платы. Таксама Ірландыя мае другі самы дарагі грамадскі транспарт у Еўропе, а кошты на гатэлі і рэстараны на 29,5% вышэйшыя за сярэднееўрапейскія. Гэта дае пэўнае ўяўленне пра тое, наколькі тут дорага.

Увогуле пытанне грошай вельмі суб’ектыўнае, і ўзровень камфорту будзе залежаць ад таго, што менавіта патрабуецца, каб адчуваць сябе камфортна. Напрыклад, догляд за дзецьмі ў Ірландыі вельмі дарагі, таму вам трэба будзе дадаць у сярэднім яшчэ 1300 еўра ў месяц на дзіця за дзіцячы садок.

Калі вы жывяце ў Дубліне самі, вам спатрэбіцца як мінімум 50 000 еўра на год (4167 еўра на месяц) да выплаты падаткаў, каб жыць. Для сям’і з трох чалавек добрым заробкам была б сума ўдвая большая: каля 90 000 – 100 000 еўра.

Пра працу ў Google: «Я ніколі асабліва не цікавілася кар’ернай лесвіцай»

– Як і калі вы пачалі працаваць у Google? І як наогул вы прыйшлі ў HR?

– Я пачынала ў якасці менеджаркі па партнёрскіх адносінах у выдавецкім аддзяленні Google (Online Publishing Group). Мне давялося працаваць з рэгіёнам СНД і стаць першым чалавекам, які ўстанавіў некаторыя прэміяльныя кантракты на манетызацыю. Гэта быў цудоўны досвед.

У цэлым працэс найму ў Google вельмі празрысты і падрабязна апісаны на кар’ерным сайце: як падрыхтаваць рэзюмэ, чаго чакаць на сумоўях і гэтак далей. Там ёсць уся неабходная інфармацыя, якая можа дапамагчы ўсім кандыдатам падрыхтавацца як мага лепш.

Мая кар’ерная траекторыя ў Google зусім не лінейная, я ніколі асабліва не цікавілася кар’ернай лесвіцай. Мяне больш цікавіла адкрыццё розных магчымасцей: менавіта так я змяніла пяць каманд у Google. Працавала ў сферы партнёрства з СНД, у account management з Вялікабрытаніяй і Ірландыяй, кансультанткай па развіцці каманды і ўнутранай трэнеркай, кіравала камандай па HR-аперацыях, а цяпер працую менеджаркай стратэгічных HR-праграм. І мне гэта вельмі падабаецца.

Я думаю, што гэта быў вельмі правільны выбар на маім шляху – пераход са свету продажаў у HR. Аднак я сумую па сустрэчах з кліентамі, камандзіроўках і бонусах ад продажаў (усміхаецца).

– А ў чым цяпер заключаецца ваша праца?

– Як менеджарка стратэгічных HR-праграм я маю дзве часткі сваёй работы: працу з людзьмі ў якасці HR-партнёркі/coach і працу з працэсамі/праектамі/change management. Гэта найлепшая камбінацыя для мяне, якая дазваляе атрымаць наймацнейшы прафесійны досвед: праца з людзьмі і развіццё адносін, праца з агульнай карцінай, аналіз даных і стратэгія.

Абодва тыпы працы маюць свае перавагі і складанасці. Пастаяннае навучанне – гэта тое, што дапамагае стаць лепш. Не думаю, што я калі-небудзь пераставала вучыцца з моманту атрымання маёй першай ступені магістаркі. Я скончыла другую магістратуру ў Дубліне, а цяпер працую над кандыдацкай дысертацыяй па лідарскім развіцці/коўчынгу. І зусім нядаўна я падала заяўку на атрыманне сертыфіката Six Sigma Green Belt для маёй работы з працэсамі і праектамі.

– Мне здаецца, ад такога тэмпу хочаш не хочаш, а будеш адчуваць стомленасць і эмацыйнае выгаранне. Як вы аднаўляецеся?

– Па-за межамі маёй асноўнай працы я таксама працую прафесійным кар’ерным коўчам. І як коўч я вывучала, як клапаціцца пра сябе, як змяшчаць эмацыйныя нагрузкі і як развіваць механізмы пераадолення стрэсу.

Я працую са сваім супервайзерам у коўчынгу, які дапамагае мне. Але ў асноўным я засяроджваюся на тым, каб правільна закласці асновы: сон, ежа, фізічныя нагрузкі.

Акрамя таго, у мяне ўжо шмат гадоў вельмі строгія межы паміж працай і асабістым жыццём. Раней я працавала звышурочна ці па выхадных, але апошнія 10 гадоў пачынаю працу своечасова і заканчваю своечасова, пры гэтым заўсёды раблю поўны перапынак на абед. А яшчэ ў мяне ёсць каманда, якая падтрымлівае мяне: мой муж, мой сабака, мае сябры, мой тэрапеўт і мой коўч.

Пра глабальных беларусаў: «Дзякуючы сваім ведам, досведу і шырокім поглядам яны могуць істотна дапамагчы Беларусі»

– Цяпер можна пачуць словазлучэнні «глабальныя людзі», «глабальныя беларусы». Што трэба разумець пад гэтым?

– Ну, часта так называюць беларусаў, якія з’ехалі за мяжу. Але я з гэтым не вельмі згодная. Куды важней, што ў чалавека ў галаве, а не дзе ён жыве. Бо што такое глабальнае мысленне? Гэта калі ты добра разумееш і паважаеш розныя культуры, адкрыты да іншых людзей і думак, калі ўмееш прыстасавацца да новага асяроддзя.

Такія людзі спакойна працуюць з людзьмі з усяго свету, яны ўмеюць камунікаваць з іншаземцамі, разам вырашаць праблемы. Яны не баяцца разнастайнасці, любяць міжнародныя праекты і ўмеюць карыстацца сусветнымі сеткамі і рэсурсамі.

Таму глабальны беларус ці беларуска – гэта чалавек з такім вось светапоглядам, незалежна ад таго, жыве ён (яна) у Беларусі ці не.

– А як глабальныя беларусы могуць дапамагчы Беларусі палепшыць яе будучыню?

– Глабальныя беларусы дзякуючы сваім ведам, досведу і шырокім поглядам могуць істотна дапамагчы Беларусі ў самых розных сферах.

Напрыклад, у сферы адукацыі гэта можа быць супрацоўніцтва з універсітэтамі, анлайн-курсы і падтрымка рэформ. У бізнесе глабальныя беларусы могуць інвеставаць у стартапы, ствараць працоўныя месцы і рэалізоўваць сумесныя праекты. У палітыцы яны могуць лабіраваць інтарэсы Беларусі і падтрымваць рэформы. У ахове здароўя гэта могуць быць кансультацыі, стажыроўкі, абмен досведам і гуманітарная дапамога. У тэхналогіях супрацоўніцтва можа ажыццяўляцца ў распрацоўцы прадуктаў, трансферы тэхналогій і адкрыцці цэнтраў даследаванняў.

Акрамя таго, глабальныя беларусы могуць спрыяць захаванню культуры, развіццю грамадзянскай супольнасці і міжнароднай салідарнасці.

Каб змяненні ў Беларусі трывалі, рух глабальных беларусаў павінен аб’ядноўваць людзей з розным досведам, у тым ліку моладзь і дзяцей, знаходзіць лідараў у розных беларускіх суполках і згуртоўваць іх для стварэння агульнага бачання і мэт. Гэты рух павінен мець моцную ідэю і брэнд, якія будуць натхняць людзей на доўгі час, а не толькі на кароткі парыў, якія будуць выкарыстоўваць сілу супольнасці.

Нам трэба прапаноўваць розныя магчымасці для ўдзелу, нам трэба адысці ад чорна-белага мыслення і заахвочваць разнастайнасць думак.

Хочаце зарабіць 1300 еўра? А ёсць ідэі, як зрабіць Беларусь лепшай? Тады гоў сюды.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: архіў гераіні.

поделиться