Гэта беларуская дызайнерка робіць незвычайныя дываны і люстэркі для інтэр’ераў: яна піша на іх ніткамі. Вось як гэта выглядае

Гэта беларуская дызайнерка робіць незвычайныя дываны і люстэркі для інтэр’ераў: яна піша на іх ніткамі. ...
Беларуска Валерыя ў сваёй творчасці аб’яднала два напрамкі – тэкстыль і каліграфію. А ўсе новыя ідэі яна рэалізуе, ствараючы дываны, люстэркі, аксесуары. Пагутарылі з дзяўчынай пра яе працы і пра тое, як яна стала займацца тым, чым займаецца зараз.

Беларуска Валерыя ў сваёй творчасці аб’яднала два напрамкі – тэкстыль і каліграфію. А ўсе новыя ідэі яна рэалізуе, ствараючы дываны, люстэркі, аксесуары. Пагутарылі з дзяўчынай пра яе працы і пра тое, як яна стала займацца тым, чым займаецца зараз.

– Валерыя, раскажыце, як вы прыйшлі да таго, чым зараз займаецеся?

– Мае захапленні ў мастацтве цесна звязаны з маёй спецыяльнасцю – дызайнер тэкстыльных вырабаў. Я вучылася ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце, пасля ўніверсітэта была адпрацоўка ў Брэсце на дывановым камбінаце, падчас якой я малявала дызайны дываноў. Да гэтага часу, калі заходжу ва ўнівермаг, магу ўбачыць малюнкі сваіх дываноў.

Але ўвогуле колькі сябе памятаю, я ўвесь час малявала: з 12 гадоў пайшла ў мастацкую школу і да сённяшняга дня творчасць для мяне – сэнс, крыніца і магчымасць ствараць і рэалізоўваць свае ідэі.

– Можа ў вашай сям’і былі творчыя людзі, ад якіх вы вучыліся ці натхняліся?

– Мой тата быў для мяне і галоўным крытыкам, і падтрымкай у маім маляванні. У юнацтве ён размалёўваў школьныя сшыткі смешнымі тварыкамі і партрэтамі настаўнікаў, пасля ляпіў і выразаў па дрэве. Не ведаю, адкуль гэта ў яго, але ў яго вельмі добра атрымлівалася. Памятаю яўчэ, як у дзяцінстве мы разам з ім ляпілі з пластыкі гаршчок для кактуса ў выглядзе галавы нейкага бармалея з вялікім вухам і носам. Выйшла класна.

– А калі і з чаго пачаўся шлях у каліграфіі?

– Каліграфіяй я стала займацца зусім выпадкова 7 гадоў таму. Цяпер ужо цяжка ўспомніць, як усё пачыналася. У мяне былі знаёмыя, якім перыядычна трэба было адмалёўваць розныя прынты, надпісы, але гэта было больш пра леттэрынг. Розніца ў тым, што каліграфія – гэта мастацтва писання, якое не патрабуе, не церпіць выпраўленняў і дапрацовак: за некалькі рухаў пяра мы пішам літару, слова. А ў леттэрынгу можна ўвесь час змяняць форму літар, маляваць літары, ляпіць, вышываць і гэтак далей.

Увогуле паступова я стала цікавіцца гэтай тэмай, даведалася пра каліграфію і стала спрабаваць розныя інструменты, якія на той час было цяжка купіць, – даводзілася падоўгу чакаць дастаўкі.

Гэта быў такі цікавы і займальны шлях вывучэння каліграфіі, – у сваё задавальненне і без спешкі. І вось так самастойна я стала пісаць, спрабаваць розныя почыркі, чытаць літаратуру. Мяне больш цікавілі шырокія прылады для працы – пэндзаль, пёры, маркеры, таму што я бачыла магчымасці іх ужывання ў сваіх працах, маштаб.

– Каліграфіі кожны можа навучыцца ці ўсё ж такі патрэбная здольнасці да малявання?

– Каліграфіі можа навучыцца кожны, але ў кожнага працэс навучання зойме свой час. Патрэбна практыка і захопленасць працэсам, інструмент, які спадабаецца. А далей вас ужо не спыніць.

Я хачу, каб як мага больш людзей ведаліся пра каліграфію і хаця б раз паспрабавалі напісаць пяром ці пэндзлем. Гэта цікавыя адчуванні, свайго роду медытацыя: так засяроджана і ў той жа час неўзаметку пралятае час, і ты пагружаны думкамі толькі ў гэты працэс, цалкам пераключаешся і раслабляешся.

Памятаю свае першыя працы – гэта былі палотны з такой складанай абстрактнай маляўнічай тэкстурай і грубымі рыскамі пэндзлем. Пасля стала больш эксперыментаваць са сваім стылем, пачала пісаць тэксты ў аўтарскім выкананні літар, спрабаваць ужываць гэта ў тэкстылі, друкаваць, распісваць тканіны, шыць вырабы.

– А якія працы ствараеце зараз? Я бачыла ў вас на старонцы і сумкі, і люстэркі, і дываны…

– Мне падабаецца ўсё прапускаць праз рукі, ствараць рукамі. Мяне натхняе і сам працэс стварэння рукамі, і матэрыял. Гэта такі яшчэ ўнутраны выклік сабе, цікавасць паспрабаваць сябе ў новым.

Я люблю і ўвесь час нашу заплечнікі, і неяк раз мне прыйшла думка, а чаму б не зрабіць заплечнікі з уласнай каліграфіяй. Так з’явілася невялікая калекцыя рукзакоў сумесна з дызайнерам.

А два гады таму з’явіліся дываны. Першапачаткова была ідэя: «А што калі натхніцца ўласнай каліграфіяй і зрабіць дыван? Як гэта будзе выглядаць?». Пачынала са стварэння цалкам ручных дываноў іголкай, а цяпер у працы тафтынг дываны, якія я ствараю з дапамогай спецыяльнага пісталета – дзякуючы гэтаму працэс, у які ўваходзіць апрацоўка дывана, стрыжка, адмалёўка эскіза, паскорыўся.

Наогул сваі дываны я бачу хутчэй як карціны, якія вісяць на сцяне і дапаўняюць частку інтэр’еру. Таму гэтая гісторыя для мяне цяпер – пра матэрыял, пра дызайн, пра магчымасць напісаць каліграфію не пяром, а ніткамі, пра энергію і працэс.

Але я не спыняю сябе і працягваю эксперыментаваць з матэрыяламі. Пасля дываноў з’явілася ідэя ствараць люстэркі, а зараз яшчэ спрабую рабіць аб’ёмныя 3D-аб’екты з тэкстылю. Таксама ёсць ідэя стрварыць невялікую калекцыю дываноў, а калі ўсё складзецца, то аформіць гэта ў выставачны праект.

– Вы прадаеце свае працы?

– Так, я прадаю свае працы і бяру на замову працы ў аўтарскім выкананні. Каштаваць праца будзе ад 100-150$ – усё залежыць ад таго, наколькі складаны малюнак, і ад памера самой працы.

Але заказаў на выраб дываноў у мяне яшчэ не было, – спадзяюся, што ў хуткім часе з’явіцца цікавы праект. Мне падабаецца ўвасабляць сваё бачанне, досвед і задачы кліента, важна, калі мне давяраюць. У такім тандэме мне камфортна і цікава працаваць.

– А ўдзельнічалі ў нейкіх выставах ці калабарацыях?

– Так, былі калабарацыі з беларускімі брэндамі адзення і аксесуараў, роспіс сцен і падлогі ў інтэр’еры. Я атрымліваю велізарнае задавальненне, калі адкрываю і спрабую для сябе новае. Часам гэта няпроста, вельмі адказна, бо заўсёды можа пайсці нешта не так.

У мяне так было з роспісам падлогі: я вельмі перажывала, бо раней ніколі не распісвала падлогу, яшчэ і матэрыялы былі спецыфічныя. Але мая цікаўнасць і зацікаўленасць узялі ўверх. А калі ты бачыш вынік, рэакцыю замоўца, яго вочы, то ўсе страхі сыходзяць і з’яўляецца жаданне яшчэ паспрабаваць.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фото: Архив героини.

поделиться