У новым сезоне рубрыкі “Адметныя” мы расказваем пра беларусаў, якія пачалі рабіць свой бізнес па-беларуску – і дасягнулі поспеху. Сёння раскажам пра курсы “Мова Нанова”, якія не адной тысячы беларусаў дапамаглі пачаць размаўляць на беларускай мове.
З заснавальнікам курсаў “Мова Нанова” Глебам Лабадзенкам мы сустракаемся ў звычайнай мінскай кавярні. Заняткі курсаў пачнуцца толькі ў верасні – пакуль вакацыі. У Глеба ёсць трохі часу, каб перавесці дух і падрыхтавацца да новага сезона. Знайшлося некалькі гадзін і для размовы з намі.
“ЛЮДЗІ ПРЫЙШЛІ ЯК У ЦЫРК”
Бясплатныя курсы “Мова Нанова” збіраюць аматараў беларускай мовы ўжо два з паловай гады. Зараз заняткі праходзяць у Мінску і яшчэ дзевяці гарадах краіны. Распачалі іх журналіст Глеб Лабадзенка і філолаг Алеся Літвіноўская. Іх незалежна адзін ад аднаго запрасілі выкладаць на іншых курсах беларускай мовы, якія называліся “Мова ці кава”. Папрацаваўшы разам пэўны час, Алеся і Глеб зразумелі, што ім зручна адзін з адным. Але ім захацелася зрабіць нешта сваё, уласнае.
– Мы вырашылі рабіць усё не так, як было раней, – расказвае Глеб. – На папярэдніх курсах мы былі запрошанымі людзьмі і павінны былі працаваць у пэўных рамках. Калі ты не сам сабе гаспадар – гэта зусім іншае. Гэта як штодня ездзіць на таксі, а потым сваю машыну займець. У нас былі ўласныя думкі, як развівацца і рабіць свае курсы. І гэтыя думкі ўжо два з паловай гады рэалізуюцца.
Першыя заняткі “Мова Нанова” сабралі нечакана шмат людзей, колькі дзясяткаў чалавек так і не змаглі зайсці ў галерэю “Ў”, дзе праходзілі курсы, і сабраліся на вуліцы. Глеб не адмаўляе: можа, прыцягнуў людзей і “скандальчык” вакол сыхода яго і Алесі з папярэдняга месца.
– Мо, людзі прыйшлі як у цырк – паглядзець, – мяркуе Глеб. – Усіх цікавіла: а што яны там пацапаліся? Але пасля першай хвалі гэтай цікавасці многія засталіся і працягнулі займацца на курсах. Мы задалі пэўную планку, а потым змаглі яе захаваць і нават узняць. І правакацыі трэба рабіць, я лічу.
Часам крытыкуюць нашы ролікі, якія мы здымаем. Але ж мы прыцягнулі гэтымі ролікамі на сайт 18 тысяч чалавек. Таму глядзіце глыбей. Так нельга? Ну, рабіце як ведаеце, а мы будзем рабіць, як ведаем мы.
Гэты ролік многія крытыкавалі за безгустоўнасць і сэксізм. Але Глеб лічыць, што часам для дасягнення мэты можна скарыстацца і правакацыямі.
Глеб прызнаецца, што ў Мінску курсы змаглі ўтварыцца дзякуючы галерэі “Ў” – толькі так можна было знайсці памяшканне бясплатна. Дамовіцца атрымалася на прыватных стасунках. І менавіта памяшканне – гэта падмурак, на якім зараз трымаюцца курсы. У гэтым годзе Глебу і Алесі давялося больш за месяц працаваць у іншым месцы, дзе трэба было плаціць за арэнду. І, як яны самі прыгадваюць, гэта быў вялікі шок і стрэс з фінансавага боку.
– Нам выставілі рахунак у 750 еўра на месяц, – тлумачыць Глеб. – Я дзёргаў за калашыну ўсіх знаёмых бізнесоўцаў. Мы разумелі, што без памяшкання могуць загінуць курсы. У палове гарадоў мы вымушаны плаціць за арэнду. І гэта адзіны пункт, дзе нельга абысціся без грошаў. Каву і гарбату людзі прыносяць з сабой, тое самае адбываецца і з канцтаварамі. Усе тыя сродкі, што паступаюць на наш рахунак, накіроўваюцца на арэнду памяшканняў у іншых гарадах.
“БЯСПЛАТНА І ЗАЎСЁДЫ БУДЗЕ БЯСПЛАТНА”
Рэгулярных спонсараў у “Мова Нанова” няма. У асноўным даводзіцца разлічваць на добраахвотныя ахвяраванні ад наведвальнікаў. Часам некаторыя буйныя кампаніі, якія звяртаюцца па дапамогу з перакладамі, таксама падтрымліваюць курсы. Аднак, па словах Глеба, гэта хутчэй разавыя акцыі. Часам здараецца, што плацяжы за арэнду пратэрміноўваюцца. І ў такіх выпадках застаецца разлічваць толькі на разуменне з боку арэндадаўцаў.
Ахвяруюць грошы не толькі наведвальнікі курсаў. Часам дапамога прыходзіць з-за мяжы – часцей за ўсё гэта прадстаўнікі беларускіх дыяспар у іншых краінах. Акрамя саміх курсаў, “Мова Нанова” сабралі вялікі архіў беларускамоўнай інфармацыі. На сайце заўсёды даступныя каля 110 распрацаваных урокаў, створана медыятэка на беларускай мове. Па словах Глеба, яна найбольшая ў свеце: 5 000 песень, 2 500 відэа, кнігі і аўдыёкнігі.
Думка зрабіць курсы платнымі, па словах Глеба, нават ніколі не прыходзіла. Пакуль на курсах будзе працаваць практыка толькі з добраахвотнымі ахвяраваннямі.
– Нельга зрабіць гэта платным, – упэўнены Глеб. – Гэта разбурыць усю сістэму. Ведаеце, калі заходзіш на Facebook і табе прапануюць зарэгістравацца, ёсць ключавая фраза: “Гэта бясплатна і заўсёды будзе бясплатна”. Так і ў нас: нельга спачатку прывабіць людзей, а потым казаць: “А цяпер плаціце”. Таму такога варыянта ў нас проста няма, таму што гэта непрыстойна ў дачыненні да людзей. У нас ёсць рахунак у банку, у нашых раздатках мы дробным шрыфтам заўсёды яго ўказваем. І людзі ахвяруюць. Мабыць, гэта зусім невялікія сумы, мабыць, іх недастаткова. Зразумела, што нам даводзіцца шукаць дапамогі, калі ўзнікаюць цяжкасці. Але знаходзяцца людзі, гатовыя падставіць плячо.
Глеб прызнаецца, што самі наведвальнікі курсаў часам імкнуцца зрабіць курсы лепш. Не заўсёды гэта выражана ў грошах. Хтосьці прынёс на заняткі прынтар, каб раздрукоўваць матэрыялы. Калі на занятках у адным з гарадоў быў патрэбны ноутбук, адразу ж тры чалавекі прынеслі свае камп’ютары. Так у курсаў з’явіўся праектар, калонкі з мікрафонамі, вялікі кіпяцільнік для кавы і нават камплект гукавога абсталявання.
– Што тычыцца буйных кампаній, якія звяртаюцца да нас па дапамогу з перакладамі, – мне здаецца, што зараз гэты працэс яшчэ ў такім стане, калі нельга дыктаваць свае ўмовы. Мы проста рады, што да нас звяртаюцца: стараемся спраўляцца і робім гэта бясплатна. Дарэчы, адна з кампаній па сваёй волі падтрымлівала нас некалькі месяцаў – яны былі ўдзячныя за дапамогу ў пераходзе на беларускую мову. Аднак потым у іх адбылася змена кіраўніцтва, і гэта прыпынілася. На жаль, пакуль не з’явілася такой кампаніі альбо надзейнага спонсара, якія б узялі нас на парукі.
“ПАКУЛЬ ПРЫХОДЗЯЦЬ 600 ЧАЛАВЕК НА ТЫДЗЕНЬ, БУДЗЕМ РАБІЦЬ ГЭТЫ ЦЫРК”
За 2,5 гады у Мінску адбыліся 93 сустрэчы “Мова Нанова”, і ніводнага разу тэма не паўтаралася. У курсаў няма праграмы на год наперад, Глеб і Алеся проста рыхтуюцца да заняткаў штотыдзень. Успамінаюць, якіх цікавых беларускамоўных людзей ведаюць, і пад іх прыдумляюць адпаведную тэму.
– Трэба ўспомніць, як вучылі цябе самога, і зрабіць наадварот, – жартуе Глеб. – Выкладанне ў школе ці ўніверсітэце – зусім не тое. Там у людзей няма выбару – яны павінны сяк-так вучыцца. Гэта не шоу, якое ствараем мы. Я ведаю, што некаторыя людзі з акадэмічных асяродкаў лічаць нас клоунамі, лічаць, што гэта не адукацыя, а цырк. Я заўсёды адказваю так: пакуль да нас прыходзяць 600 чалавек на тыдзень, мы будзем рабіць гэты цырк.
Алеся і Глеб вырашылі, што не трэба канцэнтраваць заняткі вакол саміх сябе. За некалькі заняткаў адны і тыя ж твары пачалі б надакучваць. Таму яны пачалі запрашаць да сябе гасцей.
– У нас знаходзіцца шмат цікавых людзей, – упэўнены Глеб. – Прыйшоў чалавек, які распачаў свой бізнес па-беларуску – ён запраўляе картрыджы для прынтараў. І да яго павалілі кліенты, таму што для іх важна, каб да іх звярталіся на мове. Ёсць сярод нашых наведвальнікаў цікавы бармэн. Ён таксама пачаў размаўляць з кліентамі выключна на беларускай мове. Расказваў, пытаецца: “Вам каву з вяршкамі?” А яму адказваюць: “Да, с верхом, с верхом”. Ён, дарэчы, ужо ўдзельнічаў у нашых занятках і расказваў слухачам пра кавярні.
Часам праходзяць заняткі, калі на курсы запрашаецца толькі адзін госць. Напрыклад, так адбылося з сынам Якуба Коласа – Міхасём Канстанцінавічам Міцкевічам, якому ў лютым споўнілася 90 гадоў.
– Памятаеце, што ў школе расказвалі пра Якуба Коласа? – цікавіцца Глеб. – Мне ўвогуле здавалася, што гэта нейкі бронзавы бюст: не еў, не піў, на дзяўчат не глядзеў. Ён ператварыўся ў такі абраз, які вісіць на сцяне. А калі прыйшоў яго сын і пачаў расказваць, дык стала зразумела, што ён не толькі геніяльны пісьменнік, але і вельмі жывы і вясёлы чалавек. Ён любіў пажартаваць. А нам трэба замагацца з гэтым жаданнем уcё ідэалізаваць і ўзвесці да рангу іконы.
Курсы “Мова Нанова” ў беларускамоўным асяроддзі лічаць у пэўнай ступені “трэндмэйкерамі”. Глеб таксама тлумачыць, што курсы пачаліся яшчэ да самага піку папулярнасці ўсяго беларускага і, мабыць, падштурхнулі хвалю цікавасці.
“ПРЫЙШЛА МОЛАДЗЬ, ЯКОЙ ПОФІГ НА ПАЛІТЫКУ”
– Развіццю мовы доўгі час перашкаджалі пэўныя стэрэатыпы: вобразы калхознікаў, апазіцыянераў, – тлумачыць Глеб. – Аднак я сам з задавальненнем заўважаю, як гэтыя стэрэатыпы нішчацца. Ідзе натуральная змена пакаленняў: прыйшла моладзь, якой пофіг на ўсе гэтыя партыі, рухі, мітынгі і ўвогуле на палітыку. Магчыма, гэта з-за таго, што ў краіне доўгі час нічога не змянялася. Да таго ж бізнес звярнуўся да беларускай мовы, прычым вельмі актыўна. Мова прасочваецца ў рэкламе: мы бачым яе на білбордах. А колькі буйных кампаній звярнуліся да мовы? У мінулым годзе – “А-100”, у гэтым да нас звярнуўся “Еўраопт”.
Глеб жартуе, што стварыў бы службу псіхалагічнай дапамогі для тых, хто хоча перайсці на беларускую мову. Па яго асабістых назіраннях, большасць праблем ляжыць як раз у псіхалагічнай плоскасці. У людзей ёсць стандартны набор “адмазак”, чаму яны не размаўляюць на беларускай мове:
Першая: «Я не хочу портить этот прекрасный язык своими ошибками».
Другая: «У меня нет белорусскоязычного окружения, не с кем говорить».
Трэцяя: «Я из русскоязычной семьи, меня так научили и переучиваться уже поздно».
– Усе гэтыя адмазкі разбіваюцца ўшчэнт перад тым, як усё на самой справе, – упэўнены Глеб. – Беларусы не размаўляюць на сваёй мове, таму што яны перфекцыяністы: калі размаўляць, дык толькі як Купала ці Колас. Людзі, не парцеся, усё нармальна! Лупіце на трасянцы! Наконт узрошчвання ў рускамоўных сем’ях. А чаму б не вывучыць новую мову? Многія вучаць англійскую, нямецкую, кітайскую… Я ведаю японку, якая вывучыла беларускую мову за 8 месяцаў. Ведаю іспанку, якая нават вершы піша па-беларуску. Дарэчы, беларускамоўныя людзі ў пераважнай большасці рускую мову ведаюць.
Тыя, хто гаворыць, што яны ўжо ў сталым узросце і поздна перавучвацца. У меня ёсць да іх пытанне. Мы ўжо амаль 25 гадоў як самастойная незалежная краіна. Мала было часу?
Але ж пытанне гэта вельмі далікатнае. Я супраць якіх-небудь прымусаў і любых папрокаў у бок рускамоўных людзей. У нас на курсах ніхто нікога ніводнага разу не папракнуў наконт памылак ці рускіх слоў.
Самога Глеба часам лічаць вельмі прынцыповым у дачыненні да мовы чалавекам. Гавораць аб яго рэзкіх выказваннях і вострых меркаваннях. Аднак сам Глеб упэўнены: важней быць шчырым, чым талерантным. Ён прызнае, што чалавек эмацыйны і часам яму гэта шкодзіць.
– Гэта адзін з маіх любімых выразаў: беларус пахваліў беларуса і не памёр. Мы ў гэтым плане вельмі складаны народ. Ёсць нават такі анекдот: “Злавіў беларус залатую рыбку і просіць у яе: мне нічога не трэба, толькі няхай у суседа карова здохне”. Гэта нашу сутнасць вельмі добра перадае. Я асабіста не імкнуся ўсім спадабацца. Наша вялікая праблема ў тым, што мы не ўмеем заўважаць пазітыўнае.
Глеба часта спрабуюць “звесці насамі” з калегамі з іншых курсаў. Але сам ён лічыць, што ў іх справе няма і не можа быць канкурэнцыі – усе робяць агульную справу. У суполках“Мова Нанова” у сацыяльных сетках заўсёды ёсць рэклама іншых курсаў беларускай мовы. І Глеб настойліва рэкамендуе прыходзіць і на іншыя заняткі, каб мець больш практыкі.
Нядаўна выйшла кніга “20 крокаў да беларускай мовы”, над якой Глеб з Алесяй працавалі сумесна. Усяго надрукавалі каля 3 000 асобнікаў, і паловы з іх, па словах Глеба, ужо няма. Гэта толькі невялікая частка ўсіх напрацовак. Калі друкаваць усё тое, што ўжо паспела падрыхтаваць “Мова Нанова”, атрымаецца шмат тамоў.
– Некаторыя лічаць, што мы з Алесяй удваіх робім гэтыя курсы. Але ж гэта не так, – тлумачыць Глеб. – Гэта справа дзясяткаў і соцень людзей, якія збіраюцца разам. Калі б мы былі ўдваіх, ніхто б не прыходзіў нас слухаць зноў і зноў.
Глеб разважае, што, магчыма, “Мова Нанова” з цягам часу распрацуе свой мабільны дадатак, ёсць таксама думкі пра тое, каб стварыць зручны архіў, якім было б лёгка карыстацца.
– Усё гэта будзе, але, скажу шчыра, зараз рук не хапае, – паведамляе Глеб. – Мы разрасліся, і нават тыя валанцёры, што з намі працуюць, не паспяваюць ахапіць усё тое, што трэба.
ВАЖНА: калі надумалі расшарыць гэты матэрыял, не забывайцеся на хэштэгі: #адметныя #свае #s7mova #SamsungBelarus. Дзякуй!
Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: CityDog.by, уласны архіў героя.
ООО «Самсунг Электроникс Рус Компани», ИНН 7703608910
Не верьте людям, которые говорят, что привлечь народ можно только дешевыми провокациями. Уважение, экологичность и доброжелательность не дают такого мгновенного эффекта, но в отдаленной перспективе намного эффективнее. Да и, как говорится, деньги проелись, а позор остался.
Мне лично все равно, на каком языке со мной общаются, могу ответить и на русском, и на беларусском. Главное чтоб человек был человеком, с внутренней культурой. А этого я как раз не вижу у организаторов курсов.
Так што деўкі тыя усе правільна понялі
Расскажите, где вы живёте, приду к вам покемонов и единорогов ловить
Я имела ввиду, что в Беларуси сегодня девушки бросятся скорее на русскоязычного бородача. А беларускоязычный так и останется сидеть с журнальчиком в руках.
Но ваш вариант как перспектива мне нравится больше)))
Жыве Беларусь!
Прыйшоў на першыя заняткі, купіўшыся на тое, што запрашалі нават тых хто ўвогуле мову не ведае!
Гэта пра мяне. Было : ) Зараз дастаткова вольна магу размаўляць на агульныя тэмы. Зноў жа зацікавіўся гісторыей Беларусі. Вельмі карыстна! Шмат, шмат чаго даведаўся дзіўнага, што не адпавядае ведам, атрыманым у расейскай сярэдняй школе : )
Нічога дрэннага пра вядоўцаў сказаць не магу! Глеб, вядома, чалавек рэзкі ў пытаннях мовы... Але яго з Алесей праца мае, з майго пункту гледжання, вельмі вялікае значанне для сённяшнй Беларусі.
Нажаль, цяпер не стае часу наведваць курсы Мова Нанова...